Далікатныя манеры, чыстая руская мова вандроўніка ўзбударажылі вёску. Слухаць яго збеглася поўная хата прагных да навін сялян.
У той вечар у халупе падзалукскага Каваля доўга гарэла газовачка. Барадач столькі ведаў пецярбургскіх гісторый ды падрабязнасцей пра жыццё архірэяў і двара, што мужыкі пачалі насцярожана да незнаёмага прыглядацца.
— Мужчыны, я так думаю: ці не пераадзеты цар гэто? — выказаў здагадку адзін селянін, калі позняй ноччу мужчыны пакінулі Кавалёву хату.— З паўгода, пэўне, ужэ не чуваць, каб дзе-небудзь з'явіўсо на людзях![8]
Гаспадар спахапіўся:
— Упаўне можа быць! Сам прызнаўсо, што зваць Мікалаем Ляксандравічам!
— Фамілію, халера, я не надто разабраў, адно ўлавіў, што на «ры»!— дадаў солтыс.
— Мужчыны, от пабачыце, ён! — запэўніў ужо глыбока перакананы той мужык, хто першы выказаў здагадку.— Рыхтык такі на патрэтах, наглядзеўсо я на іх калісь досыць!.. А гасудары лю-у-бяць так пераапранацца, у народ ісці!.. Нядаўно і пад Бельскам так было! Прыйшоў у вёску, стаў жыць сабе на кватэры, простым шаўцом прыкінуўсо, абразы маляваў, а потым — бах! — царом аб'явіўсо! Сам чытаў у газеце!..
Анямелыя дзядзькі доўга маўчалі.
— От шчэ фокус выйдзе, калі та-ак!..— пачухаў патыліцу заклапочаны гаспадар.— Адно дзело прачытаць, як ён да каго зойдзе, а другое — калі да цябе!..
Суседзі пазайздросцілі:
— Завітаў на начлег такі госць, а ты спалохаўсо?!. Гасудары такіх потым абсыпаюць золатам!..
— Шчаслівыя вы з Лёдзяй, Валодзька, дальбо, шчаслівыя!.. На вас жа маліцца цяпер будуць!..
Барадача гаспадыня паклала ў бакоўцы на саломе спаць, а гэтым часам падзалукскія «манархісты» не заснулі ўсю ноч.
Мужчыны, як падабае сур'ёзным людзям, здагадку захацелі дакладна праверыць. У Царскім Сяле служыў гвардзеец з вёскі Валілы і цара ведаў не толькі з «патрэтаў». Ён стаяў ля дварца на варце, царская карэта і машына праязджалі каля яго кожны дзень.
Мужчыны паслалі ў Валілы фурманку.
...Барадач раніцой прачнуўся ад грукату шматлікіх ботаў за сцяной і замёр. Праз шчыліну ў пабеленых дошках ён са здзіўленнем разгледзеў, як з шапкамі ў руках на кухню ўвалілася гурба сялян. Дзядзькі апусціліся сярод курынага пер'я на калені ды шэптам спыталіся ў гаспадыні:
— Мікалай Ляксандравіч Раманаў ужэ ўсталі?
— Спяць шчэ! — з пашанай і гэтаксама шэптам адказалаім цётка.— Унь курыца на сняданне ім ужэ зварыласа, але не ведаю — будзіць ці хай шчэ крыху паспяць...
Мужыкі хвіліну думалі.
— Не чапай, Лёдзя, хай самі ўстануць,— разважыў старэйшы.— А твой Валодзька дзе?
— Пабег да солтыса відэлец пазычыць! — пачала апраўдвацца вінаватая кабеціна.— I мо якую шклянку ў яго дастане!.. Я каву ім закіпяціла, а ў хаце — адзін кубачак, і той патрэсканы!.. У солтыса то паліцыянты палуднуюць, то войта частуюць, і ўсё ё!..
Начлежніку здалося, што сніць.
4
Перад самай вайной па ўсёй імперыі ездзілі ўпаўнаважа-ныя і адбіралі басоў у Піцер, для Ісакійскага сабора, куды царская сям'я любіла прыходзіць на малебен. Багамолы з Брэста падказалі вярбоўшчыкам:
— У жабінскай царкве адзін хлапец так моцно раве, што голас яго, калі ён пусціць ноту, аж у морду б'е!
Гэтак Мікалай Рэгіс з глухой беларускай вёсачкі, якую людзі празвалі Жабінкай, апынуўся ў Ісакійскім саборы. Пасля рэвалюцыі ўладальнік незвычайнага баса з'явіўся ў Берштах ля Шчучына дыяканам.
Берштаўскі прыход даваў прыбытак някепскі, мясціна была бойкая, а бацюшка — памяркоўны, але ахвотнік да выпіўкі — новы дзячок — неўзабаве з-за гісторыі з бандытамі пасаду страціў.
Нейкі час Рэгіс бадзяўся па вёсках, перапісваў папам ноты і псалмы, пераплятаў кніжкі, рыхтаваў ім на зіму дровы, для папоўскага быдла і коней рэзаў сечку. Рэгіс нават даіў папоўскія каровы, покуль не падказалі яму пра вакантнае месца дыякана ў калодзежнай царкве пад Беластокам. Няштатны папоўскі парабак вырашыў паспрабаваць шчасця.
Так па дарозе ў Калодзежную і трапіў Рэгіс выпадкова на «манархістаў».
Падзалукцы Рэгіса далей не пусцілі. Хоць ён адкры-та царом сябе і не прызнаваў, але і не аднекваўся — усе наступныя дні да глыбокай ночы чалавек забаўляў мужыкоў пецярбургскімі байкамі.
[8] Нейкі Восіп Вахлінскі з-пад Гайнаўкі, паляк па нацыянальнасці, з жонкай немкай у 1931 г. аб'явіў сябе Мікалаем II. Ён то хадзіў абарваны па хатах Гродзеншчыны, то ездзіў тройкай гнядых. Ахвотна прымаў запрашэнні на банкеты ў свой гонар. У пе-рапоўненых цэрквах выстойваў з «царыцай» малебен, які заканчваўся агульнай песняй «Божа, цара храні». Калі «цар» потым з'яўляўся на цвінтары, гучала каманда — смірна! — і некаторыя мужыкі па-вайсковаму аддавалі яму чэсць. У доме, дзе «цар» начаваў, выстаўлялі ганаровую варту.