— А цяпер ідзі,— сказала яна.— Ідзі. Яшчэ пабачымся, да жніва я яшчэ дажыву, увіджу жніво, а там як бог дасць.
Мацвей пайшоў і з'явіўся зноў на вяселлі ўжо вечарам, калі прыспеў час дзяліць каравай. Каравая ж таго не знайшлі: выпечаны бабаю Ганнай, ён чакаў свайго часу ў каморы, там, дзе прыхавана было і некалькі бутэлек гарэлкі, на ўсякі выпадак, а раптам ды не хопіць, і было ў той каморцы невялічкае акенца, сабаку пралезці. Але пралез у гэтае акенца і сабака двухногі, як сказала Барздычыха, праз акенца выцягнулі і каравай, і гарэлку, падзея ў Княжборы неверагодная. I гары яна гарам, тая гарэлка,— зняважылі і зняславілі і Махахеяў, і Барздык. Прыспеў час быць караваю на стале, а яго няма, і што хочаш рабі, хоць стой, хоць падай, хоць бацькам маладьтх уцякай са сваёй хаты, з вяселля і вёскі свае. Першае вяселле ў Княжборы спраўлялася без каравая. I, здаецца, было яно ўжо не сапраўдным. Без патрэбы былі і каравайнічкі-пачынайнічкі, і не было аніякай патрэбы кідацца дзевачкам у песенькі, музычкам у скрыпачкі, а мамачцы — у мыселькі: не было караваю-раю. Такі ўзнялі бабы галас і лямант, што мёртвага б абудзілі. На той галас і вэрхал патрапіў Мацвей, якраз у пару. Мужчыны ўжо ледзь не ўсім вяселлем збіраліся ісці вайною па сцягачоў: хто ж гэта яшчэ, акрамя іх, прыблудттых, мог так зняважыць, абразіць вяселле.
— Бралі б, жэрлі б ужо толькі гарэлку,— галасіла Барздычыха,— каб вам рукі паадсыхалі, каб вам вочы павыпірала ад той гарэлкі, каб вас параспірала. Зямельку б вам так смачна есці, як вы елі каравай... Ой, караваю мой, раю, я каля цябе іграю, я цябе прыбіраю... каб вас на той свет прыбрала, каб у гробе дошкі ды прыціспулі вашы ножкі, каб нельга было і ўстаці.
— Ты што, Парасця,— спрабавала спыніць яе баба Ганна.— Вяселле ж, не хаўтуры, ты і на дзяцей бяду наклічаш.
Але спыніць Барздычыху было ўжо немагчыма.
— Каб вашы рукі пазалацелі ды па локаць адляцелі... — выла яна па караваі, як па нябожчыку, праклінаючы тых, хто паквапіўся на яго. I Барздыкі, а за імі і Шчуры ўжо ламалі платы, бралі калы, каб ісці прыступам на санпрапускнік. I пайшлі б, калі б не аказалася пад рукою, там жа, на вяселлі ў Махахея, участковага. Разам з участковым Мацвей і пакінуў вяселле, толькі той ішоў несці службу, шукаць зладзеяў, а Мацвей — дахаты. I чым блі- жэй была гэтая яго хата, тым больш трывожна рабілася ііа душы яму: ці не чакае і яго ў хаце ці каля хаты ўчастковы. Тое, што ўкралі каравай і гарэлку,— гэта проста дробязь, калі параўнаць з тым, што ўтварыў ён, і тут, бадай шго, адным толькі ўчастковым не абыдзецца, можа прыехаць і сам начальнік міліцыі разам з сакратаром райкома. Як ён будзе апраўдвацца перад імі, што ён ім скажа.
Учора, яшчэ ў запале, ён думаў, што адмовіцца ад усяго, і на тым кропка, таму і ўзрадаваўся ўчастковаму, мазоліў яму вочы: не адлучаўся, маўляў, з вяселля я — нікуды, і ўчастковы сведка. Цяпер жа гэтая спроба апраўдацца здавалася яму такім глупствам, што аж з душы вярнула. Ён разумеў цяпер Барздычыху і нагаджаўся з усімі яе праклёнамі, хаця цана ўсёй яе прапажы — капейка. Але тут яна паднялася і бушавала не за капейку. I ён таксама не за капейку, не толькі за тое поле, за тую пшаніцу, што вымачыла, якую затапіў рыбгас. Ён паўстаў супраць самога сябе, а калі падумаць і ўзважыць усё, то мо нават замахваўся і на нешта большае. I за гэта трэба было ўжо адказваць. Там, каля сажалак, закладваючы ўзрыўчатку, ён быў яшчэ не гатовы адказваць. Мо ён баяўся, хутчэй за ўсё баяўся, і шкадаваў ужо сажалку, якую збіраўся спусціць. Гэта ж ён сам, сваімі рукамі стварыў яе. I сваімі рукамі павінен быў знішчыць, гэта значыць, прызнацца ў тым, што ён нічога не будаваў і не ствараў, а на самым пачатку толькі руйнаваў, толькі бурыў. Бурыў плугам Мацапуры, а цяпер вось узрыўчаткаю, якую, праўда, здабыў падпольна. Даводзілася каму-небудзь з людзей праходзіць праз такое ці ён першы? I чаму менавіта ён, а не хто-небудзь іншы, таму што ў яго няма хваста, як у таго ж Рачэўскага? Ці ён больш шчыры і больш сумленны, чым іншыя? Гэтага Мацвей аб сабе не сказаў бы. Ён не мог сказаць, што баіцца начальства, імкнецца дагадзіць яму. Начальства трэба паважаць і любіць — гэта ўводзіў у вушы яму Шахрай. Ад любові да таго ж Шахрая ён не сканае, але ён і не паўставаў супраць яго, не супярэчыў яму асабліва, не меў рацыі супярэчыць яму. Паміж імі заўсёды была згода. А калі ён дзе-небудзь быў і супраць, то Шахрай усё ж мог падысці да яго і пераканаць, перацягнуць на свой бок. Ён пагаджаўся з ім, але іншы раз гэтае згодніцтва працягвалася хвіліну-другую, пакуль той жа Шахрай знаходзіўся побач і прысутнасць яго як бы душыла Мацвея. Ён не здольны быў процістаяць гэтай прысутнасці, усмешцы, слову, не мог стаць на адну нагу з ім, тады ён, здаецца, нават і ўслугоўваў яму. Толькі ўслугоўванне гэтае зыходзіла не з таго, што ён баяўся ці шукаў нейкіх асабістых выгод. Калі б той жа Шахрай уздумаў крыкнуць на яго, ён бы таксама не змоўчаў, і як бы яшчэ грукнуў дзвярыма, нешта было ў крыві яго куды больш моцнае за яго, і гэта якраз вымушала яго прымаць чужую, навязаную яму волю, пагаджацца спачатку і толькі крыху пазней ужо бунтаваць. Але і ў гэтым бунце пасля бойкі ён толькі размахваў кулакамі, змагаўся словамі, якія так і засталіся нявыказанымі ўслых, таму што словы тыя, вельмі важныя і значныя, выкрывальныя, ён гаварыў сабе, размаўляў сам з сабою, выкрываў сябе і іншых. I ў той жа час апраўдваў сваё згодніцтва, лічыў яго часовым, прадыктаваным нейкай вышэйшай неабходнасцю берагчы сябе для нечага новага і сапраўды вялікага, сапраўды рызыкоўнага, дзе ўрэшце ён пакажа сябе, пакажа, чаго ён варты. Але нічога новага і вялікага яму так і не выпадала. Усё ішло — як і звычайна. Зноў сыходзіўся ён з Шахраем ці то з тым, хто замяшчаў яго, і зноў гэтае «нешта» ў крыві вымушала яго стрымлівацца, а часам ён нават і не стрымліваўся, а проста губляўся, таму што новае з'яўлялася не ў ім, ён працягваў яшчэ бушаваць, кіпець, спрачацца з самім сабой, выконваючы ўсё ж навязанае яму, як ужо нараджалася зусім іншае, зусім іншага патрабавалі і ад яго, не адмяняючы нічога з таго, што было раней. А ён ніяк не мог прынаравіцца да гэтага іншага, з прыкрасцю ўсведамляючы, што не хапае яму і гнуткасці, і спрыту, што ўвесь ён скіраваны толькі на тое, каб выканаць загаданае. То абуджалася ўжо ў крыві яго пачуццё самазахавання, то падаваў голас нейкі далёкі продак, што, забіты і затурканы, ціха пражыў свой век у гэтых палескіх лясах і балотах, даваў аб сабе знаць і аказваўся на гэтае імгненне больш дужым, чым ён, больш дужым, чым яго дзед, які насмеліўся некалі і прыбіўся да «дземакратаў», якія, па словах княжборцаў, з'явіліся перад рэвалюцыяй у гэтых лясах і балотах, дзе ўсё жыццё правёў у войнах, спачатку змагаўся з немцамі, потым з белымі і белапалякамі, потым, ствараючы калгас, і з самімі княжборцамі; мацней за бацьку, які таксама не ведаў спакойнага і мірнага жыцця. Мацвей ненавідзеў у сабе гэтага баязлівага продка, што паўсюдна імкнуўся надаслаць сабе саломкі, на кроплі выціскаў яго з сябе і не мог выціснуць. Ён не здагадваўся аб прысутнасці ў сабе таго баязліўца, пакуль вучыўся ў школе, той з'явіўся ў ім, калі ён стаў ужо студэнтам. Мацвей спадзяваўся, што пазбавіцца яго, як толькі атрымае дыплом і стане самастойным. Цяпер ён, здаецца, трывала стаяў на нагах, але так і не пахаваў свайго нябожчыка, ён ценем стаяў за яго спіною і хапаў яго за рукі, вязаў яму рукі. Мацвей бачыў яго — гэта быў стары, падобны адразу на Барздык, Махахеяў і Роўд, але Мацвею ён нічога ад сябе не даў, акрамя, канечне, страху, пачуцця самазахавання, быў ён цёмны, нават чорны з твару, а сярод Дзям'янаў усе былі толькі светлыя, русыя і сінявокія, у гэтага ж — цёмныя, збітыя ў каўтун валасы, і вочы колеру рудой балотнай вады, і жоўта пазначаны ліхаманкаю, спіты твар. Ён і цяпер калаціўся, бы трасла яго ліхаманка, але біла яго зараз не хвароба, а страх. Ён і памысліць не мог, што наважыцца ўтварыць такое, што наважыўся ўтварыць ён, Мацвей Роўда. Мацвей злавіў сябе на тым, што ён проста марудзіць, што яму не стае рашучасці чыркнуць запалкаю і падпаліць шнур, бы самога сябе падпаліць. I калі перамог сябе, чыркнуў, падпаліў, ужо не спяшаўся бегчы і хавацца. Адчуванне небяспекі было непераходным, але не тое, што крылася ў патроне ўзрыўчаткі, які ён заклаў пад дамбу каля сажалкі. Ён не баяўся, што выбух можа дасягнуць і яго, у гэтым мелася нешта нават выратавальнае, што адразу давала яму абсалютнае і прыемнае вызваленне. Страх крыўся ў іншым: зноў, як нічога не здарылася, як нічога не было, трапіць на вочы людзям. Заставацца ці прыкідвацца непашкоджаным, гаварыць з людзьмі, глядзець ім у вочы. I ён з цікаўнасцю сачыў, як пырскае іскрамі агеньчык, жарэ, глытае секунды, адлічвае ўжо яго секунды, думаў аб сабе, як аб некім староннім, у галаву лезла нешта пабочнае і дурнаватае, накшталт таго: рухаецца агонь у шнуры раўнамерна ці ў ім, як і ў чалавеку, ёсць сярэдзіннае, унутранае гарэнне, і сярэдзіннае гарэнне больш хуткае, чым гэтае, бачнае воку, і як проста ўсё адбываецца — агеньчык, іскра, адзіны толькі выбух — было жыццё, і няма яго... была вада, і не будзе яе, адхлыне яна, адступіць ад палёў. А поле ўсё роўна прыйдзецца перасяваць. А перасеў горш недасеву. Прыкідваючы гэты перасеў, ён, не вельмі ўсведамляючы, што робіць, пабег і за імгненне да выбуху ўпаў, схаваўся за пагоркам. Выбух быў глухі, з нейкім усхліпам і прычмокам, бы гэта быў і не выбух, таму Мацвей пайшоў праверыць, ці хапіла зараду, каб разбурыць перамычку.
Перамычку разбурыла, і з сажалкі ўжо хлынула вада, падмываючы і абвальваючы зямлю, змываючы сляды яго злачынства. Здавалася, што вада сама і пратачыла тут ход, разбурыла перамычку. «Канечне, сама,— паслужліва і хапатліва шапнуў яму на вуха знаёмы, але не яго, Мацвея, голас, а таго, хто ўвесь час спрабаваў ад усяго абараніць і выратаваць яго, усюды падаслаць саломкі.— Канечне, вада часта бурыць перамычкі і дамбы, ці ж то першы раз у рыбгасе такое, схлыне вада — і ажыве пшанічка, сама вада схлыне, сама...»
«Сама вада нойдзе і тут, самацёкам»,— Мацвей быў ужо каля шлюза. Шлюз гэты таксама рабіў ён, яго ўпраўленне і спецыяльна для Бобрыка, каб Бобрык напаўняў азёрнаю вадою свае сажалкі. «Калі суша будзе, і ты ж будзеш карыстацца гэтаю вадою, браць яе на свае палі»,— казаў тады Бобрык, калі Мацвей быў патрэбен яму, былі неабходны яго людзі і тэхніка. Раней ваду сажалкам рыбгаса давала рэчка, але, калі рэчку спрамілі, вады яе ўжо не хапала, рашылі браць ваду і з возера. Дазволу на гэта не дабіліся, возера лічылася ледавіковым, унікальным, і было яно пад аховай ці, здаецца, павінны былі яго ўзяць, таму і канал капалі, і шлюзы рабілі напаўпадпольна. Сляды гэтай напаўпадпольнасці былі прыкметныя асабліва цяпер: пясок, што вымалі для канала, так і не вывезлі, сыпалі ўздоўж канавы, на дрэвы, кусты, хапаліся, вядома. Во зробім, не ўхопіце за руку, а потым што хочаце, тое і кажыце — справа зроблена, і нічога ўжо не перайначыш. Неахайна, няроўна пакладзены і бетон, і рашотка шлюза зварана абы-як. Усё абы-як, хапатліва, паспешліва, рабочыя таксама не надсажаліся, усё ж разумелі: грошы, грошы, грошы, а з усім астатнім разбірайцеся самі. I вось разабраліся, і не хто-небудзь, сама зямля разабралася. Круг замкнёны. З аднаго боку мочыць, падтапляе — губіць, з другога — сушыць, таксама губіць». I пасярэдзіне гэтага замкнёнага круга, паміж вадою і сушаю, мітусіцца чалавек, ён, Мацвей Роўда. I не толькі ён, Махахеі, Барздыкі, Шчуры-прашчуры, увесь Кпяжбор са сваімі перасохлымі калодзежамі. Мацвей зірнуў туды, адкуль ён толькі што прыйшоў: далёка-далёка, ледзь бачны, як гарэлы пень на сонцы, стаяў Махахей, азіміна ўжо не ўдавала, што яе прысыпалі соллю, адышла, волгла пацямнела, поле бы плакала. А возера перад ім, з узвышэннем шлюза, дзе стаяў Мацвей, аздобленае хаця і рэдзенькім ужо, што сіта, лесам, а па процілеглым беразе і частаколам з хвой і дубоў, стаяла, бы калодзеж, выкапаны волатам і для волатаў, лапатаю ледавіка, што некалі праараў гэтую зямлю. «Яму б, чалавеку, такую лапату, плуг такі»,— падумаў Мацвей. І ці не ёсць чалавек тая ж самая лапата, што капае і арэ, не так ёміста, праўда, я к ледавік, не так глыбока, але не менш упарта, не менш разбуральна, хаця ці магчыма называць разбурэннем стварэнне ў гэтай палескай глушы вось гэтага калодзежа з сонцам, што купаецца пасярэдзіне яго, з белым лебедзем, што слізгаціць па растопленай сонцам вадзе. Лебедзі тут і раней не лічыліся дзівам, але яны некуды зніклі, мо ён і разагнаў іх, прыляцелі зноў сюды толькі ў мінулым годзе. І толькі адна пара: лебедзь і лябёдка... Мацвей зноў злавіў сябе, што марудзіць, памыляўся ўсё ж Махахей, цяжкая яго сякера, нялёгка падняць яе, а рабочыя рыбгаса парупілі, абшылі дошкамі рашотку шлюза старанна. Бобрык усё робіць так. Няпроста будзе яму, Мацвею, здабыць з гэтага калодзежа ваду. «Калодзеж, калодзеж, дай вады напіцца...» Мацвею ніяк не падпадае выдзерці Махахеевай сякерай двухсотміліметровыя цвікі. І ён пачаў секчы дошкі і сек іх да знямогі, але ж дамогся свайго, пусціў з возера ў канал ваду. Мокры да ніткі, разам з Махахеем, што гнаў коней у сяло, па Бялянцы прыскакаў да канторы. Не пераапранаючыся, сеў у газік і пакіраваў да Бобрыка. Там ужо яго чакалі, як ён і разлічваў, не толькі Бобрык, але і сакратар райкома, і сам Сяргей Кузьміч.
— Ну, хто з вас будзе Іван Нікіфаравіч, хто Іван Іванавіч? — звярнуўся адначасова да яго і Бобрыка Сяргей Кузьміч. Мацвей адразу і не ўцяміў: пра што гэта ён, і сакратар абкома вымушаны быў растлумачыць: — Старасвецкія вы паны Гогаля, збірайцеся да міравога.
Мацвей успомніў захапленне Сяргея Кузьміча класікамі і. зарагатаў, трошкі штучна мо, трошкі злосна і недзе брыдка, таму што шчыра. А брыдкі смех, як вядома, заўсёды шчыры.
ПЕРАСЯЛЕННЕ
1.
Аркадзь Барздыка пад дубам за хаткаю Ненене смаліў кабанчыка. Работу гэтую ён любіў, ляжала яго душа да такой работы, радаваўся ён ёй. Радасныя былі яму і агонь, і дым ад жытняе саломы, і пах шчаціння, і ружова-прыпаленая скурка кабанчыка, ужо выступала пад скрабком. I сам час радаваў яго. Час ужо на познюю восень, за якою праглядвае і белы тварык зімы, калі прыпадае да траў раніцою і прымаразак і зямля пад нагамі цвёрдая, ужо прыхоплена марозам, і ані ветрыку. Таму і стойкі пах такі не толькі самога смалення, але і вёскі, хлеўчукоў, дзе, уступаючы ў зімку, адпачывае ўжо сытая і. дагледжаная жывёла, пах позніх яблык, што ўпалі, адкаціліся да плота, схаваліся ў траве, і тых, што ўвіселі на дрэве, якіх не зняў ні гаспадар-хазяін, ні гаспадар-вецер. Такой парой і на душы ў Барздыкі спакойна і трошкі п'яненька. Ён ведаў, што яшчэ наперадзе яго чакаюць і чарка, і шкварка, ведаў, што ўзяць гэтую чарку не думаючы, як гэта будзе заўтра, таму што заўтра гэтае ўжо ў яго ў пограбе і каморы, у засеку, у мяшках і дзежках. І ён у думках дзякаваў бацьку, дзеду Саўку, які і перадаў яму вялікую навуку смалення. Прыступаючы да гэтай работы, ён выпіў карэц свежай, што яшчэ аж кіпела, крыві кабана. Смаку яе ён не вельмі адчуваў, але так ужо заведзена было яго бацькам, які пражыў, мо дзякуючы гэтай свежай крыві, за дзевяноста гадоў. Бацька перадаў яму не толькі сваю навуку, але і свой інструмент — кованую ў вясковай кузні швайку, якой калоў ён кабаноў, нажы і дубовыя калкі-затычкі, каб не выцякала дарэмна з кабаноў кроў. I Барздыка беражна захоўваў гэтую спадчыну, ведаючы, што прыйдзе дзень — і будзе ён п'яны і сыты і нос у табацы. Такі ўжо ў Княжборы парадак. Але сёння гэты парадак, і чарка, якую ён неўзабаве возьме, і шкварка не вельмі радавалі яго. Заўчасна ўздумала калоць сваіх кабанчыкаў Ненене, ды і не кабанчыкі гэта былі, а так яшчэ, подсвінкі, нават парсючкі, такіх у Княжборы ніхто ніколі і не рэзаў, малаком маці яшчэ ад іх несла. I лета стаяла на дварэ. А які ж гэта хазяін сярод лета стане пераводзіць сваё дабро. Не па-хазяйску гэта было, не па-сялянску і неяк не па-людску. I Барздыка, гледзячы па гэтую нехазяйскую справу, на гэтых парасятак, пераадолеў сябе і пачаў ужо быў адмаўляцца губіць іх.
— На такую работу спраўны і Сідар Шчур.
— Вой, не-не-не, я таго ІІІчура здалёк бачыць не хочу, як такое сказаў ён Мацвею: гніць табе ў балоце разам з маім сенам, а на сотках маіх ты і выпрастаешся, выпрастае цябе мая кардопля — гадкі, брыдкі ён мне зрабіўся.
— Калі гэта ён казаў так Мацвею? — Барздыка адчуў, што хвалюецца, але не за Мацвея ці Шчура, а таму што ведаў, здагадваўся, чаму гэта так пабраліся Шчур з старшынёю, але перапытаў усё ж Ненене: — Чаго гэта яны не падзялілі?
— Зямлі не падзялілі, сенакосу.
— Ці то мала цяпер той зямлі ў Княжборы.
— Шчур за сваё, а Мацвей за калгаснае, Аркадзька, захватчыкам абазваў Шчура Мацвей, калгасную зямлю захапіў пад свае соткі Шчур, на калгаснай сенажаці стажок сена выбіў сабе і паставіў.
— Збяднее ад гэтых сотак і стажка таго калгас,— Барздыка плюнуў сабе пад ногі, сліну пагналі, у пот кінулі яго словы Ненене, ён таксама быў «захватчыкам»: ён таксама меў лішнія соткі, і яго ж стажок таксама стаяў на калгаснай сенажаці. Ну і што тут такога, спакон веку так было, галоўнае не ў тым, што ты паціху крадзеш, а выконваць нейкія правілы, не забывацца, браць» толькі тое, што неабходна табе. I не толькі яны, Барздыкі ці Шчуры, павінны выконваць гэтыя правілы, але і старшыня павінен ведаць іх і не заядацца. У каго ж гэта ў Кпяжборы не было такіх сотак ці стажкоў.
— Не збяднее калгас, Аркадзька, так, але парадак жа таксама павінен быць.
— Табе добра гаварыць пра парадак, у хляве ніхто ўжо не рыкае, і ў закутку вішчаць не будзе... Захватчыкі... Ці то ж мы немцы...
— Вой, не-не-не, Аркадзька, што ета ты чаўпеш, каго ўспомніў, немцаў. Плюнь яшчэ.— Ненене была сама не рада, што завяла гэтую гаворку, бы не ведала, каму і пра што гаварыць можна.
Не буду калоць я тваіх кабанчыкаў, рукі мазаць,— сказаў Барздыка.
— Вой, не-не-не,— учапілася за яго старая.— Ты ж, Аркадзька, мо ведаеш маю бяду.
— Усё я ведаю, толькі Шчуру тут няма чаго рабіць. Хто родзіцца — крычыць, а памірае кожын моўчкі.
— Вой, ды не кажы ты мне нічога пра таго Шчура, будзь міласцівы, закалі ўжо, Аркадзька, каб ды не спаганіў ніхто мае хаўтуры, Аркадзька...
I Аркадзь Барздыка не ўстояў, вельмі ўжо лагодпа прасіла яго Ненене, а работа была брыдкая яму, сама што па Шчуру работа, хаця ён і выглядае на вельмі дужага, і жылісты вельмі, не мае ён усё ж у сваіх руках моцы на добрага кабана, парасят малочных яму толькі і калоць. Неяк Махахеі папрасілі таго Шчура забітдь кабана, кныра, дык яму, Аркадзю Барздыку, давялося ратаваць усіх трох. Шчура са сватам і Махахея. Белыя, як прасціна, што павесілі сушыцца, віселі вісьма па бэльцы яны, дрыгалі нагамі, а кныр бегаў пад імі, скакаў, лучыў ухапіць за лыткі. Шчур не калоў кабаноў, а спадзеючыся на сілу, біў іх кувалдай. Вось той кувалдай хацеў ён справіцца і з кнырам, мо і справіўся б, толькі Махахеіха перад тым, як ісці мужыкам у хлеў, паднесла Сідару са сватам па чарцы. Ад той чаркі і памутнела ўваччу ў Сідара, не на лобе, а па вуху, як па капусце, лупянуў ёп кувалдай. Разадраў кныру вуха, сапсаваў настрой, той і азвярэў, а мужыкам і бегчы няма як: вароты зачынены і калком падпёрты, хоць на сцяну дзярыся, добра яшчэ, што бэлька тая трапілася, уратавала.
— Знайшлі каго гарэлкай паіць,— выказаў тады Махахею Барздыка.— То ж ведаць трэба, каб паперад плаціць.