Якую драбніцу запісваю!
* * *
«Уже не говоря о таких литературах, как украинская и белорусская, литературы других советских народов...» — піша ў «Литгазете» адзін з вядомых рускіх крытыкаў. Чытаю гэта ў рэдакцыі ўголас.
— «Уже не говоря»...— смяецца Танк.— Яны ж i не гавораць.
...Ён жа, у іншы час — пра Машэрава:
— Калісьці, адразу пасля вайны, я ў ix быў у Вілейцы. Жонка яго аладкі нам пякла, а мы ix, гарачыя, елі, смяяліся. А цяпер я іду да яго на прыём i там часамі, як тая аладка на скаварадзе, сам варочаюся — то на адзін, то на другі бок!..
* * *
Таджыкскі прыгажун, распешчаны не толькi літаратурным поспехам, уздымае тост у кампаніі, на дастархане над ракой Кафірніган, дзе была з намі толькі адна жанчына, даволі нотная масквічка:
— Один бык, умирая, просил: «Снимите с меня кожу и накройте ею самую лучшую корову». Ваше здоровье, дорогая Зоя Михайловна!..
Гадоў праз некалькі, сустрэўшыся ca мной у Маскве, ужо ў яшчэ большым начальстве i з дзяржаўнай прэміяй, ён з паўнацэннай важнасцю сказаў:
— Очень приятно! Следим за ваших успехов!..
* * *
Добрага, ціхага хлопца ўпраўная маці ажаніла сама, па-даўнейшаму. I ён спакваля, неўзабаве пачаў у іншых шукаць таго, чаш ў сваёй яму не хапала. У вёсцы не надта многа выгоды для гэтага,— хутка накрылі ix, раз i другі раз. Жонка тая расказвае гарадскім сваякам:
— Пайду, кажа, утаплюся! А я яму: ідзі! А потым думаю: а Божа мой — гэта ж i даставаць трэба, i хаваць — колькі клопату!.. I памірыліся мы, жывём.
* * *
Бабы гамоняць пра сваіх дрэнных мужыкоў. У першай ён «успыльчывы», другі сваю б'е, a трэці робіць нешта на дварэ, але ж не можа, каб не забегчы ў хату, не пераставіць у печы гаршкі — як лепш...
Па агульнаму заключэнню — такі найгоршы.
* * *
Пісьменнік Збігнеў Жакевіч казаў:
— Найбольш мы, палякі, не можам немцам дараваць таго, што яны прымушалі нас хадзіць не па тратуары...
— А шэсць мільёнаў знішчаных? — пытаюся ў яго.
Ен акупацыі, можна сказаць, не ведае: малы быў, жыў у беларускай вёсцы... Лепш скажам: не бачыў ён яе ў Польшчы. I гаворыць цяпер «з аб'ектыўнай, гістарычнай дыстанцыі». Плюс або i перш за ўсё — славутая мэгаляманія, традыцыйны шнар.
* * *
Стары паэт вельмі любіць выступаць са сваімі вершамі. У адной вясковай школе дзверы настаўнікі на ўсякі выпадак загарадзілі сталом, i госць пачаў тую паэзію, адно за адным i — бясконца.
Старшакласнікі непрыкметна выключылі святло, i ў цемры ўся тая вольніца рванулася да дзвярэй. Перавярнулі стол i добра-такі пагрузілі госця-паэта.
Дома ён не вытрываў, расказаў жонцы, маладзейшай за яго, i яна цяпер гэтым прыкладам супакойвае яго, нібы працвераджае. Калі ён часамі зноў хваліцца, як яму хораша недзе выступалася.
* * *
Спёка i «горы», як называлася ў нас поле на ўзгорках. Цяжка жнецца нізенькі, рэдкі ячмень, ажно спіна калом становіцца. I тут з недалёкай палоск! гукнуў на мяне нехлямяжы сусед Зімавей: «Іван, а во!..»
Трымае зайца за вушы. От дзе шэры даспаўся!.. Ды вось ён прачнуўся — ці не ад гэтага воклічу — трэпнуў нагамі, пстрыкнуў з пальцаў i даў лататы.
А ты сабе жні далей.