Надзька моўчкі сядзела на бервяне і не слухала Ваську, моўчкі варушыла грошы. Ад разбуранага дома павявала ўжо нежыццю, ляцелі па ветры надзеі дзеда Саўкі, не вартыя, каб на іх і плюнулі. Скраблі адзенне і абутак, людзі адбіваліся ад іх. Надзька пацягнулася да адной з паперчын, пашкадавала яе, але не дацягнулася, адняла руку ад мільёна, невідушчымі вачыма ўтаропілася перад сабой, мякка і асцярожна прыціснуўшы далоні да жывата. А вецер працягваў забаўляцца мільёнамі, рыззём, старызною, неіснуючым ужо, пакінутым людзьмі Княжборам, прахам хат, якіх ужо не было, і хлявоў. Усім, што некалі складала жыццё, што жыло разам з людзьмі і цяпер павінна было адысці ў небыццё. І прах гэты быў уедлівы і ліпкі, і былі ў ім горыч і прысмак палыну і пах хлеба, і нейкая разгубленасць была і замяшанне, і цяпло нейкай далоні адчувалася — адчувалася ўсё, што спадарожнічала некалі людзям і іх жыццю. 1 здавалася, што нехта нябачны ўсё ж застаўся ў тым старым, разбураным Кпяжборы, застаўся, каб сцерагчы гэты дух і гэты пах, каб яго ніколі не выветрыла, мо ўсё ж знойдзецца гаспадар, мо ўсё ж прыйдзе, запатрабуе ўсё гэта назад.
ПАЛЫН БЕЗ КАРАНЁЎ
З горада перадалі тэлефанаграму: едзе сакратар райкома з дэлегацыяй. Што за дэлегацыя, бухгалтарка, якая прымала тэлефанаграму, не ведала. Дэлегацыя, і ўсё Мацвей папрасіў сустрэць яе старшыню пассавета, а сам знік.
Сакратар на бюро пастойваў, каб за знішчэнне дамбы і шлюзаў выключыць Мацвея з партыі. І мог бы ён развітацца з партбілетам, і развітаўся б, калі б не заступніцтва Сяргея Кузьміча. Абышлося вымоваю і суровым вусным наказам: калі нешта падобнае будзе яшчэ раз, тады... Нешта падобнае было. Праўдзівей кажучы, гэтае нешта падобнае мела, як гаворыцца, месца да дамб і шлюзаў, але яго ніхто не пакараў за тое, як бы ніхто не прыкмеціў. Мацвей замест бульбы і збожжа пасеяў травы, а каб не бачна было з дарогі, прыхаваў тыя травы пасеянымі каля дарогі пшаніцай і кукурузай. I цяпер гэты грэх яго быў навідавоку — пшаніцу паўсюдна зжалі, і травы стаялі амаль што голыя і бачныя здалёку. Мацвею было зусім не з рукі выкручвацца перад сакратаром, апраўдвацца перад ім, які лічыў, што збожжа і ёсць корм жывёле і ніякая трава не здольная замяніць гэты корм. Ён і слухаць не хацеў пра тое, што прапашныя спусташаюць тарфянікі, што яны і так ужо загубілі сантыметраў трыццаць гэтых тарфянікаў, праз год-два іх палі будуць голымі, выйдзе вонку палескі пясочак, і тады хоць локці грызі — нічога ўжо не вырасце: ні зерня, ні бульбіны, ні травы. Канечне, Мацвей мог звярнуцца па дапамогу да таго ж Сяргея Кузьміча. Але райком жа быў бліжэй, чым абком, і ён падпарадкоўваўся райкому. Мацвей прайшоўся па новым Княжборы, радасны, але і трохі заклапочаны: голы быў яшчэ пасёлак, неабжыты, на ўсю вуліцу тры-чатыры чэзлыя дрэўцы, і тыя пасажаныя яшчэ будаўнікамі.
— Садзіце сады, грушы, яблыні, вішні. Што за дом без дрэва,— угаворваў ён сваіх землякоў.
— Ай,— аднекваліся княжборцы.— Толку ў той яблыні, вішні тваёй, вельмі ўжо наясіся імі, сытым будзеш.
— Мо сытым і не будзеш, але ж красіва, і дзецям яблыка трэба.
— Красіва, трэба дзецям,— пагаджаліся з ім княжборцы, але пагаджаліся не без паляшуцкай хітрасці ў вачах: маўляў, што ты тут прычапіўся да нас, старшыня, са сваімі яблыкамі, грушкамі.— Карову няма дзе трымаць.
— Калгас жа вам малако дае.
— Дык то ж калгаснае малако.
— А якая розніца — малако. I тлустасць, і пажыўнасць...
— Так яно, так, старшыня, і тлустасць і пажыўнасць, але ж сваё лепей...
— Усё роўна ж каровіна яно, а не сваё.
— Не, сваё ўсё ж лепей...
— А яблыка і прадаць можна.
— Можна і прадаць.
— Дык у чым жа справа? — Ён губляўся перад гэтай пракавечнай несаступнасцю, ненавідзеў тое, чым раней ганарыўся.
— Не трэба нам дурных грошай.
— Бульба дробненькая, але ж свая,— спрабаваў падкаціцца ён з другога боку, пакпіць з іх несаступнасці, але і гэта не праймала.
— Так, старшыня, твая праўда, дробненькая, але свая. А яблыкі, грушы твае і не вырастуць у нас.
— Чаму не вырастуць?
— Пацукі пагрызуць.
— Якія пацукі?
— А ўсякія, што ў зямлі, а яшчэ точкі.
— Што яшчэ за точкі?
— Точкі.— I ўсё. Дабіцца ад іх яшчэ чаго-небудзь было немагчыма.
— Яны ж заўсёды былі, і пацукі, і точкі, і не грызлі садоў.
— Раней не грызлі, а зараз пагрызуць.
Вось так, і кропка. Ні да чаго не дагаварыўшыся, стомлены, ён спяшаўся на свінагадоўчы комплекс. Апошнім часам ён унадзіўся хадзіць туды, утульна там было, заўсёды ціха, народу рабіла па комплексе не шмат, прывычна патыхала вясковым хлявом, ён заходзіў і доўга стаяў то ў адным, то ў другім аддзяленнях. Разлёгшыся на цёплай падлозе, што падагравалася знізу, разморана рохкалі свінаматкі, прыпадалі да іх цела, задаволена і сыта пацмоквалі байстручаняты-парасяткі. Маці іх насцярожваліся, бо бачылі чалавека, чулі яго крокі, адтапырвалі абвіслае вуха, адплюшчвалі соннае, зацягнутае плёнкай і спракавечным мацярынскім сумам вока, міргалі гэтым сваім вокам, стомленым і без брыва, і супакойваліся. Нешта непарушнае, вечнае і вельмі добрае, сцішанае адчувалася за ўсім гэтым. I на комплексе Мацвею было заўсёды спакойна, ён верыў, што так будзе ўсюды. Збягаў сюды ад сваіх думак і клопатаў. Тут ён быў упэўнены ў сабе, бо ніхто і нічога не казаў яму там ні аб точках, ні аб пацуках. На комплексе рабіла і Надзька, і яму падабалася наглядаць за ёю, але сёння Надзька якраз і перашкодзіла яму застацца аднаму, адрынуць усё гэта непрыемнае. Ненене ўбачыла яго праз акно санпрапускніка, выбегла насустрач, замітусілася:
— Праходзьце, праходзьце, Мацвей Антонавіч.