Багуновічу падабалася гэтая ідэя: ён скажа наркому, які едзе падпісваць мір, у якім стане полк, наколькі аголены фронт. На станцыйным пероне пастроілі ўзвод салдат. Гэта было дарэчы, бо, хоць прыбыццё спецыяльнага поезда «трымалася» ў сакрэце, на станцыі за нейкую гадзіну яго стаянкі — пакуль ішлі тэлеграфныя перагаворы з нямецкімі ўладамі суседняй станцыі — сабраліся сотня салдат, сяляне з маёнтка, з вёскі. Людзі беглі задыханыя, узбуджаныя. На каго яны хацелі паглядзець — на поезд ці на Троцкага?
Вечарэла. Марозіла. На захадзе неба гарэла злавеснай чырванню.
Пакуль чакалі поезд на пероне, настылыя дошкі якога трашчалі і звінелі ад кожнага кроку (Баранскас увесь час бегаў), Багуновіч назіраў за Мірай. Яе ліхаманка самым натуральным чынам. Шчокі палалі, як чырвань неба, а вочы праменілі сонечную радасць.
Састаў быў з двух класных і аднаго паштовага вагона. З паравоза спусціліся два матросы ў лёгкіх для снежня бушлатах, з маўзерамі, драўляныя кабуры якіх стукалі ім па каленях.
Багуновіч і Пастушэнка прадставіліся матросам і спыталі, ці выйдзе нарком. Тыя паціснулі плячамі і пайшлі ў тэлеграфную. Нарэшце з задняга вагона выйшаў поўны чалавек у генеральскім шынялі. Пастушэнка пазнаў яго: генерал Самойла. Некалі яны сустракаліся. Багуновіч прадставіўся яму і, трохі раздражнёны няўвагай тых, хто знаходзіўся ў вагонах, да іх, хто стыне на пероне, даволі патрабавальна сказаў, што ім неабходна бачыць наркома.
Генерал падняўся ў першы вагон і праз нейкі час запрасіў туды іх. Увайшлі ў вагон пяцёра: Багуновіч, Пастушэнка, Сцяпанаў, Міра і ўпаўнаважаны франтавога камітэта Камінскі.
Іх сустрэў чалавек у залатым пенснэ, з шапкай густых чорных ускудлачаных валасоў, быццам забыўся прычасацца, з такой жа ўскудлачанай бародкай, якую ён раз-пораз гладзіў — лашчыў, як кацяня. Апрануты ён быў па-хатняму: на простай чорнай сарочцы куртка, падбітая заячым футрам. Рухі яго былі імклівыя, з характэрным жэстам правай рукі — жэстам прафесійнага прамоўцы.
Сустрэў Троцкі іх, як добрых знаёмых. Працягваў руку ўсё тым жа аратарскім жэстам. Вітаючыся з Мірай, весела засмяяўся, збянтэжыўшы дзяўчыну.
«Прашу вас, таварышы. Сядайце».
Але, людзі ваенныя, яны не маглі адразу прыняць такое дэмакратычнае запрашэнне. Багуновіч прадставіўся сам і прадставіў сваіх калег. Салон быў палацна-шыкоўны. Паўвагона. Доўгі стол пасярэдзіне, канапы, крэслы, абабітыя бардовым аксамітам, толькі са спінак спораны вензелі, але тканіна, не выцвілая пад вензелямі, выдавала іх рысунак. Гэта быў спецыяльна абсталяванні вагон былога міністра замежных спраў Сазонава.
Багуновіч намерыўся быў дакладваць пра становішча на іх участку фронту. Але яго нечакана перапыніла Міра. Заікаючыся ад хвалявання, яна папрасіла:
«Леў Давыдавіч... выступіце перад людзьмі. Глядзіце, колькі іх сабралася на станцыі!»
Троцкі, не зірнуўшы на вокны, куды кіўком галавы паказала Міра, наблізіўся да яе, мабыць, жадаючы лепш разгледзець, паглядзеў праз пенснэ, зняў яго і зноў гэтак жа недарэчна весела засмяяўся.
«Вы хто?»
«Агітатар камітэта арміі. Для работы з нямецкімі салдатамі».
«З такімі агітатарамі мы раздзьмуем пажар сусветнай рэвалюцыі»,— і раптам паляпаў Міру па шчацэ. Ласкава. Але Багуновіч убачыў, што Міру гэта абразіла, яна ажно пабялела і адступіла назад. Яго таксама непрыемна ўразіў такі паблажлівы жэст. Расхацелася дакладваць гэтаму весела-самаўпэўненаму чалавеку, сагрэтаму заячым футрам, у хораша напаленым шыкоўным салоне, аб тым, як галадае і замярзае армія.
Троцкі тлумачыў Міры ўжо сур'ёзна, мабыць зразумеўшы, што зрабіў не той жэст:
«Дзіця маё, у мяне нелады з горлам. А мне заўтра аднаму трэба перагаварыць ажно чатырох імперыялістычных шакалаў: Кюльмана, Чарніна, Папова і Талаатпашу. Гэтыя паны маюць вялікі вопыт дыпламатычнай дэмагогіі. Перагаворы будуць цяжкія. Вы павінны зразумець гэта... Нашай дэлегацыі...»
Тады гэтак жа нечакана, як Міра, пачаў гаварыць Пастушэнка. Сказаў, што армія, па сутнасці, развалілася і не здольная трымаць фронт, а тым больш спыніць нямецкае наступленне. Але стары таксама хваляваўся і сказаў у адным месцы не «таварыш нарком», а «гаспадзін нарком». Багуновіча гэтая памылка палкоўніка развесяліла. А Міра ажно перасмыкнулася. Зноў разгарэліся яе шчокі. Але ці толькі ад наркомаўскага паляпвання ці Пастушэнкавай памылкі? Багуновіч злавіў, як аглядае яна салон, як затрымала свой позірк на кубках, на вазе з пячэннем і цукеркамі, што стаяла на стале.
Пэўна, гэты яе позірк убачыў Троцкі і ў сувязі са скаргай Пастушэнкі на тое, што салдаты галадаюць, зразумеў па-свойму. Калі развіталіся, ён затрымаў Міру і даў ёй плітку шакаладу.
«Майму юнаму агітатару! Поспехаў вам «у распальванні пажару сусветнай рэвалюцыі»!»
Кроў ударыла Багуновіча ў галаву, зазвінела ў вушах. Калі дагэтуль ён на ўсё глядзеў з гумарам, у тым ліку і на Мірына хваляванне, то цяпер яго апанавала злосць на Троцкага. Як можна не разумець? Як далёка трэба адысці ад гэтай рамантычнай дзяўчыны, каб не бачыць яе высокага парыву і так унізіць дурацкім шакаладам? А яна сапраўды такі разгубілася: выйшла з вагона, трымаючы шакалад у руцэ. Прыйшлося шаптаць ёй: «Схавай у кішэню».
Міра непрыкметна знікла — пайшла на кватэру, не дачакаўшыся адыходу спецпоезда.
Панура маўчаў Сцяпанаў, калі яны ішлі са станцыі ў маёнтак, у штаб. Уздыхнуў цяжка. Багуновіч здагадваўся, пра што думае рабочы, былы катаржанін. Зразумеў, безумоўна, гэта і палкоўнік, бо раптам сказаў пераканана, горача:
«Усё правільна! Усё правільна, панове! — зноў забыўся стары.— Едзе дэлегацыя вялікай краіны. На ўзроўні міністра. Не карайце мяне, не мае значэння, як гэтая дзяржаўная пасада называецца цяпер. Едзе весці перагаворы аб міры. З міністрамі Чацвярнога саюза. Што ж вы хочаце? Каб яны ехалі ў цяплушцы? З салдацкімі сухарамі? Не трэба раняць гонар Расійскай дзяржавы! Мы вялікая дзяржава, таварышы! Вялікая Русь! Багацейшая краіна свету! Няхай разораная... Але для сваіх дыпламатаў мы не пашкадуем... Каб трымалі гонар! Гонар рускага народа!»
Сцяпанаў раптам засмяяўся:
«Дзіўны вы чалавек, Пятро Пятровіч».
Хораша кранулі тады Багуновіча і словы двараніна, і словы рабочага, і ён падумаў, што гэтыя ж Пастушэнкавы словы ён скажа Міры, калі вернецца на кватэру, бо яе думкі, напэўна, пайшлі ў тым жа кірунку, што і ў Сцяпанава.
Ды Міра ў той вечар была ласкавая, добрая, даравала яму ўсе «панскія конікі», многа гаварыла, але на такія тэмы, што Багуновіч зразумеў: не хочацца ёй, каб ён пачынаў размову аб сустрэчы з наркомам, баіцца яна такой размовы — самое сябе баіцца. І ён, хораша разумеючы яе, ні разу пасля не ўспомніў пры ёй Троцкага, хоць газеты былі запоўнены яго імем. Яму ж асабістая поза Троцкага — эпізод з ляпаннем па шчацэ і з шакаладам, што тады абурыла,— пасля ўяўлялася смешнай гульнёй у Напалеона. Бачыў ён такіх «напалеонаў» і дома, у Мінску (Курлова, напрыклад), і ў Маскоўскім універсітэце, і асабліва на фронце. Усе яны выглядалі смешнымі. Амаль цалкам была размыта яго вера ў аўтарытэты, палітычныя, ваенныя, нават літаратурныя (да вучэння Талстога таксама ставіўся скептычна), аднаго Чэхава прызнаваў, бо Антон Паўлавіч ні разу не стаў у позу прапаведніка, ні ў адным творы. Багуновічу хацелася быць такім, як Чэхаў: проста любіць людзей. Проста любіць...
Троцкі ўспомніўся не толькі таму, што салдаты настойліва пыталіся пра мір. Успомніўся з іншай прычыны. Ці разумее Міра яго сённяшнюю задуму? Ці не палічыць панскім выбрыкам? Але яму вельмі хацелася зрабіць ёй хоць маленькае свята — сустрэць Новы год з шампанскім, з падарункам.