9.
Рэдактар глядзеў паперы, мы маўчалі.
― Трэба ўсё праверыць. І сфатаграфаваць. Хто мае дазіметр?
― Толькі раніцай выклаў! ― пляснуў Сямёныч па кішэні.
― Што, ніхто?
― У маёй бабулі быў, але яна ў Нясвіжы, ― сказала Наста.
― Дый што, давайце пакуль без дазіметра зробім. Гэта ж бомба! ― спяшаўся, як заўсёды, Пінчук. Мы заківалі.
― Так, і ў наступным матэрыяле сфатаграфуем дазіметр. Там жа ў дакументах усё замерана.
― Не-не, гэта трэба спраўдзіць.
― Вы думаеце, плітка ўсё ўжо выфаніла?
― Я думаю, ― сказаў рэдактар, ― фаніць яна не менш, чым паўгода таму. Але ўсё адно трэба праверыць і паставіць здымак.
― Але столькі часу змарнуем!
― А як вы сабе ўяўлялі працу журналіста? І з чаго б тады чытачу нам давяраць? ― Улад пастаянна казаў «чытачу», а не «слухачу». Але яго праўда ― нас больш чытаюць, чым слухаюць. Мы нават прыдумалі слоган на адной з планёрак: «Нас не зловіш!»
― Нясвіж ― гэта далекавата, вядома. Але калі не знойдзем, блаславім тваю бабулю. Найперш трэба пазваніць чалавеку з Соснаў, чый подпіс тут стаіць. Турбаваць МУС, напэўна, не мае сэнсу, але трэба. Адмовяцца каментаваць ― не забудзьцеся гэта запісаць. Адмова ― таксама каментар.
― Мусім прымусіць МУС! ― засмяяўся Сямёныч. ― МУС ― гэта ад Мусаліні?
― Здаецца, Сямёныч хоча дапамагчы. Возьмеш, Аля?
― Было б не залішне мець мужчынскі голас, каб з іх нешта вытрасці. Можа, мы з Паленавым маглі б рабіць?
― Паленаў таксама баіцца талерак? У вас змова?.. Сур’ёзна, калі ўсё пацвердзіцца ― а яно пацвердзіцца, не дарма ж гэта замова МУСу ― трэба даведацца, чаму. Хто вінаваты і які яго лёс. Здаецца, мяняць плітку не збіраюцца. Што сказаць: будзе серыял, ― рэдактар глядзеў у дакумент і пачухваў алоўкам светлую галаву.
10.
Паляцеў дзень. Паленаў пад беларускі рок выкручваў стырно, аўтамабільны рэмень нязвыкла ціснуў, і мяне моцна заносіла на паваротах то ўправа, то ўлева. Ніколі раней я не разумела, што значыць «дрыжаць каленкі», цяпер зразумела. Некалькі гадзін мы вышуквалі дазіметр, а пасля, заправіўшыся ўжо другі раз за дзень, з набраклай кардоннай скрынкай на заднім сядзенні парулілі да плошчы.
Там усё было заліта сонцам: плітка, мармур ваз і фантанаў. Ад пылу, які стаяў у паветры, было цяжка дыхаць, круглявасць ваз з кветкамі блішчала на сонцы, не пераліваючыся. На сіметрычна пастаўленых лавах ― людзі, усё больш студэнты. Іх трымалі ў аблозе мэрыя, міністэрства, два ўніверсітэты і Чырвоны касцёл, што месцяцца па баках плошчы. Павольная, бяздзейная атмасфера горада-рэтардацыі.
Я паглядзела на дазіметр. Прастадушны, яшчэ савецкіх часоў, ён чамусьці выклікаў у мяне давер: над ім не працавалі дызайнеры ― майстры кіравання ўспрыняццем, ён меў прамыя няскругленыя вуглы і матавую пластмасу самых някідкіх колераў.
Паленаў паклаў прыбор на плітку і электронныя лічбы далі свае паказанні. Акурат 63 мікрарэнтгены, як і ў экспертызе.
Па маёй скуры пабеглі мурашкі, мне больш не хацелася заставацца тут ані на хвіліну. Тое, што я не магла адчуваць радыяцыю фізічна, палохала мяне яшчэ больш.
― Ты ж паскуда, ― прамовіў Паленаў, гледзячы на плітку з кукішкаў. ― А і не скажаш!
― Можа, паедзем ужо? ― прыспешыла яго я.
Мы прайшлі каля лаўкі, дзе сядзелі, абняўшыся, хлопец і дзяўчына.
«Ідзіце адсюль!» ― карцела мне крыкнуць.
Я дыбала за шпаркай хадой Паленава, азіраючыся. Яны нарэшце заўважылі маю павернутую галаву, але не зразумелі майго непрамоўленага папярэджання.. Дзяўчына адвярнулася ад мяне, як ад недарэчнасці, абвіўшы рукамі шыю каханка.
І раптам я пачула дзіўны, гучны спеў. Голас ― звонкі, высокі і вясёлы, нішто не душыла яго, ён быў нават празмерна вольны ― настолькі, што здавалася, спявачка не ў сабе. «Расслабленая сківіца», ― пранеслася ў мяне ў галаве. З боку Нямігі міма музея гісторыі кіно ішла і спявала на поўны голас проставалосая жанчына сталага веку, яе хустка спала з галавы на круглыя плечы. Рукі яна крыху сагнула ў локцях і выцягнула наперад, як на сцэне. Крочыла, нікога не заўважаючы.