Максім і не заўважыў, як прайшоў гэтыя кілометры. Думак хапіла на ўсю дарогу.
Толькі ў садзе на момант яго зноў апанавала тое-ж пачуццё, што напярэдадні ў лесе. Сад быў скалечаны не менш, чым хвойнік. Але праз хвіліну ён суцешыўся, убачыўшы, як руплівая рука чалавека ўмела залечвае раны на дрэвах і на зямлі. Усе старыя дрэвы, якія ўцалелі, былі старанна дагледжаны: абрэзаны сухія галінкі, ствалы абмазаны глінай і абкручаны саломай. Была зроблена падсадка. Кожнае маладое дрэўца абгароджана, каб зімою не папсавалі зайцы.
Максім успомніў сад свайго калгаса, які ён убачыў яшчэ ў той дзень, калі прыехаў, і падумаў, зноў з пачуццём зайздрасці:
«Але... адразу адчуваецца гаспадарская рука... Відаць, недарэмна яго хваляць... Што-ж, пабачым...»
Будынак сельсовета стаяў воддаль ад вёскі, між старым садам і поплавам. Да вайны ў ім змяшчаўся ветэрынарны пункт, а таму і быў ён збудаваны наводшыбе. У вайну з усіх грамадскіх будынкаў уцалеў толькі гэты. А таму адразу пасля вызвалення ў ім асталявалася і школа, якая працавала ў той час у тры змены, і сельсовет, і праўленне калгаса. Цяпер застаўся толькі сельсовет, ды ў прыбудове — малаказлівачны пункт.
Максім не спадзяваўся застаць у сельсовеце ў такі дзень каго-небудзь, аднак рашыў заглянуць. Нядрэнна пабачыць усё да таго, як сустрэнешся з мясцовымі кіраўнікамі. Глядзі — у гутарцы і зможаш выказаць якую-небудзь свежую, арыгінальную думку, да якой самі яны, абжыўшыся і звыкшыся, і не маглі дайсці. Ён любіў бліснуць такімі думкамі.
Але, наблізіўшыся да сельсовета, ён убачыў праз акно людзей і пачуў гучную гаворку. Адчуваючы, што хвалюецца, ён ненатуральна хутка і шумна зайшоў у памяшканне. Адчыніў адны дзверы, другія... І спачатку ўбачыў толькі чалавека, які стаяў тварам да дзвярэй, збоку ад стала. Чалавек гаварыў і спыніўся на поўслове. Позіркі іх сустрэліся. Незнаёмаму было год пяцьдзесят. Ён быў невысокага росту, хударлявы, з густой шапкай сівых валасоў і з вельмі густымі, сівымі брывамі. Гэтыя бровы неяк адразу кідаліся ў вочы, яны надавалі верхняй частцы твару суровы выраз. Але ніжэй гэты выраз змякчалі вусы. Звычайныя абвіслыя, яны былі не сівыя, як валасы і бровы, а рудыя, абкураныя. І вочы ў яго былі добрыя: светлыя, разумныя.
Максім здагадаўся: доктар, і спытаў па-ваеннаму коратка і гучна:
— Дазвольце?
— Калі ласка.
Ён пераступіў парог і тады адразу ўбачыў знаёмых. Яны амаль усе падняліся яму насустрач.
— Лескавец!
— Максім!
— Ах, чорт! Які бравы!
— Адны вусы чаго варты! Казак!
Першы яго абняў сваёй адзінай рукой Міхаіл Прымак — той самы, з сынам якога ён меў сустрэчу на грэблі. Потым паціснулі руку старшыня сельсовета Байкоў, дабрадзеевец дзядзька Міхей Вячэра, надзвычай высокі чалавек з лысай галавой і з хітрай усмешкай у вачах, Максімаў аднавясковец Пятро Мурашка, яшчэ адзін малады хлопец з знаёмым абліччам, але прозвішча якога Максім не мог успомніць, і падумаў: «Моладзь вырасла»...
Апошнім падняўся Васіль Лазавенка. Ён таксама толькі падаў руку, хоць Максім быў паімкнуўся абняцца. Але затое руку Васіль ціснуў моцна, доўга і, гледзячы ў вочы, радасна ўсміхаўся.
— Даўно пара, брат, даўно.
Максім убачыў пад расшпіленым шынялём яго ордэнскія калодкі і адразу спрактыкаваным вокам палічыў:
«Два Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны, дзве Звязды і медалі. Але... Шанцавала...»
Васіль схамянуўся і павярнуўся да чалавека, які ўсё яшчэ стаяў каля стала.
— Знаёмцеся. Наш сакратар партыйнай арганізацыі Ігнат Андрэевіч Ладынін.
Потым з-за стала падняўся чалавек з постаццю цяжкаатлета і шрамам на ілбе. Але рука яго была, як у жанчыны, малая і мяккая.
— Мяцельскі.
— Дырэктар школы, — дадаў Васіль.
Калі, нарэшце, усе прывіталіся і пазнаёміліся, Ладьшін пастукаў алоўкам па стале.
— Таварышы, аб усім іншым пасля. Працягнем наш сход,— ён звярнуўся да Максіма. — У нас партыйны сход. Вы член партыі, таварыш Лескавец?
Максім палез у кішэню за партбілетам.
— Так. Нашага палку прыбывае. Што-ж... Добра. Будзем працаваць... — прыветліва ўсміхнуўся Ладынін. — Дык вось. Аб выкананні пастановы партыі і ўрада аб ліквідацыі парушэнняў Статута сельскагаспадарчай арцелі. Я гаварыў ужо: дрэнна ў нас з гэтым. Не давялі мы, як мае быць, справу да канца. Парушэнняў у нас яшчэ нямала ў кожным калгасе, нават і ў «Волі». Але асабліва іх многа ў «Партызане». Шаройка, напрыклад, думае, што гэта — часовая кампанія, адшуміць і сціхне. Ды і з прысутных тут хто-ні-хто, відаць, такой-жа думкі, — Ладынін кінуў кароткі позірк на Байкова. Старшыня сельсовета перасмыкнуў левай шчакой, падняў галаву і нервова пацёр аб калена кантужаную руку, потым пачаў спешліва скручваць цыгарку. — Людзі гэтыя глыбока памыляюцца. Пастанова гэта — праграма нашага пасляваеннага ўздыму. Трэба зразумець, таварышы, добра сабе ўсвядоміць, што мы пачалі вялікую бітву за поўны дастатак. Цяпер гэта той-жа фронт, той-жа пярэдні край. Помніце, што сказаў Сталін у сваім выступленні перад выбаршчыкамі?..
Максім слухаў і ўпотай вывучаў твары комуністаў.