А потым неяк раптам, нібы нечакана, пазнаў камень з ужо невыразным, прымшэлым ды зацёртым нягодамі надпісам — сціплы помнік, выгляд якога мне памятаецца ад першага наведання, больш за дваццаць гадоў. Я стомлена, i радасна, i сумна выдыхнуў, успёршыся на пруты агароджы:
— Дык вось ты, голубе, дзе!..
I не здалося гэта ні сентыментальнасцю, ні панібрацтвам. Мне i любоў мая i гады дазваляюць. Зрэшты, сказалася неяк само.
Бо тут, у Ялце, i каля белага дома, дзе ён памёр, i на могілках, куды яго прывезлі пахавальныя дрогі, была ў мяне думка, было адчуванне, што ўсё такое ў жыцці адбываецца вельмі проста. Хворы хлопец прыехаў, хворы хлопец памёр — яшчэ адзін, не першы i не апошні,— i яго пахавалі. Нават, відаць, за кошт казны. I гэтае «вельмі проста» неяк па-асабліваму гаворыць мне пра яго, паэтаў, цудоўны пачатак, сумна, горка гаворыць пра тое, як многа гэты хлопец мог бы зрабіць, каб пажыў — вельмі проста — як многія, трохі даўжэй...
Позні поўдзень. Сонца i вецер. Мора i пасвятлела i разгаманілася. Зеленаватае, вясёлае. I разгайдалася яно, відаць, не па сваёй волі. Недзе далёка-далёка за даляглядам хтосьці магутны i мудры прыняў рашэнне атакаваць наш бераг, i мора, яшчэ ўранні спакойнае, не ведаючы той высокай задумы, але паслухмянае ёй, пачало. Аднастайна, але не надакучліва, як быццам злосна, але i весела, плешча-палошча i так ужо безліч разоў апаласканае каменне, накат за накатам, то чакана, то нечакана б'е ў сцяну набярэжнай, узвіваючы белапенныя букеты пырскаў.
Гоман мора i гоман агню — дзве дзівосныя з'явы хвалююць, зачароўваюць мяне ўсё жыццё, не паддаючыся ніякаму вытлумачэнню. Зноў вось успомніў, што люблю яго, мора, як i агонь, з маленства. Добра было калісьці, i сёння добра было б пасядзець перад поўнай вясёлага, прагнага полымя грубкай; добра бывала, i дай бог, каб i яшчэ неаднойчы было, каля сяброўскага вогнішча ў летняй роснай i шматгалосай начной глухамані надрэчнага лугу або прылеску!.. А мора? З ім пачалося мае існаванне. Пасля была разлука, цэлых семнаццаць гадоў, была іншая краса, іншая таямнічасць прыроды. А потым я, па-салдацку нагала астрыжаны, нібы спецыяльна абражаны, абяззброены такім чынам вясковы дзяцюк, нядаўна горды сваей свабодай, сваёй працай на полі i на паперы,— я апынуўся зноў над морам. Ужо не над Чорным, а над Балтыйскім. Аднак радасць мая, мае хваляванне былі не толькі самі сабой, але ж i ўспамінам далёкага, даўняга i няспыннага шуму, што вось прыйшоў, вярнуўся i гамоніць верна каля ног, атакуе душу маю шчасцем вялікай, магутнай, вечнай красы!..
Чайкі хвалююцца. Лятаюць, садзяцца на хвалях, уздымаюцца, зноў пікіруюць. У белакрылым палёце яны амаль зусім не крычаць, нібы ва ўрачыстым маўчанні. Што — прадчуваюць яшчэ большае хваляванне вады? Ці проста рады таксама?
Імклівая рачулка Учан-Су i сёння, як i заўсёды, робіць сваё. Марскія хвалі хвошчуць у бераг i там, дзе яна ўпадае, а рэчка цячэ, бурліць сабе пад ix — пасля доўгага падарожжа па камяністым i неспакойным рэчышчы, вунь адтуль ажно, з гораў. I гоман яе, як i гоман марскі, не часовае штосьці, а пастаяннае.
Бяжы, гамані, малайчына!
Хачу спяваць, як той, што на восліку едзе ды едзе па роўнай самотнай пустыні...
Мне далі іншы пакой: пасля цёмнага, непрыветнага — сонечны, на трэцім паверсе, з вялікімі ашклёнымі дзвярыма, праз якія зверху відаць i горад i мора. У мяне ўжо не цесная лоджыя ўнізе, a вялікі, адкрыты ў неба балкон. Кіпарысы цяпер — толькі трохі вышэй за мяне!
Днямі я запісаў у блакноце такую драбніцу.
Шышкі на кіпарысах — нібы кажушныя гузікі, вязаныя з ірхі, тоненькай скуры з пахвінаў, аскрэбенай начыста. Толькі што гузікі на кажухах не так густа панашываны, a кіпарыс нагадвае чалавека не ў кажусе, a ў нейкім форменным цёмна-зялёным i даўжэзным шынялі.
Параўнанне — чыста вясковае. Але i сёння мне дакучаюць гэтыя «гузікі», просяцца ў наша слова, хутчэй за ўсё ўпершыню.
За верхавінамі кіпарысаў, з-пад імглістага, бездалягляднага неба карабаціцца мякка-шэрымі хвалямі мора. Не шуміць i не пахне, вядома, ажно сюды — трэба ісці на бераг, як я хадзіў уранні, да снедання, як я пайду яшчэ i яшчэ.
Хачу спяваць пра ўсё, што бачу, што думаю...
Днямі купіў у кіёску над морам кнігу пра Назыма Хікмета. Калі i выпадкова, дык я, відаць, шчаслівы на такія выпадковасці. Не магу працаваць, хоць бы так, як учора ці пазаўчора. I ў галаве шуміць, i сэрца ные чагосьці, i ногі гудуць ад ялцінскіх крутых завулкаў ды сцяжынак. Прылёг сярод белага дня i чытаў. I ў тым, што пра Хікмета я чытаў іменна тут, над морам, за якім — яго таямнічая, вельмі мала вядомая мне краіна, той экзатычны Стамбул, які калісьці бачыў сяк-так i я, у гэтым было не толькі чытацкае шчасце, але i думка пра тое, што людзей у будучыні чакае вялікая радасць пазнавання народам народу, радасць той перабудовы, калі ўпадуць драты i муры ўсялякіх варожых перагародак.
Добра таму, хто працуе на гэтую радасць!
Успомніў, чытаючы, i дні мае вясковай маладосці, пах залатых аўсяных снапоў, на якіх я адпачываў з кнігаю вершаў Вагдановіча, калі нібы ўпершыню адкрываў для сябе яго асаблівую блізкасць да рускай літаратуры. Нават i праз сваяцтва з Горкім, праз смерць у чэхаўскай Ялце... Мала гэтага! Ён першы павёў наша слова на збліжэнне са скарбамі народаў свету, ён першы адчуў так моцна гэтую неабходнасць.
Таму i радасна мне, адлажыўшы кнігу пра першага з туркаў, што стаў мне блізкім, як мужны i светлы друг, зрабіць гэты запіс, яшчэ раз адчуць, што я хачу спяваць пра ўсё, але ж пра тое ўсё, чаму належыць будучыня.
Мора аціхла за ноч, спакойна i сыта прыхлёбвае каля берага. З-паміж хмар засвяціла сонца. I горы, на вяршынях яшчэ ўсё пакрытыя снегам, ярка палезлі з поўначы на горад...
На невялікім камені, які тырчыць сухою лысінай над булькатаннем рэчкі, што метраў праз пяць упадае ў мора, прысеў вясёлы верабей. I пасядзеў, каб я паепеў падумаць пра яго цудоўны мікрасвет — маленькі толькі для мяне. I гэты камень, i мноства падобных навокал, таксама cyxix i ўжо, відаць, нават цёплых ад сонца, i шум рачное быстрай, гаманлівай плыні, разасяроджанай на мноства патокаў у мностве сухога i мокрага камення, i жоўценькія, як куранячы пух, кветачкі на кізілавай галіне, што звісае чортведама як высока над вадою — ажно тры метры!..
Штосьці дзіцячае ў гэтым адчуванні. Па свежасці.
Верабей пырхнуў i паляцеў.
Так бы вось i лятаць, адчуваючы шчасце прастору, так бы вось i садзіцца на цёплых каменьчыках, бачыць вакол сябе многа вялікага, прыгожага i значнага, што камусьці здаецца малым, не вартым сур'ёзнай увагі.
Варанцоўскі палац у раскошным парку. З поўначы — скальныя горы, зубцы Ай-Петры, з поўдня — чароўнае мора. У пакоях палаца — цуды людское працы, умельства, натхнення, цярплівасці.
Што гэта — не летняя рэзідэнцыя аднаго з найбольшых магнатаў Расійскай імперыі i ўсяго свету, што гэта — не проста яшчэ адзін наш музей, a жахлівая памяць пра катаргу мноства таленавітых i безымянных сыноў працоўнага народу, я адчуў неяк асабліва ўрачыста. Ажно хацелася пазбіваць кепкі, а тым больш капелюшы з курортных галоў, якія i ў гэткіх месцах не адчуваюць урачыстага хвалявання.
Калі б не тая, скажам, шчаслівая выпадковасць, што Шаўчэнку выкупілі ў другога магната, быў бы яшчэ адзін безыменны геній. Колькі такіх імёнаў мы не ведаем! З некалькіх тысяч прыгонных умельцаў, што дваццаць год будавалі гэты палац, у архівах захавалася толькі трыста прозвішчаў. Ды i пра носьбітаў ix, пра людзей, лёс кожнага з якіх быў бы, на добры лад, сюжэтам гістарычнага рамана, мы ведаем вельмі мала i больш не будзем ведаць ніколі...
«Адзін з найбольшых магнатаў Расійскай імперыі i ўсяго свету». У ix быў свой, арыстакратычны інтэрнацыяналізм. Варанцовы жаніліся з Браніцкімі, радніліся сабе ў той час, калі Расія душыла свабоду Польшчы, a польскі народ збіраў ды нагнятаў сваю нянавісць да Расіі. Палац пабудаваны ў сгылі англійскага сярэдневякоўя, а на паўднёвым яго фасадзе, з «маўрытанскім» парталам, надпіс «Багацце — ад бога», выведзены арабскай вяззю. Карціны, скульптуры, габелены, шпалеры, мэбля, ліхтары, шкатулкі — усё тут зроблена майстрамі з розных краін. Парк разбіваў славуты нямецкі садоўнік. Сам Варанцоў, як сведчыць аўтар «Хаджы Мурата», быў чалавек рэдкай у той час еўрапейска адукацыі.
Калі не забывацца, што ў нас ужо больш за паўстагоддзе гаспадарыць тая пераважная большасць, якая была калісьці прыгнечаная, бяспраўная, калі прыгадаць, што яшчэ задоўга да Кастрычніка той самы Талстой (дарэчы, тут, у недалёкай Гаспры) пісаў, што народ Расіі «все более и более просвещается общим всему миру просвещением»,— дык сёння ў нас сапраўднай інтэлігенцыі, сапраўднай арыстакратыі духу яшчэ ўсё не надта многа. У параўнанні з разняволенымі магчымасцямі, улічваючы нашы гістарычныя, інтэрнацыяналісцкія мэты i задачы. Зашмат мяшчанства, якое лічыць сябе інтэлігенцыяй, зашмат звычайнага хамства, бяздумнага i ваяўнічага. Пралетарская радасць першых паслякастрычніцкіх дзён (усё — наша, народнае!) адышла са сваім часам у гісторыю. Цяпер нам такое свядомасці мала. Мы, сучаснікі, адказваем за тое, што зрабілі i што зробім мы, якую культуру пакінем нашчадкам — i створаную намі, i захаваную з пакінутага нам.