«Які жаноцкі, прыгожы голас, ― падумала я. ― Цікава, як бы ён гучаў па радыё?»
Кожны, хто жыў у Менску, сустракаў яе. Ля Камароўкі, у сотым аўтобусе, на Усходзе, на «Дружнай», ля Акадэміі навук… Не ведаю, ці спыняецца яна калі-небудзь. Магчыма, што яна заўсёды ідзе, ідзе, але чамусьці кружыць і застаецца ў Менску. Яе лічаць гарадской вар’яткай.
11.
Надзіва, як ніколі лёгка даставаліся каментары. «Сапраўды, мы праводзілі гэтую экспертызу, ― казалі нам. ― Плітка ― з Украіны, і ў гэтым радовішчы высокі фон».
Мы перазіраліся з Паленавым і прастадушна радаваліся: «Удалося!» Паступова рабілася ясна, што нашых званкоў ніхто не чакаў, і таму навукоўцам яшчэ не паспелі заткнуць раты. Нават дырэктар аддзела радыяцыйнага кантролю пагутарыў з намі, уздыхаючы, і выказаў здзіўленне і занепакоенасць. Мы горача падзякавалі яму, я са спадзяваннем, а Паленаў без, што плошчу перабрукуюць.
― Що ж, в нас купують ― ми продаємо. Недорого, ― нараспеў адказвалі ўкраінцы.
Увечары нарадзіўся тэкст рэпартажу, мяне ахапіла радасць: вось зараз усе, усе дазнаюцца пра гэта. І ўсё зменіцца. Такім журналістам, нават на мяжы сваіх сіл, я згодная быць.
Гукарэжысёр Сямёныч прыбраў на стале, акуратна павесіў навушнікі на выцягнутыя шыі мікрафонаў і запісаў нас.
12.
Нібы месца, з якога назіраеш, раптам перамясцілася ўверх: адлегласці зрабіліся нязначнымі, сцены ― тонкімі і ўмоўнымі. У розных частках Мінска ― па яго ўскраінах і праспекце, на розных паверхах ― спалі людзі. Іх атулялі коўдры ― з кветачкамі, проста белыя, з геаметрычнымі фігурамі. Пад адну коўдру сыходзіла сіваватая барада Сямёныча, і было раскрыта яго татуіраванае плячо. У іншай кватэры, на іншым паверсе з-пад пледа выглядвала акуратненькая Адэліна ножка. Вялікая ступня Паленава звісала з ложка, як з паліцы ў плацкартным вагоне. Накрыўшыся да носа спальным мяшком, пахропваў Мацвіеня з сабранымі аранжавай гумкай калматымі дрэдамі. Сапла Наста са свежай, лёгкай стрыжкай, у чорнай масачцы на вачах. Злёгку падрыгвалі светлыя вейкі Цімоха. На начным століку адпачывалі на кнізе рэдактарскія акуляры, і Улад спаў мёртвым сном, набіраючыся сіл для мітусні дня.
Людзі гэтыя прачыналіся каля паловы на восьмую, рэзка садзіліся на ложку, спакойна сцягвалі павязку з вачэй, ішлі ў душ, мудрагеліста закручвалі дрэды, ставілі чайнікі, выкладвалі тварог на сподак, закурвалі, уключалі музыку, разміналі голас, раніліся голячыся, цалавалі каханых, думалі: «Што ж сёння будзе?», шапацелі газетай, правяралі пошту, слізгалі пяткай па лыжцы для абутку, бразгалі дзвярыма і прыязджалі ў рэдакцыю.
Потым увесь дзень працавалі і прыслухоўваліся, як да навальніцы, як разыходзіцца па сайтах тое, што яны замералі і запісалі. Як абмяркоўваюць іх рэпартаж і ляцяць у іх першыя паклёпныя стрэлы.
Уся гэтая гісторыя здаралася са мной упершыню ― і мае нервы скакалі лявоніху на вуголлі. Калі ў інтэрнэце дзяліліся спасылкамі, прасілі сяброў не хадзіць на плошчу і патрабаваць невядома ў каго перакласці плітку, я радавалася, ганарылася, верыла, як школьніца, у лепшае.
Але былі і скептыкі, у асноўным мужчыны, ― яны рэзка і нецэнзурна ўскрыквалі. Без стомы назалялі яны з’едлівасцю з недарэчнымі памылкамі: «Да они соченили коментарии! И составили документы в фоташопе!» Я нервова круцілася на крэсле. «А как же печать?» ― пісала я ім са спехам створанага акаўнта, эмацыйна жэстыкулюючы, перад тым, як набраць каментар. «А галасы ў аўдыёрэпартажы?» «А фатаграфія дазіметра на плошчы?» Непрымірэнчыя і ўпартыя адказы-нападкі ішлі кулямётнай чаргой. Сэрца маё зусім упала, калі пачалі страляць беларускай мовай. Мае аргументы не пераконвалі, і здавалася, што я гуляю ў тэніс, але па той бок сеткі нікога няма.
Праз паўгадзіны гэтай знясільваючай гульні і я, і мае праціўнікі аціхлі. Выцершы слёзы, я ўвайшла ў рэдактарскую.
Лічбы зіхацелі і бегалі на твары Улада ― ён сказаў мне, колькі чалавек ужо прачыталі навіну.
― Напэўна, дазіметр памыліўся.
Ён маўчаў, чакаў.
― …Мне падаецца, што я хлушу. Бо ніхто не верыць. Я адказваю, што…
― Не адказвай.
― Але яны кажуць, што мы ўсё выдумалі, ― я расплакалася.
― Плятуць з дуба вецце. Аля, гэта ўжо не твая адказнасць. Не ўвязвайся ў спрэчкі. Мы журналісты, мы даем факты. А што людзі з імі робяць, слухаюць ці затыкаюць вушы, ― гэта людзі самі вырашаюць. Трэба паважаць чужыя меркаванні.
― Крыўдна.
― Эй…
― Што?
― За кдбшнікаў крыўдна? Ім за гэта плацяць, ну, хіба ты не разумееш? Іх нават па айпішніках відаць. Паглядзі, яны праколваюцца, ― і ён пачаў тлумачыць мне, як яны «праколваюцца».
Нейкая дурата, і спустошанасць, і абнадзеенасць, і жудасць ― усё разам. І ўсё-ткі рэдактар дадаў мне сіл, я пайшла ўдзячная яму. Тэлефанаваць, задаваць пытанні, усміхацца, а пасля зноў ездзіць з Паленавым і вымяраць радыяцыйны фон на іншых плошчах.
13.
Увечары я глядзела спектакль у Купалаўскім і то паглыблялася ў п’есу, забываючыся на ўзрушэнні таго дня, то вынырвала з яе ― і ўсё мне тады здавалася хлуснёй і непатрэбным упрыгажэнствам. У антракце я нечакана пачула, як мужчынскі голас з задняга раду пераказвае мой рэпартаж. Ён нібыта трос яго за ногі, галавой уніз, не заўважаючы, як высыпаюцца з яго ўсе дэталі. Каб уразіць дзяўчыну, мужчына ўсё перабольшыў ― плітка «зафаніла» ў два разы мацней. Я ледзь стрымлівалася, каб не павярнуцца, і мая патыліца гатовая была загаварыць. А спадарожніца засталася абыякавай да аповеду ― і тады той жа голас кінуў: «Наогул, будматэрыялы заўсёды выпраменьваюць, гэта нармальна…»
Слёзы падступілі да горла. Па спіне бегалі мурашкі ад думкі, што ўсе тут ведаюць мяне і мой псеўданім, глядзяць з дакорам, сумняваюцца, не вераць і вінавацяць. Погляд выхопліваў самыя непрыкметныя шэрыя пінжакі, і я думала: «Гэты?», «Гэты?», «Гэты чытаў і не паверыў?»