— Цябе прызнаю, Якаў ты,— сказала яна Ваську, крануўшы яго за крысо, а ад Надзькі адсунулася.— Цябе не ведаю, адкуль ты, як завуць цябе?
— Ты што, баба, Надзька я.
Бабка скоса зірнула на яе, паківала пальцам:
— Ой, хітрая, не Надзька ты, ты пераапранулася, ты Надзьчына плацейка надзела, я відзела, не думай, я відзела.
— Лажыся, баба,— Надзька пагладзіла старую, як дзевачку маленькую, па галаве, дала ёй патрымаць сваю руку, але і гэта не дапамагло. Старая не пазнала яе і навобмацак, на руцэ:
— Вох, хітрая якая. Абое вы хітрыя, і бог з вамі, ідзіце, ідзіце абое. А я тут упраўлюся сама. Я зараз і печ натаплю, есці нагатоўлю, свіней пакармлю. І вам застанецца, не бойцеся. Ганне дам, Цімоху дам, Змітру накладу.
— Памёр Змітро, баба, немцы ж яго забілі пры табе.
— Вох, донечка, гаварыла ж я, што не Надзька ты. Надзька бы наша ніколі такога не сказала. Надзька ведае, што Змітро жывы і Якаў жывы.— Надзька зірнула на Ваську і сцепанула плячыма, яны паклалі старую зноў на палаці, тая легла, здаецца, не супраціўляючыся, але непаспелі яшчэ зачыніцца за імі дзверы, саскочыла з палацяў, падкралася да акна, зірнула тайком на двор, пераканалася, што яны пайшлі ўжо, выскачыла на вуліцу, набрала дроў, прынесла іх у хату. I тут зноў бы забылася, што гэта надумала рабіць, пачала нашэптваць сама сабе:
— Глядзі ты, Змітро памёр. А як жа гэта ён мог памерці, калі я яшчэ жывая... I Якаў жывы...— Тут ёй нешта, пэўна, прымроілася, спалохала мыш, што прабегла па падлозе, і яна павярнулася, пахітала галавою: — Пачакай ужо ты там, хутка, хутка сустрэнемся, толькі з работай упраўлюся, толькі дзетак накармлю: Змітру дам, Якаву дам, а Надзьцы ні-ні, не наша гэта Надзька. Думае, што аслепла я ўжо, не бачу, як яна пераапранаецца.
Стала тварам да кута, перахрысцілася на цёмную пад белым ручніком ікону:
— Ну што ты на мяне пазіраеш? Злезь, дапамажы. Работы, сам бачыш, не перарабіць... Ой, работы, ой, работы, вышэй галавы. Дапамажы... Ты, лайдачына, будзе тое, дапаможаш. Узялі цябе ў рамку, дык ты з той рамкі і пальцам не кіўнеш.
I старая адвярнулася ад іконы, заспяшалася, адкрыла дзверцы грубкі, проста на падлогу выграбла попел, але дровы, што прынесла з вуліцы, пачала класці не ў грубку, а на падлозе, каля грубкі. Адною запалкай падпаліла лучыну. Не зірнуўшы на агонь, што ўхапіўся хутка, адразу, кінулася да чыгуноў, заліла іх вадою. Рабіла ўсё ўпраўна, лёгка, як рабіла, пэўна, у маладыя свае гады. I агонь быў у яе вачах, сухі, спапяляльны.
— Гары, гары, угарайся,— загадала яна агню,— поўная я^ хата людзей, напаследак усіх жа накарміць трэба, вох, умарылася.— I пайшла да палацяў, легла, каб больш ужо не ўстаць. Агонь, што выхапіўся з-пад страхі, з вокан, першым прыкмеціў усё той жа Васька, які ехаў па вёсцы на матацыкле, кінуў матацыкл, рынуўся ў хату. Спыніўся па парозе, нічога не бачачы ад дыму.
— Ёсць тут хто жывы ці не?
Яму ніхто не адказаў. Усё трашчала і гуло ў бойкім, зыркім полымі, але ён усё ж навобмацак рушыў, памкнуў да палацяў, намацаў, узяў на рукі Махахеіху, тая адбівалася ад яго.
— Адчапіся, адчапіся,— ірвалася яна і на вуліцы,— туды мне трэба, туды. Чакаюць мяне там, бачыш, стаяць, пусці, нехрысць. Да сваіх, да сваіх хочу, не хочу з вамі... А агонь ужо ахапіў усю хату. Сухое дрэва гарэла, што порах, і гулка страляла чарапіца. I віліся над домам буслы. Як ні кідаліся ў полымя, а полымя адкідвала іх назад, гарэла не толькі старая, але і новая хата, якую так і не адбудавалі, і бусліная хата гарэла разам з буслянятамі. Бусляняты гэтыя, пэўна, ужо даўно захлынуліся ад дыму, таму так і шалелі бусел з бусліхай. А людзі збіраліся на пажар не спяшаючыся, небагата іх і заставалася ўжо ў старым Княжборы. Паказаліся з адных варотцаў дзве спалоханыя жанчынкі і зноў нырнулі ў двор. Выйшлі з хат мужчыны, зірнулі на полымя — і зноў у хаты. I толькі крыху пазней з'явіліся тыя і жанчыны, і мужчыны з пустымі вёдрамі ў руках, такія ж няспешныя, нейкія расслабленыя, бы збіраліся не на пажар, а ў поле, выбіраць бульбу.
I ўсё ж, як ні марудна збіраліся людзі, хутка ці не ўвесь амаль Княжбор быў каля хаты Махахея. Але толку ад іх было мала, не было і таго неспакою, які выклікае заўсёды ў вёсцы пажар. Княжборцы, здаецца, бы глядзелі тэлевізар, і хоць былі пры гэтым не зусім безуважнымі, але ўсё ж толькі гледачамі. Нешта, здаецца, і рабілі, ніхто не стаяў на месцы, але ўсё так запаволена, марудна, бы апітыя, бы апітымі, самымі бесталковымі, былі на гэтым пажары і самі гаспадары. Цімох і Ганна Махахеі. Яны стаялі ўперадзе іншых, пабраўшыся за рукі, і пазіралі на пажар, бы даўно чакалі яго, бы недзе ў глыбі душы здагадваліся, што вось так, агнём і пажарам, і павінна пайсці ўсё, што прыдбалі і нажылі яны. I не балела ім, і не пакутавалі, здаецца, яны за гэтае сваё прыдбанае, хаця час ад часу і ўздрыгвалі, адзначаючы самі сабе, што гэга занялося на тую хвіліну ў хаце агнём.
— Стрэліла каністра з карасінам,— гаварыў Махахей, сціскаючы руку жонкі.
— Скрыня, чую, ужо гарыць,— адказала яму жонка.— А там жа святочнае ўсё і смертнае.— I парывалася бегчы ў хату, але Махахей не пускаў яе.
— Буслы спекліся.
— I Ясенінаў згарэў...
— Самі жывыя, і добра,— супакойваў жонку і сябе Махахей.— Ясенінава Алена прышле новага з горада.
-- То мо і самі ўжо, Цімошык, у горад...
— Пажарную, пажарную вызвалі? Як бы іншыя хаты не заняліся,— мітусіўся і хваляваўся адзін толькі Аркадзь Барздыка. Яму было з-за чаго хвалявацца. Адразу ж пасля вяселля Барздыкі і Махахеі дамовіліся, што маладыя забяруць новую хату Махахеяў, перавязуць і паставяць яе на кардоне, так пажадаў сам Васька — жыць у лесе, бліжэй да работы. I цяпер гэтая хата, што выдзелілі ім, ужо дагарала. I Барздыка думаў наперад: яго цяпер хата павінна была адысці маладым, за яе ён і хваляваўся. Самі ж маладыя, здавалася, і ведаць не ведалі, што засталіся без хаты. Іх паклікала да сябе старая Махахеіха. Яна, пэўна, так і не зразумела, што тут адбываецца, што гэта яна ўтварыла. Махахеіха пазірала на агонь па-дзіцячаму дапытліва і весела.
— Хораша гарыць,— нашэптвала яна па вуха Ваську,— агонь ачышчае, ты любі агонь, любі.— Прыкмеціла Мацвея, што стаяў збоку і быў таксама нерухомы, бы зачараваны агнём, загадала Ваську паклікаць і яго да сябе. Мацвей падышоў. Махахеіха як зноў апрытомнела, увайшла ў розум.
— Усё, дзіцятка, усё,— сказала яна Мацвею,— трымай мяне, не хочу перад усімі на зямлю падаць. Ва руках у людзей, у чалавека хочу.— I Махахеіха выпрасталася і паволі пачала завальвацца, падаць. Мацвей ледзь паспеў падхапіць яе на рукі, і яна, праменькая, што чараціна, ляжала на яго руках, вельмі маленькая чараціна, пільна ўглядаючыся ў яго твар, потым з такой жа пільнасцю пазіраючы на сонца, ціха нашэптваючы ці то таму, хто трымаў яе на руках, ці то сонцу:
— Дзякую, дзякую, перасялілася, пера...— I супакоілася назаўсёды.
А раніцой наступнага дня яе і пахавалі. Пахавалі ціха і не вельмі сумуючы, голасна плакала адна толькі Ненене:
— Маё месцечка заняла.
I пакаціўся, пасыпаўся стары Княжбор на машынах, трактарах і падводах, рушыў ён драўляны, і самотны, і журботны, але і задаволены адначасова, у новае жыццё, у новыя каменныя кватэры. Спалохана і нясмела ўваходзіў у гэтыя кватэры з непатрэбнымі ім гаршчкамі і чыгункамі, ступамі і сякерамі, каб праз год-два развітацца з гэтым рыззём і начыннем канчаткова, а яшчэ праз год-два пачаць шукаць гэтае рыззё і начынне, бы яно зноў уваходзіла ў моду і было неяк непамысна без яго. Ціхамірна пераехалі і Барздыкі. Старыя — асобна, маладыя — Надзька з Васькаю — асобна, павезлі бацькаву хату ў лясніцтва. I гаварыць аб гэтым мо было б і не варта, калі б не адна акалічнасць, якая папярэднічала гэтаму пераезду.