– Аб чым гэта яна? – баязліва пытаецца ў Захар'і Лецечка.
– Не твайго розуму справа. Павые – перастане...
– Даўно ты яе ўжо ведаеш?
– 3 той пары, як лыжку ў рукі аплёў.
– Хто яна?
– Не назаляй мне, хлопча... Прыгожая. Красуняй у дзеўках была, вось за красу сваю і плоціць... За ўсё на гэтым свеце разлічвацца трэба: і за красу, і за пачварнасць, за хваробу і за здароўе... Не ведаю я яе і ведаць не хачу. І не пікні больш. Рот на замок, – сказаў і як сапраўды замкнуў, павесіў сабе і Лецечку на рот замок.
Яны ўжо выйшлі з дзетдома і падыходзілі да плошчы. А на вуліцы адбывалася штосьці незразумелае, надта ўжо ажыўленая была яна для гэтай будзённай раніцы. Да плошчы ўхваствалі, кіравалі коней, гналі падводы мужчыны, спяшаліся прыгожыя маладайкі, бусламі, спаважна, ступалі хуткія на нагу дзядкі. І грымела, грымела на ўсё наваколле бадзёрым маршам патэльня-рупар. Але хада ў людзей была не пад гэты марш, марш як бы збіваў іх з кроку, з думкі якойсьці збіваў, быццам бянтэжыў іх твары, і вочы ў людзей былі хмурныя, засмучоныя, не кранутыя музыкай.
На самой жа плошчы тварылася ўжо зусім штосьці неймавернае. Толькі гадавое свята, кірмаш у гэтае свята збіралі такое мора народу. Але ніхто нічым сёння тут не гандляваў. Не было ні звонкіх высачэзных гор з гаршкоў, гладышыкаў, макітраў, не вішчалі ў мяшках парсюкі, не кудахталі, не гублялі пер'я звязаныя гронкай, з сінімі мецінамі на баках куры, не сляпіў вочы жоўты бляск масла з кроплямі расы – нічога гэтага не было там сёння. Былі хмурныя, узрушаныя сяляне, якія ўсім кагалам, нават з груднымі дзецьмі з'ехалі з хат. Жанкі, каб суцішыць дзяцей, бясконца кармілі іх, бясконца лучылі ў іх разяўленыя раты сінія, абвіслыя цыцкі. І ўсе чагосьці чакалі, утульна і грунтоўна ўладкоўваліся на драбінках падвод, якія стаялі амаль што ўсутыч адна да адной. Чакалі коні, пераборліва чмыхалі ў торбы з аўсом, якія звешваліся з іх галоў. Змардавана чакалі, сноўдалі па базары мужчыны, якія не мелі коней, пешшу прыджгалі ў горад, чакалі чагосьці і гараджане, якіх таксама было нямала на плошчы. Захар'я спаважна здароўкаўся з мужчынамі, упарта прасоўваўся да ганка, да службовага ўвахода Палаца культуры. Супынкі гэтыя і здароўканне: «Жыў?» – «Жыў...» – «А Кузьма-прымак памёр ужо». – «Памёр...» – пэўна, былі не вельмі даспадобы. Ён кхекаў, адводзіў вочы ўбок, імкнуўся глядзець толькі сабе пад ногі, але яго ўсё роўна, высокага, магутнага, грувасткага, зглядвалі, уцягвалі ў гаману:
– Колькі ўжо гадкоў, Захар'я, мінавала, як мы з табой апошні раз балакалі?
– А незлічона ўжо...
– А баба твая яшчэ жыве?
– Жыве, жыве, трасца яе не бярэ...
– Пачакай, пачакай, тут у мяне на гэты самы выпадак ад бабы прытырана...
– Паспеецца, паспеецца, – ківаў Захар'я і даваў дзёру да наступнай падводы, да другога дзядзькі ці то да цёткі.
– І што-та ты, Захар'я, радню не прывячаеш, бяжыш...
– Прывячаю, Малання, прывячаю...
– І-і, удовая я стала, бедная, сабакі і тыя маю хату абмінаюць... Завалілася, Захарка, мая хата, перадавала, пераказвала праз людзей, каб ты наведаўся, падсабіў падняць, перасыпаць...
– Прыйду, Малання, прыйду...
– І то ж у мяне ўжо выціснута, як слёзка божая стаіць.
Лецечка здзіўляўся, колькі гэта знаёмых у Захар'і, на ўсе вочы разглядаў мужчын і жанок. Раней, калі ён адзін, без Захар'і, хадзіў па рынку, усе яны здаваліся яму на адзін капыл, непрыступныя, злосныя, якія дбаюць толькі аб сваім дабры, як больш выгадна тое-сёе прадаць, каб, барані бог, чаго-небудзь у іх не ўкралі. А зараз... і яму былі ўжо прыемныя частыя супынкі, размовы Захар'і. І Захар'я не хаваў перад Лецечкам свайго задавальнення, гаварыў яму:
– На мяне ўжо, Лецечка, ні адзін сабака не гаўкае, кожны сабака ведае мяне. – І рэзаў натоўп плячом, як масла, шчодра даваў кожнаму стрэчнаму-папярэчнаму «добрдзень».
– Цю, Захар'я. Ды ці не твой гэта часам хлопец?
– Мой, мой, кума, да другога разу...
– А ці скора ўжо тут пачнецца?
– Скора, скора...
– Я ж іх, Захар'я, гáдаў, як цябе, бачыў. У нашу вёску іх прывозілі. Я ад усяго нашага міру маёра хрыстом-богам маліў адвярнуцца на мінутку. «Понимаю, – балбоча, – отец. Понимаю, но служба, не могу». Ах ты маць тваю... А жыццё ў нас, Захар'я, нечага бога гнявіць. Жыць можна сёння. Ё і чарка, і да чаркі ё. Даюць сёння жыць, нечага бога гнявіць, жыць можна, каб не гáды етыя. Ці скора іх павязуць?
– Каго павінны везці, што тут будзе? – спытаў Лецечка ў Захар'і.
– Справядлівасць будзе, – адрэзаў Захар'я. – Трымай язык за зубамі, от яшчэ навязаўся на маю галаву.
Яны прыбіліся ўжо да ганка, але не з параднага, а з чорнага хода ў Палац культуры, да ценю, да прахалоды. І тут, у цяні, у прахалодзе, Захар'я нечакана спатнеў.
– Ох, братка, – сказаў Захар'я, уздымаючы галаву да казырка, які павіс над ганкам. – Прамашку, здаецца, даў, трэба было не цябе, а каго-небудзь дужэйшага залыгаць. Слухай, а можа, я цябе туды ўссаджу, га?..