Яны сядзелі моўчкі, нерухома, слухалі ўдумліва. Толькі Вячэра, зацягваючыся папяроскай, махаў далоняй перад тварам, разганяючы дым.
«Восем чалавек... на ўвесь сельсовет, на тры калгасы... Малавата... У дывізіёне ў нас больш ста было», — падумаў Максім.
Ладынін гаварыў аб тым, што павінна зрабіць партыйная арганізацыя, каб за зіму ўмацаваць калгасы.
— Наша задача дапамагчы кожнаму калгасу скласці перспектыўны план развіцця гаспадаркі — такі, які мы склалі ў «Волі». Людзі павінны ведаць, за што ім трэба змагацца, як яны будуць жыць цераз год, цераз два, у канцы пяцігодкі. Складаючы такія планы, трэба смялей браць курс на механізацыю і электрыфікацыю. Без гэтага мы не здолеем падняць ураджайнасць і развіць жывёлагадоўлю. Правільна гаварыў Лазавенка — машыны дзяржава дасць, успомніце пяцігадовы план... І таму проста немагчыма зразумець заяву, што нам яшчэ рана думаць аб такой раскошы, як электрастанцыя, калі ў нас яшчэ сорак сямей у зямлянках жывуць... А па чыёй віне, Сяргей Іванавіч, яны жывуць у зямлянках, дазвольце у вас спытаць?..
Байкоў усхапіўся з месца, зрабіў крок да дзвярэй, з размаху кінуў недакурак у куток.
— Што вы ўвесь час тыркаеце на Байкова?!
— А таму, што Байкоў выступіў супраць прапановы Лазавенкі...
— Бо Байкоў не жадае пасля адказваць за вашы фантазіі. У вашага Лазавенкі галава закружылася, — у старшыні сельсовета нервова задзёргалася павека на левым воку. Ён для чагосьці адчыніў дзверы ў суседні пакой, заглянуў туды і злосна ляпнуў імі.
Ладынін спакойна чакаў, ледзь прыкметна ўсміхаючыся. Прымак і Лазавенка іранічна пераміргваліся. Гэта не спадабалася Максіму. «Што яны наваліліся на яго?»
Яму было шкада Байкова. Ён ужо ведаў яго цяжкую партызанскую біяграфію — расказвала маці. Зімой сорак другога года фашысты расстралялі яго сям'ю. У роспачы ён павёў атрад на нейкую неабдуманую аперацыю, супраць правядзення якой падпольны райком пратэставаў. Ён не паслухаўся. Атрад панёс цяжкія страты. Бюро райкома вынесла Байкову вымову і змясціла з камандзіра. Атрад прыняў Антон Лескавец, бацька Максіма. Тады Байкоў паспрабаваў заліць сваё гора самагонкай і атрымаў яшчэ адну вымову, з апошнім папярэджаннем. Гэта ўтаймавала яго. Пасля, камандуючы групай падрыўнікоў, ён заваяваў легендарную славу, атрымаў два ордэны. Але ў часе апошняй блакады быў цяжка паранены, вывезены на самалёце ў совецкі тыл і больш года ляжаў у шпіталі, недзе на Урале.
... «Навошта цяпер крыўдзіць такога чалавека?» — падумаў Максім і рашыў, пры выпадку, выступіць у яго абарону.
— А мы зараз разбярэмся, Сяргей Іванавіч, у каго тут галава кружыцца, — сказаў Ладынін і, яшчэ раз пералічыўшы задачы, што стаяць перад партарганізацыяй, скончыў свой даклад.
Выступалі ўсе, акрамя Мурашкі. Цішыня, якая панавала ў часе выступлення Ладыніна, была паламана, нібы лёд на рэчцы. Гаварылі горача, спрачаліся, кідалі адзін аднаму пытанні, заўвагі, падказвалі, пра што сказаць яшчэ. Відаць, пытанне ўсіх хвалявала. Асабліва многа гаварылі аб справах у «Партызане» і ўсе пагаджаліся на думцы, што Шаройку трэба змяніць, і чым хутчэй — тым больш карысці будзе для калгаса.
Крытыкавалі Байкова. Ён маўчаў, панурыўшы галаву.
— На паседжаннях сельвыканкома, на сесіях мы прынялі нямала добрых пастаноў, а як яны выконваюцца — гэта старшыню сельсовета мала турбуе. Ён вельмі многа ходзіць па калгасах, залішне многа, а вынікаў ад гэтага нешта малавата, — гаварыў Вячэра.
Байкоў нервова кудлачыў рукой валасы і маўчаў, хоць па ўсім было відаць, што крытыку ён успрымае хваравіта і з шмат чым не згаджаецца.
Максім выступіў таксама. Расказаў пра свой калгас. Пасля заступіўся за Байкова.
— Мне, чалавеку новаму, з боку здаецца, што некаторыя таварышы маюць тэндэнцыю памылкі ўсёй арганізацыі ўзвальваць на аднаго чалавека.
Байкоў падняў галаву і, акрылены падтрымкай, загаварыў:
— У нас гэта могуць. Я аб гэтым даўно гаварыў...
— Няпраўда, Сяргей Іванавіч! — перапыніў яго Ладынін. — Мы ўмеем прызнаваць свае агульныя памылкі. Але на сваіх сходах... давайце дамовімся, таварышы, яшчэ раз, мы будзем крытыкаваць не наогул, а канкрэтна, называючы дакладны адрас. Ад гэтага будзе больш карысці. І давайце адкінем усе крыўды. Мы павінны ставіцца да крытыкі па-большэвіцку.
... Пасля разбіралі справу Мурашкі.
Прайшло чатыры месяцы, як ён вярнуўся з арміі. Але за ўвесь гэты час ён і не падумаў аб рабоце, не зарабіў у калгасе ніводнага працадня. Хадзіў, гуляў, «выбіраў нявесту». «Жанюся — тады адразу за ўсё адпрацую», — гаварыў ён, калі яму часам хто рабіў напамінак пра работу.
Ладынін дакладваў пра паводзіны Мурашкі з абурэннем. Максім бачыў, як доктар адразу перамяніўся: густыя бровы яго сышліся, утварыўшы адну лінію, маршчыны на ілбе сталі глыбейшыя.
— ...У такі адказны час, калі наша маленькая, але, я скажу, дружная, працавітая арганізацыя напружвае ўсе сілы, адзін з членаў яе спакойна прахалоджваецца. Ганьба і сорам! Мы гаворым аб умацаванні дысцыпліны ў калгасах, а таварыш Мурашка развальвае яе. Усе гультаі на вас пальцамі тыркаюць. Вунь, бачыце, комуніст, і той не вельмі кідаецца да калгаснай работы, а што нам... Да мяне жанчыны прыходзяць скардзіцца на вас. Не было вас, яны працавалі, выбіваліся з сіл, каб мы ў арміі ні ў чым не адчувалі патрэбы; вярнуліся вы, і зноў яны вымушаны вас карміць. Сорам.
— Я чужога хлеба не ем!..
— Не, выходзіць, што ясі...
Максім падумаў:
«Але, стары — той... Пападзіся такому ў рукі — у рог сагне».
Мурашка паспрабаваў апраўдацца, пачаў гаварыць жартаўліва, з адмоўкамі.