Ціхая, мілая сэрцу Слабада з крывымі, удзірванелымі і прапыленымі вулачкамі, з прызбамі і лаўкамі каля хат, з абымшэлымі, крывымі платамі была адціснута кудысьці за блізкі свет. Слабадзяне, а больш таго дзетдомаўцы, былі ўзрушаны да самага сэрца – са спазненнем, але і для іх пачыналася эра каменю, бетону і асфальту. І тое, што больш за ўсё ўзрушвала ў гэтай эры, прыйшло не з камяніцамі, двух-трохпавярховымі дамамі, у якіх усё ёсць: вада ўсялякая, ванна, прыбіральня, – а з асфальтам. Жоўтыя, падобныя да чарапах машыны ўзялі горад штурмам, упаўзлі ў яго па пяску і бруку, як блазны, пацяшаючы народ на слабадзянскіх ямах, грэблях і калдобінах. А ў Слабадзе пайшлі ўжо як па масле: самі для сябе ладзілі і дарогі і масты, выцягвалі ўсё гэта са свайго гарачага чэрава, цягнулі за сабой чорныя стужкі дарог, як павук снуе павуцінне.
І дзетдомаўцы хадзілі следам за гэтымі машынамі, спачатку чакалі, калі яны стомяцца, прыстануць перад неадольнымі слабадзянскімі пяскамі і глінамі, а потым: калі ж гэта ўвесь горад будзе заасфальтаваны. Апусцеў дзетдом, апусцелі карпусы і палаты, усе з іх як перайшлі жыць на пустку. Зрэшты, пусткай цяпер ужо называлі тое месца толькі па старой памяці, а на самай справе там ужо быў цэнтр. У цэнтр, на асфальт, да слупа з чорнай патэльняй-рупарам і пацёг за сабою наступным ранкам Захар'я Лецечку. Лецечка прыбег да Захар'і ў будан, каб пагаварыць з ім аб жыцці і смерці. Захар'я сядзеў на саломе і пераабуваўся, старанна накручваў на вялізную жоўтую нагу амаль што цэлую прасціну.
– А, ты яшчэ жывы, Лецечка-ліхалецечка. Здароў, здароў, пад'еў і зароў, – прывітаў ён Лецечку.
– Здароў, здароў, – у тон яму адказаў Лецечка. – Ніякіх здарэнняў за ноч не было, не ўкралі цябе гэтай ноччу? Як спаў, нічога не муляла, сабака над вухам не брахаў?
– Не, спяшу дакласці, таварыш начальнік: спаў мякка, саломка і зямелька не мулкія. Свет за ноч не перавярнуўся, усе яблынькі ў наяўнасці. Развіднела як і належыць, у свой час. Яшчэ пытанні ёсць?.. – І Захар'я, як у трубу, убіў нагу ў халяву, узяў яшчэ адну прасціну, паслаў яе на саломцы, разгладзіў, прымерыўся і паставіў на край прасціны босую нагу.
– Ты што гэта, як ні то ў госці збіраешся?
– О, на гэтую справу я заўсёды гатовы. Гасцяваць, браце, не зямлю капаць, толькі вось часу на гасцяванне не хапае. Уднела – і праца кліча. Тупаць, тупаць ахвота, мясіць зямельку... Не, браце, не для таго чалавек прыходзіць на свет, каб спаць, каб памерці, а каб працаваць, працаваць, бачыць, як свет перайначваецца, і самому яго перайначваць.
– Ці не шмат ты на сябе зранку бярэш, Захар'я? Свет перайначваць...
– Во-во, малады ты, таму і дурны, па табе, перайначыць – гэта значыць перавярнуць. А па мне, палку ў зямлю ўтыркнуў – ужо ўсё і па-інакшаму. А калі гэтая палка ды яшчэ парасткі пусціць... – І другая нага з шумам і чмыхам лучыла ў бот. Захар'я падхапіўся з саломкі, патупаў, пацягнуў за халявы і задаволена паклаў на Лецечкаву галаву даланю, як цагліну кінуў. Была гэтая яго даланя і цёплая і халодная, але і цяжкая, шурпатая, што наждак. Колькава галава амаль патанула ў далані Захар'і, нават сонца не згледзець. Але Кольку было прыемна стаяць пад гэтай жывой страхой.
– Ох і здаровы ж ты, Захар'я, а ў маладосці, пэўна, быў яшчэ дужэй?
– А вала пабіваў, – адказаў Захар'я. – На спор ад пана залатую дзесятку меў.
– Як жа гэта ты пабіваў яго, вала?
– Потым, потым, Лецечка. Я і цяпер яшчэ дужы. А ў цябе сілы ёсць? – І Захар'я прыгнуў даланёю Лецечкаву галаву. – Ёсць, ёсць моц... Патрэбен ты мне сёння, Лецечка, на добрае дзела.
Захар'я пакінуў Лецечку, нырнуў у будан. Вылез з яго з паловай цагліны, старанна абцёр яе ад зямлі, дастаў з кішэні бушлата свежую, сённяшнюю, адзначыў Колька, раённую газету, загарнуў у яе цагліну.
– Навошта табе цэгла? – спытаў Колька.
– Калі ўзяў, значыць, патрэбна. Я ўжо даўно без патрэбы нічога не бяру.
– А цагліну як украў, ці яна залатая?
– Дурань ты, Лецечка, калі гэта цэгла залатой была, – слушна адказаў Захар'я. – А цэглу я пяць ужо гадоў не краду, як у дзетдом перайшоў, так ніводнай цаглінкі і не ўкраў.
– А быў час, краў?
– А быў час, краў... Адна ў адну роўна паўтары тысячы цаглін украў я на сваім вяку. Пяць гадоў рабіў вартаўніком на цагельні. І кожны дзень па цагліне. Печ выйшла. Меркаваў і на дом цагляны нацягаць, ды паперлі – драпежнік, раскрадальнік. Ото добра зрабілі, паспрыялі мне. Зараз як падумаеш, колькі дзён мне парыцца там, колькі цаглін перацягаць... А зараз аніводнай не трэба, не трэба... – І Захар'я зарагатаў. Колька паглядаў і не мог уцяміць: усур'ёз усё гэта ён гаварыў ці жартам.
– Было, было дзела пад Палтавай, – раптам згубіўшы свой смех, сказаў Захар'я. – А зараз цэглы на плошчы навалам ляжыць – еш, не хачу... Я палавінку падняў, для справы, Лецечка, для справы.
– Якая ж гэта справа ў цябе?
– Шмат будзеш ведаць, пастарэеш. – Захар'я зладзейкавата зіркнуў у бакі, схаваў загорнутую ў газету цагліну за пазуху і зашпіліўся, упершыню, пэўна, зашпіліў бушлат на ўсе гузікі. Узяў Лецечку за руку і павёў яго з дзетдома. На ганку ізалятара іх чакала, як усё роўна ведала, што яны тут будуць ісці, баба Зося.
– Дзень добры табе, Захар'я!
– Добрдзень, – мармытнуў Захар'я і хацеў крочыць далей, але баба Зося спусцілася з ганка і стала на дарозе.
– Мо хопіць, Захар'юшка, сэрца на мяне мець?
– Збоч, – сказаў Захар'я.
– Не, Захар'юшка, не, ведаю, куды твая дарога... Няма маёй віны перад табой, чалавек ты бязлітасны, няма, вось дзіцем гэтым клянуся...
– Няма – і суда няма, – сказаў Захар'я. – Не замінай мне. – І ён пачаў абыходзіць бабу Зосю, трымаючыся за Лецечкава плячо, як усё роўна за нейкі выратавальны круг. Лецечка каб і хацеў, то не здолеў бы вырвацца. Было яму крыху жахліва ад гэтай незразумелай гамонкі старых. Не бачыў ён раней, каб сыходзіліся яны разам, думаць не думаў, што яны ведаюць адно аднаго, што ёсць штосьці паміж імі. А выходзіць, што ёсць, ёсць, і штосьці вельмі няпростае. Баба Зося счарнела ўся і дрыжыць кожнай жылкай, кожнай маршчынкай моліць, упрошвае, крычыць, а Захар'я – што крэмень.
– Вох-ох-хох, – цягне ці то ўслед ім, ці то да неба рукі баба Зося. – Камень, камень ты, Захар'я? За якія грахі пакутую я? Каму яшчэ так пакутаваць выпадала, людцы...