– Не! – у адзін голас піскнулі дзяды. Узнялі галовы, згледзелі іх і людзі з натоўпу.
– Добрдзень, Нічыпар! Добрдзень, Захар'я!
– Ціха, ціхенька, людцы. Нас німа тут...
Выбухнуў смех, усміхнуўся і маёр.
– Помогите отцам спустнться на землю, – загадаў ён салдатам.
Але «атцы» спускацца не пажадалі.
– На руках мяне адсюль здымайце, – сказаў Нічыпар, сеў на казырок, скурчыўся і заплакаў, выціраючы вочы крысом ватоўкі. – Душы ў цябе німа, таварыш камандзір. Німа душы. Яны бацьку майго, яны дзетак маленькіх, яны ўсё наша сяло. А ты іх у машыне раскатваеш. Німа праўды, німа душы...
Маёр махнуў рукой і пайшоў у кабіну, злосна грымнуў дзверцамі. Двое салдат ужо былі на казырку. Яны ашчадна падхапілі дзеда пад пахі, Нічыпар паспеў, прыгроб да сябе камень, і салдаты, як дзіця, з рук у рукі перадалі Нічыпара разам з каменем іншым салдатам, якія стаялі ўнізе. Тыя хацелі паставіць яго на ногі, але Нічыпар не даўся, падкурчыў ногі пад сябе, і яго пасадзілі на зямлю каля ганка, як мех бульбы, маленькі чорны мех з сівой бародкай. Нічыпар трос гэтай бародкай, уздымаў над галавой камень і крычаў скрозь слёзы:
– Глядзіце, людцы, глядзіце. Вось сэрца маё! Во што з ім стала!
І зараўлі, загаласілі спачатку бабы, засмаркаліся ў хусткі і хустачкі, потым адвярнуліся, крывячы губы, і мужыкі. І тут, як па жывым, разануў натоўп дзіцячы пранізлівы плач. Плакаў Лецечка, прыпаў ілбом да кола машыны, як усё роўна самлеў на гэтым коле. Натоўп адхлынуў ад яго – такі нечаканы і такі несуцешны, надрыўны быў яго плач.
– А-а, рабёнка задавілі! – залямантавалі бабы.
– І нічога мяне не задавілі. Я зусім не таму...
Так, сапраўды ён плакаў зусім не таму, што яго крыху прыціснулі, ён і сам не ведаў, чаму ён плача: вочы не трывалі глядзець на Нічыпара, які трымаў у руках сэрца-камень. Яго, яго гэта было сэрца ў руках старога.
– Людцы, мір! – выбухнуў зверху голас Захар'і. – Не папусціцеся, не выдайце. Куля літасцівая. Агонь трэба і камень... Мучыць іх, як мучыліся мае дзеці ў агні... Дзеці мае, дзеткі, Колька Лецечка, сынок... – Захар'я на ўвесь свой магутны рост стаяў на казырку. У схватцы з салдатамі ён згубіў шапку, сівыя пасмы валасоў збіліся ў камяк, і камяк гэты варушыўся – як жывы. Захар'я быў страшны, проставалосы, сівы, замызганы, жахліва дужы, з выпрастанымі да неба акасцянелымі клюшнямі пальцаў, з амаль што звар'яцелым тварам.
– Як яны гарэлі, як яны прасілі: татачка, даражэнькі, лёду...
Захар'я не ўстаяў, пахіснуўся, ступіў з казырка на машыну, загрукаў па блясе ботамі:
– Чуеце, гады, чуеце, смерць ваша да вас просіцца!
– Наведите порядок, быстро! – зноў сярод людзей быў маёр. Ён быў таксама сівы і проставалосы, як Захар'я. Шапку пакінуў, пэўна, у кабіне, у шафёра, пэўна ж, там застаўся і яго пісталет, таму што кабура была адшпілена і пустая.
– Чалавеча, хрыстом богам цябе заклінаю, адвярніся на мінутку, – адбіваўся ад салдат, цягнуўся да маёра Захар'я. Але маёр маўчаў, толькі тугія жаўлакі каталіся па мангольскім скуластым твары. І нечым падобныя на маёра, кволыя побач з Захар'ем, салдаты спусцілі яго на зямлю. Адчыніліся заднія дзверцы, машына крыху яшчэ здала назад, стала амаль што ўшчыльную да сцяны Палаца культуры. Забразгала жалеза ў машыне, і у поўнай цішыні, у нейкім нават аняменні раніцы і людзей, спешна і спалохана, загрукалі ўжо там, у будынку, па дошках падлогі крокі. Ціша ўжо была неймаверная, толькі гэтыя крокі, дых людзей і мірганне іх вачэй. Маёр падышоў да кабіны, узяў з рук шафёра шапку, пісталет:
– Процесс, граждане, открытый, вход свободный, через фойе.
Ад яго кінуліся ва ўсе бакі. Імгненне-другое, і толькі салдаты, маёр, Захар'я з Нічыпарам і Лецечка засталіся каля машыны.
– Отцы, я вас могу провести через служебный вход, – падышоў, дапамог устаць з зямлі Нічыпару маёр.
Захар'я з Нічыпарам змоўчалі, пабраліся за рукі і пабрылі на плошчу. Лецечка пачакаў яшчэ крыху чагосьці і пакрочыў за імі. Ён усё яшчэ не мог сцішыцца, плакаў і не ведаў сам, чаму плача.
V
Убіцца ўнутр Палаца культуры Кольку не пашанцавала. Народ валіў туды, пёр напралом, не зважаючы – дзе свае, дзе чужыя. У адно імгненне знеслі моцныя дубовыя ці то робленыя пад дуб дзверы. Мужчыны перлі маўкліва, напорыста, прыціснуўшы да грудзей ці да бакоў рукі, сцяўшы зубы, нібыта рабілі нейкую цяжкую і непрыемную работу. Жанчыны паспявалі і рукамі намахацца, паздымалі хусткі і хвасталі гэтымі хусткамі па твары, па вачах мужыкоў, выкрыквалі штосьці злое, нядобрае. Але ў галасе, у тлуме слоў іх ніхто не чуў і не разумеў, нібыта жанчыны гаварылі на нейкай замежнай мове. Падлеткі, як скрозь лес, прадзіраліся скрозь ногі дарослых. Надрываўся, заклікаў да парадку рупар, але толькі множыў галас і тлум.
Лецечка не адважыўся і наблізіцца да гэтага вірлівага патоку. Шчыра кажучы, яму не вельмі і карцела глядзець на гэтых гадаў-паліцэйскіх – застанешся жывым па дарозе ў залу, замардуюць, дыхнуць не дадуць ужо ў самой зале, прыпрасуюць да якой-небудзь цёткі ці бабулькі, да вечара не выпусцяць на волю. І Лецечка стаяў у баку ад гэтага людскога віру, учапіўся за слуп, на якім грымеў рупар, і, крыху аглухлы ад гэтага грому, убіраў у сябе ўсё, што тут адбывалася. Яму было жудасна ад таго, што прарвалася раптам у людзях – шалёнае, злоснае. Якімі ж гадамі павінны быць паліцэйскія, калі праз столькі гадоў абудзілі такое ў людзях, ці чалавекі яны, на чалавекаў так не рвуцца глядзець. Што гэта натварылі яны тут, які знак, якую рану пакінулі ў сэрцах людзей?
І яшчэ, Лецечку цяжка было паверыць, што перад ім тыя самыя людзі, якіх ён, здаецца, уведаў да апошняй кроплі. Вось па гэтых вуліцах яны з дня ў дзень хадзілі на работу, везлі на базар і ў падворкі сена на падводах і санях. Лецечка іншым разам, сцікаваўшы, як адвернецца дзядзька, пад'язджаў на іх санях ці падводах, чапляўся за рубель ці то за вяроўку, якая звісала з воза, хаваўся за сенам і ехаў сабе. Здаралася, дзядзька нязлосна сцёбаў яго пугай. Ён плакаў ад болю, выкідваў кулак: пападзешся, маўляў, і ты мне. Дзядзька лагодна пасмейваўся, выскаляў жоўтыя на сонцы зубы. А выпадала, яго і падсаджвалі на воз, частавалі вясковым духмяным салам. Салам, маслам, гуркамі і памідорамі гандлявалі яны на базарах, да хрыпаты змагаліся за капейку. 3 прыбыткам ці са стратай збывалі свой тавар, ашчадна завязвалі пакамечаныя рублі ў насоўкі, хавалі за пазуху бліжэй да сэрца, а пяцёрачку якую ў зубы і кіравалі да забягалаўкі, чайной – сто – дзвесце грамаў, а то і цалкам белагаловую. Хапатліва закусіўшы, іншы раз і біліся, пацяшалі людзей. А іх жонкі наглуха, да вачэй, ахутвалі чорнымі хусткамі твары, учынялі набегі на магазіны. Выходзілі з магазінаў, як на нагах устояць, абвешаныя клункамі і сеткамі з хлебам, звязкамі абаранкаў, горамі белых гарадскіх булак – гэта ў апошні час, сыты час, а раней... хапалі ўсё, што трапляла пад руку, што дзешавей, практычней, – мыла, іголкі, соль, цвікі, камбалу і кільку-хамсу, танныя кансервы, траску і чырвоную, салёную рыбу гарбушу і на зубок дзецям – сто – дзвесце грамаў ліпкіх цукерак-падушачак. Не чуючы пад сабой ног, беглі да бальшакоў, на спадарожныя машыны, а калі іх не было, выпраўляліся без доўгіх разваг і пешшу, якая б дарога ні была – тры ці ўсе трыццаць кіламетраў, ішлі ноччу, апоўначы, больш за ўсё апоўначы, бо днём трэба было рабіць.
Дык ці гэта тыя, гаспадарлівыя, памяркоўныя, людзі цяпер на плошчы? Дзе іх тады гаспадарлівасць, дзе іх памяркоўнасць? Людское мора ў асноўным ужо схлынула з плошчы. Галас і тлум былі ўжо ўнутры будынка са шкла, каменю, мармуру. На асфальце засталіся толькі гузікі, галёшы, згубленыя бабамі хусткі ды невялічкая купка людзей. Прасторны, з запасам, з перспектывай пабудаваны Палац культуры не змог увабраць усіх, не змог увабраць, умясціць у сябе нечакана абуджанае гарадское і вясковае гора, нянавісць. Людзі гронкамі віселі на адарваных, перакошаных дзвярах, купкамі стаялі каля ганка і каля раптоўна знямелага рэпрадуктара. То маўкліва ўздымалі галовы ўгару, то глядзелі на Кольку, які прыціснуўся да слупа і адчуваў сябе як голым усё роўна, распятым іх маўчаннем, нібыта якаясьці частка віны за тое колішняе, мінулае, але не забытае ляжала і на ім. Паглядаў на людзей, як ваўчанё, спадылба. Мітуслівы, галасны ранак ужо накладваў свой адбітак на яго твар, пад вачыма выступалі ўжо зямліста-вугальныя цені, вочы як выпхнуў хто – так пастаўлены былі яны ўсім на пагляд, пукатыя, ненатуральна белыя бялкі, парэзаныя чырвонымі, трывожнымі ніцямі прожылкаў, якія амаль што дасягалі зрэнкаў. У зрэнках выспявалі здзіўленне, разгубленасць і боль. Боль, трывога і крык спелі і на ружовых скулах яго, на тоненькай, пудлівай маршчынцы каля падбародка. Боль, загнанасць былі і ў яго сутаргавым дыханні. Ён і згадаць не мог, колькі цяпер у ім, дзетдомаўскім, казённым, дакору, але людзі адчувалі гэта. І ніхто не затрымліваў на ім вачэй, і ў той жа час ніхто не мог адвесці ад яго вочы, нібыта не рэпрадуктар, а ён, Колька Лецечка, павінен быў сказаць ім мо тое адзінае, прыхаванае слова, якое б вытлумачыла ўсё: навошта, дзеля чаго яны, шматпакутныя, прыйшлі сюды.
Лецечка ўжо вырашыў збегчы ад іх вачэй, яго ўжо не трымалі ногі, і ён ужо адарваўся ад слупа, а на тую хвіліну ў рэпрадуктары штосьці гучна шчоўкнула. Кольку памсцілася, што гэта шчоўкнула штосьці ў ім – так разанула застыглае, спруцянелае цела пранізлівым узрушаным голасам.
– Встать! Суд идет!..