Раней Багуновіч ніколі не чуў у доме голасу гаспадара, ды і гаспадыня гаварыла прыглушаным шэптам. Толькі іх шаснаццацігадовая дачка Юстына часам павышала голас на маці ці спявала.
Пані Альжбета была полька з усімі адменнымі якасцямі вернай каталічкі і шляхцянкі. Не ў прыклад свайму мужу, які выбіўся з мужыкоў, яна зневажала хамаў. Акрамя ўсяго іншага, яна таіла крыўду на рускіх. Пры набліжэнні фронту ёй з дачкой прыйшлося падацца ў бежанцы разам з мільённай арміяй іншых бежанцаў. Там, у глыбіні галоднай Расіі, хапіла пані начальніца ліха і, відаць, не здолела разабрацца, дзе была крыўда ад людзей, а дзе ад чыноўных зладзеяў, якія раскрадалі тыя мізэрныя крошкі, што адпускаліся для няшчасных уцекачоў ад Еайны па царскай ласцы ці па філантропіі вяльможных патранэс, што ахвяраваннямі на шпіталі, на бежанцаў паказвалі свой патрыятызм. Пані Альжбета дамаглася звароту назад, да мужа, хоць фронт стаяў каля самай станцыі і, калі ішлі ваенныя дзеянні, ім з дачкой прыходзілася падоўгу сядзець у халодным бліндажы за пакгаузам. Але яна абвясціла з рашучасцю зацятай полькі: лепш памрэ ад нямецкага снарада, чым яшчэ раз стане бежанкай.
На яе бяду, прыгожаму паручніку ўздумалася пасяліцца не ў фальварку, а ў доме начальніка станцыі. У свае няпоўныя сорак гадоў яка сама яшчэ ўпотай здзіралася на маладога камандзіра палка. А потым ўбачыла, што ў яго проста закахана гэтая малая дурніца Юстына. Альжбета спалохалася за дачку і не зводзіла з яе вачэй. Не здарылася б бяда. У франтавых афіцэраў яе засталося ні чэсці, ні сумлення.
Ды раптам з'явілася маленькая, ладна злепленая яўрэйка, і пан паручнік сышоўся з ёй. Спачатку Альжбета парадавалася: як бы аддалілася пагроза ад яе Юстынкі. А пасля была абражана, пачуцці вернай каталічкі былі абражаны: такі далікатны, культурны, адукавана афіцэр, праўда, праваслаўны (праваслаўных яна лічыла хамамі), прывёў у яе дом гэтую іудзейку, з якой не вянчаўся, не мог павянчацца. Хто яна яму? Няхай бы хоць абвясціў жонкай перад людзьмі! Каб дом быў не казённы, Альжбета паказала б ім дзверы. Але як пакажаш, калі ў ваенны час гаспадар усяго казённага — станцыі, дома начальніка — ён, камандзір палка, што трымае абарону. Плюнуць бы на ўсё, ды яе дурань Пятрас нікуды не хоча ехаць; яна яго разумела: дваццаць гадоў прарабіў на гэтай станцыі.
А пасля Альжбета зноў спалохалася за дачку, убачыўшы, з якой варожасцю тая пачала адносіцца і да Багуновіча, і да агітатаркі. Трэба было, бадай, радавацца, што ў Юстынкі, як і ў яе, маці, такая вернасць богу і свайму пачуццю. Але ж дурная зусім, дзіця, як бы не натварыла бяды — не зрабіла што сабе ці ім, кватарантам.
Багуновіч таксама адразу адчуў перамену ў адносінах да сябе маці і дачкі. Але калі пыхлівая, дэманстратыўная непрыязнасць пані Альжбеты трохі забаўляла, то злосны, як у пакрыўджанага звярка, агонь у Юстыніных вачах, жаданне прашмыгнуць міма, не вітаючыся, не адказваючы на прывітанне, атручвалі яго шчасце ад кахання да Міры. Жанчын немагчыма зразумець. Спачатку ёй не хацелася ісці да начальніка станцыі. А потым варожасць гаспадыні і яе дачкі як бы пачала цешыць яе. На іх варожасць яна адказвала надзвычайнай ветлівасцю.
«Юстынка закахана ў цябе, Сярожа! А можа, і сама Альжбета. Які жах! Мне страшна робіцца, што ты так падабаешся жанчынам. Знойдзецца такая, што павядзе цябе ад мяне на павадку, як сабачку. Але я не прыватніца. Я без буржуазных забабонаў. У новым грамадстве не будзе ні твайго, ні майго. Усё наша».
Ён злаваўся:
«Мелеш лухту. Мне непрыемна слухаць такую брыдкасць. Я выхаваны на Тургеневе і Чэхаве».
Міра рагатала:
«Які феадал! Які феадал!»
Падагрэты каньяком, размовай з суседам, парадаксальна-анархісцкімі развагамі Бульбы-Любецкага, якія заўсёды чамусьці весялілі, Багуновіч вяртаўся ў найлепшым настроі, такога даўно не было, калі свет і жыццё пачынае здавацца цудоўным і ўсё абяцае радасці. Злева, ля калена, вісела цяжкая торба з пляшкамі, справа — лёгкі пакунак з кажушком для Міры. Сціхнуў вецер. На небе высыпалі зоркі. Мацнеў мароз. Снег звінеў пад падковамі ў коней. Сапраўдная навагодняя ноч. Некалі яна прыносіла многа радасці. Няхай жа прынясе і сёння! Няхай!..
Пад'ехалі да станцыі.
Багуновіч саскочыў з сядла, адвязаў торбу і пакунак, перадаў каня казаку, ад яго забраў маленькую елачку, якую ссеклі шабляй у лесе. Павіншаваў казака з Новым годам, пажадаў шчасця.
Той уздыхнуў. Зразумела — чаму.
— Мне, брат Мажаеў, таксама дадому хочацца. Не сумуй. Скора ўжо. Скора. Падпішуць мір...
— Дай бог.
— Выпі за маё здароўе,— ён захапіў у Бульбы пляшку спірту для казака і яго сяброў.
— Рады старацца, ваша благароддзе.
— Адвыкай ад благароддзя. Цяпер мы роўныя.
— Так точна!
Развітаўшыся з казаком, на міг з трывогай падумаў: куды падасца гэты надзвычай дысцыплінаваны салдат, калі дэмабілізуецца і прыедзе да сябе на Дон? У завіруху мітынгаў яго не цягне. А да Каледзіна не пацягне? Ды думкі такія былі адзін міг. Убачыў асветленае акно свайго пакоя — узрадаваўся. Але мільгаў лі за аледзянелымі шыбамі два цені — хто там у Міры? Уподбег кінуўся дадому.
У пярэдняй яго сустрэла Юстына. З вачэй яе сыпаліся маланкі, як з навальнічнага неба. Кінулася да яго са сціснутымі кулачкамі.
— Вы бардза нядобры чалавек! У вас нема сэрца. Вы — гадкі! Вы паганы! — яна блытала польскія, рускія, беларускія словы, чаго раней не рабіла — гаварыла па-руску лепш за маці.
Багуновіч быў ашаломлены такім нечаканым наскокам і не мог здагадацца, што здарылася.
Урэшце Юстына растлумачыла:
— Яна плакала... Як яна плакала. Лаяла сябе, А лаяць трэба вас. У вас няма сэрца! Яна хворая. Яе так паліла, так паліла...
— Юстыначка! Маё добрае, слаўнае дзіця!
Багуновіч злавіў яе ручку, якой яна размахвала, і пацалаваў.
Збянтэжаная, дзяўчына ўспыхнула і пабегла па кухню.