― Давай мне. Што ёсць навіной?
― Тое, што людзей пачалі выклікаць у суд за талеркі, якія немагчыма ўзаконіць.
― Гэтак і напішы, што можа быць прасцей?
Рэдактар ужо прабег вокам мой рэпартаж.
― «У Беларусі пачынаюцца суды над уладальнікамі спадарожнікавых антэн» ― вось назва. Пішы і вывешвай на сайт.
5.
Позні вечар. Я ляжала на сваім ложку, закінуўшы на сцяну стомленыя ногі. За акном ноч, але яшчэ рыпелі дзіцячыя арэлі.
Я думала пра тое, што гэтыя талеркі рабіла апошнім часам раз на тыдзень. Цэлы дзень тэлефанавала ў ЖЭСы, у фірмы, якія прадаюць антэны, званіла юрыстам і мантажнікам. Цэлы дзень свайго жыцця ― спадарожнікавым антэнам. А з-за мяне людзі… Спачатку чытаюць навіны. Потым абмяркоўваюць. Думаюць пра іх. Можа быць, як і я, цяпер ходзяць і заўважаюць, вісяць ці не гэтыя белыя блінцы на дамах.
Ні ў каго з маіх сяброў-журналістаў няма тэлевізара. Мы не чытаем навіны ў вольны час. Таму што вядома, як іх робяць, і таму што больш за палову з іх ― гэта вось такія «талеркі». Хацелася камусьці пра гэта сказаць. Я набрала мамчын нумар.
― Доча, что ты ела сегодня? ― было першае яе
пытанне.
― Салатку, ― адказала я.
― Что?
― Ну, салат.
― Я устала, у меня нет желания понимать твой белорусский. Говори нормально. И надо лучше питаться. Здоровье ― это самое главное в жизни, ― дэвіз кожнага мамінага паходу да лекара ці віншавання. ― Люби себя.
― Дык я ж з хлебам ела! ― паспрабавала я жартаваць.
Маўчанне.
― Я толькі прыйшла дадому, мама. Ужо позна, нічога не хочацца. Заўтра паем.
― Это вы так поздно работаете? ― у яе голасе пачулася павага. ― Как и я… Прихожу вечером уставшая, сил ― никаких. Ни папе внимания уделить, ни себе, об уроках Петиных даже молчу. На кухню что-то приготовить ― и ночь уже. И все в голове отчеты, отчеты. Иногда проснусь в темноте: вдруг не ту цифру поставила? ― мама сказала пра гэта амаль з асалодай. ― Вспоминаю, вспоминаю. Так страшно в этот момент. Аж перекрещусь. У нас же проверки каждый месяц. Найдут что-нибудь ― уволить могут. А в такой работе где-нибудь да затешется ошибка.
Я ўяўляю памылку як вош, якая выскоквае з частых зубцоў драўлянага грэбня, якім водзіць маміна рука.
― Бывает, даже по воскресеньям работаем. Здесь все от проверяющих зависит. Ты еще по-настоящему не работала, не понимаешь.
Мама, здаецца, думала, што журналісты ўвесь дзень толькі п’юць каву і мантуюць карцінкі, ці ходзяць па вуліцы з фотаапаратам, ці сыплюць экспромтамі ў жывым эфіры:
― Это только начало, это еще пока романтика…
― Так, да горла рамантыкі.
― Что?
― Нічога. Нічога… Мама, журналістыка ― не для мяне.
Яна маўчала, а я апраўдвалася:
― Таму што гэта ― засмечваць людзям галовы.
― Ты в книжках это вычитала. Так и слышно, что не твои слова.
― Чаму ж не мае? Мае… Усе кажуць, калі чуюць «журналіст»: «О-оо-оо-о. Як прэстыжна!» А я бачу, што гэта прафесія ― рабіць усё, каб людзі не думалі пра… сэнс жыцця.