«Суу-ууд ёт-ёт-ёт» – пакацілася над плошчай, гонтавымі і саламянымі стрэхамі хат, загуло ў лісцях дрэў, над аціхлай Слабадой. Лецечка і ўсе, хто быў побач з ім, распраміліся, выпрасталі спіны, шоркнулі па зямлі ботамі і чаравікамі. І доўгая, гаротная цішыня каменем лягла на зямлю. Толькі там, за шклом і бетонам, у Палацы культуры, – выразныя і ўсё мацнейшыя, як удары метранома, што адлічвае час, але не секунды, а гады, крокі. Абвальны грукат адсунутых крэслаў і уздых. Уздых там, у зале, і тут, на плошчы. Уздых хваляй прамчаў па плошчы, па горадзе і знік – поле і лес паглынулі яго. Пад нагамі ў Лецечкі толькі здрыганулася зямля, зямля, здалося яму, таксама ўздыхнула. Лецечка адштурхнуўся ад слупа і пайшоў па дрыготкім, растопленым асфальце, але кіраваў ён не ў дзетдом, а ў поле, дзе палавела ўжо жыта. Неба, мсцілася яму, наблізілася да зямлі. І было яно ўжо зусім не небам, а блакітным празрыстым шарам. І ён ішоў пад гэтым ашчадным да яго шарам, кратаў яго рукамі. Шар быў цёплы, родны. І скрозь добра відаць было ўсё: і жыта, і далёкія, пакрытыя саломай і чаротам хаткі і хлявы вёскі, што была пад горадам, і конь, і жарабё, што стаялі на ўзгорку, і бабулька, што рвала сурэпку на картаплянішчы, і буслінае кубло на вільчыку старой хаты, і сам бусел, які выстойваў на адной назе, як вартаваў усё, што бачыў Лецечка, вартаваў сам час, бела-ружовы ў ружовым ранку бусел. Колька адвёў вочы ад вёскі, скіраваў позірк туды, дзе выгіналася сярод парослых ніцай лазой і вербалозам балацін і пагоркаў, сярод белых выспаў пяску дарога, дзе стаялі аціхлыя маладыя хвойнікі, і пабег, пабег вокам па даляглядах, па пясках, лясах, выжарах. Усё гэта было яго. Усё гэта было знаёмым і дарагім яму. І ўсё гэта было ад яго за блакітным родным і чужым шарам. А ён прагнуў туды, на гарачы, як прысак, пясок, у змрочную, маркотную прахалоду хвойнікаў. Але Лецечка ведаў, што туды ён ужо не дойдзе. І ён углядаўся ўдалячынь без нуды і суму, баючыся толькі аднаго – мімавольнай слязой парушыць гэты блізкі і далёкі свет.
Але свет быў парушаны не ім, а гудам матора экскаватара, расстраляны як аўтаматнай чаргой. Не прыкмечаны Лецечкам экскаватар капаў траншэю. Палутарка валачыла па зямлі на дроце дзве ржавыя трубы. Рабочыя пракладвалі да вёскі водаправод. Колька падышоў да траншэі і лёг на выкінутую з яе крыху вільготную зямлю і гліну. Траншэя была глыбокая, метры са два глыбінёй. Але дзіўна, і на паверхні яе, і далей, углыб, – пясок і гліна. І больш нічога – ні каранёў адмерлых дрэў, ні чарапкоў якіх, ні якой-небудзь каменнай сякеры, ні асколкаў, ні міны, ні косткі. Нібыта ніколі не ступалі на гэтую зямлю ні звер, ні чалавек, не падаў тут ніхто, ніхто нічога не губляў. А Лецечку здавалася, што калі зямля так густа заселена людзьмі, перапоўнена жыццём, то яна павінна была поўніцца і памяццю далёкага і блізкага жыцця. Варта толькі калупнуць яе – і зямля ажыве, загаворыць. А тут толькі гліна і пясок. Але ж і па гэтых глінах і пясках яшчэ да яго прайшлі тысячы і тысячы, мільёны людзей. Няўжо ж яны не пакінулі пасля сябе і следу, ніякай адзнакі? Як жа яны ішлі – па паветры ці ляцелі, чым яны сілкаваліся, што елі – не святым жа духам жылі? Чаму ў гэтай раскапанай зямлі няма і намёку на чалавечую жытку і на смерць чалавечую няма намёку ў зямлі? Няўжо ўсё адбываецца толькі на зямлі? Куды ж усё гэта знікае потым?
Ці гэта толькі тут так, на пустое, няўдалае месца натрапілі? Не можа быць, каб усюды так. Знаходзяць жа людзі і стойбішчы старажытнага чалавека, і скарбы знаходзяць, натрапляюць на цэлыя гарады старажытныя, а яму не шанцуе, не дадзена яму паглядзець нават на бітую старадаўнюю гладышку. А мо і тут што-небудзь адкапаюць? Такая вялізная, глыбокая траншэя, столькі зямлі перакапана, і столькі яе яшчэ перакапаць трэба! Ён падышоў бліжэй да экскаватара, пачаў сачыць за яго работай. І ўтрапёна глядзеў на магутнасць і бязлітаснасць гэтай магутнасці: быў уражаны тым, як коўш без усякіх разваг угрызаўся ў зямлю, драпежыў яе, нямую, маўклівую. Якая ж пасля гэтага можа быць тайна, ці ёсць каму паратунак ад гэтых бязлітасных стальных зубоў? Зусім іншая справа заступам, асцярожненька. Але дзе гэта набрацца столькі заступаў? Ды там, у вёсцы, ад смагі сканаюць. Няхай ужо лепей экскаватарам. Толькі шкада, што ў коўш яму не трапляе нічога добрага. Цяжка змірыцца з тым, што вакол цябе толькі пясок і гліна. Гліна і пясок – усё, што засталося ад людзей, звяроў, нават ад вайны, якая прайшлася па гэтай зямлі. А дзе ж золата, дзе нафта? Няўжо такая бедная яго зямля? Няўжо яму не пашанцуе нічога знайсці, адкрыць на ёй? Ён жа, як і ўсе дзетдомаўцы, марыць аб знаходках і адкрыццях.
Шчыруе руплівы коўш экскаватара. І толькі гліна, толькі пясок. І галасоў нават ніякіх не чуваць, колькі ні прыслухоўваўся, а не чуваць, каб кагосьці клікала зямля. Гудзе толькі экскаватар, калупае, дзяўбе пясок і гліну грак, але ён нічога спажыўнага не знаходзіць; абуджаным аваднём звініць, сыходзіць ужо ранак. Абагрэты сонцам пясок абсох ужо, цячэ, з жоўтага бярэцца белым. Суха скочваюцца з горак пясчынкі, шамацяць, патрэскваюць, як усё роўна вазок коціцца з узгорка, шмат белых вазкоў, толькі ад кузні – і ў дарогу. Калі пакласці галаву на зямлю, здаецца, як бы песня якая плыве над зямлёй, песня без слоў: а-а-а. Манатонная, глухая... Выходзіць, усё ж ёсць голас, чутно, адпявае ўсё ж некага зямля. Не пустая яна, ёсць жыццё і ў зямлі, а жыве ў ёй спрадвечная скруха. Па кім яна, па тых, што ляжаць цяпер у зямлі, ці па тых, што яшчэ лягуць? Чым вышэй сонца, тым гучней, больш надрыўна песня. І вядзе яе ўжо не толькі зямля, вось яе ўжо заспявала, закалыхала маркотным веццем бяроза каля траншэі. Вось падаў, уплёў у яе свой голас і далёкі хмызняк, загаманіла коласам спачатку ў рознагалосіцу, а потым патрапіла, узяло сваю вышыню, сваю ноту і жытняе поле: а-а-а. Ляціць над зямлёй песня. І не толькі скруха ў ёй, але і радасць. Радасць, што слухаеш яе, што гэтая песня і ў табе. Трэба толькі прыслухацца да сябе. Пакласці гарачую даланю на гарачы пясок. Увойдзе ў цябе песня, тужлівая ці вясёлая. Гэта ж мо і не зямля спявае, а сам ты спяваеш. Зямля толькі прыслухоўваецца да цябе, пашырае, множыць тваю песню.
– Ты завеш мяне, Зямля? – пытае, прыпадае да зямлі вухам Лецечка.
– Лецечка, Ле-е-цечка-а-а... – чуе ён глухі і блізкі голас. І песня знікае, вясёлая і тужлівая. Ціха ўсё навокал, як вымерла. Колька падхапіўся з зямлі.
– Лецечка, увесь дзетдом з ног збіўся, цябе шукаючы. – Перад Лецечкам баба Зося.
– Што я, іголка, сам знайдуся...
– Нельга табе з дзетдома сыходзіць, дзіцятка...
– Мне цяпер ужо ўсё можна. Навошта падманваць мяне, баба Зося? Усё можна. Усё дазволена...
Экскаватар перашкаджае іх размове, яны адыходзяць ад яго.
– Што можна, што будзе, каму што наканавана, ведае адзіны толькі бог, – гаворыць баба Зося, і вочы яе вільгатнеюць, чырванеюць.
– А ёсць бог, ты верыш у бога?
– Табе я магу сказаць, што ёсць, веру...
– Во відзіш, відзіш, мне цяпер ужо ўсё можна...
– Няма бога, Лецечка, і не веру я. Каб быў бог, ці ён дазволіў бы... Не, няма бога... Няма і не было ніколі.
– А Лабановіч быў?
– Гэта які яшчэ Лабановіч? Мо ты блытаеш, да вайны ў сельпо ў нас рабіў Кахановіч...
– Дык ты, выходзіць, зусім не тая Зося, не пані Ядвіся?..
– Тая, Лецечка, тая, якая ўжо ёсць – баба Зося... А вось Лабановіча, хоць ты забі мяне, не памятаю, блытаеш... Вось ты ўжо і злуеш на мяне. А хвалявацца табе нельга, нельга. Мо я яшчэ ўспомню Лабановіча...
– Я не злую, – сказаў Лецечка і схлусіў, таму што так злаваў, так абураўся ён упершыню за дзесяць гадоў жыцця ў дзетдоме.
Цягнуў жа яго чорт за язык, адняло б яго. Не толькі ў траншэі пуста, але і баба Зося зусім не Ядвіся, а ліха яго ведае хто. Няхай бы ўжо ён змоўчаў, і засталася б баба Зося пані Ядвісяй. А так – што? Звычайная старая, з выплаканымі вачыма, усохлая, замест ног – сцяблінкі, спрацаваныя сухія рукі, і твар ужо страціў узрост. Колькі такіх бабуль, падобных адна да адной, як дзве кроплі вады, колькі такіх бабуль у хлапчуковых моцных чаравіках, апошніх у іх жыцці, ходзіць па горадзе, колькі іх дажывае свой век па вёсках, замшэлых хатах, у закутках, адгароджаных ад людскога вока матэрыяй, каля дымных печаў. І вось адна з іх прыбілася да дзетдома, прыляпілася да сіроцтва, да ізалятара.
Лецечка амаль што ненавідзеў бабу Зосю, таму што яна зусім не тая баба Зося, якую ён прыдумаў сабе, таму што яна перашкодзіла яму прыдумляць далей, сапсавала ўсё на свеце, больш таго, парушыла яго асабісты свет, свет, які ён стварыў для сябе...
– Я ведаю, хто ты, – сказаў Лецечка, – ведаю, баба Зося.
Баба Зося ўсміхнулася і як памаладзела.
– Што ж тут ведаць, Лецечка...
– Ты жонка Захар'і, вось хто ты, баба Зося.
Баба Зося як не ўпала ў траншэю.
– Гасподзь з табой, гасподзь з табой, дзіцятка, што ты чаўпеш. Не магу я яму быць жонкай...
– Адкуль жа ты тады ведаеш яго, што за віна ў цябе перад ім?