I вось іменна яны, асветленыя белыя дзверы, i напомнілі мне дзіцячую здольнасць ціха, паэтычна засяроджвацца на самым нязначным, самым звычайным.
Бедны чалавек абслугоўвае багатых. А разам з ім прыйшоў сынок — малы, маўклівы сведка, назіральнік ад імя Вялікай Справядлівасці...
Тэма гэта — даўно не новая. Я проста неяк па-новаму, для самога сябе, адчуў гэта, нават убачыў вочы хлопчыка.
Калісьці недзе далека, нейкія страшныя людзі рабілі вялікія злачынствы,— я чытаў пра ix, чуў, i не думаў, што гэта таксама былі звычайныя людзі.
Ды вось прыйшла вайна, i мае знаёмыя — тут, цяпер i назаўсёды сталі нечакана ca звычайных страшнымі.
I гэта — найстрашней.
Думаў так, адарваўшыся ад добрых вершаў М. Грубіяна [3], думаў, уявіўшы, як знаёмыя мне яўрэі з нашага Турца глядзелі на звычайных, даўно i, здавалася, добра вядомых местачкоўцаў, суседзяў, тых, што сталі паліцаямі i забівалі савецкіх людзей — па нейчаму плану, вельмі далёкаму ад іхніх сапраўдных чалавечых інтарэсаў...
Гэта страшна. Пра гэта трэба пісаць.
Рэйсавы аўтобус спыніўся каля вясковага касцёла. Зайшло многа старых жанчын. Амаль усе яны стаяць.
Барацьба з самім сабой: уступіць каторай месца ці не?
Уступіў. I адразу ж у думках асуджэнне горшых, хто не ўступіў. Тады асуджэнне самога сябе — за асуджванне іншых.
Нарэшце — задаволенасць сабой: што сам сябе асудзіў...
А што найгорш?
За паўстагоддзя з гакам многа i пражыта, i перажыта, i сёе-тое зроблена. Але яшчэ больш — змарнавана часу...
Што ж, чалавек — не.механізм з гарантаванай дакладнасцю. I калі ён не заўсёды мог трымаць сябе ў руках — ёсць, відаць, у гэтым нейкая заканамернасць. Трэба ж яму i проста жыць, не толькі тварыць ды змагацца.
A ўсё ж пра гэтую процьму змарнаванага часу я думаю не ўпершыню. Шкада. I сумна.
У машыне, едучы ў родную вёску.
Не зазнавайся — ты прыйшоў на ўсё гатовае. I восень — гэтую, што абапал дарогі, у сонцы,— назвалі залатой таксама без цябе.
Чакаючы свае чаргі ў цырульні, пераглядаў старыя «Крокодилы». Сярод «афарызмаў», да якіх не ставішся сур'ёзна, раптам наткнуўся на такі:
«Памылкі мінулага можна выпраўляць толькі мемуарамі».
Успомніліся дзве кнігі. За сотню то больш, то менщ змястоўных, то больш, то менш цікава напісаных пісьменніцкіх аўтабіяграфій. Але ніхто — i сам я ў тым ліку— нават i блізка не падняўся да Пушкінскага:
И с отвращением читая жизнь мою...
Характэрна гэта, адзнака нейкая — такая праведнасць, адсутнасць, як гаворыцца, самакапання?
У цяжкія хвіліны ён думаў, што нядрэнна было б — ой, нядрэнна! — мець недзе далека бацьку, брата ці друга, каб да кагосьці з ix паехаць i паскардзіцца. Тады, калі яны ў яго былі. Амаль што побач.
А што ўжо гаварыць цяпер, калі ix — i найдалей — няма?..
Мой найбліжэйшы друг памёр. А я, яго другая частка, амаль адно з ім, здзіўлена бачу, што навокал усё — як было, так i ёсць. Як пасля ўсіх тых, што паміралі на нашай з маім другам памяці. Нібыта ён — гэта я: я i памёр, я i гляджу, правяраю, што ж тут змянілася, калі нас няма...
Дзіўнае, горкае i шчаслівае адчуванне.
Страшныя рэчы адбываюцца з блізкімі або знаёмымі людзьмі, не адбываюца са мною, a вельмі проста могуць адбыцца.
I ў гэтым шчасце, жудасна-часовае шчасце, якім трэба жыць.
У добрага, сціплага чалавека памёр адзіны сын, адзінае дзіця. I сын быў харошы, я яго ведаў.
[3] Яўрэйскі паэт.