– Ты вось што, вось што, Лена... – Колька спыніўся і ўхапіў Лену за руку. – Ты помні, помні мяне, Лена, ладна?..
Лена здзіўлена паглядзела на Лецечку і ўсміхнулася яму такой шчырай, такой зычлівай цьмянай усмешкай, што ў яго прыраслі да зямлі ногі. Лена ўзяла Лецечку пад руку. І ў тое ж імгненне, як яна зрабіла гэта, як дакранулася да яго цела, нібы апяклася, цьмянасць, якая сыходзіла ад яе ўсмешкі, лягла ёй на твар. Нібыта яна раптам засумнявалася, ці варта было яго браць пад руку. Чорная пасмачка валасоў упала на раздумліва прарэзаны ўпоперак маршчынай лоб, сталі цьмянымі вочы. Лена цяпер ужо нібыта і не прыкмячала Лецечку, глядзела паўз яго. Лецечка прачытаў у гэтых яе вачах такое, што яму не трэба было больш слоў. Лена цяпер была ад яго не проста далёка, а нязмерна далёка. Адлегласць паміж імі вымяралася не кіламетрамі, нават не тым, зможа ці не зможа яна яго пакахаць. Іншая мера лягла між імі. Перад Лецечкам была жанчына, жанчына, якая ўжо забылася пра дзетдом і дзяцінства, забыла ўжо ўсіх, хто жыў да гэтага побач з ёй. Яе ўжо клікала туды, у невядомае, невядомае яшчэ ёй самой, неспазнанае, тое самае неспазнанае, якое прыцягвае кожную жанчыну, прарочыць і слёзы і радасць, і боль і шчасце. Па-жаночаму непрыступна ўздымаліся пад лёгкім паркалем грудзі, нібыта яны ўжо дыхалі паветрам будучых захапленняў, радасцей і болю.
І Кольку закарцела прыпасці да грудзей гэтай раптам зусім-зусім незнаёмай яму дзяўчыны, так карцела пацалаваць яе далёкія, заклікальна-раскрытыя вусны, але не яго, не яго клікалі гэтыя вусны. «І няхай не мяне, і няхай, – думаў ён. – Гэта нават і лепей, што не мяне. Толькі ці добра будзе, калі я цяпер яе пацалую? Яна цяпер і не прыкмеціць, што я яе пацалаваў. Мне трэба яе пацалаваць, пацалаваць далёкую, ужо збегшую ад мяне, але ўсё роўна такую дарагую, такую родную. Не ў вусны толькі, не ў вусны, у вусны, пэўна, сорамна цалаваць, у вусны яе будуць цалаваць іншыя».
– Колька, Колька, чаго ж ты стаіш? Колька, – прамовіла яна, – цалуй жа мяне, цалуй.
І Лецечка паслухмяна абняў Лену, застыглую, акамянелую, і зразумеў, што не яму яна толькі што загадвала цалаваць яе, не яго яна чуе каля сябе, а кагосьці іншага, які ўжо дзесьці ідзе да яе, які побач ужо. І ён міжвольна азірнуўся, шукаючы гэтага іншага, азірнуўся, не бачачы нікога, не бачачы нават Лены. Лецечка самахоць прыпаў гэты раз да яе па-птушынаму раскрытых, безабаронных вуснаў. І цалаваць у вусны было зусім не сорамна. «Цалуй жа, цалуй жа, мілуй іх», – шапталі гэтыя вусны. І Лецечка цалаваў, паступова забываючыся, што ён злодзей, што ён бярэ тое, што не належыць і не можа належаць яму, паступова супакойваючыся, не бачачы ніякай карысці ў пацалунках, плачучы ў душы. Развітаўся ў душы з Ленай, з жыццём, ненавідзеў і любіў Лену непамерна, ведаў, што гэта ў яго так першы і апошні раз у жыцці.
Пабраўшыся за рукі і збянтэжана ўглядаючыся адно ў аднаго – ці яны гэта, – Лецечка з Ленай стаялі пасярод пустэльнай дзетдомаўскай, былой памешчыцкай, старадаўняй ліпавай алеі. Ліпы ад часу і запусцення аблыселі ўжо, аблыселі веццем, а месцамі і карой. Скрозь гэтае парадзелае вецце свабодна падала на зямлю сонца, сагравала дзядоў – адмерлае голле, плехі. Ад гэтых плех ліпы здаваліся сівымі, як бы скінулі з сябе шапкі, і ад іх сівізны і старэчы праступаў нейкі дакор. Алея была доўгая, цягнулася далёка, туды, дзе быў гарадскі парк і колішні панскі парк. Але самога парку яна не дасягала, упіралася ў тупік, цагляную сцяну, якая служыла мяжой паміж паркам і дзетдомам. Сцяна гэтая – якое ні рэдкае было на ліпах вецце – з таго месца, дзе стаялі Лецечка з Лазой, не праглядвалася. Там, наперадзе, густа расла трава, а каля самай сцяны ўхапілася і крапіва. І адтуль, дзе стаялі Лецечка з Ленай, здавалася, што там, наперадзе, не сцяна, не тупік, а спавітая зелянінай альтанка. А стаялі яны каля самай магутнай, абхваты ў тры, самай сівой і самай старой на алеі ліпы, верхавіна якой адзінютка ўзвышалася не толькі над дзетдомам, але і па-над усім горадам. Верхавіна гэтая, самая яе макаўка, дарваўшыся да неба, маладым зялёным шарам разлеглася па-над іншымі дрэвамі, нібыта на плечы старой ліпы было пастаўлена яшчэ адно, маладое дрэва, і позірк ад верхавіны мімаволі бег уніз, шукаючы гэтае дрэва, але каля самых каранёў спатыкаўся, натрапіўшы на вялізную, у палову чалавечага росту, выбоіну – дупло. Выбалела гэтая выбоіна-дупло даўно, не менш чым паўвека назад. Ад таго паўвекавога болю, пэўна, так і ўскінулася гэта дрэва ў неба, падманліва амаладзілася другой верхавінай. Тады ж, амаль паўвека назад, чалавек імкнуўся дапамагчы дрэву – бетонам, як пластырам, заклеіў выбоіну і ўжо, пэўна, каб пацешыць сваё вока, выгарадзіў гэтую замураваную каменем рану, выгарадзіў вітымі, з вензелямі, жалезнымі кратамі. Ліпа абыякава аднеслася да кратаў, але ад бетону адхіснулася, бетон патрэскаўся, пазелянеў, аброс мохам, а там, дзе колісь бетон і ліпа былі ўсутыч, утварыліся шчыліны, у якія цяпер свабодна пралезла б рука. Ліпа расла, расла з каменем у грудзях, і цяпер узняла гэты камень, каб бачна было ўсім яе скамянелае сэрца; ёй было боязна даткнуцца да гэтага сэрца сваім жывым целам, яна выраклася яго, калісьці, пэўна, і плакала: там, адкуль цяклі даўным-даўно гэтыя слёзы, лушчылася жоўтая, збалелая парахня. І Лецечка глядзеў на дрэва, на засцерагальныя краты, і гэтая мудрагелістая прыдумка чалавека з лячэннем дрэва здавалася яму непатрэбнай і здзеклівай. Ён адчуваў даўні боль дрэва і сённяшнюю яго прыгнечанасць. Няхай бы ўжо ліпа хоць і параненая, але жыла без гэтай прыдумлівай міласэрнасці чалавека, дыхала ўсёй сваёй істотай, і ранай таксама.
Лішнімі і непатрэбнымі здаваліся яму і ўсе гэтыя пацалункі і абдымкі на алеі – без радасці, а галоўнае, без надзеі на штосьці ў будучыні. Нібыта ён, як жабрак, маліў літасці, прасіў кавалак хлеба і атрымаў міласціну.
Як міласціну яна панесла насустрач яго вуснам свае вусны, таму і няма цяпер у ёй ні сарамлівасці, ні збянтэжанасці перад ім. І ў той жа час ён быў шчаслівы, што ўсё было – як было. Мо яму і не патрэбны былі ні любоў, ні пацалункі, а толькі чалавек, які б прысутнічаў каля яго, які б успрыняў і яго як чалавека, патрэбен быў чалавек дужы, здаровы, які б менавіта так, усёй істотай, імкнуўся да жыцця. Родны, блізкі, чалавек, якога б ён хацеў лічыць блізкім і родным. І каб гэты чалавек, калі ўжо не стане яго, Лецечкі, прыгадаў бы яго, няхай мімаходзь, бесклапотна, але паплакаў аб ім і тым самым на нейкую хвіліну як бы падняў яго з таго свету.
– Памятай мяне, Лена, памятай, – зноў паўтарыў Лецечка, выціснуў з сябе знямелым языком, прашаптаў, як шэпчуць першае прызнанне. Па сутнасці, гэта і было прызнанне. І, гаворачы ўслых «памятай», ён, як малітву, як заклён, паўтараў сам сабе: «Я люблю цябе, Лена, я люблю цябе, Лена, але ніколі, ніколі не скажу табе аб гэтым». І адначасова выразна адчуваў, што ён ужо сказаў, выказаў. І цяпер яму на самай справе, ці кліча там яго зямля, ці не, нічога не застаецца, як толькі памерці. І Лецечка паміраў, стоячы перад Ленай Лазой. Цела зрабілася лёгкім, не адчувалася ні рук, ні ног, ні сэрца. А ў голлі ліпы гулі пчолы, вясёлкава ўспыхвалі, трапляючы на сонца, і знікалі, згаралі ў лістоце маленькія, асляпляльна-яркія факельчыкі.
Лена з Колькам, не згаворваючыся, раптам згодна рушылі з месца і пакрочылі па алеі. Але ішлі яны чужыя адно аднаму, маўклівыя. Прайшлі ўсю алею, падышлі да сцяны, уперліся ў сцяну і павярнулі назад. Ступілі крок-другі, Лена спынілася, твар яе пачырванеў, яна ўтаропілася ў неба, у сваю, не спазнаную яшчэ ёй далячынь, злосна адрэзала:
– Ну чаго ты цягаешся за мной, Лецечка!..
«А сапраўды, чаго гэта я за ёй цягаюся?» – падумаў Лецечка і збочыў з алеі, пайшоў садам туды, дзе на ўзгорку, на сонечным прыпёку, стаяў будан Захар'і, дзе, ён ведаў, нікога цяпер няма, упаў там на жытнюю салому і адчуў сябе ўжо памерлым. І так, як сёння, ён згодны быў паміраць кожны дзень, па некалькі разоў на дзень.
Прычыкіляў да будана Асталоп, убачыў Лецечку, пэўна, прыгадаў штосьці добрае, звязанае з ім, завішчаў, заскуголіў ад радасці, упаў на жывот і папоўз на жываце да Лецечкі, матляў ва ўсе бакі дзядоўнікам, што начапляўся на хвост, скроб, дзёр здаровымі лапамі зямлю, коўзаў кульцяй па саломе.
– Ну і асталоп жа ты, Асталоп, ну і асталоп жа ты, братка, – сказаў Лецечка крыху з раздражненнем. – Ты ж не Бурачок, Асталоп, а я табе не Вера Канстанцінаўна... А ведаеш, хто я? Я брат табе, я Маўглі. – Вера Канстанцінаўна ўсё ж увяла яму ў вушы, хто такі быў Маўглі. – Амаль сабака, а больш – воўк. Не людзі, не маці, а ваўчыца карміла мяне сваім малаком, таму я такі дзікун. Вялікі, дарослы ўжо, а розум дзіцячы. – Я – усё роўна як ты: стары ўжо, а ўсё роўна асталоп. Хочаш, я табе раскажу пра сябе... Жыў на свеце хлопчык. Яшчэ не жыў нават, толькі нарадзіўся, а маці памерла. Набрыла на яго ваўчыца, выкарміла сваім малаком, вырас ён сярод яе ваўчанят... Вось так, Асталоп. Ты асталоп, я... А абодва мы...
Сабака ўзняў галаву, прыслухаўся да яго слоў, вырашаючы, пэўна, што за імі будзе: ласка ці біццё. Заваліўся на спіну, галава ўбок і язык убок. А вочы скіраваны на Лецечку, і смех і свавольства ў вачах, і згода па першым жа слове ўскочыць і імчаць, куды загадаюць.
– Эге, Асталоп, ды ты не такі ўжо й асталоп, – сказаў Лецечка. – Прыдурваешся, як гаспадар твой Захар'я.
Асталоп лыпнуў адным вокам, як падміргнуў, лізнуў Кольку руку і прыціснуўся да яго цёплым, нагрэтым на сонцы чорным бокам. Лецечка ўзяў сабаку за кульцю.
– Дзе нагу згубіў, братка?.. Чаго маўчыш, сорамна прызнацца, пад цягнік трапіў ці то куля жывадзёра цябе пазначыла?..
Колька не заўважыў сам таго, як да болю сціснуў сабаку кульцю. У горле ў Асталопа пагрозліва забулькацела, ён злаўчыўся і прыхапіў Лецечкаву руку зубамі, але не кусаў, патрымаў у зубах і адпусціў. І Колька адпусціў кульцю, на імгненне якоесьці затрымаў на ёй далонь і адчуў далонню, як тахкае ў гэтую кульцю Асталопава сэрца, быццам, прыліваючы пругкімі, гонкімі токамі, кроў імкнецца прарвацца далей, за кульцю, у працяг нагі, шукае і не знаходзіць гэтага працягу.
– Баліць, Асталоп, ведаю, баліць. Мне таксама баліць. На вось паслухай мяне. – Лецечка расшпіліў кашулю і падставіў голыя грудзі да Асталопавай пашчы. Асталоп тыцнуўся яму ў грудзі шурпатым языком, горача лізнуў яго спатнелае цела. Услед за гарачынёй цела агарнула прахалода. Лецечка абняўся з Асталопам, і яны соладка заснулі. І саснілі сон, Лецечка – свой, запаветны, які часта сніўся яму. Пэўна, добры сон сасніў і Асталоп, таму што пасля доўга аблізваўся, нібыта толькі што атрымаў і схрумстаў салодкую костку.
– Ты любіў ужо каго-небудзь? – спытаў на развітанне ў Асталопа Лецечка. Але той не зважаў на яго пытанне, стаяў, соладка аблізваўся. – Любіў, значыць, – сказаў Лецечка. – Я вось таксама люблю.
І яны разышліся, задаволеныя, бадзёрыя ад сну ў халадку будана.
А вечарам Лецечка даведаўся, што іх дзетдом застаўся «спец» – спецдзетдомам. Аб гэтым паведаміла на вячэрняй лінейцы дырэктарыха. Веры Канстанцінаўны на вячэрняй лінейцы не было. І засынаў ён у тую ноч упершыню без баязлівасці і страху, што заўтра можа не прыйсці. Не сустрэўся больш ён у той дзень і з Ленай, але спадзяваўся, што сустрэнецца заўтра. Трэба толькі пазбыць гэтую ноч...
IV
Пазбыць ноч, і не толькі гэтую, якая зоркамі ўслала неба, грыбнымі туманамі спавіла зямлю, цішыню якой золка калолі званамі коні, пушчаныя на ноч у паплавы, асвечвалі цяпельцамі пастухі, але і ноч колішнюю, спавітую плачам і слязьмі ўдоў і дзяцей, пазбыць тую ноч праг не адзін толькі Лецечка, але і шмат іншых дарослых людзей, якія жылі ў гарадах і вёсках. То было лета збавення, развітання. Збавенне, развітанне гэтае было няспынным ад вясны сорак пятага, нават не з сорак пятага, а з лета сорак чацвёртага, калі гэты невялікі гарадок вызвалілі ад фашыстаў. Але да лета сённяшнага года працэс гэты ішоў як бы неўпрыкметку: стойвалася адно, балела другое. На базарнай плошчы, якая спакон веку была мяжой паміж горадам і невялікай вёскай, што прыляпілася да горада, дык вось на плошчы, здаецца, спакон веку сяляне прывязвалі коней да стабілізатара бомбы, што тырчала з зямлі як напамінак аб вайне. У дні, калі не было базару, да гэтай бомбы ўнадзіліся сабакі. Ля гэтай бомбы вечарамі можна было сустрэць і закаханых. На бомбу можна было прысесці, яна ўвайшла ў зямлю пад вуглом градусаў так на трыццаць, каля яе ўтульна было завесці доўгую гамонку і ладна было абаперціся, спыніцца вясковай бабцы, каб завязаць матузкі на чаравіках, і бакі ў бомбы былі вышараваны, зіхацелі, як бакі ў добрага, сытага каня.
Дзетдомаўцы абмяркоўвалі вечарамі ў сваіх пакоях, што будзе, калі распаліць пад гэтай бомбай ягонь: гахне ці не гахне, а калі гахне, куды дасягне. І, пэўна, яны такі выпрабавалі б на справе, куды дасягне. Але адным днём на плошчы з'явіліся сапёры, адчапілі плошчу, адкапалі бомбу, пагрузілі яе на машыну і асцярожна, усё роўна як нябожчыка, павезлі немаведама куды і немаведама дзе пахавалі. І без гэтай бомбы плошча, а разам з ёй і горад як штосьці згубілі. Горад ужо звыкся са сваёй бомбай, яна ўпрыгожвала яго, як помнік, што стаяў таксама на плошчы і знік таксама разам з ёй. 3 гэтых падзей і пачалося вірлівае пераўтварэнне горада. Яно было асабліва прыкметнае для дзетдомаўцаў, таму што асноўныя падзеі разгортваліся амаль што ў іх пад бокам.
Ад дзетдома да базарнай плошчы вымерана – сто пяцьдзесят метраў. Выйшаў з дзетдома, мінуў два высачэзныя, верхавіны і не зглядзець, шапка падае, ясакары, і ў цяні іх разлапіста ляжыць перад табой галоўная вуліца горада: пясок і брук – чырвоны камень. Брук канчаецца, крыху не дацягнуўшы да горада, абрываецца абрывам. Падводы, што кіруюць на базар, кожны раз падскокваюць на абрыве, і падскок гэты лепш за ўсё гаворыць дзядзьку, што ён ужо ў горадзе, што хопіць яму лунаць дзесьці ў аблоках, час спускацца на грэшную зямлю. Крыху збочыўшы з бруку, а адсюль здаецца – і па самім бруку, бягуць, бягуць тэлеграфныя слупы, бягуць у хвойнік, праз хвойнік, які абапал бруку, праз хвойнік, у якім губляецца і сам брук, пераходзіць у шлях, што звязвае Слабаду з іншымі вялікімі гарадамі. Вуліца ж, скіраваўшы дзядзьку на плошчу, драбніцца на мноства вулачак і завулкаў і проста сцяжынак, разабрацца ў якіх, куды яны вядуць, не надта лёгка. Базарная плошча – гэта таксама пачатак дарог, вытокі, вусці мноства рачулак, па якіх ходзяць машыны і падводы, прыбывае і ўбывае вясковы люд: хуткія на нагу дзядкі ў кашулях навыпуск, падпяразаных папружкай, з перакінутымі цераз плячо на кійку ботамі ці чаравікамі; усмешлівыя маладухі, якія крыху з пагардай, а крыху і са спалохам прыглядаюцца да ўсяго гарадскога; шустравокія хлапчукі ў цяжкіх ад дарожнага пылу суконных касцюмах, калашыны якіх ашчадна ці то падкасаны, ці то, наадварот, запраўлены ў шкарпэткі; хлопцы, што ўжо ваўсю жаніхаюцца, злёгку з перасыццю, у расхлістаных кашулях, праз якія так і ломяцца загарэлыя і магутныя грудзі, хлопцы гэтыя глядзяць на горад і ўсё роўна як прыцэньваюцца да яго, прымяраюць яго да сябе.
Базарная плошча – гэта і пачатак вялізнай пусткі, якой ні канца ні краю, на якой слабадзянскія навасёлы адкрылі свае ўласныя кар'еры і чэрпаюць хто адменна тлустую слабадзянскую гліну, хто адборны, зярнятка ў зярнятка, белы пясок, жвір. Само сабой, там раскашуюць і дзетдомаўцы.
На краі пусткі вялізны з белага пяску курган. Па дзетдомаўскіх паданнях, якія з часам сталі паданнямі і слабадзянскімі, курган гэты незвычайны, не толькі прыстанішча груганоў, не толькі зборышча мышэй, але і прытулак, стан бандытаў і разбойнікаў. Адны кажуць, што там праводзіла ўжо аблаву міліцыя, злавіла процьму бандытаў, вывезена шмат усякага дабра – на дзесяці падводах везлі, але ж божацца другія, што да кургана ў гарадскіх улад не дайшлі яшчэ рукі, а там захаваны ці то скарб старажытных князёў, ці то каштоўнасці і маёмасць, што з усяго свету нахапалі фашысты; і пагодлівым сонечным днём курган, на якім, здаецца, днюе і начуе старая, аблезлая варона, цягне да сябе дзетдомаўцаў, а як упадзе цемра – наводзіць жах. Справа ў тым, што ля кургана пралегла дарога, якая вядзе на станцыю, а дзетдомаўцы любяць развітвацца з тымі, хто ад'язджае ў свабоднае жыццё, на станцыі, любяць глядзець, як садзяцца яны ў вагоны, як кратаецца цягнік, як набіраюць хуткасць колы, як знікае з вачэй у белым дыме апошні вагон. І вось кожны раз, набліжаючыся да кургана, уступаючы ў цень ад яго, яны прыціхаюць і ўсё чакаюць, чакаюць, што вось-вось хтосьці вынікне з гэтага ценю і пачне іх рабаваць. Але курган ціха і сонна маўчыць. А аднойчы ён раптам узяў і знік, нібыта і не было яго, як прывід нейкі. Пустку закідалі цэглай, дошкамі, бярвеннем, бетоннымі плітамі, тэхнікай. На пустцы стала цесна. Усё, скончылася ціхае жыццё ціхай Слабады.
Пачалася будоўля. Адначасова заклалі падмуркі Палаца культуры, гасцініцы і рэстарана. І яшчэ аднаго неабходнага гораду збудавання: на дванаццаць вочак, па шэсць з кожнага боку. Першым у строй дзеючых уступіў рэстаран, а потым падаспела і гасцініца, і вось працуе ўжо і Палац культуры. Толькі збудаванне на дванаццаць вочак усё ў той жа першапачатковай стадыі: вочкі ёсць, перагародка паміж імі ёсць, а пра сцены, пэўна, забыліся. Але гэта, зрэшты, не шкодзіць таму, каб збудаванне выкарыстоўвалася згодна з прызначэннем.