Рыгор не адазваўся. I ўсю дарогу назад маўчаў. Ля помніка яшчэ здалёк ён прыкмеціў Баглая і двух сваіх сыноў...
— Няма мастака,— сказаў Баглай.— Халера ясная, няма, і ўсё. Як скрозь зямлю праваліўся. Усюды абзваніў... Ніхто не ведае, куды чалавек дзеўся...
— Трэба ехаць. Адклад не ў лад.
— Але ж... сумленне не дазваляе. Без подпісу дошка, халера ясная.
— Ідзі ты са сваім сумленнем,— з крыўдай і. жалем у голасе сказаў Вочка.
— Як такіх толькі, на рабоце трымаюць,— абурыўся і. Адам. Але Вечка не падтрымаў яго. Не хацеў ён гэты дзень пачынаць са сваркі, дый шкада яму было Баглая.
— Ды я ж як лепей хачу,— разводзіў той рукамі.— Прыдумаў. Налью вам у шклянку лаку, ваткі дам, на могілках літары самі і нафарбуеце. Мастака цяпер тыдзень не будзе. Такі ўжо гэта чалавек, халера ясная...
Яны ўжо выехалі са двара, як раптам Вечка схамянуўся:
Дошак, дошак не ўзялі. Стой...
— Абыдземся,— паспрабаваў угаварыць яго Адам.— Нельга вяртацца, няшчасце будзе.
— Адчапіся, што мы без дошак...
—Будзе няшчасце,— гаварыў Адам.— Будзе няшчасце, будзе...
I сапраўды. Толькі павярнулі. па мост праз раку — з завулка выскачыў на добрай хуткасці нагружаны МАЗ. Якраз нацэліўся бокам у борт, дзе сядзелі стары Вечка :і Адам. I здавалася, ужо ўсё, нідзе няма паратунку. Адама з Рыгорам асляпіў белы твар шафёра МАЗа, нібыта яго абсыпалі мукой, яны ўчапіліся адзін за аднаго і прыліплі да абабітага жалезам борта машыны.
«За што, Лукер'я?» — толькі і паспеў прамовіць сам сабе Рыгор, а МАЗ, якімсьці цудам не крануўшы іх машыны, прамільгнуў перад вачыма, ахінуў іх густым воблакам дыму і лёгка так пакаціўся з гары.
— Няўжо пранесла? — імкнучыся збіць з сябе страх, пачаў атрасацца Адам.
Рыгор паглядзеў па сыноў, тыя нічога і не зразумелі, напэўна. Сядзелі сабе і глядзелі. на раку.
«Сыноў пашкадавала. Адвяла бяду ад сыноў,— падумаў Вечка.— Вось аб чым ты сёння ў сне папярэджвала мяне. Гэта добра, Лукер'я, і за гэта дзякуй табе. Не хочаш ты мяне бачыць. А што я магу зрабіць? Не толькі дзеля сябе жыву на гэтым свеце. Во як стрэнемся, тады іншая справа. Пачакай ужо, Лукер'я, пачакай. Толькі вось пастаўлю хатку апошняму сыну і тады свабодны я, можаш забіраць мяне да сябе... А цяпер не пужай мяне, не пужай, таму што дарэмна гэта. Усё роўна я сёння буду з табою. Калі я табе такі нямілы, прывязу да цябе тваю маці. Толькі ты прабач: я не ведаю, ці жывая яна, ці ўжо даўно з табой. Разышліся нашы дарогі. Страшна і падумаць, як раз'ядноўваюць людзей ці то жыццё, ці то смерць, чаго сцерагчыся на гэтым свеце трэба. Мо ты мне што-небудзь падказала б? Цяжка мне ехаць да цябе, каб ты толькі ведала, як цяжка. Чаму — і галавы не прыкладу. Не ведаю, дзе, калі і як правініўся я перад табой. Мо тым, што застаўся жыць? Дык ты павінна знаць, што я не бярог сябе, шукаў смерці, а смерць мяне не брала. I з гэтым МАЗам ты добра прыдумала, добра. Толькі пачакай ужо трошкі. Больш як чвэрць веку чакала, ну і яшчэ крышачку, я ад цябе нікуды не дзенуся. Я хачу пабачыць цябе, пакуль яшчэ жывы, пасядзець каля цябе, убачыць цябе маладой, успомніць, як добра ў нас з табой усё пачыналася».
А машына тым часам вырвалася з гарадскога асфальту і затраслася па бруку. Па дне кузава пачалі раз'язджацца жалеза, мармур, пясок. Антон учапіўся за пліту. За яе баяўся найбольш. Яму здавалася, што, калі трэсне пліта, будзе тое ж самае, як маці загіне яшчэ раз. Яму здавалася, што вось у гэтую хвіліну ён ратуе не пліту, а маці. Пліта, камень, ператварылася для яго ў маці. I ад таго, што гэта быў маўклівы камень, мёртвы камень, пры кожным подкідзе машыны яму было боьш балюча, чым тады, калі б замест пліты быў жывы чалавек. Антон амаль прасіў пліту вытрываць, не разбіцца, і, калі б можна было, ён лег бы сам пад яе, толькі было б ёй мякка. А дарога была няўмольная. Яна кідала людзей і камень на адзін, на другі бок, то гнала наперад, то адсоўвала назад, то нібыта імкнулася пазбавіцца ад іх зусім, падкідвала іх высока ўгору. Была здзіўлена, што такія ўчэпістыя гэтыя людзі. Кончыўся брук, і стала яшчэ горш. Хвойнік і бярэзнік абапал дарогі парадзелі, пайшлі выжары, балоты, а потым замільгацелі белыя выспы пяску.
Набліжалася вёска. Непрыкметна да самай дарогі падбегла бульбяное поле. Захутаныя пад самы падбародак хусткамі, па полі хадзілі. жанчыны з бляшанкамі ў руках і раз-пораз нахіляліся і штосьці абіралі з бульбоўніку, напэўна, каларадскіх жукоў.
— Спыні! Спыні! — раптоўна ўгледзеўся ў гэтых жанчын і поле Адам, крычаў і махаў рукамі.
Машына стала. Ён лёгка скочыў на зямлю і накіраваўся да ўзгорка, да адзінокай, са ссечанай, высахлай вяршалінкай бярозкі на ўзгорку. Параўняўся з бярозкай, спыніўся, пакруціўся вакол яе і бягом, з усіх ног, кінуўся назад.
— Вось тут за мной і ганяўся той самы падлюка Герынг сказаў Адам Рыгору, калі яны ўжо кранулі далей.
Рыгор не першы раз чуў ад Адама пра Герынга і змоўчаў: цішыні, роздуму прасіла яго душа. І Адам, як зразумеў гэта, павярнуўся да хлопцаў, закрычаў на іх:
— Вы чаго тут сядзіце, як ёлупні, чаго? Трымайце помнік, такая дарога паб'е, патрушчыць усё. Не давезямо, добра трымайце.— І ўчапіўся ў абразкі стальных двухтаўровых бэлек, нібыта тыя маглі разбіцца. Антось па яго прыкладу ўзяўся падтрымліваць дошкі. Яму ўжо даўно было крыху не па сабе. Маўклівасць бацькі, брата і гэтых мармуровых пліт ужо даўно гняла яго, быццам ён сапраўды ехаў у машыне разам з нябожчыкам, сядзеў каля труны. I ён баяўся дакрануцца да каменя, дошак, жалеза.
Алесь напракаў сябе за такія думкі, але і інакш думаць не мог. Да таго ж, ён баяўся, што гэтая мёртвая жанчына можа ўпікнуць яго за такія думкі, ён ніяк не мог пазбавіцца ад адчування, што жанчына тая знаходзіцца побач з ім, стаіць за яго спіной, і абрадаваўся выбуху энергіі Адама...
А сам Адам ужо забыў пра свой загад, устаў, абхапіў пліту і ехаў стоячы, не зважаючы на бясконцыя штуршкі. Рот яго быў скрыўлены ў нямым безгалосым крыку. Ён сапраўды крычаў, але ніхто не мог яго чуць, як ніхто не чуў і тады, каля трыццаці гадоў назад, калі па яго душу прылятаў той самы падлюка Герынг. Тады на гэтым полі не было яшчэ бульбы, нічога не было. Адам толькі араў яго, каб засяваць, рыхтаваў і сам не ведаў, пад што, бо не было чым засяваць поле ў тую далёкую вясну. Пара старых валоў рухалася паволі, Адам сцябаў іх і ўгаворваў і плакаў у разоры. А валы сабе хоць бы ніхто, нават не аглядваліся на яго біццё і слязу, зрэдку накручвалі абрэзанымі хвастамі і ішлі марудна.
Раптам яны ўзнялі галовы, навастрылі вушы і пайшлі самі па сабе спорным, добрым крокам. Адаму нават ужо прыходзілася бегчы за імі. А з-за лесу, з-за хмар выплывалі на поле, накіроўваліся да чыгункі чатыры нямецкія самалёты. Яны нізка праляцелі над Адамам з яго валамі. Адзін, а мо і два з іх сыпанулі па аратым з кулямётаў. I па чыгунцы загрымелі выбухі. Валы пайшлі яшчэ шпарчэй, і хлопчык ледзь паспяваў кіраваць імі, ледзь паспяваў выцягваць з зямлі цяжкі плуг і зноў заганяць яго ў зямлю. Тлустая зямля, даўно не араная, нібыта счарсцвелая луста хлеба, развальвалася пад плугам.
Выбухі сціхлі, самалёты адбамбіліся і вярталіся назад. Яны зноў былі над Адамам з валамі. Дзіўна, але яму ў той час і ў галаву не прыйшло схавацца. Ды і дзе схаваешся — вакол голае поле, адзіная толькі бярозка пасярод узгорка. Самому яшчэ так-сяк, ці то пад бярозку, ці то сунуў галаву пад скібу зямлі, а валы? Куды дзяваць валоў? Гэтая лядашчая пара была амаль адзінай жывёлай у калгасе. Загінуць валы, то што ён мусіць сказаць старшыні, чым апраўдаецца. Не, лепш ужо што будзе.
I Адам ішоў па полі пад далёкія выбухі бомб, а потым і пад блізкія, прызначаныя яму кулямётныя чэргі. Лётчыкі, усе чацвёра, далі па чарзе па ім і па валах, але кулі мінулі іх. Тры самалёты паляцелі сваёй дарогай, зніклі ў небе, а чацвёрты развярнуўся і пайшоў на Адама. Ён быў адкрыты самалёту з усіх бакоў і бездапаможны. I нямецкі лётчык секануў вясновую зямлю кулямётнай чаргой перад самымі мордамі валоў. Тыя спыніліся, Адам штомоцы ўрэзаў іх пугай і, захлынаючыся слязьмі, прыпаў да плуга:
— Пайшлі, ваўкарэзіны.