— Да чаго? — спытаў Максім.
— Як да чаго? Да ўсяго... Сякерай вось, напрыклад, махаць, у зямлянцы жыць...
Максіма пакрыўдзілі гэтыя словы.
— Я не з харомаў прышоў у зямлянку. Пяць год у зямлянках жыў. Ды, урэшце, зямлянка — з'ява часовая. Будзем і мы ў хаце. А вось вам, Амяльян Дзянісавіч, варта было-б пра гэта і памаўчаць. Вам павінна быць сорамна, што сям'я загінуўшага партызана, маці двух афіцэраў Совецкай Арміі дагэтуль жыве ў зямлянцы.
— Так, так! — Шаройка глядзеў у расчырванелы Максімаў твар і весела ўсміхаўся. — Пазнаю характар Антона Захаравіча. Бацька твой, бывала, яшчэ і не прывітаецца, а пачынае ўжо крытыкаваць. Што-ж, крытыка і самакрытыка — галоўнае ў нашым жыцці. Мяне крытыкай не пакрыўдзіш. Я люблю яе, люблю, брат. Толькі ты дарма гарачышся, Максім Антонавіч. Маці тваю ў крыўду не давалі. Каму-каму, а ёй першая дапамога была. Ды толькі, скажу табе, гордая яна старая. Спытай у яе, папрасіла яна хоць раз чаго-небудзь. А паспрабуй ёй прапанаваць — пакрыўдзіцца, гэта я, брат, пераканаўся. Далібог пакрыўдзіцца...
Цёплыя словы пра маці ўлашчылі Максіма, і ён ужо спакойна, нібы жартуючы, сказаў:
— А вы і рады былі гэтаму.
Шаройка адчуў гэтую раптоўную змену і, прапусціўшы заўвагу міма вушэй, зрабіў другі заход:
— Зноў-жа, сам ведаеш, якая там ні дапамога, — але такі цяжар, як хата, адной старой жанчыне не па сіле. Сынклета Лукічна гэта добра разумела. Іншая справа цяпер, калі гаспадар — такі асілак. Тут і дапамагчы радасна. Я ўжо думаў сёння. У нядзелю мабілізуем усё наша цягло, можам нават у суседа пазычыць, так, каб за адзін дзень увесь твой лес быў дома. А там і брыгаду перакінем. Грамадой, брат, гэта хутка...
Максім падзякаваў.
— Няма за што дзякаваць. Святы абавязак наш. А крытыкаваць — крытыкуй. Свежаму чалавеку яно відней усе нашы промахі. Крытыкуй, брат, крытыкуй... Толькі дзякуй скажу за гэта.
Максім паглядзеў на каня, які стаяў воддаль і падбіраў рэшткі кінутага сена.
— Скажаце ці не — справа ваша. А крытыкаваць ёсць за што... Вось... Ці бачылі вы, гаспадар, гэтага каня? За такія адносіны да яго я не ведаю, што зрабіў-бы... Далібог-жа... Вы прабачце, але-ж...
Твар старшыні на момант пацямнеў, знікла весялосць у вачах. Пальцы рукі праскакалі па рамню бярданкі, якую ён трымаў перад сабой, заціснуўшы між кален. Потым ён прыхінуўся шчакой да ствала і хвіліну памаўчаў.
— Та-ак, канешне... Не ведаючы, яно ўсё здаецца... А конь гэты — інвалід вайны. Надарваны, скалечаны... Іх, можа, палова такіх. Такія коні ў другім месцы даўно ўжо богу душу аддалі. А ў мяне за два гады, слава богу, толькі трое...
Максім перапыніў яго:
— А вы збрую бачылі на ім? Ад такой збруі любы конь ногі выцягне. Вы паглядзіце толькі.
Але Шаройка не скрануўся з месца, толькі нервова шчоўкнуў пальцам па рулі бярданкі. Уздыхнуў.
— Але-е-е, брат. Паказваць на недахопы, вядома, лягчэй, чым выпраўляць іх.
Максім зразумеў, што старшыня пакрыўдзіўся і, употай усміхаючыся, падумаў: «Вось яна твая любоў да крытыкі». Але адказаў больш лагодна:
— Справа ў тым, Амяльян Дзянісавіч, што крыўдна мне стала за свой калгас і за вас... Вы-ж стары, спрактыкаваны гаспадар. І раптам — на табе! Другі дзень жыву дома і толькі чую: Лазавенка ды Лазавенка. А хто такі Лазавенка? Мой аднагодак. Васька-Крук. Адкуль-жа ў яго гэты вопыт? А, гавораць, яшчэ які год назад «Воля» была адсталым калгасам.
У вачах Шаройкі зноў заскакалі іскры смеху. Ён павярнуўся да Максіма, паклаў далонь яму на плячо.
— Людзі гавораць... А ты сам паглядзі. Людзі, брат, чужое заўсёды хваляць. У чужых руках... ведаеш прымаўку? Вось што... Але я суседа ганіць не буду. Проста скажу — малайчына Васіль... Гаспадарскі хлопец... Настойлівы... Ён часам і па стале можа стукнуць так, што і чарнільніца перакуліцца...
— Ён — па стале? — недаверліва здзівіўся Максім.
— А што ты думаеш? Не дарма-ж гавораць, ціхая вада грэблі рве... І рве... Рве, брат. А галоўнае, скажу табе, дапамога. Да яго і МТС і ўвесь раён. І ён там, як дома. А я? Я там пасынак. Беспартыйны. Шчыра табе кажу, даўно ўжо прашу, каб замянілі якім-небудзь героем з дэмабілізаваных — вось, як Васіль, ці ты вось, прыкладна...
— Ну-у! Я старшынёй быць не думаю.
— Канешне, з тваёй адукацыяй — і ў гной... Цяпер такіх, як ты, на любую пасаду — толькі давай.
Яны доўга яшчэ гутарылі даволі ўжо мірна. Толькі пад канец Максім не стрымаўся зноў.
— Вось яшчэ за хвойнік варта было-б камусьці галаву намыліць, — сказаў ён.
Шаройка ўсміхнуўся.