— Ведаю, усюды такіх, як я, хапае. А ўсё ж не гані мяне, не выракайся. Запойны я, гэта так, а рукі — залатыя. Не хвалячыся кажу табе. Калі цвярозыя гэтыя рукі, няма на свеце нічога, каб яны не здолелі зрабіць, хоць чорта, хоць касмічны карабель. Вазьмі, прападаю я, прападу. Хачу ў вёску. Вясковы я ёсць і застануся. Мо і прычына ўся ў тым, што не магу забыць сваёй вёскі... Могілкі там былі, каля самае нашае хаты. I на могілках дрэвы, кветкі...
Мацвей слухаў дзеда і шкадаваў ужо яго, нешта сугучнае яму і яго настрою чуў ён у словах гэтага апошняга п'янчужкі і забулдыгі. Ён і сам падобны быў на яго, хаця і не запіваў, але сёння — бы з пахмелля. Пахмелля на ўсё жыццё. I хто ведае, ці працягне хто яму руку, што пакладзе ў руку, калі ён вось так, як гэты дзядок, працягне яе. I, каб не дастаўся яму камень, ён наважыўся ўзяць гэтага Лапусту-капусту, пашкадаваў яго, каб нехта потым пашкадаваў і яго.
— Бяру,— сказаў ён.— Бяру, чорт цябе бяры.— Па абяцаў цвёрда, але да канца не верыў, што ўсё гэта сур’ёзна. Толькі Лапуста ў гэты шматпакутны для Мацвея дзень ні на крок не адыходзіў ад яго. I з таго дня ім было наканавана ісці разам да самага апошняга. А пакуль яны разам паснедалі ў «Бульбянай», якая толькі што к гэтаму часу адкрылася. I дазволілі сабе толькі піва, хаця Лапуста даволі выразна пазіраў увесь час на стойку, за якой было нешта і куды больш моцнае за піва. Снедалі па-сабачы, стоячы, таму што крэслаў у зале амаль не было. Касірка супакоіла, што крэслы ўвогуле ёсць і хапае іх на ўсіх, але сёння, во зараз, у «Бульбянай» якраз прафсаюзны сход, культуру абслугоўвання абмяркоўваюць, і крэслы пайшлі на сход. Лапуста быў забурчаў: «як гэта такое ды на сухую вытрываць толькі», але Мацвей не абазваўся на яго буркатню, спяшаўся хутчэй даскрэбці, што там было ў гаршчэчку, і бегчы. Не вельмі акрэслены, але ўсё ж меў ён нейкі план, што рабіць яму далей сёння. Ён баяўся сам гэтага плана, баяўся даводзіць і вызначыць яго да канца нават у думках, але ведаў, што не адмовіцца і не адступіцца ад таго, што задумаў, з Мінска ён ужо проста так не паедзе. I калі яны паснедалі, ён пацягнуў за сабою Лапусту да таго горада ў горадзе, да знаёмай ужо яму будыніны, дзе ён быў уночы ці якая прымроілася яму. Але калі і прымроілася, то надзіва рэальна. I днём, хаця пры іншым ужо асвятленні, была тая будыніна як дзве кроплі вады падобная на тую, якую паведаў ён ноччу. I дзверы былі тыя ж самыя, і адчыняліся яны ўсярэдзіну, і часта адчыняліся, відно, месцам, пазначаны ўжо вельмі былі яны чорнымі мецінамі ўнізе. Аблупленыя, рудыя, хворыя, шматпакутныя дзверы. I сама будыніна з той жа адзнакаю пакуты і хваравітасці. I лаўка сірочая і пустая, тая самая, на якой ужо сядзеў Мацвей, ён мог паклясціся ў гэтым. Ён сеў і зараз на яе, але цяпер ужо не адзін, а разам з Лапустам. Навошта спатрэбіўся менавіта цяпер і менавіта тут гэты Лапуста, ён не ведаў, але адчуваў, што будзе лепей, калі той будзе побач. I больш за ўсё баяўся, што Лапуста не ўседзіць каля яго, таму што сядзець, пэўна, прыйдзецца і доўга, мо да змяркання, а мо нават і да світання. Збяжыць, пакіне яго Лапуста, і ён не вытрымае чакання, пабаіцца застацца адзін. Якарам і апошняй надзеяй яму быў гэты спецыяліст, слесар самага высокага разраду. I Лапуста як разумеў гэта, сядзеў каля яго цярпліва і не надакучаў балбатнёю, ні аб чым не пытаў, нібы яны аб усім дамовіліся загадзя, ведалі, чаго прыйшлі сюды, і было Мацвею ўтульна і спакойна каля маўклівага Лапусты, ён і не прыкмеціў, як і прыдрамаў і ледзь не праспаў усё па свеце. Сама Алена пабудзіла яго.
— Хацела прайсці ўжо і прайшла ўжо, ды шкада стала,— сказала яна проста і без радасці і здзіўлення, нібы яны сапраўды сустрэліся і разышліся ўсяго некалькі гадзін назад. I Мацвей, дзівячыся з сябе, загаварыў з ёю проста, не хвалюючыся і не трапечучы, як успамінаў усё роўна былое і вяртаўся да гэтага былога, якое ніколі не рвалася, а ўвесь час толькі працягвалася.
Мацвей пачаў расказваць Лапусту ўсё пра сябе і пра Алену, бы яны з ім добра ўжо выпілі і Мацвею пад гарэлку цяпер ужо было не сорамна са слязьмі па вачах і з п'янаю шматзначнасцю і шчырасцю расказваць пра ўсё.
— Што ж ты так,— на самай справе захмялеў ад яго шчырасці і захваляваўся Лапуста,— які ж ты мужык пасля гэтага, такую дзеўку ўпусціць. Які дурань калгасам даверыў пасля ўсяго табе кіраваць.
— Даверылі…
— Слухай,— з нейкім зноў жа п'яным натхненнем сказаў Лапуста.— У мяне ёсць ідэя.
— Не трэба.
— Як не трэба? — не зразумеў яго Лапуста, а калі зразумеў, пакрыўдзіўся: — Эх ты, чалавек, два вухі, я не пра тую ідэю, я пра дзеўку тваю. Пакутуе і яна, бачу я, пакутуе. Але яна не з тых, што кіне мужа і пабяжыць за табою. Дык ты яе ўводам, увозам.
— Як гэта, уводам?
— А так вось, у бярэмя ды ў машыну. I ўсё, нікуды не дзенецца. Ну, мо ў суд падасць, пасядзіш, а яна будзе чакаць ужо цябе і дачакаецца.
I яны, вельмі сур'ёзныя, пачалі абмяркоўваць, як гэта: у бярэмя — і ў машыну. Калі б зірнуў і прыслухаўся хто-небудзь да іх гаворкі збоку, наўрад ці даў бы веры, пшто ў «Бульбянай» яны абышліся толькі півам.
ДАЙ ВАДЫ НАПІЦЦА, КАЛОДЗЕЖ
1.
Біў бубен, звінеў, што спелы жытны колас на ветры, ціха падтакваў яму баян, дапамагаў ім гармонік. Нецярпліваю была толькі скрыпка, усё ўскрыквала, ірвалася некуды сысці, выхапіцца з панадворка за абсяг, па не агароджаную плотам далячынь, каб на ўвесь голас выказаць усё, што было на сэрцы ў Сёмкі-скрыпача, а пасля хоць неба раскаліся. Але бубен, баян і гармонік стрымлівалі Сёмку і яго скрыпку. I Сёмку заставалася толькі шчэрыць жоўтыя залатыя зубы і дапамагаць сваёй скрыпцы, далучаць да скрыпкі, да той моцы, што была прыхавана ў смычку, і голас. За бубнам сядзеў сам вясельны Анісім. Ён і вёў музыку, і супярэчыць яму не наважваўся нават Сёмка-цыган, ветурач княжборскага калгаса. Вяселыіы Анісім быў зараз падобны па цыгана больш, чым сам Сёмка, сапраўдны цыган, хаця не было ў Анісіма ні залатых зубоў, ні чорнага жорсткага чуба, ні чорных шалёных цыганскіх вачэй. Быў ён чорны, што грак, і худы, што грак вясной, але жылісты і кучаравы, што калена, на чужых падушках пагубляў Анісім свае русыя валасы. Так казалі маладзіцы і, пэўна ж, ведалі, што казалі: не было ў Анісіма ні сям'і, ні нявесты, ніколі не было. Але затое быў у яго бубен, заўсёды быў, як быццам з бубнам і парадзіўся ён, чаму і прозвішча меў не проста Анісім, а вясельны Анісім. Дабіваліся, даставалі яго Махахеі аднекуль здалёку, з-за рэчкі і далей з-за зямлі і вёсак, што былі ўжо за бетонкаю, на краі свету. Узгадалі аб тым, што нямашака ж бубна, у самую апошнюю хвіліну. А што гэта за вяселле на Палессі без бубна, гэта ж усё роўна што колісь вяселле без папа і вянца. Усім гуртам кінуліся шукаць і адчаяліся ўжо, думалі, што не знойдуць. Звяліся, аказваецца, ужо на Палессі бубны, хоць ты іх з Мінска ці Масквы тэлеграфам выклікай. Там, гавораць, яны яшчэ ёсць, але ідуць за такія грошы — карову можна купіць, бо граюць у ансамблі, а ансамбль той больш за вяселле з'есць і выпіць можа, дый грошы яшчэ лупіць ого-го. Але давялося б Барздыкам з Махахеямі разарыцца і на ансамбль. Яны ўжо згодны былі, ды набегла маладзічка, што некалі ляжала разам з бабаю Ганнай у бальніцы з апендыцытам, расказала пра вясельнага Анісіма.
— I хаты ў яго няма, так ён і яго музыка нарасхват.
— А дзе ж яго лавіць тады? — спытала баба Ганна. Гэтага зарэчная маладзічка не ведала, але параіла папытаць куму, у якой таксама нядаўна было вяселле, дачку выдавала. Кума накіравала Махахея да свата:
Музыка той са сватам яшчэ тры дні ў лазні гасцявалі і разам на новае вяселле падаліся.
Сват быў знаёмы Махахею, аказалася, гэта той самы Ёрш, што пакусаў кабылу. I ён яшчэ не вычхаў тое гасцяванне, і голас яго нават быў яшчэ такі гулкі, як у бубен нехта біў. Гулкім голасам ён і намякнуў Махахею, што справорыць яму музыку, калі на вяселлі ў Махахея знойдзецца месцейка і яму. Вось такім чынам і здабылі Махахеі вясельнага Анісіма, бубен, хаця калгас меў і свой духавы аркестр, дваццаць хлопчыкаў-жаўнерчыкаў, як называла іх баба Ганна з-за іх сіненькіх касцюмчыкаў, аздобленых срэбрам і золатам. Мацвей прапаноўвау гэты духавы аркестр Махахеям, але баба Ганна заўпарцілася:
— Не і не, твае жаўнерчыкі толькі «пу» і «пу» ўсяго .і ўмеюць. А гэта перад начальствам добра, а не на вяселлі. На вяселлі іншае трэба, каб хмелем усё гуло.— I хмелем, дзікім і п'яным, чортам кручаным рассыпаўся бубен. Вясельны Анісім сваю справу ведаў і піць навучыўся, хаця і без меры, але так, каб твару не губляць. I твар яго быў строгі і жорсткі. Не адрываючыся ад свайго інструмента, толькі перакладаючы яго з адной рукі ў другую, прымаў з рукі, што падавала яму, чарку, куляў яе ў бездань на вяселлях выпрабаванай утробы і вёў вяселле ад танца да танца, ад прыпеўкі да прыпеўкі, а сам заставаўся сур'ёзным, засяроджаным, як і маладыя. I княжборцы не вытрымлівалі гэтай сур'ёзнасці. Непахісная Царыца, што век пражыла з падцятымі вуснамі, тут развязала рот:
Біў бубен, пела скрыпка, ходырам хадзіла хата. Але Мацвей разумеў, што гэта ўжо не вяселле, што гэта ўжо не весела, а трывожна ходзіць хата, хтосьці грукае па раме кулаком, але падымацца не спяшаўся. Адзіны толькі чалавек сёння раніцай мог прыбегчы, каб пабіць яму вокны, прыцягнуць яго, Мацвея Роўду, да адказу. Ён, яшчэ нават не зусім прачнуўшыся, спрабаваў адцягнуць сустрэчу з тым чалавекам, наіўна спадзеючыся, што, калі ён спіць, значыць, нічога і не было, і, пакуль ён не прачнецца, ніхто нічога і не патрабуе ад яго, нібы спаць можна было бясконца. Дзед Дзям'ян ледзь раскатурхаў яго. У хаце каля стала сядзеў Махахей і курыў, пазіраў у акно, за якім ужо развіднелася, і смаліў, што паравоз. У Мацвея адлягло ад душы. Гэта быў не той чалавек, сустрэчы з якім ён баяўся. Хаця ў такую рань і Махахей мала чаго добрага мог прынесці.
— Пажар тут у вас ці паводка...
— Горш,— асёк яго Махахей.— Ад вады і яшчэ ёсць усё ж паратунак, а тут навала чорная.
— Чума ці. воспа?
— Сам пабачыш, накінь што, ды пойдзем.— I Мацвей зноў адчуў трывогу ад гэтага спакойнага, але разам з тым і загаднага: «накінь што, ды пойдзем», бы на плаху клікаў і загадваў яму ісці гэтым ранкам Махахей. I Мацвей, апранаючыся, блытаючы рукі і ногі, тужліва прыкідваў, што ж гэта яшчэ магло здарыцца: хлеб гарэў, вада яго тапіла, было балота, стала суша, чаго ж гэта яшчэ трэба чакаць, чаго асцерагацца, калі што з коньмі Махахея, то хоць і дрыжыць за іх Махахей і разумее Мацвей яго, але дарэмна гэта ўзняў ён яго, хай тых коней усіх ваўкі падзяруць. I без іх хапае клопату. А Махахей учора адразу ж з вяселля пайшоў да коней. Мацвей добра ведаў гэта, таму што пакінуў тое вяселле амаль што адначасова з ім.
— Лёнік з хлопцамі коней выганяў учора,— як угадаў Махахей, аб чым думае Мацвей,— Я апасля ўжо да іх падскочыў, і вось...
Мацвей не захацеў удакладняць, што за гэтым яго «вось»: Лёнік той даўся яму ў знакі яшчэ ўчора. У Лёніка, пляменніка Махахея, учора Мацвей выкупляў жаніху Надзьку, і Лёнік ледзь не падсадзіў яго, ледзь не зняславіў перад усёю вёскай. Маладыя сядзелі ў куце на крэслах, на якія быў накінуты поўсцю вонкі авечы кажух — гэта каб нічога не бралі яны з сабою з мінулага, аджытага і каб жылі яны багата і шчасліва, каб усяго ў іх было густа, як поўсці ў аўчыне. I Васька быў ужо і сёння шчаслівы, хаця і не вельмі ўдаваў на маладога, як усё роўна і не пара быў ён у сваім стракатым легкадумным пінжачку Надзьцы, хутчэй за жуліка ўдаваў жаніх, як перашэптваліся старыя. Бацька не дараваў сыну рабінкі і не даў грошай на касцюм. Мо ён, канечне, і злітаваўся б, ды сам Васька не схацеў скарыцца і добра папрасіць, мармытнуў толькі пра той касцюм. Бацька адказаў на гэтае яго мармытанне прыказкаю, чакаючы, што сып усё ж павініцца:
— Княжборцы без кажуха ў сваты не хадзілі.
Сын замоўк, вініцца не стаў. Свае ж грошыкі ён недзе перад самым вяселлем патраціў на «Маўру». «Маўру» таго, скульптурку таго голага і пустога ўсярэдзіне негра, прывёз аднекуль з-за мяжы былы сябра Васькаў Толік Шчур, які служыў у марфлоце. І «Маўра» ўеў, узяў княжборцаў за жывое. Шчур карыстаўся гэтай іх цікавасцю да заморскага дзіва, заманьваў паглядзець па тое дзіва княжборскіх дзяўчат і маладзіц. Цікавым было тое, што ўсярэдзіну скульптуры залівалася віно. Можна было і ваду, але віно ж цікавей. А яшчэ больш цікава, як вылівалася гэтае віно. Не ўтрымалася, каб не наведаць Шчура і хоць, адным вокам зірнуць, на тое дзіва, і Надзька. Таму Васька і быў вымушаны перакупіць тую «Маўру» ў Шчура, усадзіў за яго ўсе свае грошы, прынёс «Маўру» нявесце: