Устрывожаны і ўзрадаваны, ён скінуў кажух, папаху, пахукаў на рукі, каб сагрэць іх, і з бояззю, пастаяўшы перад дзвярамі, ступіў у свой пакой.
Гарэла лямпа. Не іх, маленькая, настольная. Гаспадарская, дванаццацілінейная. У пакоі была пані Альжбета. Міра ляжала на ложку, косы яе былі шырока рассыпаны па падушцы.
Багуновіч кінуўся да ложка.
Гаспадыня сказала дакорліва:
— Ах, пан паручнік! Пан паручнік!
Міра ўбачыла яго, імкліва паднялася, але Альжбета рашуча, як непаслухмянаму дзіцяці, палажыла яе галаву назад на падушку.
— Не, не, любая мая! Ляжаць! Ляжаць! Я толькі што паставіла ёй банькі, напаіла ліпавым чаем. Яе так паліла, так паліла,— сказала жанчына тыя ж словы, што і яе дачка, але больш спакойна.
Багуновіч упаў перад ложкам на калені, асцярожна ўзяў Мірыну гарачую руку ў свае халодныя далоні.
Міра другой рукой пагладзіла яго валасы, шчаку.
— Дзе ты быў?
— Я ездзіў... у трэці батальён,— ведаючы, што яна не любіць Бульбу, адразу не прызнаўся, што быў у яго.
— Тут недалёка стралялі. Навошта стралялі? Каго забілі? Я так баялася. За цябе. Які гэта страх! Даруй мне, даруй, што я пакрыўдзіла цябе. Я больш не буду. Ніколі. Каб ты знаў, як я люблю цябе!
Яна саромелася сказаць гэтыя словы яму аднаму. Яна сказала іх пры жанчыне, якая яшчэ раніцою не адказала на яе прывітанне.
У Багуновіча стала солана ў горле; ён прыпаў вуснамі да Мірынай рукі, схіліўшы нізка галаву.
Альжбета, выцершы слёзы замілавання, сказала зноў-такі дакорліва:
— Мужчыны, дзіця маё, ніколі не цэняць, як мы іх кахаем, у іх няма сэрца,— і ўжо зусім строга: — Пан афіцэр, ад вас патыхае сцюжай. Адхіліцеся ад хворай.
Багуновіч паслухмяна падняўся, пакланіўся гаспадыні.
— Дзякую вам, пані Альжбета.
— Ах, што вы! Няма завошта. Я — маці, пане паручнік,— і, засаромленая і ўзрадаваная, пайшла з пакоя.
Міра папрасіла:
— Пацалуй мяне.
— Не, не, я халодны.
Ён спачатку прыпаў да гарачай грубкі, абняў яе, пагрэў рукі, грудзі, твар.
Міра сказала:
— Сярожа, як я баялася за цябе! Я ніколі не думала, што магу так... баяцца. Але я перажыла і шчасце. Ты знаеш, я многа гаварыла пра брацтва людзей, але, можа, толькі сёння па-сапраўднаму зразумела, што гэта такое, калі ўсе мы — браты і сёстры.
Пасля прыйшлі Пастушэнка і Сцяпанаў. Растлумачылі прычыну вячэрняй страляніны. Атрад Рудкоўскага злавіў кантрабандыстаў, што ішлі з нямецкага боку. Аднаго забілі, двух арыштавалі. Немцы не ўмяшаліся: бой быў на нашым баку, за добрую вярсту ад перадавой.
Сустракалі Новы год усе разам. Хоць Баранскасы па каталіцкім календары сустрэлі свой Новы год колькі дзён назад, усё роўна былі яны па-святочнаму ўзбуджаныя — і сам начальнік станцыі, і яго ганарлівая жонка, і Юстына. Накрылі стол у зале. Дадалі да пайкоў, што прынеслі вайскоўцы, прывёз Багуновіч, свае небагатыя прыпасы. Убралі елачку. Запалілі свечкі. Але падагрэтае — для Міры — шампанскае пілі каля яе ложка.
Яна сядзела, захутаная гаспадыніным пледам, абкладзеная падушкамі; Юстына прычасала яе, упляла ў падстрыжаныя чорныя косы белы бант; з бантам гэтым, расчырванелая, яна выглядала маленькай дзяўчынкай, вочы яе, што росныя слівы, дзівосна блішчалі.
Яны — чатыры мужчыны і дзве жанчыны — стаялі ў цесным пакойчыку і ўсе віншавалі яе, чамусьці адну яе. Міра дзякавала і казала:
— Вы добрыя. Вы такія добрыя. Я люблю Бас.