Барздыкі амаль ужо разабралі сваю старую хату, умесцілі яе па дзвюх машынах з прычэпам. Васька, налягаючы на лом, спрабаваў расшчапіць два апошнія вянцы, але яны як зубамі пабраліся.
— Ды падсабі ж ты,— прахрыпеў ён, скоса пазіраючы на бацьку, што курыў у халадку.
— Дурням не пасобнік,— адказаў Барздыка,— ты ж у мяне такі вумны-разумны і абразованы такі.
— Што табе яшчэ трэба? Хату шкода — кватэру за яе атрымаў.
— Атрымаў кватэру, а людзі яшчэ і грошы за яе атрымалі. А я чаму толькі за спасібачкі павінен гэтую сваю хату лясніцтву перадаваць?
— Не дзядзьку ж чужому, а сыну хату перадаеш,— стала пярэчыць яму і жонка.
— А ты не ляпай, не ляпай языком,— агрызнуўся Барздыка,— сваёй выгады не разумееце, цяпер усюды выгада, другія разумеюць.
— Двойчы за хату атрымаць хочаш,— Васька зноў налёг на лом. Надзька, што да гэтага адчужана наглядала за ім, кінулася да яго, каб дапамагчы.
— Ты што! — спалохаўся Васька.— Табе зараз і вядра вады нельга падымаць.
— Канечне, нельга,— горка ўсміхнулася Надзька.— Водаправод там мне ў хату правялі і газ паставілі. Мо ён і правы, бацька твой, Васька. Куды мы лезсм, куды мы бяжым ад людзей? Зноў у карчы, у балота, госпадзі.
— Не за выгадай жа, Надзя. Ідзі сядзь, адпачні.
— А чаго ж мы гэта шукаем у тым лесе? Не хочу ў лес, не хочу...— I яна адышла ад яго.
— Жонку слухацца трэба,— падтрымаў яе Барздыка.— Жанчыны больш за нас жыццё ведаюць, толькі што табс гаварыць, за хату маю хоць прывязеш са Шчурам саломы з поля і кардоплю забярэш. Маці ўжо выканала. Без пары выкапала, толькі ці дачакаешся той пары, не маці, дык калгас выкапаў бы, Роўда забраў бы бульбу ў калгас, каб чорт яго забраў.
— Не паеду я па тую бульбу і салому...
— Як гэта но паедзеш, як гэта но паедзеш. Я са скуры вылузвалася. Я са Шчурам дамовіўся наконт машыны. Яны сваё будуць забіраць і паша ўскінуць. Вось табе і работы ўсёй.
— З'ездзі, Васька,— гэта загаварыла ўжо ў лад з Барздыкамі і Надзька.
— Васька злосна налёг на лом.
— Спеліся, з'езджу, заўтра скочу. Стану злодзеем заўтра і я. А сёння не лезьце пад руку.— I вянцы распаліся, раз'ехаліся, нішто ўжо не ўтрымала бярвенне, і яно пакацілася па зямлі, сеючы сухі мох і пыл, што запасіўся гадамі. З паза, што быў выдзеўбаны паміж апошнім вянцом і штандарай, выпырхнулі, закружыліся стракатыя паперкі, як пясок, нацяклі медныя і срэбныя манеты.
— Грошы, грошыкі,— першай апамяталася, выдыхнула з сябе Барздычыха.
А грузчыкаў як ветрам змяло з машыны, так хутка кінуліся яны да гэтых паперак і манет. I толькі Надзька не кранулася з месца, замерла, дзе заспелі яе гэты звон і шолах, і недаўменне было ў яе вачах.
— Ай ды Барздыкі, на грошах жылі, на грошах сядзелі і елі,— толькі галовамі пакручвалі грузчыкі.— Паглядзі ты па яго, бедненькім прыкідваўся.
— I мне ні слова,— наступала на Барздыку Барздычыха, размахваючы паперкамі. Той апасліва адсоўваўся ад яе.
— Не ведаў, не ведаў я, ні сном, ні духам...
— Якія гэта грошы? — углядаўся ў паперкі Васька.— Мільёны.
— Мільёны! — Барздычыха шпурнула ў твар мужыку грошы.— А я за капейчыну ўсё жыццё білася. А я ані сабе, ані дзецям.
— Керанкі гэта, мама,— плюнуў Васька.— Царскія сотні, пятакі аж Пятра Першага яшчэ. I злотыя польскія. Маркі кайзераўскія і гітлераўскія... Ну, запаслівы дзед Саўка, ад кожнай улады грошай узяў...
— Прыдбаў багацтва твой дзед,— пасміхаліся грузчыкі.— Пакінуў табе спадчыну... З такой пагоды, Васька, чатыры дванаццаць адвалі і нам. Мільёнаў нам не трэба: чатыры дванаццаць.
— Вось гэта чатыры, а гэты вялікі на ўсе дванаццаць,— і Васька паказаў рабочым дулю,— Чаго пасталі, чаго скаліцеся?
— А таго, што пашанцавала табе, Васька. Шукаў золата дзеда Саўкі і знайшоў.
— Знайшоў... Эх, дзед Саўка, дзед Саўка,— Васька падняў некалькі паперак, зачарпнуў жменю капеек, падыйшоў да Надзькі, кінуў усё гэта над ногі ёй: — Бяры, мо табе трэба... Дзед Саўка, дзед Саўка, а я так верыў, і плюнуць няма на што. Дзеля чаго, навошта? Выгады ім, выгады ім... З'езджу прывязу бульбы, саломы прывязу, выгадвайце, яшчэ чаго прывезці, украсці што, надуць, падмануць каго, каго купіць за гэтыя керанкі, маркі, злотыя, мільёны.