Бацька і два яго сыны прыпынілі крок і змоўклі ў разгубленасці. Сэрца кожнага з іх уздрыгнула і напоўнілася тым чалавечым адчаем і крыху страхам, якія заўсёды прыходзяць да нас, калі мы сутыкаемся са смерцю. А вакол ішла звычайная работа. I рытм яе быў упэўнены, вывераны не адзіным днём. Натужна варочалі тоўстымі бакамі бетонамяшалкі, у паветры мільгацелі рыдлёўкі. У гэтай працы была, напэўна, і радасць, таму што праз расчыненыя дзверы бліжэйшага да трох мужчын доміка даносілася песня. Спявалі жанчыны, нябачныя знадворку, схаваныя паўзмрокам памяшкання. З таго месца, дзе стаялі мужчыны, відаць былі толькі жаночыя рукі, выразна белыя сярод рознакаляровай, хутчэй за ўсё прапарафіненай паперы, што ляжала па стале ля хваёвага зялёнага вецця. Жаночыя рукі плялі вянкі. Здалёк здавалася, што гэта матылькі кружаць, там, над каляровай квеценню вясновага лугу,— такімі спрытнымі былі гэтыя рукі, няўлоўна паслухмянымі пальцы, так біла ў вочы з прыцемку іх бялюткая чысціня.
Стары патупаў на месцы. Сыны глядзелі на яго, але ён так і не адважыўся кудысьці рушыць, панурыўся і як бы паменшаў. А да трох постацей, што застылі ў варотах, ужо шыбаваў маленькі жвавы чалавек, адна рука карацей за другую і нерухомая, нерухомая і шыя, галава ўсё роўна як прыварана электразваркай да тулава. Але чалавечак лагодна ўсміхаўся і весела яшчэ здалёку загукаў:
— Дзень добры, вечар добры! Каго вам трэба?
Стары штосьці буркнуў і пайшоў насустрач чалавечку.
— Нам патрэбен Баглай Іван Ахрэмавіч.
— Цю, Іван Ахрэмавіч, ды гэта ж я.— I падаў старому кароценькую, з усохлымі бліскучымі пальцамі руку: — Іван Ахрэмавіч Баглай, халера ясная!
— Помнік мы тут у вас заказвалі, пісалі вам,— пачаў стары.— Вы адказвалі нам. Жонка ў мяне загінула, жонка і маленькі хлопчык, у сорак чацвёртым. Вось сын ад яго жыве... Ён жывы, а брат яго...
— Памятаю, як жа, памятаю,— перабіў Іван Ахрэмавіч.— Вечка Лукер'я...
— Во-во, Лукер'я і Міхась Вечкі...
— Гатоў помнік. Добры помнік. Ой помнік! Першы такі на Палессі, і ваш. Эксперыментальны, халера ясная. Пашэнціла вам, пашэнціла. Во ён, халера ясная.
I Баглай радасна кінуўся да высокай, яшчэ не зманціраванай пліты, шурпатай пасярэдзіне, дзе павінна была стаць мармуровая дошка з надпісам.
— Дошка яшчэ не гатова... Праўдзівей, дошка гатова, ды надпісу няма... А яшчэ праўдзівей, дык і надпіс ёсць, высечаны і літары, толькі іх фарбай, золатам, пакрыць трэба... Мастак наш будуецца і на работу не кожны дзень выходзіць. Але прымусім, прымусім. Будзе, золатам будзе: Вечка Лукер'я Авяр'янаўна, 1918—1944, Вечка Міхась Рыгоравіч, 1942—1944,— амаль з любоўю прапеў Баглай.— А помнік які, вы толькі паглядзіце на гэты помнік. Карцінка. Першы на Палессі, эксперыментальны...
I Баглай зноў кінуўся абмацваць і гладзіць помнік, песціць, як гаспадар кабанчыка перад пакупніком на базары. I яго сухая, маленькая рука з пакурчанымі бліскучымі пальцамі набыла спрытнасць, як бы ажыла, і амаль лётала па камені. I камень пад яго рукой таксама ажываў.
— Ды паглядзіце вы, толькі паглядзіце. Нідзе вам лепей не зробяць. Лепіць зараз помнікі той-сёй сам. Але што ў яго за работа. Душы няма, абы грошы. Халтура, адным словам. А тут... Вам дык наогул пашэнціла: хутка зрабілі, ані хвілінкі не марудзілі. Эксперыментальны помнік, эксперыментальны...
Баглаю, пэўна, падабалася гэтае «эксперыментальны», і ён усё імкнуўся зазірнуць Вечкам у вочы, убачыць там водгук на гэтае слова, хацелася, каб і Вечкі адчувалі тое ж, што адчувае ён. Але тыя стаялі моўчкі, быццам у рот вады набралі, і позірк іх быў няўлоўны яму, яны не падпускалі яго да сябе...
Стары Вечка толькі палажыў, бы чорны хваёвы асмалак, руку на мармуровую пліту і адхіснуўся назад, нібыта дакрануўся да голых электрычных правадоў. Адхіснуўся, але рукі не адняў. Вялізная, нязграбная, яна ляжала на высечаных у мармуры літарах і амаль непрыкметна ўздрыгвала. Гэта бачыў, нават не бачыў, адчуваў яго старэйшы сын Антон, таму што сам хацеў пакласці па гэтыя літары руку, ды бацька апярэдзіў яго. I цяпер у бацькі непрыкметна ўздрыгвала рука, а ў сына ў лад ёй білася павека.
Антону на якуюсьці хвіліну здалося, што яго рука ўвайшла ў мармур. I праз камень ён зноў адчуў цяпло рукі маці і не ўстояў на месцы, як толькі што бацька. Целу стала горача, у вочы ўсё роўна як сыпнулі дробненькага пяску, той самай белай каменнай мукі, у якую перапэцкаліся бацькавы пальцы. I неба адразу зацягнула хмарамі, на ім засталося толькі адно акенца, праз якое свяціла сонца. I здавалася, што сонца ўсё сваё цяпло, увесь свой жар накіравала на яго, Антона.
На сэрцы стала прыкра і горка. «Ты падманваеш сябе,— падумаў ён,— падманваеш. I ведаеш гэта. Ты не памятаеш цяпла рук маці, ты не ведаеш, што гэта такое. Камень мёртвы. I маці памятаеш ты толькі мёртвую...» Але ён быў удзячны каменю, які даў адчуць яму тое, чаго ён быў пазбаўлены, які захаваў і праз гады данёс да яго тое, чаго не змагла захаваць памяць, і ненавідзеў гэты камень. Да самага апошняга часу ў ім не-не дый успыхвала дзіцячая вера, абуджалася дзіцячае жаданне цуду: не можа быць ён так абдзелены ў жыцці. Ёсць у яго маці, будзе. Яна толькі забавілася дзесьці і зараз прыйдзе да яго. Так, ён верыў гэтаму. З гэтай верай у яго звязаны самыя лепшыя ранкі, самыя лепшыя сны, сны ў сне і наяву. Усё ў яго будзе, як у людзей. Ішоў час. Усё ў яго было, як у людзей, і толькі не было маці. А ён усё верыў, што будзе.
Будзе! I вось... веры гэтай прыйшоў канец. Мёртвы камень паўстаў паміж ім і маці. I ніякая сіла не магла скрануць яго, што-небудзь перамяніць. Гэта Антон зразумеў толькі цяпер, на гэтым двары, дзе рабіліся помнікі і абуджалася неіснуючая памяць: няма маці. Няма і ніколі ўжо не будзе. Калі з таго свету не вяртаюцца, то і з-пад каменя не ўстаюць.
I Антон адчуў, што з гэтага дня жыць яму будзе цяжэй, пашкадаваў бацьку.
А бацька стаяў каля пліты сам як помнік. I меншы яго сын, Алесь, таксама быў нерухомы. Жанчына і хлопчык, аб якіх сумавалі яго бацька і брат, былі невядомы яму. У яго былі маці, і яшчэ адзін брат быў у яго. Але і ён зведаў гора, таму што жыў і рос на такой вуліцы, дзе ўсе зведалі гора, дзе ў кожнага хтосьці загінуў у вайну. Але гэта было так даўно, калі яшчэ яго на свеце не было. Яму было шкада бацьку, і брата, і жанчыну, і хлопчыка, асабліва хлопчыка. Ён пражыў толькі два гады. А жанчына магла быць яго, Алесева, маці, яна таксама з васемнаццатага года. З другога яе боку, застанься ўдавой гэтая забітая жанчына, не было б на свеце яго. Быў бы хтосьці зусім іншы. А добра гэта было б ці не? Хто яго ведае. Але яго не было б, ясна.
А ў клубе сёння тапцы. I ў кішэні Алеся ляжыць асвятляльная ракета, якую так зручна запускаць з танцавальнай пляцоўкі. Сёння ракеце, напэўна, не ўзняцца. Мо гэта і лепш, а мо і не... Дзяўчаты так хораша палохаюцца ракет, так скрозь страх імкнуцца разгледзець, хто гэта там «адмочвае» такое...
Было Алесю крыху не па сабе яшчэ і ад таго, што мёртвая, помнік па якой ён прыехаў забіраць, так кранае яго бацьку, такая дарагая яму. Было сорамна за бацьку, нібыта ён, Алесь, падгледзеў штосьці ў шчылінку, недазволенае, нядобрае. I мёртвая жанчына паўставала паміж ім і бацькам. Таму маці сёння так і сцяла губы, калі бацька наладзіўся ехаць па помнік той, першай жонцы... Шкада бацьку, шкада маці, шкада тую жанчыну з хлопчыкам і сорамна. Сорамна, што ўсё так недарэчна складваецца на белым свеце. Чаго толькі гэтым людзям не хапае. Жылі б сабе ды жылі, дык не... I вось таму Міхасю было толькі два гады... I колькі часу прайшло, а бацька толькі зірнуў на пліту — счарнеў за хвіліну. I сум, сум у вачах, як па нябожчыку.
А Рыгор Вечка, бацька, у гэты час ужо не сумаваў.
Сум-то быў у ім, і сляза, пякучая, горкая, мучылася і не магла прабіцца на волю. Але гэта былі нрыемная сляза і прыемны сум. Рыгор быў зноў малады. I маладая яго рука абдымала не камень, а, здаецца, пяшчотна трымала другую такую ж маладую руку. I пяшчота ўваходзіла ў яго, і разам з ёю ўзнімалася на неба сонца. Надыходзіў час развітання. Рыгор не мог зразумець, навошта гэтае сонца, як перажыць гэты доўгі, доўгі дзень, як год, да новай сустрэчы. А трэба было яшчэ бегчы дванаццаць кіламетраў да сваёй вёскі і брацца за касу...
— Ну дык што будзем рабіць? — пачуўся голас Баглая.
— Забіраем мы помнік,— сказаў стары Вочка.
— Не,— сказаў Баглай,— не аддам я сёння табе помнік. Машыны няма, ды і мастака няма, ды і рабочы дзень заканчваецца... Зранку заўтра, зранку.— I Баглай зноў паспрабаваў заглянуць у вочы Вочку, але той зноў не даўся. Тады Баглай павярнуўся да Аптона.
— Час у вас зараз ёсць? — спытаў яго Антон.
— Час-то ёсць,— зразумеў Баглай.— Але машыны ўсё роўна няма. I без мастака дошку я вам не магу аддаць, сумленне не дазволіць. Ды і верыш, хлопча, ці но, а шкада мне сёння аддаваць вам гэты помнік. Разумею, нядобра гэта, а шкада. Я яго амаль адзін, сам, адной сваёй рукой рабіў... А час ёсць, ёсць...