Падышоў жаданы дзень, на нашу ноту, запыт аб выездзе з дваццаціпяцімільнай, вызначанай урадам ЗША, зоны адмовы не паступіла. Выехалі на досвітку, яшчэ не надта верачы, што едзем, так і не пазбавіўшыся ад напружанасці. Не пазбавіўшыся ад турбот мінулага напружанага тыдня ў ААН. А тыдзень быў мітуслівы, запятак нязвычны і, калі шчыра, прыкры мне. З ранку да вечара трэба было сядзець у ААН, а сяму-таму, у тым ліку і мне, дэлегату ад Беларусі, давялося сядзець і да позняй ночы. У паасобных камітэтах аб'яўлены вячэрнія пасяджэнні. Наш, чацвёрты камітэт (пытанні дэкаланізацыі), які лічыцца адным з лёгкіх, канчаў сваю работу. Таксама вымотванне нерваў для такіх, як я, хто ўпершыню прымае ўдзел у рабоце ААН: нарады, прыняцце рэзалюцый, галасаванне. Наогул, хапала ўсяго. Спяшаючыся ў час галасавання, я аднойчы нават памыліўся кнопкай: замест зялёнай націснуў чырвоную, узмакрэў ад хвалявання. I ўпершыню, здаецца, адчуў, што такое сапраўдны сардэчны боль. I цяпер гэты боль быў ува мне. Боль і пачуццё адзіноты, прыгнечанасці, адасобленасці ад усяго, што акаляла мяне. Быццам знянацку абарваліся ўсе сувязі з навакольным светам.
Да ўсяго і дарога, пачатак яе, не спрыяла экскурсійнаму турысцкаму настрою, які ўзнікае калі мы, дарослыя, вырываемся з дому і робімся дзецьмі, гатовыя ўжо гарэзаваць і сваволіць. Выязджалі з Нью-Йорка праз тунель Лінкальна: дзве мілі, каля трох з паловай кіламетраў пад пралівам Гудзон. Бясконцае мора машын, быццам на гіганцкім буксіры, у тры шарэнгі ідуць упрытык адна за адной. Вось дзе відаць адначасова моц і немач індустрыяльнасці нашай цывілізацыі, чалавека, сіла і бяссілле яго розуму і рук! Метрапалітэнаўскія скляпенні, аглушальнасць і размах металаруднага ці вугальнага кар'ера. Дарога, як ток, ні выбоінкі, хоць, як кажуць, каціся. Мора агню — дзённага, тунельнага і машыннага, папераджальна чырвонага — наперадзе і светла-жоўтага — сустрэчнага патоку. Тысячы і тысячы машын, і ўсе яны быццам зліты ў адну, і механічнае сэрца іх б'ецца ў адзіным рытме, і хуткасць адна. I досыць прыстойная. Падземнае чэрава тунеля плюецца згусткамі рознакаляровага агню, грукоча і грыміць. Адчуванне такое, нібы сама зямля пастаўлена на механічную вось і накручвае на сябе машынны бясконца звёнавы ланцуг, людзі ў салонах сваіх аўтамабіляў ужо даўно страцілі сваю зямную абалонку. Ці, наадварот, ад людзей засталася толькі абалонка, а самі яны ператварыліся ў здані. I мільгаюць перад вачамі, так і не паспеўшы матэрыялізавацца, белыя і чорныя галовы гэтых зданяў, сінюшна знявечаныя хуткасцю, быццам ты ўзышоў на нейкі круг Дантавага пекла. Часам здаецца, што сустрэчныя машыны абганяюць святло. Яны прамчаліся ўжо, а ў вачах — струмені іх хісткіх агнёў: зрокавая плынь току высокага напружання. Сам сабе ў мяккім лоне машыны ты здаешся нязграбнай кукалкай у кокане, эмбрыёнам, зародкам істоты, яшчэ не спазнанай светам. Думкі няма, яна толькі адно займаецца ў табе, прасцейшая, як мыканне: адкульсці вырвацца і кудысьці трапіць, з цемры на святло і са святла ў цемру. I над галавой Гудзон з яго пірсамі, прычаламі, баржамі, яхтамі, параходамі, абсталяванымі пад рэстараны, шматтонныя кубаметры вады. Вады аздобленага, узятага ў бетон Гудзона над галавой, зацуглянага, шалёнага мільённадужага табуна коней. Быццам усё чалавецтва асядлала гэтых коней, выправілася ў дарогу, у нязведанае, як і мы. I ў гэтай накіраванасці кожнага ўжо грызе прадчуванне нязведанага, кожны ўжо аддадзены дарозе, хуткасці, ганарыцца сваёй дарогай і хуткасцю, сваёй камфартабельнай машынай, кожны захоплены тым пачуццём адзінства натоўпу, якое ўсё ж, напэўна, інтэрнацыянальнае і аднолькавае ўсюды. I прабіты ў маналіце скалы тунель скораны, а таму ўжо недзе і пагарджаныя воды Гудзона над табой памнажаюць гэтае пачуццё. Кожны ў сваёй машыне-калысцы здаецца самому сабе ўсемагутным, амаль богам. Вакольны свет адкінуты, сувязі з ім абарваны, ты аддаляешся ад яго з хуткасцю кручэння колаў машыны.
Але варта ледзь толькі ўзнесціся, як гэты адрынуты табою свет уладна нагадвае пра сябе. Рэчаіснасць вяртае цябе на зямлю куды хутчэй, чым хуткасць тваёй машыны. У дзікім галопе аўтамабільнага табуна раптам з'яўляецца нервознасць, заўважаецца нейкі збой, прыглушаецца шоргат яго абутых у гуму капытоў. Прыпынак, нешта здарылася ўперадзе. Кароткі, амаль імгненны, але ён доўжыцца, як век. Адразу робіцца цяжка дыхаць. Не хапае таго самага, адзінага, надзённага глытка паветра. I высокія скляпенні выкладзенага пліткай тунеля, здаецца, апускаюцца на дах машыны, абціскаюць цябе маўклівым і грозным змрокам падзямелля, магілай. I адразу нагадвае аб сабе сэрца, пачынае неспакойна калаціцца.
Вадзіцель уключае кандыцыянер. Але яго механічныя жабры не паспяваюць ачышчаць паветра, выдыхаемае аўтамабілямі. Кандыцыянер, няйначай, гоніць у салон чысцейшы СО2 — вуглякіслы газ. Мы просім выключыць яго: год ці два назад у Мінску ў хаду былі казкі пра гібель. людзей ад выхлапных газаў. А ўнутраная памяць у тунелі абвострана гранічная, як заўсёды ў хвіліну яўнай ці ўяўнай небяспекі і ўласнага бяссілля. А крануцца ні на крок уперад, ні назад, ні ўбок немагчыма. Мы нібы кансервавыя шпроты ў бляшанцы. Нішто ў механізаваным падзямельным натоўпе і перад светам, адно толькі цені яго, здані, створаныя магутнасцю чалавечага духу, зняволеныя ім жа і па ўласнай ахвоце ў чаднае падзямелле.
I ўсё далейшае, што чакала нас на двухсоткіламетровай дарозе з Нью-Йорка, успрымалася скрозь прызму гэтай прывіднасці і хісткасці чалавечага існавання, яго ненадзейнасці. Так было: суцэльнае мільгаценне восеньскіх шматколерных лясоў, аўтамабіляў, дарог і раз'ездаў, маляўнічых вітрын, не менш маляўнічых карцін у музейных галерэях, да таго самага імгнення:, пакуль не выскачыў на ганак гэты амаль ручны, далёкі ад маіх зямных клопатаў чорцік-вавёрачка і не падміргнуў мне карычневым вокам надзеі. Суцэльны калейдаскоп, механічная мешанка, вінегрэт фарбаў і гукаў, якія не закраналі свядомасці, не абуджалі аніякіх пачуццяў у адказ.
Гэтаму самнамбулічнаму майму стану былі і іншыя, больш зразумелыя і простыя тлумачэнні. Мне ўпершыню выпала такая вось доўгая разлука з роднай зямлёй і маімі блізкімі. Я выправіўся ў далёкую дарогу, не паспеўшы яшчэ атрэсці з сябе стому і напружанасць пасля вялікай, што задоўжылася на чатыры гады, знясільваючай, амаль бесперапыннай, з дня ў дзень, работы, якая, трэба сказаць, даканала мяне, давяла да краю, да галюцынацый. Мне пачалі мроіцца пахі. Я пачаў чуць пахі, якіх не было, не існавала ў прыродзе. Праз гэта з цяжкасцю мог ездзіць у метро, заходзіць у магазіны, пад'езды дамоў і жылыя памяшканні. Адразу ўзнікала адчуванне гарчэчы на вуснах, паветра выдавала перанасычаным чамусьці крэазотам, адусюль сыходзіў дух тлену, адчувалася прысутнасць нябожчыка, набліжэнне пахавання. I лес, любы сэрцу і воку, у якім я адрозніваў дыханне кожнага з дрэў паасобку, чуў, як сапуць сярод летняй спякоты векавыя дубы, як тонка патыхае ад несправядліва пакрыўджаных лазнякоў і асіннікаў гарчэчынкай. Гэтае адчуванне іх і маёй горычы ўзмацнілася пасля Чарнобыля, што захапіла і маё Палессе, родныя мне мясціны. Палессе, тыя ж Хойнікі, дзе прайшло маё дзяцінства, дзе ўсё мне было такое дарагое. Хойнікі, непадалёк ад якіх была магіла маёй маці, што загінула ў часе вайны ў дваццаць пяць гадоў, сястрычкі, якой не было яшчэ і двух гадоў, што замерзла ля мёртвай маці з заледзянелымі, прымерзлымі да твару слязамі,— пракляццем гэтаму свету і бясконцым у ім войнам, фашызму.
Чарнобыль, атамны тыгр, паказаўшы адно толькі кончык хваста, адрэзаў цяпер мяне і ад гэтай магілы. На развітанне, перад тым як сесці ў самалёт і перамахнуць акіян, я ўсё ж пабываў там. I сярод лясных ціхіх могілкаў, перад жалобным і сціплым абеліскам, дакор мне, сыну і брату, пад пошум векавых соснаў, маўчанне схіленых ля брацкай магілы бетонных сцягоў, стоеных ля ствалоў дрэў чорных сялянскіх крыжоў не ўпершыню, але з патроенай сілай адчуў я, што свет гэты, у якім і сёння працягваюць паміраць дзеці, часам яшчэ і ненароджаныя, у чэраве маці, сапраўды не з лепшых. I атам, нават мірны, які нясе нам цяпло і святло, небяспечны і страшны. I я пайшоў ад роднай мне магілы з атамнай горыччу на вуснах і на душы. Гэта было мне сестрыно і матчына блаславенне перад дальняй дарогай.
Я не забываўся на яго ў ззяючых і адначасова строгіх залах ААН, дзе гаворка ішла ўсё пра тое ж, перад чым спыніўся сёння свет, аб тым, чым ён можа скончыцца, калі не спыніцца гонка ўзбраенняў, калі неба з яго зоркамі і месяцам для закаханых ператворыцца ў арэну зорных атамных паядынкаў. А мяркуючы па тым, як сёй-той, не баючыся і не саромеючыся ні сонечнага, ні месячнага святла, не слухаецца ніякіх угавораў і папярэджанняў, гэта можа здарыцца. Можа здарыцца, што не будзе больш па нашай зямлі ні родных, ні чужых магіл і ва ўсім сусвеце не застанецца ад нас ні памяці, ні следу, толькі пракляцце зор.
I пакінуўшая было мяне атамная горыч зноў вярнулася. Я адчуў яе зноў на вуснах у музеі мастацтваў у Філадэльфіі, дзе, здавалася б, усё павінна быць наадварот. Пікасо, Ван Гог, Шагал і многія-многія іншыя творцы цудоўнага павінны былі настройваць на добрае, мешаніна стыляў і эпох, вякоў і пакаленняў падказвалі думку не аб пераемнасці і вечнасці, не аб перамозе жыцця, а аб яго тленнасці і крохкасці. Пачуццё небяспекі, трывогі падспудна выспявала ўва мне, калі я глядзеў гэтак супакойваючых раней імпрэсіяністаў, якіх я таксама не разумею, проста люблю, быць можа, як апошніх рамантыкаў на гэтай шматгрэшнай зямлі, якія ўказваюць нам сваім неўтаймоўным пэндзлем, куды і да чаго мы павінны імкнуцца, папярэджваюць нас сваёй нязбытнай і нястомнай любоўю да жыцця ад замаху на саміх сябе. Гэты замах абрынуўся, угледзеўся ў мяне з усёй бязлітасцю, на якую толькі здатны рэалізм, бясстраснае вочка фотаапарата.
У зале, дзе размешчаны былі фатаграфіі, што расказвалі пераважна пра Нагасакі, я ўпрытык наблізіўся да аблічча зямной бяды і няшчасця. Яно, аблічча гэтае, паўстала перада мною ў вобліку пажылой жанчыны-японкі, на першы погляд, спакойнай і пазбаўленай эмоцый, таму што твару ў яе не было. Падабенства, яго маска, назаўсёды прывараная да твару атамным выбухам сорак гадоў назад. Я адхіснуўся ад яе. Але наступная фатаграфія, куды, шукаючы паратунку, кінуўся мой погляд, была яшчэ страшнейшая, хоць яна апавяшчала мне аб самым радасным на зямлі. Аб нараджэнні, аб з'яўленні на свет новай жывой істоты. Ды істота гэтая была сапраўды пачварная, нараджаўся не чалавек і не звер, а тое, чаму яшчэ, напэўна, няма назвы, няйначай, сам, што прайшоў праз атамнае гарніла, дваццаць першы век, трэцяе тысячагоддзе. Яно яшчэ было звязана з маці-чалавекам пупавінай, але само ўжо не было чалавекам. Гэта быў прышэлец, прадвеснік і суддзя. I скаваны жахам, я не мог адвесці ад яго вачэй. Дзеўчынёха-амерыканка, прабягаючы міма, прыпынілася ля мяне, прасачыла за маім паглядам і засмяялася, пырснула смехам у далоньку так знаёма, па-вясковаму, па-беларуску, што я здрыгануўся. Няшчасная, яна палічыла, напэўна, мяне якім-небудзь сексуальным маньякам. А я ж бачыў цяпер на фатаграфіі яе, гэтую дзеўчынёху з Філадэльфіі і з роднага майго Палесся, з тых жа Хойнікаў, дзеўчынёху, якой яшчэ наканавана раджаць.
I пакінуўшыя было мяне ў мітульзе аанаўскіх дзён пахі абрынуліся з новай сілай. Я не мог больш глядзець і ўціхамірвацца шэдэўрамі сусветнага мастацтва, сабранымі з усяго свету ў залах філадэльфійскага музея мастацтва. Цудоўнае больш не ўспрымалася мною. Хоць усё ж ля паасобных карцін, сам таго не ўсведамляючы, я зведваў часам пачуццё якогасьці адпачынку, фарбы супакойвалі, нават накіданыя ў неверагоднай мешаніне, быццам ужо ў агоніі, абстракцыяністамі. Пачуццё трывогі выклікалі рэчы, прадметы быту, таксама ў мностве выстаўленыя ў залах музея. Рэчы людзей, якія даўным-даўно пакінулі гэты свет. Пры ўсім іх часам лоску на іх, здавалася, ляжыць адзнака бездагляднасці, стоеная журба тых, каму яны ў свой час належалі. Можа, яны хацелі штосьці перадаць, сказаць недагаворанае на гэтым свеце іх гаспадарамі, папярэдзіць. Можа быць. Я не мог больш цярпець іх нямога крыку, а часам крыклівай пышнасці. Ці не гэтая пышнасць, пагоня за ёю і загналі нас у кут, прынялі і паставілі на край бездані.
Іардан Радзічкаў, балгарскі пісьменнік-публіцыст, выступаючы ў «Литературной газете», пісаў, што пісьменнікі і журналісты нагадваюць яму дзяцей, што сядзяць наперадзе паравоза, які імчыцца поўным ходам. Перад паравозам — бездань, дзеці бачаць гэтую бездань і крычаць. Гэты крык, якога не чуе свет, нарастаў і ўва мне. I вось толькі цяпер абарваўся, заціх перад уваходам у музей Радэна. Вавёрка і галка, звер і птушка, на захадзе сонца, у апошніх, што ўжо не грэюць зямлю, праменях яго ў дзіўным і ніколі не бачаным мною яднанні, схаваўшыся ў цені радэнаўскага «Мысліцеля», пілі ваду. Птушка — па-сялянску, як жнейкі ў спякоту сярод іржышча, задзіраючы галаву і смакуючы кожны глыток, быццам палошчучы горла і радуючыся кожнай кроплі ратавальнай вільгаці, нібы гэта не вада, а жыватворны нектар: вавёрачка — арыстакратычна, спешчана, хлебчучы хуткім і вёрткім ружовым пялёсткам языка. I негр, служыцель музея, з аднаго боку, і я — з другога стаялі, застыўшы ў нерухомасці, баючыся парушыць іх яднанне і баляванне. I ўсё бачанае мною, сфатаграфаванае вокам, але прайшоўшае міма свядомасці, ажыло, зноў раскрылася, набыло не толькі колер і форму, але і гук, мову.
Дарога — велізарнае рэчышча для ўсіх, хто апынуўся ў ім, пусціўся ў нязведанае. Сотня вёрст амаль бясконцага лесу, палаючага ў барвах цудоўнай, ціхай і сонечнай амерыканскай восені. Восень і гэты лес, на першы погляд, былі чужыя мне, беларусу. Але гэта толькі па першы погляд, а пры мінімальным набліжэнні аказалася, што я ўжо дзесяткі разоў бачыў, перажыў і зведаў. I гэты лес, і такую ж восень з яе неўтаймоўнасцю фарбаў, мудрай сівізной і ападаючай меддзю. Сотні і сотні вёрст вось такой залатой тайгі, а амерыканская восень на самай справе была падобная па таежную восень у Сібіры, у Горнай Шорыі, дзе на горных кражах палаў, быццам адлятаў у ледзь гаркаватай тузе бабінага лета ў цёплыя краіны, цягнуў залатыя кроны да сонца лістоўнічны лес, што разлёгся далёка за небакрай. I я ішоў па гэтым лесе і восені з рэчмяшком геолага за спіною яшчэ зусім-зусім зялёны і, не заўсёды разумеючы, праз што і чаму, бясконца шчаслівы і радасны подзе ў глыбіні душы, зноў жа неўсвядомлена, спадзеючыся і верачы, што так будзе заўсёды і вечна. I наперадзе ў мяне таксама вечнасць.
Таежны, лістоўнічны лес з прагалінамі чорна мігатлівых скал па дарозе ў Філадэльфію змяняўся бязмежасцю поля, над якім кружыліся, збіваючыся ў чароды, жыруючы апошні раз, адлятаючыя на поўдзень птушкі. У небе, рускім клінам уразаючыся ў сонечны дыск, шэрым воблакам плылі гусі. I іх гартанная птушыная мова была блізкая і зразумелая мне. Гэта быў голас развітання, птушкі бласлаўлялі зямлю, якая дала ім жыццё, абяцалі вярнуцца і доўжыць свой род, пакуль будзе доўжыцца і множыцца род чалавечы, пакуль будуць гэтыя палі і лясы, рэкі і долы. На полі там-сям яшчэ ішла работа, сярод шэрай голай зямлі, як у нас у Беларусі на бульбянішчы, жаўцелі, выпінаючыся крутымі бакамі, гарбузы, такія любімыя ў нашых вёсках, падобна, не менш любімыя і тут. Усё вакол пазнаецца, усё паўтараецца. Поле змянялі раўнінна-хвойныя пералескі. I гэта таксама было мне знаёма.
Я ж з маленства ведаў і любіў хвойнікі, абышоў, абмацаў босымі, у цынках, да самай зімы незагойных драпінах нагамі ўсе шышкі ў іх, пасвячы кароў адразу ж пасля жорсткай і страшнай, толькі што адгрымеўшай вайны ў родным мне Палессі. I пра сасну, што расце там, далёка за акіянам, у Беларусі, і тут, паміж Нью-Йоркам і Філадэльфіяй — якая розніца,— я ведаю калі не ўсё, дык вельмі многае. Я сам іх саджаў. Яны падцягнуліся да сонца, выпырхнуўшы з маіх далоняў. А тыя, што былі пасаджаны раней, равесніцы майго бацькі, схавалі і ўратавалі майго ж бацьку, калі ён пайшоў у партызанскі атрад ваяваць з фашыстамі. Яны прынялі на сябе не адзін снарад, не адзін асколак і кулю. I калі праз сорак гадоў пасля вайны ў партызанскі лес прыйшлі лесарубы з піламі, сосны адстаялі і сябе — столькі ў іх было загоеных у драўніне асколкаў і куль. Сталёвыя зубы піл не маглі ўзяць іх. Я ведаю не толькі, якая пахучая і смачная разамлелая на сонцы жывіца, але і тое, што дрэва гэта можа накарміць мяне. Мы, пастушкі, дзеці ўскраіны невялікага палескага гарадка, у галодны і халодны пасляваенны час ламалі выкінутыя маладымі сасонкамі ў пару цвіцення далікатныя макаўкі, смажылі на вогнішчы і елі, грызлі маладымі і моцнымі зубамі, поўнячыся жыццём, што адкрывалася перад намі, жыццём мінулым і будучым, у якім ніколі больш не будзе ні войнаў, ні холаду, ні голаду. Свет, што ледзь расчыніў перад намі дзверы, быў вялікі і агромністы. I ніякай яшчэ бездані ўперадзе не адчувалася. Мы былі багацеямі, крэзамі. Паветра было чыстае, без аніякага прымеску горычы. Неба называлася небам, зоркі — зоркамі. Пад імі мы сварыліся і мірыліся, любілі. Цень аніякай САІ не падаў ні на зоркі, ні на нашу любоў. Ляталі па лесе галкі, іншы раз мы іх лавілі, кармілі з рук і вучылі гаварыць. I галкі прывыкалі да нас і хадзілі за намі, нібы сабачаняты, пакрыўджанымі хрыплымі галасамі выкрыквалі нашы імёны, патрабуючы ўвагі і харчу. Скакалі па дрэвах вавёркі, стракаталі і дражнілі нас, звесіўшыся ўніз галавою з дрэва, быццам заманьвалі да сябе ў дупло. Дзяліліся вясною з намі арэхамі, якія нарыхтоўвалі восенню. Нарыхтоўвалі і, дзіравыя галовы, забывалі. А мы, прыгнаўшы ў лес кароў, часам знаходзілі гэтыя забытыя вавёркамі арэхі. Лускалі іх — падарунак лёсу і любых, што песцяць сэрца і вока, звяркоў. I вось адзін з гэтых звяркоў знайшоў і, як у дзяцінстве, адарыў мяне ціхай радасцю на чужыне. Жыві вечна, вавёрачка, родная чужаземка. Я так хачу. Хачу, каб радасць пазнавання, пазнання была вечнай, каб яе зведалі і тыя, хто яшчэ не нарадзіўся, хто народзіцца праз стагоддзі. I гэта няпраўда, што я сказаў, быццам ты брыдкая: звяры і дзеці цудоўныя заўсёды. Нічога больш дасканалага на гэтай планеце, у гэтым не з лепшых свеце ні прыродай, ні чалавекам не створана. Вечны «Мысліцель» Радэна, ля якога ты зараз лускаеш арэшкі і п'еш ваду. Ты мудрая, выбраўшы менавіта гэтае месца для свайго селішча. I няхай сабе ён пакуль бронзавы і халодны. Ён думае пра цябе, пра тваіх дзетак. А рукі майстравога і мастака з магілы — гэта рукі, падстаўленыя, каб падтрымаць цябе. Яны сцвярджаюць жыццё. Яны бласлаўляюць яго і вераць у яго і ў цябе, таму што без гэтай веры няма і не можа быць ні майстравога, ні мастака, ні мысліцеля.
СЕНАКОС У КАНЦЫ КРАСАВІКА
Ах, як соладка касілася. Як у пору блазнога і чыстага маленства спіцца. Як у смяротным сне п'ецца і есца. Як птушкі ляцяць, як рыбы плывуць, як травы растуць і, пацягваючыся на досвітку, распускаюцца кветкі. I такая лёгкасць ва ўсім целе, такая сытнасць у метале касы, што яна, здавалася, не косіць, а голіць. I бяжыць, і ляціць, і плыве, не чалавекам скіраваная, а сама па сабе, пырхае матыльком па-над лугам. Узмахне крылок — пракос. Узмахне другім — і лугу няма... А лугу і не было„ А травы яшчэ не параслі, нават не адарваліся ад зямлі. А каса была вызубленая і ржавая. I касіць па такім часе было чыстай вады вар'яцтвам.
На касу наткнуліся выпадкова...
Але, з другога боку, у той выпадковасці была свая строгая наканаванасць і прадвызначанасць. Дзень быў такі. Час і месца вялікіх якраз у сваёй прастаце і будзённасці адкрыццяў. На кожным кроку. Таму што ўсе гэтыя адкрыцці былі раней за ўсё ў памяці і сумленні. Памяць і сумленне, што ракавай пухлінай, былі пашкоджаны, ахоплены болем і пакутамі згаданых наперад такіх вось адкрыццяў.
Раненыя людзі ішлі па смяротна знявечанай, скалечанай на стагоддзі зямлі. I ўсё, з чым сутыкалася вока, было ў іх веданні і вопыце і ўжо адчужана і адарвана, адабрана ад іх, ад чалавека. I на роднай праматухне зямлі сам чалавек здаваўся сабе іншапланецянінам. Гэтыя ж — тым больш, таму што душы іх былі ўжо там, у зорным свеце.
Гэта былі прыхільнікі і бацькі ідэі праекта безракетнага засваення космасу. Міжпланетнага касмічнага кола, здольнага кінуць чалавека ў далёкі зорны свет. Як і на заранцы свайго існавання, на новым вітку чалавечай спіралі думка іх вярнулася зноў да кола, здольнага каціцца не па цвердзі зямной, а пайсці ў бязважкасць, у космас. I былі яны не летуценнікамі-фантастамі, хутчэй паўзучымі, хаця
і вельмі дзёрзкімі рэалістамі. На ўсесаюзнай парадзе, якая толькі што скончылася, фантасты адхілілі іх праект: «Час спыняцца з тэхнікай, хлопцы, трэба думаць аб бацькоўскай хаце».
Вось яны і пайшлі да гэтай бацькоўскай хаты. Сваёй калыскі, каму ў пераносным сэнсе, а каму і ў прамым,— сціпламу і ціхаму тэхніку-палешуку, аўтару праекта, ураджэнцу тутэйшых мясцін. Непадалёку ад якіх, ды і тут, пэўна, роўпа тысячу гадоў назад хрысцілася Вялікая Русь. Яго і пашы продкі прымалі хрысціянства. Бралі крыж і ставілі свечку. I тая, успаленая тут у глыбокай старажытнасці свечка, ішла на ўсім хрышчоным славянскім свеце, пакуль у канцы першага свайго тысячагоддзя святло яе не шуганула, запалала планетарна. I забіла святыя воды. Апаганіла зноў лясы. Пакрыла брыдотай жытло чалавека, звера і птушкі, у адно асляпляльна яснае імгненне паказала чалавеку, што ўжо атамнаю рукою трымаў самога бога за бараду, усю марнасць і. мітуслівасць яго пыхлівага існавання, паставіўшы на будучае тысячагоддзе крыж на ўсім жывым тут: былінцы малой, казяўцы і тым жа чалавеку.
I чалавек, аўтар касмічнага праекта, які ўсяго толькі некалькі гадзін назад так дзёрзка і пераканана сцвярджаў моц духу і розуму, кідаў з трыбуны выклік прыземленай цвярозасці, тым, хто не даваў веры ў яго ідэю і думку, сядзеў на парозе сваёй бацькоўскай хаты і плакаў. Плакаў таму, што не ведаў, ці сапраўды яго гэта хата. Хаця памяць, што скіравала яго ногі менавіта сюды, гаварыла: не сумнявайся, тваё і тваёй маці гэта селішча. Ты чуеш, як пахне брагаю. Брагаю пахне, таму што спакон веку жылі тут хмельныя людзі. Брагаю жыцця пахне. Той самай, што не дала памерці табе ў дзяцінстве, калі маці твая вымушана была спажываць адны толькі калгасныя «палачкі». Не сумнявайся, угаворвала яго дасціпная памяць: чыёй жа яшчэ, як толькі не ўдовінай, можа быць такая разбураная хата, халупа, гэты скасабочаны, спарахнелы калодзеж, гэтыя старыя патрэсканыя начоўкі, прыхапкам кінутыя сярод двара. Ты бачыш схіленую пад імі сваю маці і сябе бачыш. Гэта ж ты праклаў тут след, збіў расу з травы. Крыху вышэй галаву, чалавеча, і ты зазірнеш у вочы самому сабе.
Але ён баяўся ўзняць галаву. Баяўся параніцца вокам аб даўнюю сваю памяць. I не верыў той памяці, таму што сумняваўся ў самым існаванні сённяшняга дня. Сумняваўся, што таксама, як тысячу гадоў назад і тысячу гадоў паперад, свяціла і будзе свяціць сонца. А яго яшчэ няма і не будзе ўжо. Яму дадзена толькі імгненне ў сёння. I гэта імгненне спалена полымем планетарпай свечкі.
I нічому цяпер ён не верыў. Ні памяці, ні розуму, ні воку, пі слыху. Не верыў, што знаходзіцца па зямлі каля бацькоўскай хаты. Таму што была ў яго недарэчная і вельмі дзіцячая звычка браць усё па зуб. У задуменнасці, скрусе і радасці браць у рот траўку, голку хвойную, галінку бярозавую і жаваць у рассеянні, застаючыся ўважлівым да сваіх думак, не губляючы іх, мацуючыся сокам роднай зямлі. Зараз ён не мог сабе гэтага дазволіць, не мог дазволіць такога простага дзіцячага дзеяння, таму што атрутным мелася ўсё тут, сёння, зараз і на пакаленні, пакаленні паперад, чаму таксама ён, як нармальны чалавек, не мог даваць веры.
Зняверанасць яго, як ні дзіўна, была ўзгадавана і выпеставана з усёпаглынаючай веры і надзеі. Веры і надзеі ў сваю зямлю, у чалавека, у яго па-сапраўдпаму светлае будучае, у сябе. Веры і надзеі, што калі-небудзь ён вось так во, у светлым, замежным, мадняцкім плашчыку і ў чорным айчынным велюравым капелюшы, проста прыйдзе і сядзе па парог сваёй матчынай хаты. Да сваёй малой радзімы, з якой жыццё яго па жывым выдзерла каля двух дзесяцігоддзяў назад. I ён, блукаючы па свеце, столькі разоў бачыў яе ў сваіх снах, што бясконца паўтараліся з ночы ў ноч. Столькі сніў, трызніў ёю, што пачаў забываць гэту сваю малую радзіму. У аглухлай і адміраючай з цягам часу памяці яна паўставала не горшай і не лепшай за вялікую радзіму, за тыя мясціны, дзе ён потым вымушаны быў жыць.
Гэта — амаль Байканур, адкуль бралі разбег у космас ракеты і касманаўты. Дзе, можа, перад ім і адчыніўся космас. Космас, які меўся месціцца не на іншых светах, далёкіх, населеных інакшымі цывілізацыямі планетах, а ў тым што вакол яго і цяпер мікра і макра. Той жа самай пчале, якая гула над ім, зачараваная іскрыстым колерам яго чорнага велюравага капелюша, нібыта той капялюш быў меданосны. Нібыта са слязьмі на вачах меданосным зрабіўся і ён сам.
Гэтую пчалу і меданоснасць бацькоўскай хаты ён адкрыў толькі што. Адкрыў і заплакаў. Сам яшчэ не цямячы, чаго і чаму. Плакаць можна і трэба было куды раней. Падумаеш, што за дзіва такое — пчала. Усяго ж нейкіх гадзіну-дзве назад адбылося адкрыццё куды больш значнае, амаль Калумбава. Быў адкрыты нікому з іх невядомы раней новы мацярык. Мацярык у мацерыку. Новая Амерыка. За калючым, праўда, дротам. Зваўся ён «Запретная зона. Проход воспрещён!». Акуратныя літаркі на звычайнай дошцы, прыбітай да звычайнага, але па моцы сваёй і значнасці амаль дзяржаўнага пагранічнага слупа.
I ўцякаючы ў далячынь часоў канцлагераў і фашысцкай акупацыі — плот з калючага дроту. А па абодва бакі, як на лінейцы, што створана з калючкі,— лясы, лясы, лясы. Свабодныя і арыштаваныя, што ўсведамлялі гэту сваю арыштаванасць, панура адмаўляючы падыход вясны. Да самых грудзей зямлі прытуленыя ядлоўцы. Раней за вольху цяжарная пупышкай, што прадракала і ў зняволенасці сухое гарачае лета, бяроза. Строгая ахова, што мала-мала разумела па-руску. Пазяблыя ў пустцы Палесся паўднёвыя салдацікі. Маўклівыя, ало з вострым адчуваннем брыдоты чужой ім зямлі, пры кожным дотыку да яе, да дрэва, дроту, шаравалі адэкалонам рукі. I таму ўсё вакол было духмяным да прыкрасці, пахла парфумерыяй так, як у галантарэйнай лаўцы падчас нейкай пачварнай і таннай галактычнай распрадажы.