Сяляне за гэты час Рэгіса адкармілі, абулі, з ног да галавы адзелі ва ўсё новае. На кашулі, пінжаку, на новым кажушку зялёнымі, сінімі і жоўтымі ніткамі падзалукскія бабы вышылі прыблудзе карону, царскі вензель з ініцыяламі «М. А. Р.». Так жа размалявалі камплект жаночай вопраткі, і, даруючы яго ганаравому госцю, солтыс заявіў:
— Гэто — вашай дочцы, аўгусцейшай князёўне — Таццяне Мікалаеўне Раманавай —- вялікай наследніцы рускаго прастола! [9]
Тады мужыкі выслалі брычку дыванамі, пасадзілі ў яе дастойнага госця і з шыкам адправілі ў Грыбоўшчыну. Якой логікай кіраваліся пры гэтым падзалукцы, зразумець цяжка.
У святой вёсачцы Мікалай адчуў, што «на цара» Альяша не надта купіць, і з ходу падабраў да самалюбівага старога ключык. Мікалай нізка прароку пакланіўся, пацалаваў нават пачціва яму руку ды, як мага задушэўна і ўрачыста, аб'явіў:
— Айцец Ілья, прыехаў я да вас, каб усе думкі і помыслы, што гасподзь бог будзе глаголіць вашымі вуснамі, упісываць у Біблію!
Дзядзька Альяш ад разгубленасці нават хмыкнуў, але нічога не адказаў. Адразу паслаў у вёску Майсака шукаць для госця кватэру.
Рэгіс, мабыць, дасканала вывучыў натуру падобных людзей. А мо завочна добра ведаў Альяша — у часы бадзяння наслухаўся пра яго дастаткова. Так ці інакш, з таго часу стары нібы падрос, нават горбіцца стаў як бы менш, а да госця адносіўся з пашанай.
Новы апостал неўзабаве Альяшовых багамолак узяў не толькі сваёй мажнасцю. Калі былы харыст у грыбоўшчынскай цэркаўцы зацягваў псалм, людзі адны адным паказвалі дзіва — дрыжалі лямпы, а на свечках і лампадах трымцелі агеньчыкі!
У крынкаўскім рэстаране, падвыпіўшы, Мікалай дэманстраваў фокус: яму падносілі фужэр, дзячок «пускаў ноту» ў посуд, і фужэр разлятаўся ўшчэнт!
Пасяліўся ён на кватэры ў Міхала Лапуця, абставіў пакой абразамі, сярод якіх была ікона святой тройцы нябачных дагэтуль на вёсцы памераў — два на тры метры!
У грыбоўшчынскую цэркаўку Рэгіс хадзіў толькі пад настрой. Часцей за ўсё Мікалай прывалакаў кошычак гарэлкі з закускай, закрываўся ў пакоі і не выходзіў да багамолаў, покуль не канчаліся запасы. Такім чынам, былы дзячок усё, што зносілі яму людзі, прамантачваў. Трэба аддаць яму справядлівасць, часамі быў шчодры.
Пачала Лапуціха распальваць у пліце, а Мікалай падаў ёй сваю бутэльку з нафтай:
— Не мучся, бабо, не дуй так, лопнеш! На, аблі дровы, і яны ўраз займуцца агнём!
Гаспадарлівая Міхалава жонка толькі пырснула для блізіру дарагую вадкасць і бутэльку прыхавала.
Аднойчы п'яны Рэгіс уваліўся ў хату да Лаліцкіх, калі там былі толькі дзеці, і пачаў раздаваць грошы. Малыя атрымалі суровы наказ ад бацькоў — у чужых нічога не браць, але на гэты раз падаліся спакусе, падарунак прынялі.
Назаўтра стары Лапіцкі вывалак з-пад ложка новыя боты, каб ісці ў гміну, ды аслупянеў: у наску ляжалі залатыя рублі з адбіткам цара!
Зрабіўшы дзецям суровы допыт, дзядзька забег да марнатраўцы, паклаў манеткі на стол:
— Айцец Мікалай, вы пакінулі іх учора ў маёй хаце!
— То пашто аддаеш?! — здзівіўся Рэгіс.
— Не хачу чужого.
— Бяры, бяры, покуль не раздумаў!
— Я іх не зарабіў, і яны не мае.
— Ну і дурань!
— Які ўжэ е.
Але найбольш каларытнасць сваёй натуры марнатраўца і праныры Мікалай выявіў пры наведванні сваіх шматлікіх паклонніц па вёсках.
5
У летні дзень Рэгіс наняў за дзесяць злотых Мірона Кастэцкага з фурманкай. Мікалай вынес загорнутую ў прасціну ікону Журовіцкай божай маці на грушы, уладкаваў яе ў саломе ды фурмана папярэдзіў:
— Толькі не смейся, калі ўгледзіш нешта!..
— А мне што?! — паціснуў плячыма Мірон, яшчэ не надта разумеючы, у сувязі з чым патрабуюць ад яго такое абяцанне.
Мужчыны селі на засланы пасцілкай воз, паехалі.
[9] Сапраўднае прозвішча авантурысткі — Таццяна Меншыкава-Радзішчава. Яна была на ўтрыманні кардынала Польшчы Хлёнда і часта давала інтэрв'ю польскай і замежнай прэсе.