Яна прымае мае:
— Калі ж стрэльбы няма...
Найлепшая ў вёсцы рыбачка, яна, чаго добрага, i са стрэльбай справілася б.
Як i многія цяпер, прапануе ўзяць яблыкаў — во, кошычак ці вядро. Дзякую, адмаўляюся, i прыемна думаецца, што яна гэта не ад вельмі шчодрай сёлета садавіны, але i ад сваёй дабрадушнай гасціннасці.
Пайшоў далей, па сцежцы над Нёманам, пад дубамі.
* * *
Успамінаецца сяды-тады, як Ігар Шклярэўскі ў маскоўскім ЦДЛ, Цэнтральным Доме літаратараў, па-зямлядку прысеўшы да стала, дзе я абедаў, загаварыў пра сваю любоў да Броўкі:
— Ён адзін зрабіў больш за ўсіх вас там, разам узятых. Я яму на пахаванне кветкі вазіў, а я не кожнаму павязу!..
Трэба было, як потым падумалася, сказаць яму:
— Ах, Ігар Іванавіч, а я ж так спадзяваўся!.. Тым больш што прычына той яго закаханасці
амаль адразу ж i выявілася:
— Ён мне кватэру даў!..
Калі дзяжурыў там, у Маскве, як сакратар Саюза пісьменнікаў СССР.
* * *
Як нечакана i як прыемна было заўважыць у гушчары дваццатага тома Поўнага збору твораў Дастаеўскага выказванне, якое, чаго добрага, упершыню вось будзе перакладзена на нашу мову: «У сякая здаровая i зямная ci л а верыць у самую сябе i ў сваю праўду, i гэта найпершая адзнака здароўя народнага. Гэтая народная вера ў сябе i ва ўласныя сілы — зусім не застой, а, наадварот, залог жыццёвасці i энергіі жыцця i аніяк не выключав прагрэсу i вялікага поспеху. Без гэтай веры ў саміх сябе не выстаяў бы, напрыклад, на працягу вякоў беларускі народ i не выратаваў бы сябе ніколі».
* * *
Трыццаць чацвёрты год пайшоў, а памятаецца сентыментальна-рамантычная руская дамачка, што пісьмы нам пісала даволі доўга пасля знаёмства ў гагрынскім Доме творчасці. I муж яе памятаецца, маўклівы лейтэнант, што быў у Мінску ў камандзіроўцы, пазваніў ды зайшоў. Выпіў, пераначаваў, пазычыў сто рублёў — i «был таков». Можа, яшчэ i рады быў,— рэаліст!..
* * *
А чым не тыпы тыя молада-тлустыя браты, што, закончыўшы вучылішча на скульптараў, халтураць на помніках? Добра мяне памарочыўшы, добра ўзяўшы, на развітанне запрашалі прыязджаць i потым... Калі мы ездзілі з Анікейчыкам глядзець на «палігоне» валун для Караткевіча, яны зноў «ветліва» спыталіся, чаму я так доўга не быў...
* * *
Мікалаеўскія грошы. Наша маці хавала ix ад унучкі, якая выкрадала з яе старога куфра гыя прыгожыя паперкі, каб пазабаўляцца. Праз чвэртку веку пасля рэвалюцыі. Няўжо ўсё верыла, нястомная векавая руплівіца, што «яшчэ пойдуць»?
Нарачанскі кульгавы дзядок, пан Яцына, з турыста-нумізмата патрабаваў рубель за злоты: «Едын за едын!..» Бо столькі ж укладзена працы i ў тыя, польскія паперкі!
Мама пра бацьку нашага гаварыла: «На ўсё разумны быў, а вось на золата не памяняў тады, у Адэсе, пазапіхаў паперкі ў бутэльку ды сургучом заляпіў...»
* * *
Танк нядаўна расказваў, што Лужаніна калісьці білі не так за навершаванае ў «Вожыку» («Была ў сабакі хата»), а таму, што Панамарэнка на адным вожыкаўскім малюнку ўбачыў як быццам самога сябе на трыбуне стадыёна i яму здалося, што гэта падкарыкатурылі яго. Зрабілі з Лужаніна «беларускага Зошчанку». Яшчэ больш адпаведна: Агняцвет — «беларуская Ахматава».
* * *
Васілій Бялоў з трыбуны ўсесаюзнага пісьменніцкага з'езда, з найвышэйшай, з крамлёўскай трыбуны сказаў, што яму як рускаму зусім не патрэбна, каб была адна толькі мова для ўсіх,— «это было бы очень скучно...».
* * *
«Здохнеш сам, i дзеці будуць хварэць!..» — так бабы крычалі на таго, што прыйшоў узарваць у іхняй вёсцы спрадвечны валун. I не далі.
* * *