Пасля быў вечар, нудота i гоман п'яных памінак, а потым ноч i раніца. Я зноў прыйшоў у гэтую хату на ўзгорку, да якое прывык за жыццё, у якой упершыню мяне не сустрэла яна, старая гаспадыня.
Прыйшоў з нечаканым i дзіўным у гэты дзень пробліскам радасці ў сэрцы i ў першым слове на парозе...
Чаго ж такая неадпаведная радасць?
Узыходзячы на круты, коўзкі ўзгорак, я — нібы хтосьці мяне штурхануў — зірнуў угару, туды, дзе побач з хатай, на агародзе, пад самыя хмары ўздымаецца змалку знаёмая, старая ліпа.
На ліпу выкінуты быў — на самую вяршыню — белы сцяг вясны: там сядзеў першы сёлетні бусел. Вельмі ранні, яшчэ не чаканы.
Я пастаяў каля плоту, шчасліва намагаючыся ўявіць ягоны шлях ад пірамідаў да нашых надрэчных лугоў.
Сашка, найменшы ўнучак мае сястры, ужо адчуў гэты вялікі цуд. Ён забаўляўся цяпер каля будкі з сабакам, натуральна шукаючы новай пацехі.
«Хлопчык, відаць, не ўявіць бусліны вырайны шлях так, як я. Куды яму з яго веданнем свету! А свежасць радасці жыцця ў мяне амаль такая ж, мусіць, як i ў яго...»
Так думалася мне, пакуль на ліпе бялела, адпачываючы, мая зусім неспадзяваная радасць.
Белы сцяг вясны...
Тады ж, адразу, адчуўшы гэта, я ўспомніў, што з'яву такую першы назваў так Міцкевіч, што, па-нашаму, па-пісьменніцкаму кажучы, гэта — чужое.
У яго толькі трохі інакш:
Не белы сцяг, a ранні. I не складзены так, як у гэтага, што на ліпе, а распасцёрты ў палёце.
Прыйшла вясна, а потым пачалося лета. Тыдзень за тыднем мяне непакоіў той сцяг. Ездзячы па многіх вёсках i палях, бачачы ix, буслоў, успамінаў таго, на ліпе, i дакараў сябе, што вось жа ніяк не магу адчапіцца ад думкі, дзе тут, у радасці гэтай, мае, а дзе чужое.
Гэтая думка, гэты шчымлівы клопат вярнуўся i цяпер, ліпеньскім сонечным адвячоркам.
Чаму гэта — «літаратуршчына», «кніжнасць», калі я, гледзячы на буслоў, зноў вось успамінаю Міцкевіча? Цяпер ужо не аднаго, а з Рыльскім. Яшчэ вясной, ад неспакою свайго, я перачытваў ягоны пераклад «Пана Тадэвуша»: толькі тую мясціну, дзе даецца малюнак надзвычай ранняга вяртання з выраю:
Акадэмік, які i ў сівай старасці мог па-малечы хвалявацца, злавіўшы от сабе акунька (я гэта бачыў тут, над Нёмнам), Максім Тадэевіч любіў навуковую дакладнасць. Да «білого прапору» ім зроблена заўвага перакладчыка:
«Паэтычная вольнасць: у сапраўднасці бусел, маючы белае тулава i шыю, крылы мае чорныя.— М. Р.»
Ха, ха!.. Прыемна ўсё-такі i ў акадэміка знайсці пралік!.. Гледзячы з-пад дуба на буслоў у палёце, знізу пад крылы, бачу: яны не белыя, як у Міцкевіча, але ж i не чорныя, як у Рыльскага. Яны чорна-белыя. Во!
Але i гэта не ўсё. I тут я не зусім арыгінальны. Станіслаў Шгань, яшчэ адзін акадэмік, польскі, у заўвагах да «Пана Тадэвуша», апраўдваючы паэта, піша:
«Крылы ў яго «распасцёртыя», г. зн. бачныя знізу, робяць уражанне белых».
Але не ў гэтым для мяне галоўнае. Далей ён кажа так:
«Падобнае акрэсленне бусла з распасцёртымі крыламі як белакрылага знаходзім мы яшчэ ў Авідзія».
Вунь ажно дзе ды калі!.. Усе яны — украінец, паляк, старажытны рымлянін — ішлі ад жыцця, вялікая паэзія заўсёды звязана з ім непарыўна, яна сама — жыццё, увекавечанае ў слове.
I нежыццёвым, непраўдзівым было б замоўчваць, як, гледзячы на тое, што я бачу сам, я i ўспамінаю сказанае — ад перажытага — іншымі, перажываючы яго па-свойму, зноў.
Клекачыце, буслы! Няхай жыве, як сонца, вечная паэзія! I тут, над нашай ракою.
1968-1971
РЭХА ЗАЎСЁДЫ CA МНОЙ
У цясноце зялёнага дворыка цвітуць белыя i чырвоныя ружы. Там, дзе ашклёныя дзверы вялікай гасцінай раскрыты на поўдзень, сонечны сёння, пасля трох дзён кастрычніцкай нягоды. Ружы гараць, як быццам i на зіму не гаснучы з тых дзён, калі гаспадар, што любіў ix, пайшоў назаўсёды з дому.
Перад уваходам у гэты дом, цяпер ужо азначаны шыльдай «Музей Уладзіслава Вранеўскага», па-вясковаму сціпла, амаль сарамліва стаяць плакучыя вербы — прыспушчанай зелянінай жалобных сцягоў. Пасаджаныя ім, пасталелыя, пасумнелыя без яго.