― Мне гэта нагадвае, ― сказаў Алесь, ― зразумела, толькі нагадвае ― сорак першы год.
Паліна махнула на яго рукой і цокнула языком.
― Ды я сур’ёзна кажу. Мой дзед мне расказваў, што ўсім тады загадалі здаваць радыёпрыёмнікі. Пачынаецца вайна ― а ўсе з прыёмнікамі стаяць, чарга. Добраахвотна, праўда, бо прыёмнікі ж таннейшыя за антэны.
Мы, удумваючыся, замоўклі.
― І прычына тая ж самая…
― Ды скажаце вы мне прычыну ці не?
― Кантроль інфармацыі, вядома, ― юрыдычным тонам працягваў Алесь. ― Канал новы будуць глушыць.
― Ну, а людзям-та што? Мы яго ў інтэрнэце зловім, калі захочам.
― Толькі мы і зловім… ― Алесь апёкся гарбатай і праз зубы ўцягнуў паветра. ― У тваёй бабулі ёсць інтэрнэт? Ці хоць у мамы? А тэлевізар ёсць. Але там жа нават «Культуры» няма ― адны серыялы і «Дыскавэры», і тыя па кабельным.
Я сядзела, згарбаціўшыся і адчуваючы напругу ў спіне, не ў сілах выпрастацца. Гарбаты не хацелася.
― Я не буду гэтым займацца, ― сказала я.
― Ты чаго? Гэта немалая справа.
― У мяне хутка будзе падваенне асобы. Я ― страчаны журналіст.
Алесь паглядзеў на мяне непраўдападобна павялічанымі вачыма. Я раней і не заўважала, якімі велізарнымі робяцца ў акулярах дальназоркія вочы.
― Тады я такі ж юрыст. І што?
― Добра, а я страчаны тэатральны крытык. І гэта таксама праўда!
Мы паглядзелі на Паліну, якая некалькі хвілін таму захоплена казала пра Брэхта. Погляд яе вачэй, формай падобных да гарбузовых зерняў, як быццам пацяжэў, але рукі працягвалі свае танцы.
― Я перастаю верыць, што тэатр змяняе людзей, ― яна зрабіла такі жэст, быццам скінула нябачную тогу. ― Хоць распранайся, хоць ты мацюкайся са сцэны! ― Паліна працягнула «р» так, што выйшла «ррраспранайся», ― хоць стаў класіку ― людзі толькі ахаюць! І нічагуткі, ― валасы зноў пераляцелі, ― не бяруць з сабой, у сваё жыццё!
Ад гэтага нястомнага тэатральнага рупліўца рэдка можна было пачуць такое. Мы пачалі падбадзёрваць яе.
― Можа, ён змяняе…
― Гэта ж цяжка зразумець і адсачыць…
― Не змяняе, ― абрэзала Паліна. Нармальныя людзі нават не ведаюць, як прачытваць спектакль. У іх ніякіх ключоў, ― Поля павярнула нябачны ключ у нябачным замку, ― яны не маюць уяўлення пра падтэксты. Як дзеці ў школцы, памятаеце, казалі: аўтар не мог пра гэта думаць! Ён такога не ўкладаў, гэта прыдумалі крытыкі! Яны лічаць, што ў кожнага тэксту мноства тлумачэнняў і ўсе яны правільныя.
― Постмадэрністы, ― прамармытаў Алесь.
― Сядзіць чалавек у тэатры ― і не думае! Ён прыйшоў расслабіцца…
Паліна яшчэ нешта казала пра спектакль, які ішоў на дзвюх нашых дзяржаўных мовах, праз што гледачы скардзіліся ў водгуках, што ім даводзілася напружвацца. Мне стала неяк няёмка.
― Гэта ж праз нас. Гэта ж менавіта праз нас. Гэта СМІ расслабляюць чалавека. Яму пра ўсё ў лоб кажуць, удзёўбваюць у галаву, малюначкі паказваюць, «мадэлююць рэальнасць»… А ён і абвыкае… Вось жа, напрыклад… у тэатры, у літаратуры ― усё бывае на фоне чагосьці. А ў журналістыцы без фону…
― Без падтэксту, ― дадала Паліна.
― Без рытму. Беспаветраная прастора нейкая. Там кажуць пра важныя рэчы, але неяк не так… Журналісты як быццам не з гэтага часу! Таму што яны не адчуваюць часу за сабой. У іх нейкая дзіўная карціна свету. І яны, і іх час ― там заўсёды пачатак. І яшчэ… я вось што хацела сказаць… яны завуць дрэннае рэалістычным. А добрае іх мала цікавіць.
― Таня, але ж у журналістаў усё ж такі ёсць факты, ― адвакатнічаў Алесь.
― Але няма ведаў.