Шампанскае яна піла маленькімі глыткамі, па колькі кропель, як бы прыслухоўвалася да смаку. Заключыла:
— А гэта смачна.
Усе засмяяліся з яе слоў. Усім было весела і радасна.
А пасля з ёй засталася Юстына. А яны сядзелі ў зале за святочным сталом. Толькі Багуновіч і Альжбета, па чарзе, хадзілі наведаць хворую. Ды Міра тут жа адсылала яго назад.
— Мне так хораша. Мне так хораша з Юстынай. Ідзі да людзей.
Потым прыйшла ў залу Юстына, шэптам паведаміла:
— Заснула.
Мулсчыны на хвіліну змоўклі, пасля гаварылі напаўголаса; так гавораць далікатныя людзі, калі побач засынае дзіця.
Багуновічу было вельмі радасна ад гэтай чуласці, цеплыні людской, дабрыні. Успомніліся Мірыны словы пра брацтва. Ён адчуваў сябе ў першую ноч новага года зусім шчаслівым чалавекам. Ён верыў у шчасце.
Раздзел другі. ГЕНЕРАЛЬНЫ ШТАБ
1
Конь, весела фыркаючы, бег лёгкім трушком. Фурман падганяў каня гэтак жа весела, не рускім ноканнем, а свістам і своеасаблівым цмоканнем. Падковы выбівалі ўкатаны снег, на фурмана і пасажыраў ляцелі дробныя льдзінкі.
На елках, што абступалі дарогу, ляжалі тоўстыя шапкі снегу, прыгнуўшы ніжнія галіны да самай зямлі, утапіўшы іх у снезе.
Дзень быў хмурны, але на дзіва ціхі, які бывае толькі тут, на Карэльскім перашыйку.
Уладзімір Ільіч з дзіцячай прагнай цікавасцю любаваўся зімовай прыродай. Ён адчуваў хараство зімы не розумам — сэрцам, усёй істотай. Недалёка адгэтуль, у Разліве, ён пражыў мінулае лета і палюбіў карэльскія краявіды, зрадніўся з імі гэтак жа, як некалі ў юнацтве з волжскімі. З верасня не ўдавалася вырвацца за горад. Тры месяцы самай напружанай працы, калі трэба было займацца адначасова і тэорыяй, і практыкай рэвалюцыі і рабіць усё гета з выключнай энергіяй, з нечалавечай нястомнасцю. Пачала балець галава. Уладзімір Ільіч меў неасцярожнасць сказаць пра болі сястры. Маняша тут жа, безумоўна, выдала яго Надзеждзе Канстанцінаўне. А потым нехта з іх сказаў Аляксандры Міхайлаўне Калантай, і ўсе тры жанчыны вымусілі яго прасіць у Саўнаркома кароткі адпачынак і паехаць у санаторый «Халіла». Вырвацца было нялёгка. У гісторыі чалавецтва не было яшчэ вопыту будаўніцтва сацыялізму, пісаліся толькі праекты, да Маркса ўсе ўтапічныя. Практыка падкідвае такія праблемы, якія ніхто з тэарэтыкаў не мог прадугледзець. Трэба думаць. Трэба рашаць. А людзей мала. Не, людзей нямала. Рэвалюцыянераў — рабочых, салдат. Мала адукаваных бальшавікоў. Многія з тых, хто абвясціў сябе сацыялістамі, запляміліся згодніцтвам з буржуазіяй і працягваюць выступаць супраць рэзалюцыі, супраць дыктатуры пралетарыяту. А некаторыя з бальшавікоў бязбожна блытаюць і ў тэорыі, і ў практычнай рабоце. Неадкладнейшае пытанне сацыялістычнага будаўніцтва, умацавання Савецкай рэспублікі — падпісанне мірнага дагавора з Германіяй.
Яшчэ ў вагоне ў Леніна перастала балець галава. Уладзімір Ільіч адчуў сябе бадзёра, настрой узняўся, ён сапраўды па-дзіцячаму радаваўся снегу, елкам, хуткай яздзе і адчуваў удзячнасць жонцы і сястры за іх ініцыятыву. Шукаў магчымасці як-небудзь выказаць ім гэта. Толькі яшчэ ля станцыі Усікірка ён незадаволена пахмыкаў і разы два аглянуўся, калі пачуў ззаду фырканне другога каня і ўбачыў у санях, што ехалі следам, акрамя камісара Фінляндскай чыгункі, незнаёмага чалавека. Зразумеў, што асцярожны фін Рах'я прыхапіў ахову.
Хмыканне насцярожыла Надзежду Канстанцінаўну, якая не адразу сцяміла, чым Уладзімір Ільіч незадаволены.
Яны пасадзілі яго ўсярэдзіне вазка, хоць ён і супраціўляўся, казаў, што, калі занясе на ўхабе і першая выпадзе з саней жанчына, ён ніколі сабе не даруе гэтага. «Які я пасля гэтага джэнтльмен? Ганьба!»
Жанчыны думалі не пра ўхабы, а пра тое, што паміж імі Ільічу будзе цяплей. Кажушок з тых, што прынесла Калантай, ён узяў самы кароткі, старэнькі, ім дасталіся сапраўдныя футры. Праўда, Рах'я даў на станцыі яшчэ адзін кажух, але Уладзімір Ільіч адмовіўся надзець яго, накрыў толькі ногі ўсім траім. Магчыма, з-за кажуха жанчыны так настойліва садзілі яго ўсярэдзіне, ведаючы, што калі сядзе з краю, то накрые ногі толькі ім. А так куды дзенешся, калі трэба думаць і пра Надзежду Канстанцінаўну, якая сядзела злева, і пра Марыю Ільінічну, што прытулілася да яго правага пляча. Колькі разоў ён інстынктыўна пацягваў кажух то да Надзі, то да Маняшы, але тут жа, угледзеўшы, што сваім клопатам сцягвае яго з другога блізкага чалавека, незадаволена хмыкаў. Хоць праз момант весела прыводзіў у думках палітычныя аналогіі. «Пры такой пазіцыі — з каго ні сцягнеш, накрыеш сябе».
— Ты чаго, Валодзя? — спытала Марыя Ільінічна.
— Як сказала жанчына? Цяпер няма чаго баяцца чалавека з ружжом? Выдатна сказала! У гэтым уся сутнасць рэвалюцыі. Чалавек з ружжом — гэта той жа рабочы, той жа селянін. Не стражнік. Не жандар.
У вагоне, дзе ехаў Ленін і яго спадарожнікі, ехалі іншыя пасажыры. Рах'я пераклаў Уладзіміру Ільічу размову дзвюх жанчын-фінак. На пытанне суседкі, як жанчына не пабаялася пайсці ў лес і насекчы дроў, тая адказала: «А чаго баяцца? Хіба цяпер так, як было, калі дрыжалі перад стражнікамі? Цяпер калі і стрэнеш салдата, дык ён паможа табе насекчы дроў і несці. Цяпер няма чаго больш баяцца чалавека з ружжом».
Ленін колькі мінут гаварыў пра прынцыпы новай, савецкай арміі, якая вырастае з Чырвонай гвардыі, якая будзе створана, нягледзячы ні на якія лявацкія фразы і ні на якія ўмовы нямецкіх імперыялістаў.
— Які б мы дагавор ні падпісалі — а мы падпішам яго! — мы створым рабоча-сялянскую армію. Без арміі рэвалюцыю задушаць.
Надзежда Канстанцінаўна разумела, што гэта не проста дарожная размова, так Уладзімір Ільіч працуе — у гутарцы з блізкімі людзьмі ці таварышамі па партыі правярае тэзісы будучага артыкула ці можа цэлай кнігі. Любіць, каб яму пярэчылі, спрачаліся з ім, у такой спрэчцы хораша шліфуюцца думкі.
Жанчыны слухалі моўчкі. Па-першае, яны былі згодны з усім, што ён казаў, а па-другое, яшчэ ў Петраградзе дамовіліся паміж сабой: у санаторыі стварыць такое жыццё, каб Уладзімір Ільіч як найменш працаваў і як найбольш адпачываў. У тое, што ён зусім можа не працаваць, не верылі. Чалавек гэты і ў сне працуе. У эміграцыі, помніла Надзежда Канстанцінаўна, ён разоў колькі расказваў раніцамі, што сніў палітычныя камбінацыі. Але ў сне яны былі няправільныя, згодніцкія, і Ленін смяяўся са сваіх сноў.
«Падумай, Надзюша, я згадзіўся з Мартавым. Не, ты можаш уявіць такое?» — і весела заліваўся смехам.
Марыя Ільінічна знайшла прычыну, каб адцягнуць брата ад працы.
— Валодзя! Снегіры!
Уладзімір Ільіч адразу ж пераключыў увагу з высокіх палітычных разваг на снегіроў, што пырхнулі з яліны; зрабіў гэта з дзіцячай непасрэднасцю: