— Зноў — пазычым. Як ты лёгка пазычаеш!
— Машанька, мілая! А чаго нам сароміцца? Не пройдзе і года, як мы будзем самыя багатыя людзі. Вось як вырасціш па сто пудоў з гектара... А ты вырасціш—я веру ў гэта так, як, можа, не верыш ты сама. Вырасціш!
— На дзесяці гектарах? — Маша ўздыхнула.
— А ты хацела-б адразу на пяцістах?
— Каб разбагацець усім...
— Пакінь! Давай лепей падумаем, у каго пазычыць. Добра было-б у цёткі Сылі.
Маша засмяялася.
Нішто сабе! Яго-ж салам яго і частаваць будзем.
Але Алеся і не ўсміхнулася.
— Чакай... Гэта-ж я толькі разважаю... Вядома, адпадае... У Шаройкі? Ну яго к чорту, яшчэ адмовіць, прагнюка такі. Ён-жа ключы ад кубла з сабой носіць, нават жонцы не давярае... У Клаўдзі? Добра? Значыцца рашылі! Я пайшла.
Яна хутка апранулася і вышла.
Маша колькі хвілін сядзела ў глыбокім роздуме. Потым узяла са стала маленькае люстэрка, паглядзелася і злёгку кранула пальцам ледзь прыкметныя маршчынкі каля вачэй. Уздыхнула.
«Дваццаць пяць год! Шэсць год чакала! Шэсць год! А вось гэтыя два дні былі самыя цяжкія. Чаму ён не прышоў адразу?» — і зноў цень задумення лёг на яе твары. Але праз момант яна схамянулася, пайшла да печы, дастала цёплую ваду і памылася. Пасля апранула святочнае плацце, запляла валасы ў дзве тоўстыя касы і села каля стала. Дастала з шуфляды яго пісьмы, знайшла апошняе і пачала ўдумліва чытаць. І так чытала, покуль не вярнулася Алеся. Маша ўзрадавалася і адразу-ж пачала выказваць свае думкі.
— А ведаеш, Алеся, я вельмі рада, што яго дэмабілізавалі. Не ведаю, як ён... Здаецца, ён крыху інакш думае... Але я рада... Помніш ён пісаў, што, калі яго пакінуць у арміі, я павінна рыхтавацца ехаць туды... Прызнаюся, тады мне зрабілася страшнавата. Не паехаць я не магла — ты разумееш... А паехаць... А вы як?
— Ну, мы як-небудзь пражылі-б...
— А ўсё-ж... Ды і я! Што-б я рабіла там, на Далёкім Усходзе, у ваенным гарадку? Вядома, я працавала-б, я знайшла-б работу. Але я люблю зямлю, мне хочацца працаваць на ёй...
Алеся вышла на кухню і, напяваючы, завіхалася там. Маша хвіліну пасядзела адна, задумліва пазіраючы ў акно, потым вышла да сястры — хацелася гаварыць.
— Ведаеш, пра што я думала зараз? Буду ўгаварваць Максіма, каб і ён застаўся ў калгасе. Навошта нам высокія пасады? Вунь — Васіль...
Алеся не адказала і заспявала:
Ля-я-цяць ву-у-ткі,
Ля-я-цяць ву-уу-ткі
І-і два гу-усі-і...
4...
«Пастарэла, — думаў Максім, вышаўшы з вёскі ў поле. — У такім адзенні яна на звычайную вясковую бабу падобна».
Але яму тут-жа стала сорамна за такую думку.
«Глупства гэта. Пры чым тут адзенне? Не ў гэтым справа! Яна-ж столькі перанесла. І цяпер... У свята і то — адпачынку няма... Калі яшчэ тая вясна, а яна ўжо гной рыхтуе... Упартая», — і ён адчуў гордасць за яе. Яму хацелася неяк узняць, апаэтызаваць Машу, калі, можа, і не так, як ён рабіў гэта ў першы год пасля развітання, то хаця-б вярнуць сабе тую радасную ўсхваляванасць, якую ён адчуваў яшчэ ў дарозе, думаючы пра яе. Чаму ўсё гэта знікла? Чаму ён неяк астыў, прыехаўшы дамоў? Зямлянка прыдавіла ці што?
Ён схапіўся за гэтую думку, як за ратавальны круг.
«А ўсё магчыма. Якая там можа быць рамантыка, калі перад табой такія празаічныя турботы! Ды і не юнак я ўжо. Спачатку вось трэба падумаць, як з гэтай праклятай зямлянкі хутчэй выбрацца, а потым ужо... Ды і наогул трэба абсталявацца, сябе да ладу прывесці — з работай уладзіць і ўсё іншае...»
Заспакоіўшы сябе, Максім закрочыў шпарчэй, глытаючы студзёны вецер. У паветры было па-зімоваму добра: бадзёры мароз, парывісты вецер, які час-ад-часу заносіў аднекуль здалёк пару-другую сняжынак — першых вестуноў і разведчыкаў зімы. Калі яны падалі на руку, на твар, здавалася: яшчэ хвіліна — і разарвецца хмара, сыпане белым пухам, і закружыцца ён у дзіўным карагодзе, пакрываючы зямлю мяккаю, пушыстаю коўдрай. Але вецер сціхаў, сняжынкі больш не ляцелі, і на палях нерухома ляжала позняя восень, шэрая, аднастайная. Толькі з аднаго боку, у далечыні, зелянеў клін азіміны, а з другога, за рэчкай, — цямнела сіняя паласа хвойніку — таго самага, у якім Максім быў учора. Ды ў лузе, што пачынаўся недалёка адгэтуль, паміж тоўстымі і нізкімі стагамі, бліскала на звівах маладым лёдам рэчка.
Ад Лядцаў да Дабрадзееўкі каля чатырох кілометраў, калі лічыць ад цэнтра да цэнтра, ад крамы да крамы, як гаварылі вяскоўцы, а калі ад ускраін, то вядома, менш.