Алесь Адамовіч па тэлефоне, вярнуўшыся з падарожжа:
— Палез у Волгу, a ўжо холадна было, i вось хварэю.
— A толькі ж пісаў, што ў пісьменнікаў найбодыл цэніш розум. Смяемся.
* * *
Пятро Глебка, Мікола Ворвулеў i я гасцявалі вясной пяцьдзесят чацвёртага ў сям'і Багдана Чалага, у доміку ў садзе, на ўскраіне Кіева. Калі на ўтульным дворыку пачаліся танцы, Ворвулеву не хапіла партнёркі. Ён пакланіўся таўшчэзнай, вясёлай Багданавай бабусі, пачаў угаворваць яе: «Вы сабе стойце, а я буду каля вас укругаля!» I так у ix пайшло: яна дабрадушна смяялася на адным месцы, а ён пацэтна вытанцоўваў кругам.
Пасля таго, як цешыў нас сваім магутным голасам у песнях — украінскіх i нашых.
Ужо i яго, Міколы, больш за трыццаць гадоў няма, i танцы тыя богведама калі былі, а светла помніцца.
* * *
Да электрычкі, сустрэць мяне, «іхняга дэпутата», на машыне з пасёлка прыехала маладая настаўніца, што «ведае госця ў твар», бо мы ўжо аднойчы бачыліся.
У дарозе, дваццаць пяць кіламетраў, пагаварылі. Восем год была замужам, пяты год удавою, а сама яшчэ як маладзічка. Румяная, акуратная, сціплая. Гадуючы двое дзяцей...
I не сказала мне, іншыя потым сказалі, як яе муж памёр. Упаў у калодзеж, задалёка перахіліўшыся. Нецвярозы.
Таму, вядома, i не сказала. Такая культурнапрыязная.
* * *
Вядомы медык, інтэлігентны Танкаў сваяк расказвае мне ў дарозе, як на Максімавым юбілеі яму прыйшлося сядзець на банкеце побач з сакратаром ЦК па справах ідэалогіі.
— Звярнуўся я да яго: «Вось вы кажаце, што ён вялікі паэт. Дык разгрузіце ж вы яго ад лішніх службовых ды грамадскіх абавязкаў,— хай больш піша!» Ветліва так сказаў, а сакратар, панура памаўчаўшы: «Нам нужен Танк такой, какой он есть!..»
Дзівіцца гэты сваяк — прафесар, доктар медыцыны,— што Максім зусім сур'ёзна гаворыць пра сваё сацыялістычнае геройства — як пра аванс, які яму трэба яшчэ адрабляць.
— Дарагі мой,— кажу яму,— авансаў у нас не даюць!..
* * *
«Маскоўская бабця», як яна сама сябе называе, мая выпадковая, ліпкая карэспандэнтка, абруселая ганарлівая полька, якую я, як гаворыцца, i ў вочы ні разу не бачыў. Просіць кніжак, пасылаю.
I вось, пасля яе чарговага пенсійна-вольнага пісьма, з какетліва-недарэчнымі заўвагамі «шэптам» (яе слова), успомніў я другую бабцю, беларускую, з раённага. гарадка. Сувязная майго сябра-партызана, калі мы разам у яго абедалі, прыстае да гаспадара з недаедзенай бульбайпюрэ са свае талеркі — з поўнай упэўненасцю, што гэта яму павінна быць прыемна...
* * *
Колішні партызан-сэрцаед, а цяпер стары валацуга. Завітаў у пасёлачак i пачаў падладжвацца да ўдавы, колішняй знаёмай дзяўчыны, каб ім цяпер сысціся. Першая «гаспадарская» прапанова — карову прадаць. Разлік вельмі просты — i пра сена не трэба будзе думаць, i грошы будуць на першы пачатак. А далей ужо славутае «Бог — бацька».
Яшчэ адно нікчэмнае «перекати-поле», якога i я памятаю — у п'яную прысядку, з трыма гадзіннікамі: два на руцэ, a трэці ў кішэньцы, з выпушчаным ланцужком. Цяпер ён пры гальштуку, пад капялюшам. I гаварыць нам няма пра што...
* * *
Каля сядзібы на далёкім водшыбе ад пасёл ка — многа толькі што наколатых альховых дроў, чырванаватых на зрэзе. На добрым полымі, што вельмі дарэчы халоднай раніцай, грэецца чорны кацёл пад накрыўкай, з-пад якое відно, як варацца яблыкі свінням. Побач чародка белых курэй. Сабака, нейкі аж надта будзённы, сустрэў мяне леным брэхам, а цяпер маўчыць. Гаспадыня пачулася здалёк ад ганка. Прывітанне i расказ пра новы клопат:
— Каршун во пеўня прыбіў. Дарэзала.
Голы певень ляжыць у вялікай місе.
— Куры да Немана ідуць, а ён сядзе на дрэве i цікуе, ліха яму, чакае. Ледзьве адабрала.
Добра пагрэцца гутаркай. I я кажу:
— Трэба было i каршуна сюды. Удвух аскубсці.