— Дзіўная ты! Што гэта?
— «Тры сястры» Чэхава. Чытала?
— Чытала. Але, помніцца, не плакала. Шкада іх, але... Я толькі яскравей адчувала сваё шчасце...
— Вось... Шкада... Якое ў іх было жыццё, Машанька! Страшна. Глядзі, які смутак у словах Ірыны, калі яна паўтарае: «У Маскву! У Маскву! У Маскву!» А гэтыя вось заключныя словы, што Ольга гаворыць. Слухай, Машанька,—і Алеся пачала чытаць. Прачытаўшы, яна заплюшчыла вочы, шэптам паўтарыла апошнія словы і раптам імкліва абняла Машу.
— Як мне хочацца з такой-жа сілай напісаць пра наша жыццё. Каб з кожнага слова пырскала радасць, шчасце. Каб людзі чыталі — і ў іх вырасталі крыллі.
— А ты паспрабуй.
Алеся паківала галавой і сур'ёзна адказала:
— Не-е... Не здолею. Ты-ж ведаеш, якія бездапаможныя мае вершы.
— Не бядуй. Калі-небудзь напішаш. Я веру ў твой талент. Аднак... Я цябе слухала. Цяпер ты мяне паслухай. Ведаеш, каго я толькі што сустрэла?
— Максіма?! — радасна ўсклікнула Алеся.
— Максіма.
— І што?
— Сёння да нас у госці прыдзе.
— Вой! А ў нас... Ці добра ў нас?— і яны пачалі прыдзірліва аглядаць кожную рэч у хаце.
Хата была новая. Мінулым летам яе збудавалі за дзяржаўны кошт. Пагабляваныя таўстыя бярвенні яшчэ былі жоўтыя і пахлі смалой. На вуліцу хата глядзела трыма шырокімі вокнамі. Праўда, у самой хаце яшчэ кідаліся ў вочы недаробкі: у перагародцы, што аддзяляла кухню, не было дзвярэй, другая перагародка, у чыстай палавіне, толькі была пачата — да бэлькі на столі і да падлогі былі прыбіты брускі. Але хата ўжо была па-гаспадарску абжыта: у ёй было чыста і ўтульна. Усюды пахадзілі руплівыя дзявочыя рукі. На вокнах — марлевыя фіранкі. Стол засланы чысценькім вышываным абрусам. Над крайнімі ад кута вокнамі — партрэты Леніна і Сталіна ў простых, але прыгожых рамках, па-мастацку зробленых з пруцікаў маладых бярозак. Над сталом, у покуце, — палічка для кніжак; над ёю —' адрыўны каляндар.
Скончыўшы агляд, Алеся спытала:
— Ну, як? Сорамна не будзе?
— Думаю, не будзе.
— А цяпер падумаем, чым будзем частаваць гасця.
— Частаваць?
— Але-ж... Чаго ты здзіўляешся?
Маша як-бы збянтэжылася, ціха сказала:
— А можа няварта, Алеся? Што ён — здалёк?.. Толькі гаворкі будзе...
— Вось табе і раз! Хай пагавораць! А хто не ведае, што мы чакалі яго, як самага блізкага чалавека. І раптам за шэсць год чалавек першы раз зойдзе, як дарагі госць, а мы... Не, не!.. Калі ласка, і не гавары нічога. Хочаш — сама сустракай. А я так не магу.
Апошнія словы яе скарылі Машу.
«Гэта і добра, што мы пасядзім разам, і я прыгледжуся да яго, прывыкну», — падумала яна.
— Ну, добра... А сапраўды, чым-жа частаваць?
— Не гаруй, Маша! — супакоіла яе Алеся.—Знойдзем. Лічы. Поўлітэрку Зіна на карандаш дасць. Значыць, галоўнае будзе... Далей... Грыбы салёныя ў нас — пальчыкі абліжа, памідоры таксама. Гуркі ёсць, хлеб і бульба ёсць... А вось сала... Сала няма.
— Сала няма, — паўтарыла Маша і ўздыхнула.
— Глупства. Пазычым.