Усхапіліся коні. Панеслі коні маладую ад жаніха.
— Стой, пачакай, Лукер'я, як жа я без цябе?
— Куды там! Толькі конскі храп ды смех маладой і голас яе:
— Ра-а-на, рапа табе яшчэ, Рыгорка, да мяне. Жыві, жыві, Рыгорка...
— Го-о-о-р-ка...
Рыгор падскочыў ад гэтага воклічу...
III.
Яшчэ не было і васьмі гадзін, калі яны зноў прыйшлі на камбінат. У варотах іх стрэў Баглай, падхапіў старога Вечку пад руку і навёў за сабой у хатку, у якой учора спявалі жанчыны, што плялі вянкі, зацягнуў у куток, адгароджаны фанерай, і заўвіхаўся каля стала, хаваючы ад Рыгора вочы Той не ведаў, што і падумаць.
— Ну, дык падабаецца табе помнік? — спытаў нарэшце Баглай Рыгора.
— Помнік як помнік...
— Эксперыментальны, эксперыментальны,— падхапіўся Баглай.— А што ты мне параіш ставіць? Эксперыментальны ці лепш той стары, дзешавейшы?
— Стаў эксперыментальны.
— Во і я так думаю,— з палёгкай уздыхнуў Баглай.— Ну, давай тады вып’ем са мной, добры чалавек, каб зямля была там пухам. Прымі чарку за яго і мой спакой.
Баглай разліў гарэлку па шклянках, і яны выпілі. Памаўчалі.
— Ну як, яшчэ па адной? —спытаў Баглай, гледзячы не на Вечку, а па бутэльку.
— Не, хопіць...
— I я думаю, што зранку хопіць. А зараз я табе пачну мастака даставаць. Зноў не выйшаў на работу, халера ясная.— I ўзяўся за тэлефон.— Не, не магу я цябе за вароты выпусціць з дошкай без надпісу, сумленне не дазваляе. Не... надпіс — гэта ўсё...
— Калі ты такі сумленны, дай мне лепей машыну, з'езджу да швагра па жалеза пад пліту.
— От і добра, от і добра, і табе дзела, і мне справа. Жалеза трэба, трэба,— Баглай з радасцю шпурнуў на апарат маўклівую трубку і выбег на вуліцу.
Наконт жалеза Вечка дамовіўся са шваграм ужо даўно, толькі не выпадаў час забраць гэтае жалеза. А цяпер яму было крыху ніякавата ехаць да швагра, па-першае, таму, што выпіў, на-другое... тое ж, што і па-першае. Швагер пачуе гарэлку і ўвяжацца за ім. А старому Вечку не хацелася, каб нехта са знаёмых ці то родных, акрамя кроўных, ехаў з ім сёння на могілкі.
Але нічога не зробіш. Пад ніз помніка трэба было тоўстае жалеза, на камбінаце такога не было. Швагер паабяцаў нарэзаць на будоўлі, дзе рабіў зваршчыкам.
У швагра быў выхадны, і ён якраз збіраўся ў грыбы. Узрадаваўся Вечку:
— Добра, што ты пад'ехаў, а то і не ведаў, як дзень пражыць. Акурат паспеў, я з хаты яшчэ не сышоў. Праедуся па ветрыку з табой...— I скочыў да Рыгора ў кузаў.
— Зноў учора піў,— зірнуў на яго чырвоныя вочы Рыгор і не вытрываў, упікнуў: — Ох, Адаме, Адаме, нічога цябе не бярэ.
— А што мяне возьме? — узбуджана рагатнуў Адам, прынюхаўся да Рыгора.— Хіцёр Зміцёр, а з Івана дурня робіш. Сам ужо ўрэзаў зранку... Ці не маладую прадаўшчыцу завёў, што да дзесяці табе прадае?
— Ну, брат, не, нічога цябе не бярэ...
— А што мяне возьме? Сам Герынг па маю душу прылятаў і не змог яе ў мяне ўзяць. А гарэлка мне толькі на карысць ды на радасць. Вось мо і ты паднясеш чарку.
— Ды куды ад цябе дзенешся... Хату хоць дарабіў?
— Дарабіў... На які толькі ляд яна мне здалася. Васемнаццаць гадоў будаваўся і збудаваўся. А ў хаце пуста. Сын з'ехаў, дачка замуж выйшла. Я ды жонка засталіся, як сабака з кошкай... Ці то дзіця яшчэ на смех завесці, ці кабанчыка прыдбаць, каб весялей было? — I загрукаў па кабіне, калі машына параўнялася з разбітай, з чырвонай цэглы сцяной,— Стой тут,— загадаў шафёру, а сам саскочыў на зямлю, агледзеўся і знік у дзірцы ў сцяне. Адзін за адным прасунуў Рыгору праз гэтую дзірку чатыры жалезныя абрэзкі і вылез сам.
— Вось такія мне па грудзі,— пагладзіў бэлькі,— і ўжо ніколі галава з пахмелля балець не будзе. Так ці не?