― Вы нікуды не ўладкуецеся з такой мовай. За што вам дыплом увогуле выдаваць?
― Даруйце, ― умяшалася я, ― але словы-паразіты былі і ў іншых выступоўцаў.
― Прынесла нейкую працу, яна нідзе не значыцца, нікім не праверана…
― А хіба кіраўнік не мусіў з’явіцца хаця б на абароне? ― спыталі з аўдыторыі.
― Што вы мне загадаеце з ёй рабіць? Мне самому адзнаку ставіць? ― Ён трос рукой, сціскаючы аркушы ― і тыя сагнуліся, пераламіўшыся. ― На якіх падставах?
― Ну… ― студэнтка пачырванела. ― Прабачце. Можа быць, можна паставіць на падставе майго выступлення?
― І тэму выбралі ж! Як спецыяльна! Падвесці мяне хочаце?
― Давайце паслухаем выступленне, ― сказаў нехта са студэнтаў.
― Давайце паслухаем! ― далучылася і я.
― Добра, давайце хутка ― асноўныя тэзісы.
Але выступ быў сапсаваны. Студэнтка скамечана пераказвала ўступ і заключэнне, пакрываючыся чырвонымі плямамі і вельмі баючыся сказаць «ну». Калі яна цытавала, угадвалася, што праца напісана цікава, але ніякай складнасці ўжо не было. Выкладчык слухаў адным вухам, грэбліва гартаў тэкст і думаў сваё. Я спрабавала зноў злавіць яе погляд, каб абнадзеіць маёй зацікаўленасцю, але яе вочы мітусіліся і супакойваліся толькі на аркушах курсавой.
― Журналістыка, дарагая мая, — гэта чацвёртая ўлада. Праходзілі такое?
― Праходзілі.
― А ўсе ўлады мусяць дзейнічаць зладжана.
― Але ж у мяне літаратурная тэма…
― Вы разумееце, пра што я. А калі не разумееце, то і адзнаку вам ставіць няма за што. Дапускаеце тут самавольства. Чацвёрты курс! Вы павінны выдатна ведаць, як ставіцца да гэтага вашага Быкава… Вы ведаеце пра яго апошнія творы?
― Ну… ведаю. Але ў мяне не па іх.
― Нельга вось так выдзіраць з кантэксту. Ваша задача як журналіста, у першую чаргу, — дапамагаць існуючай уладзе і не разгойдваць лодку. Я зразумела выражаюся? ― Мы сядзелі збянтэжаныя і не рэагавалі. ― Зыходзячы з гэтага, у вашага Быкава там няма чаго аналізаваць. Яго нават выключаюць са школьнай праграмы, вам гэта вядома? Вы што думаеце, там дурні сядзяць? Разумнейшыя за вас людзі выключаюць. А вы сваім розумам жывяце? Накрапалі тут…
Аўдыторыя, хоць ужо і нешматлікая, выйшла са здранцвення і запярэчыла:
― Што вы такое кажаце наогул? Гэта ж стылістыка. Аналізаваць можна што заўгодна! ― абуралася выдатніца з першай парты.
― Дзе вось яе куратар? Чаму яго няма? ― далучыўся Толік.
― Ну, пачалася ідэалогія! Нават у «саўку» Быкава не забаранялі! ― загулі заднія рады.
― Мы Быкава ў школе праходзілі. Гэта наша літаратура, беларуская. Вы ад мамы сваёй таксама адмовіцеся?
― Цццц-ццц-ццц, затрашчалі, абаронцы! Вы пакуль на маім крэсле не сядзіце.
― Дый у вас не крэсла…
― А што у мяне, па-вашаму?
― Зэдлік!
― Пагумарылі? Цяпер сур’ёзна. Мы ўжо выйшлі за рэгламент. Праца дрэнная, мы ўсе гэта пачулі. Тэма не ўзгодненая. Выступленне няўдалае. Словы-паразіты. Рэцэнзіі кіраўніка няма. Я вам праз сваю велікадушнасць стаўлю найніжэйшы бал, а не адпраўляю на пераздачу.
― Што? Гэтая праца хоць самастойная, а не спампаваная з інтэрнэту! Вы ж яе нават не чыталі! ― пачуліся адзінокія выкрыкі.
― А я не яе кіраўнік, ― ён паказаў пальцам, ― каб чытаць. Са мной бы яна такога не напісала, запэўніваю вас. І спыніце гэты базар. Было б з-за чаго. Мы і так засядзеліся, вы адбіраеце і мой час. Прашу ўсіх разыходзіцца.