Больш за ўсё Багуновіч не любіў пошласці ў мужчынскіх размовах пра жанчын, нават акопнае жыццё не сапсавала яго; пошласць у адносінах да Міры асабліва непрыемна ўразіла. Баючыся, каб Бульба не пачаў нагрувашчваць брыдкасці, далікатна папрасіў:
— Не трэба, Назар. Я кахаю гэтую жанчыну. Яна — мая жонка.
Бульба-Любецкі здзівіўся.
— Не, ты гэта сур'ёзна? Ажаніўся? У наш час! Ідыёт!
— Чым дрэнны наш час? Канчаем вайну. Пачынаем новае жыццё.
— Лёгка ты яе канчаеш. І што ты думаеш рабіць у гэтым новым жыцці?
— Паедзем куды-небудзь у наша беларускае сяло і будзем вучыць дзяцей. Сялянскіх дзяцей. Сеяць разумнае, вечнае, добрае.
Бульба пільна ўгледзеўся ў яго, недаверліва спытаў:
— Ты здзекуешся з мяне?
— Абсалютна сур'ёзна.
Гаспадар наліў каньяку і, не прапаноўваючы, за што выпіць, хвіліну маўчаў, углядаючыся ў камін, пасля падняўся, не спяшаючыся, кінуў у агонь адно, другое бярозавыя палены; адтуль, ад каміна, сказаў:
— Зайздрошчу я табе, Багуновіч. Цэльны ты чалавек. А я... я зламаны. Душэўна. Я некалі таксама кахаў. Яе закатавалі, сволачы. У турме. Памерла ад сухот. Не! — сказаў рашуча, упаўшы на турэцкі пуфік.— Я не гатовы вучыць дзяцей. Мне хочацца яшчэ пачысціць свет ад дзярма маўзерам і кулямётам. Не. Я не забойца! Я асенізатар. Вып'ем. За цябе. І за яе. Яна калючая, што ёрш, але... Урэшце, кожны абараняецца, як умее.
Выпілі.
Багуновіч спытаў:
— Назар, у цябе ёсць шампанскае?
— Табе захацелася шампанскага?
— Не.
— Чакай. Ты хочаш зрабіць вяселле?
— Не, сустрэць Новы год. Яна ніколі не піла шампанскага.
— Божа, якая святая чысціня і наіўнасць! Толькі ж гэта буржуазныя штучкі, Сяргей,— шампанскае. Праклятая буржуазія! Як яна нас разлажыла! Не прыжывёмся мы ў пралетарыяце. Выплюне ён нас.
— Не блазнуй. І памажы яшчэ ў адным: адзець яе цяплей. Цеплыня не пашкодзіць і пралетарыю.
— Што хочаш? Футра? Паліто?
— Не. Футра яна не надзене. Казацкі кажушок.
— Будзе табе кажушок. Хочаш, жаночую бялізну дам? Французскую. Крык моды трынаццатага года.
Крык перад патопам.
— Дзе ты гэта бярэш?
Бульба засмяяўся.
— Ты не чытаеш Маркса. Ёсць у яго разуменне: экспрапрыяцыя экспрапрыятараў. Толькі бальшавікі замахнуліся на сусветную экспрапрыяцыю. А я гэта раблю лакальна. І бяскроўны. Збіраю даніну з тутэйшых гандляроў. Пачысціў нямецкія склады,— Бульба рагатнуў, але тут жа пазмрачнеў.— А ўвогуле ўсё дзярмо, Сярожа. Я ніколі нічога не баяўся. А тут сяджу і са страхам думаю... Падпішуць мір. Разыдуцца апошнія салдаты. А я куды? Губернатараў і паліцмайстраў не стала. Каго страляць? Пайсці на службу да Машы Спірыдонавай? Можаш ты ўявіць мяне ад'ютантам Машы? Смех. Хоць гэта адзіная эсэрка, якую я паважаў. Некалі мы з ёй заключылі пары: хто больш адстраляе саноўнікаў. Дабрацца хіба да манархіста Каледзіна? Шлёпнуць яго? Ці з Савінкавым звесці старыя рахункі? Але... стаміўся я. Ці абуржуазіўся... ад такога жыцця. Можа ў гэтае... як яго бальшавікі назвалі? — чэка падацца? Кажуць, яны вылаўліваюць былых жандараў і міністраў, як бяздомных сабак. Але лавіць тыпаў, пазбаўленых улады... Бр-р. Не па мне такая работа. Мярцвячына. А я люблю жывое дзела. У мяне казацкая кроў. Мне вольным атаманам трэба быць. Толькі дзе разгуляцца?
6
Начальнік станцыі Пятрас Баранскас сумаваў без справы. Станцыя была за два кіламетры ад пярэдняга краю, і на яе даўно не прыходзіў ніводзін эшалон. А некалі, да лета семнаццатага, калі фронт быў каля Ліды, гэтая маленькая станцыя здавалася яму не менш значнай, чым вузел Маладзечна. Прыезд спецпоезда з мірнай дэлегацыяй, які не толькі дайшоў да станцыі, але пайшоў і далей, на нямецкі бок, ажно да Брэст-Літоўска, быў для старога чыгуначнага служкі падзеяй, якая ўскалыхнула яго настолькі, што ён як бы абудзіўся ад сну. Раней хадзіў непаголены, не па форме апрануты. А тут пагаліўся, пачысціў мундзір, фуражку, ліхтары, стрэлкі, сцяжкі, жэзлы. Кожны дзень сам расчышчаў снег, таму што іншых служачых на станцыі засталося чалавекі тры, не больш; тэлеграфісты былі вайскоўцы. Баранскас як бы рыхтаваўся да свята ці да вялікай рэвізіі. У яго пачаліся нават сваркі з жонкай, магчыма, праз тое, што ён пачаў прымушаць іх працаваць, дачку і жонку, чысціць, мыць.