Студэнтка ціха пайшла ад кафедры да свайго стала.
У чарговы раз зрабілася ясна, што час рабіць выбар. Да канца працоўнага дня заставалася яшчэ некалькі гадзін, і я паехала ў рэдакцыю, пракручваючы ў галаве загаловак: «Студэнтам зніжаюць бал за курсавыя паводле Васіля Быкава»…
16.
― Калі ласка, Аля, пазвані астролагу, ― спакойна кажа Улад. ― Якраз паспееш зрабіць адзін званок.
― Што? ― у мяне выйшла тэатральная паўза. ― А я думала, у нас сур’ёзнае радыё.
― У нас сур’ёзнае радыё. Пазвані астролагу.
― А калі я не веру астролагам?
Рэдактар усміхнуўся:
― А міністрам ты верыш?
Выявілася, наш тэлефонны нататнік захоўвае некалькі чарадзейных нумароў ― на выбар. Узяць самага звонкага, нават мне вядомага? Я дачакалася гудка, набрала код іншай краіны. «Здравствуйте…» ― і пачала задаваць смешныя пытанні са свайго нататніка. Калі паважаны шматслоўны астролаг адказаў на іх, ён нечакана ўзяўся прызнавацца ў любові да нашай краіны:
― Я очень люблю Беларусь. Я часто пролетаю над ней и чувствую, что она ближе к небу. Над ней никогда не бывает зон турбулентности. И вы знаете, как в центре бушующего, сумасшедшего циклона, всегда есть мертвая точка, зона покоя. Без нее ничего не возможно. И центр Европы, ваша Беларусь — это и есть центр циклона: все тихо, ничего не движется. Прекрасная страна! Любые вспышки тут же сходят на нет. Вы понимаете?
― И это хорошо? ― я трымала ўключанай кнопку запісу.
― Конечно, это может восприниматься как дискомфортные условия. Пассионариями, очень активными личностями, стремящимися к максимальной самореализации, в том числе и творческой. Для них нужно, конечно, активное начало, среда, которая сформировала бы конфликтную ситуацию, находящуюся у них внутри. Но ровненько вся Беларусь попадает в мертвую зону. Только кое-где по краям, на границах есть движение, творческие всплески, а в основном ― тишина, которая держит, я повторяю, всю Европу.
Агаломшаная, я падышла да Улада з дзвюма навінамі: пра будучыя катастрофы, як ён прасіў, і пра становішча творчых людзей у Беларусі.
Улад кіўнуў ― і даў мне стос газет:
― Сённяшнія. Як у бубен б’юць!
17.
«Як у бубен б’юць…» Журналісты ператварыліся ў шаманаў у маёй галаве: вось яны скачуць з бубнамі вакол цэнтральнай плошчы, выкрыкваючы рытмічныя магічныя гукі, каб уся радыяцыя знікла, жывенька сабралася ў камяк і выйшла з пліткі.
Верхняя газета стосу разгарнулася проста на зацемцы пра маю плітку. «На добрае месца паставілі», ― падумала я. Калонкі тэксту і фота дазіметра справа ― такога ж, як наш. Напэўна, усе яны былі двайнятамі ў Савецкім Саюзе. Здымак быў зроблены на той самай плошчы, з будынкам выканкама на фоне. Буйнымі літарамі рыфмаваны загаловак ― «Гранит не «фонит». Я ж кажу, шаманскія скокі…
Дробна дрыжэла ў руках газета, гэтак чытаць было нязручна, і я апусціла яе перад сабой на клавіятуру. Гулі электрычныя лямпы. Журналісты, адзін за адным, бралі свае торбы і сыходзілі да-дому. Хутка, манатонна працаваў «стваральнік пазлаў». Каля яго на маленькім століку застаўся чыйсьці нямыты кубак.
Пачала чытаць паўтлусты шрыфт лід-абзаца: «У інтэрнэце распаўсюдзіліся плёткі…» Плёткі ― гэта, выходзіць, Паленаў, і я, і рэдактар, і журналісты, і гукарэжысёр… «…што плітка на плошчы Незалежнасці «фаніць», ― я зрабіла ўдых і паўзу. «Наш журналіст паехаў у свой працоўны час замерыць радыеактыўны фон на галоўнай плошчы краіны». У свой працоўны час. Што ж за праца ў гэтага журналіста? Ад чытання крыўда падкаціла да горла, я спынялася пасля кожнай фразы. Бачна было, як гэта зроблена, і ясна, чаму гэтак. Можна нават курсавую пісаць па метадах і прыёмах. Але сэрца задавала зусім іншыя, наіўныя пытанні.
Далей ― доўгая, у два з паловай газетныя радкі, пасада. Намеснік начальніка, з якім мы гутарылі, казаў з газеты: «Радыяцыйны фон на плошчы 140 наназівертаў у гадзіну, а не мікрарэнтген. Але нават калі перавесці ў мікрарэнтгены, у вас атрымаецца зусім іншая лічба ― 14». Я ведала заключэнне экспертызы на памяць, але на хвіліну спалохалася. Наназіверты ці мікрарэнтгены?.. Cэрца застукала мацней за стваральніка пазлаў. А як праўдзіва выглядае!
Зацемка была акурат такога памеру, каб даць зразумець, што навіна няважная, і каментуюць яе толькі з-за павышанай да гэтага цікавасці грамадства. Намеснік называў вялізныя, пераканаўчыя лічбы. Казаў, што будматэрыялы заўсёды «фаняць».
Апошні абзац быў пра ворагаў, якія ідуць на ўсё, каб парушыць спакой у Беларусі.
Наліла сабе вады і раскрыла выданне нумар два… Тры… Чатыры. На адным з фота дазіметр стаяў дагары нагамі, спехам накіраваны вымяраць фон космасу. Уключыла скайп і трапіла пад дождж спасылак. Перадрукі, абмеркаванні. Чамусьці ніхто з «незалежных» СМІ не паехаў «у поле», а толькі цытаваў нас.
На форуме галоўнай газеты множыліся каментары. Тут ішла цэлая вайна, пакуль я абараняла курсавую. Я пракруціла старонку ўніз і раптам убачыла таго самага напаўміфічнага, уважлівага чытача, пра якога мы ўсе марым. «Яны, ― пісаў чытач, ― лічбы на фота не зацерлі…» Я замёрла. І сапраўды: буйным планам сфатаграфаваны тварык дазіметра: «63». Лічба, якая ні разу не згадвалася ў артыкуле.
Я зноў разгарнула газету. У левай калонцы чалавек пры пасадзе з доўгай назвай казаў свае лічбы, але дазіметр насупраць яго ― іншыя.
Я пачала смяяцца і плакаць, усё разам. Прайшлася па каментарах на сайце далей: хтосьці верыў, хтосьці не верыў, хтосьці тут хаваўся ў авечай шкуры. «Кола выкалесілася, жалеза выжалі… выжалезілася… Кола выкалесілася, жалеза выжалезілася… палукашак выпалукашыкаваўся, агонь выагняваўся…», ― паўтарала я, каб захаваць розум.
Згадала пра сяброўку з дзяржаўнай, той самай, газеты, якая працавала там па размеркаванні. Набрала яе нумар. «Што гэта, ― запыталася, ― вы напісалі?» ― «Ён нават ездзіў на плошчу, ― адказала яна, і было чуваць, што не ўпершыню. ― Там дакладна нічога не “фаніць”, ён праверыў!»
І нават для тэлевізійных навінаў ужо паспелі зняць сюжэт. Што за публіка пабывала сёння на плошчы… Павольна поўз вусень загрузкі. Я ведала ключавыя словы, якія пачую: «прыдумка», «плёткі», «хлусня»… «Да абразаў гатовы», ― варта прамаўляць нашаму выпускніку, атрымліваючы дыплом. Нашто я справакавала на хлусню столькіх людзей? І якая хлусня большая: іх ці мая, калі б я ўтаіла? Я разумела, які будзе сюжэт. Я падрыхтавалася.