— Ну, Мірон, хваліся, якое маеш багацце! Фурман узрадаваўся, што слаўны, інтэлігентны пасажыр, ды гэтак папулярны сярод людзей, не ганьбуе ім, і ахвотна размову падтрымаў.
— То вядомо, якое... Дзве каровы. Каня. Пару авечак. Жонку і пяцёро дзяцей...
— Яшчэ, напэўна, Бобіка, ката, свінню з парасятамі ды курэй з дзесяць!.. Дзеці мурзатыя, босыя, бо ты, боўдзіла, нават абутку ім, вядома, не прыдбаеш!
— От яшчэ!.. Не панскія — летам босымі ўсе лётаюць! — не пакрыўдзіўся фурман і ўздыхнуў: — Надто цяпер не накупляешса той абутак, няма вельмі заробку зара. Раней у Гродне на фартах хоць крыху прыраблялі, то шашу пракладвалі з Беластока на Ваўкавыск, і наймалі нас, а цяпер — дзе мужыку той грош зарабіць?.. Хібо падвязеш так во якого папа, зімой лес з дзялянкі завалачэш на станцыю, ды баба прадасць якое яйко або пеўніка...
— Лапухі вы, лапухі!.. Глядзі, Пінкус адных агаркаў ад свечак на два пуды кожны дзень збірае ў Альяша! Воск пераплаўляе, робіць зноў свечкі і мае прыбытак!.. Але Піня не лянуецца дзеля гэтага і з Крынак ехаць сюды ў дождж і ў мароз, вы ж — сядзіце на залатой жыле, ды цяжка вам задніцы падняць!..
— Гэто — праўда! — самакрытычна згадзіўся Мірон, успамінаючы Беластоцкага Вацэка.
— Во! — раптам успомніў Мікалай.— I Клемус Амерыканец з Алекшыц стаў падбіваць кліночкі да Альяша!.. Толькі Піня Клемусу, пабачыш, спуску не дасць!.. От будзе пацеха, калі счэпяцца між сабой два гандляры!..
Мірон прамаўчаў.
Праехалі яны Крынкі і накіраваліся ў Алекшыцы. На небе — ні хмурынкі. Не было і ветру. Час цягнуўся паволі. Хіліла на сон, было цяпло, ды стаяла такая ціш, што здавалася — было чуваць, як збоч дарогі дружна цягнула сокі зямлі буйная, густая яравіна. На пустым шляху са знямоглымі ад спякоты вербамі тады-сяды трапляліся адно палякі, што гурбамі ішлі ды ехалі да касцёла, а іхнія фурманы паганялі па-свойму коней: «Вічта, вьё-о!„»
— Пятро ў іх дзісь! — успомніў фурман.— Праз два тыдні і наша свято. Ранняе ў гэтым годзе.
— Пятро?.. Зноў навалакуць салёных каўбас, ха-а-эх!..— пазяхнуў пасажыр.— I нашто яны так іх перасольваюць?! Ад пякоткі потым ніяк не выбавішся!..
Фурман вёў сваё:
— От вы скажэце: чаму гэто палякі заўсёды святкуюць раней кожнае свято? У гэтым годзе наш вялікдзень пасля іхняго быў праз цэлы месяц! Дзіво, Хрыстос-то ўваскрэс адзін і той самы?!
— А ты і не ведаеш? — ажывіўся Рэгіс.— Калісьці на Галгофу праваслаўныя і католікі адправіліся разам. Напаткалі Іардан. Палякі былі абутыя ў чаравікі, пазнімалі іх і перайшлі рэчку ўброд. Нашыя ж, як заўсёды, усе былі ў пасталах. Покуль яны развязалі аборы, разматалі анучы, перабрылі Іардан, покуль абуліся зноў, то на Галгофу прыйшлі няскора і, вядома, цуд убачылі пазней. Таму і святкуем заўсёды пасля палякаў!
Заклапочаны фурман глядзеў на пасажыра нейкі час і не разумеў — праўду той гаворыць ці не.
— Праз Малую Бераставіцу добро паганяй каня!.. Камуністаў там жыве многа. Ну іх к д'яблу, фанатыкаў гэтых!..
Калі скончыліся вербы і не стала ценю, Рэгіс сцягнуў з сябе кашулю. Выставіўшы белае цела неспрацаванага, у росквіце сілы мужчыны, параіў:
— Скідвай кашулю і ты, дай целу праветрыцца!
— Рыхтык! — спалохаўся фурман.— Каб скура злезла ды заражэнне крыві было?!
— Дурань! Няўжо ты ніколі не загараў?
— У войску некаторыя хлопцы яшчэ з сакавіка хаваліса ў зацішак ды спрабавалі загараць, але я баяўсо.
На ўзгорку замаячыў натоўп пілігрымаў з харугвамі і бліскучымі на сонцы абразамі.
— О! У Грыбава ўжо паўзуць! — насцярожыўся Мікалай.— З'язджай, з'язджай з дарогі, каб не пазналі, а то гэтыя вар'яткі да ночы мяне не адпусцяць!
Калі фурманка аб'ехала бязладны статак людзей полем, Рэгіс прыстаў да фурмана зноў:
— Значыць, кашулю знімаць баішса, каб не было заражэння. А вечарам, вядома, дачок не выпускаеш без хустак?
— I сам без шапкі не выйду! Шчэ лятучая мыш у валасы ўблытаецца!..
— Во, во!.. I малако твая жонка недзе цэдзіць праз дзірачку ад сучка ў дошчачцы?!
— Ну-у, мая баба гэтаго не робіць! Што не забабонная яна, то не-е!.. I ўвогуле цэдзяць цяпер так толькі некаторыя старыя! — шчыра разважыў еур'ёзны Мірон.
— Аднак яшчэ цэдзяць?!
— Мая цешча. Кастэцкая Верка. Гарбатая Агата. Ёзікава Зося...