А сцёбачка стаяла ўваччу, хоць ты вочы выдзірай. Ён успомніў, як ставіў гэтую сцёбачку. Употайкі ад усяго свету браў на станцыі шпалы, цягаў аполкі. I ў сцёбачцы заўсёды, колькі жыў ён у ёй, як ні мазаў сцены глінай, пахла крэазотам. Рыгор уздыхнуў, і здалося яму, што хапіў не паветра, а крэазоту, крэазотам дыхнула ў яго новай хаце. Рыгор усхапіўся, прыгледзеўся і толькі цяпер пачуў, як цяжка дыхае жонка.
Ты не спіш? — ціха спытаў ён яе, больш за ўсё жадаючы, молячы яе, каб яна не адазвалася, нават калі і не спіць.
І яна не адазвалася, мо і сапраўды спала, а мо разумела яго, не хацела падаваць голасу. І Рыгор тую ж хвіліну забыў аб ёй, быццам ніколі яе і не было, загаварыў з той, мёртвай, для каго мёртвай, а для яго заўсёды жывой:
— Нічога, нічога, Лукер'я, спі, спі, нічога мне не трэба...— І, як бы баючыся парушыць яе сон, сам сабе: «Ты прабач мне, Лукер'я. Лепшай, чым ты, мне жонкі і не трэба было. Але што рабіць... Мо я і вінаваты перад табой, але што рабіць, калі тыдня, тыдня ты не дажыла да вызвалення, і за гэты тыдзень я пакутую ўсё жыццё... Перш думаў, што так адзін ужо і дажыву свой век, але што рабіць, што рабіць. Яна была такая ж, як і я, беспрытульная, знявечаная вайной. Я страціў цябе, яна страціла мужыка. І што нам было рабіць? Мо гэта і лепей, што мы сышліся і я на якісьці час забыў цябе... А я імкнуўся і ў чужой душы знайсці, адкрыць хоць часцінку цябе. А з гэтай жанчынай мы былі роўныя: у яе ад першага мужыка засталася дачка, у мяне — ад нас з табой — сын, я страціў цябе, яна страціла мужа. І абое мы былі страчаныя. А зараз у нас дзеці...»
Рыгор сціх і зноў прыслухаўся да дыхання жонкі. Яно было такім жа цяжкім, і няроўным, і чужым. Чужым чужым. Такім, што ён адразу і не зразумеў, хто гэта ляжыць побач з ім, адкуль узялася гэтая жанчына. Яму стала сорамна і горача, нібыта ён ляжаў з ёю на вачах у Лукер'і. Рыгор ненавідзеў гэтую жанчыну, узненавідзеў за якуюсьці адну хвіліну. Яшчэ крыху — і ён скінуў бы яе з ложка. Ён ненавідзеў яе сапенне, яе цяжкае дыханне, яе любоў да яго і пакуты за яго. Нічога-нічога яму не трэба было ад гэтай жанчыны, абы знікла яна, толькі ніколі не было б яе ў яго жыцці.
I ён быў бы шчаслівы. Гэта яна, тая, што ляжыць разам з ім, цяпер вінавата ва ўсім.
Рыгор адчуў, што несправядлівы да сваёй жонкі, да сваёй другой жонкі, але з прабачэннем ён зноў звярнуўся да Лукер'і: «Дзе той справядлівасці назапасішся, Лукер'ечка...» Яму захацелася згінуць і ніколі-ніколі не бачыць вачэй жанчыны, з якой ён пражыў амаль трыццаць год. Трыццаць год прайшло, а Лукер'я, як жывая, перад вачыма, усё — як сёння...
I Рыгор зноў уголас застагнаў ад пякучага болю.
Другая жонка, якая нарадзіла яму траіх дзяцей, якая была яму цяпер зусім чужая, пачала клапатліва падхінаць над яго збітую коўдру. А яму ад гэтай яе соннай клапатлівасці і пяшчоты было яшчэ ніякавацей, яшчэ цяжэй. Не мог ён у гэтую хвіліну нічога прыняць ад яе, нават такой дробязі, як коўдра, не хапала і сілы, каб адштурхнуць яе руку.
Ён пражыў з ёй каля трыццаці гадоў, але так і не ведаў: кахае яна яго ці не, не ведаў, ці кахае ён яе. Раней Рыгор баяўся такога пытання, а пазней яно стала лішнім. Жылі сабе, ды і ўсё. "I яна, напэўна, маўчала аб гэтым, таму што берагла памяць аб сваім першым мужу і ўсё жыццё саромелася яго, Рыгора, а ён саромеўся яе. Жылі — як быццам укралі шчасце. А разабрацца, дык ці вінаватыя яны ў чым, ці вінаватыя ў тым, што былі шчаслівыя? I колькі такіх, як яны, на свеце?
«Ці гэта ва ўсіх так? — падумаў Рыгор.— Бедныя-бедныя людзі, за што вам такія пакуты? I ці ёсць вінаватыя? Прабач, прабач, Лукер'я, табе там не лягчэй, чым нам тут. I не зайздросць, не зайздросць мне, як не зайздрошчу я табе. Я ехаў дамоў з Германіі і вёз табе падушку з пер'я, добрую падушку. Я вёз яе, хаця ўжо і здагадваўся, што не трэба табе падушка, там, дзе ты, ужо спяць без падушак, але спадзяваўся... вёз. Падушку і стары веласіпед. Веласіпед разбілі браты мужа маёй будучай другой жонкі, напэўна, каб я ніколі больш не прыязджаў да яе.
Я бачыў, як яны ламалі яго. Разганялі і на ўсім хаду білі ў калоды, якія ляжалі пасярод вуліцы. Да крыві паразбіваліся самі, веласіпед хоць і старэнькі, але ўсё ж быў моцны. Я стаяў каля акна і паглядаў, як яны яго даводзілі да ручкі, і мне было зусім не шкада яго. Мне здавалася, што гэта разбіваецца мой успамін, мая памяць аб вайне. Хлопцы былі дужыя і злосныя, яны любілі свайго брата і разбілі мой веласіпед ушчэнт... А я любіў цябе, Лукер'я, я радаваўся, што яны любяць свайго брата, мо мы з ім дзе і сустракаліся на вайне, мо ён мне і выратаваў жыццё ў Аўстрыі... Мо ты там, на тым свеце, сустрэла яго і вы разгаварыліся адно аднаму, успомнілі тых, каго пакінулі, і зрабілі ўсё, каб мы сустрэліся з гэтай жанчынай, яго жонкай, бо трэба ж было гадаваць сірот, трэба ж было камусьці ставіць іх на ногі.
Я выйшаў на ганак, хлопцы ўжо чакалі мяне, яны паднеслі мне па руках тое, што засталося ад веласіпеда.
— Гэта мой вам падарунак, мае даражэнькія,— сказаў я ім.— Больш у мяне нічога няма.
А яны, дурні, нічога не зразумелі. Маладыя. Глядзелі па мянс і радасна, здзекліва пасміхаліся... Калі мне паднеслі веласіпед, я ўжо ведаў, што назаўсёды застануся ў гэтым доме. Калі браты мужа берагуць так нявестку, то яна павінна быць добрым чалавекам. А я шукаў не так жонку, як добрага чалавека, маці нашаму сыну.
Прабач, Лукер'я, што я не спытаў у той час дазволу ў цябе. Але я пытаў яго ў неба і ў ночы. З маёй будучай жонкай мы крыху пазней найшлі па вечарынку ў пустую хату на ўскрайку сяла. Тады яшчэ былі пустыя хаты, хаты, у якіх баяліся жыць, якія чакалі сваіх гаспадароў. У той пустой хаце я разам з іншымі па чарзе крычаў у даўно непрапалены комін і слухаў рэха. Гэта так удовы і ўдаўцы пыталі лёс, што ён ім накануе, каго пашле, чыім імем адзавуцца ноч, комін, хата. Гэта была мая не першая вечарынка. I не першы крык у апаленую цемру. Але да гэтага разу я не чуў, каб мне хто адказаў. Акрамя цябе, Лукер'я, акрамя цябе, мне заўсёды выпадаў твой голас... А тады... Я крыкнуў, кінуў голас у неба і ноч і замёр. I ты, гэта быў твой голас, Лукер'я, ты азвалася ў тую ноч імем маёй будучай жонкі.
I па дарозе дамоў я сказаў ёй:
— У мяне ёсць сын.
Яна адказала:
— А ў мяне расце без бацькі дачка.
Больш мы ні аб чым не гаварылі. Ды і аб чым было гаварыць? Хіба гэтага мала? Усё астатняе за нас сказалі. стрэлы. Адзін па табе, Лукер'я, другі — па яе мужу. Што мы маглі дадаць да гэтых стрэлаў, ці маглі мы іх заглушыць, ці маглі мы адвесці кулі?.. Мы збудавалі новую сям'ю.
Вось і ўсё, Лукер'я, цяпер судзі мяне... Далей была работа, да сённяшняга дня я не разгінаўся. I зараз яе дачка і наш з табой, Лукер'я, сын выйшлі ў людзі, яны пажаніліся — жонка і муж. Жывуць спраўна... Спраўна жыву і я. У мяне ладны дом, карова, парсюк, але... лепей бы я жыў у нашай крэазотавай сцёбачцы... Прабач мне, што я даўно не праведваў цябе. Перш заходзіў часцяком, але потым яксьці стала не па дарозе... Ну, ды нічога, нічога, сёння ўжо сустрэнемся. Дзякуй сыну, што падрыхтаваў гэтую сустрэчу».
Рыгор падняўся і падышоў да сыноў. Тыя спалі на адным ложку, па-дзіцячы абняўшы адзін аднаго. Рыгор пастаяў над імі, хацеў паправіць ім падушку, але перадумаў, пагладзіў па галаве аднаго і другога і пайшоў да свайго ложка. Ужо развіднела, шэры золак ліўся ў акно. I можна было разгледзець твар жонкі, якая ляжала галавой к акенцу. Гэта быў змучаны твар, ля вуснаў, паміж броваў і па скронях стаіўся боль, ён маршчынкамі, як промнямі, рэзаў твар, перакошваў яго і збіваў дыханне і торкаў жанчыне ў павекі. Але зусім іншага шукаў у гэтым твары Рыгор, а чаго — і сам не ведаў. Ведаў толькі, што болю яе палегчыць сёння не зможа. Сёння ён быў жорсткі, як бывае жорсткім чалавек, які парывае са сваім каханнем. А гэты сонны і не сонны твар на світанні быў незнаёмы яму, зусім-зусім чужы. Рыгор раззлаваўся на яго і абурыўся на сябе за гэтую сваю злосць. I яму стала горка, што каля трыццаці гадоў пражыу з жанчынай, выгадаваў траіх дзяцей і не ведае яе, не можа вось цяпер палажыць ёй руку на плячо і расказаць усё-ўсё, мо і паплакаць...
Ад усёй жыткі з ёю толькі таго і ўспаміну: ноч, у якую крычаў у комін.
А што на сэрцы ў гэтай жанчыны, ці ляжыць яе сэрца да яго, ці ляжыць яго сэрца да яе... Горнецца, горнецца яна да яго часам, а ён... I ў яго штосьці адрывалася ад сэрца, калі чуў, як плакала яна іншы раз ноччу. Дык любіць ён яе ці не? Прабач, прабач, Лукер'я... а як бы ты хацела, а чаму ты больш радавалася б... Так вось, Лукер'я, няхай сёння маладыя разбіраюцца: любіць — не любіць. А яму і ёй трэба глядзець адно аднаго, колькі той жыткі засталося...
Вечка яшчэ крыху пастаяў, пастаяў і лёг ціхенька, каб не патрывожыць жонкі. I сэрца яго напоўнілася радасцю, той самай радасцю, якая больш за трыццаць год прыходзіць да яго кожны дзень, калі прыгадае, як вечарам бег дванаццаць кіламетраў ад сваёй вёскі да вёскі Лукер'інай.
У вокны ружова струменілася сонца.
Толькі закрыў вочы, здаецца, і не засынаў, а перад ім Лукер'я маладая, у вясельным адзенні і нейкая зусім засмучаная.
— А навошта ж ты мне, Рыгор, гэты камень ды на грудзі? Цяжка мне, цяжка, Рыгорка...
— Аб чым ты, Лукер'ечка, які камень? Вяселле, вяселле, коні вунь пад дугамі, у стужках, цуглі грызуць, бачыш?