Вечарам Бяднарык быў зноў п'яны, хаця ў вёсцы быў ціхачом уведзены сухі закон і ў магазіне ні гарэлкі, ні віна не прадавалі.
Але не толькі сцягачоў даводзілася перасцерагацца яму, Мацвею Роўду. Не меней ён баяўся, як бы не выкрылася і яго ўласнае самаўпраўства. Сёлета ён, не паслухаўшы нікога, сваёй уладай загадаў сеяць на тарфяніках травы, а не бульбу, буракі і збожжа, як гэта загадана было яму; пшаніцу, а дзе кукурузу пасеяў толькі каля дарог, каб не відно было той травы. I кожную хвіліну гэты падман яго маглі выкрыць, і тады... Ён вымушаў сябе не думаць аб тым, што будзе тады, каго гэта ўздумаў ён перахітрыць, каму наважыўся супярэчыць. У раёне на яго скоса пазіралі ўжо даўно. I не адзін раз намякалі, уводзілі яму ў вушы, што хто-небудзь іншы на яго месцы, калі б меў такія землі, даўно б ужо атрымаў Залатую Зорку, а ён носіцца са сваімі травамі як дурань з пісанай торбаю. I тут ужо кожны валіў на яго, што было і чаго не было. На нейкай нарадзе ўзяў у рукі газету, прыкмецілі, выказалі: не аўтарытэт табе і не ўказ, Мацвей, раён і раённае кіраўніцтва. Газеткі, калі сур'ёзная гутарка ідзе, пачытваеш. Чытай, чытай, глядзі...
Вось на якія дробязі прыходзілася траціць сілы і час. Час не ішоў, а цёк, нават, хутчэй, сачыўся праз нейкае вельмі топкае фільтруючае сіта, сачыўся паволі і нудна, без якіх бы то ні было адгалінаванняў, без усплёску, у адным зададзеным, хаця мо і не вельмі скіраваным, напрамку. I гэтая адна накіраванасць прыгнятала яго, і адольвалі ўжо іншы раз не сум і туга, а нуда, нудота, мо тая самая, ад якой, як кажуць, вошы заводзяцца. Часам сум і туга былі недзе і прыемнымі яму, таму што было ў іх нешта жывое і шчымлівае, светлае, што перажыў ён калісьці сам, праскочыў, хапаючыся, як заўсёды, і не прыкмеціўшы ў ліхаманцы жыцця. Туга ж і сум вымушалі яго вярнуцца яшчэ раз да таго перажытага, паспрабаваць адрадзіць яго, выйсці па той дзень і тую гадзіну, што прыгадаліся, па якіх, успамінаючы, плакала памяць, вярнуць, адрадзіць тое, што ўжо сканала, што ўжо належала вечнасці, і хвіліну, гадзіну, а то і дзень жыць святочна, шчымліва сумуючы па тым далёкім ці блізкім мінулым, па нейкім імгненні, у якім нічога значнага не адбылося, ало якое было дарагім і салодкім табе, таму што ты быў яшчэ не паранены часам і ўмеў захапляцца. А што было ў тым імгненні... ды нічога... Або верасень стаяў з бабіным летам, і ляцела па небе павуцінне, і дрыжала кропля расы на раллі, ці то, наадварот, недзе выпадкова і незнарок ты дакрануўся рукой да рукі дзявочай. Ён мог бясконца доўга тужыць аб той расінцы, успамінаць, якой ён убачыў яе, як уздрыгвала і пералівалася абуджаная раптам, захопленая знянацку восенню яго душа, як ірванулася і заспяшалася насустрач другому сэрцу яго сэрца, ад таго выпадковага дотыку дзявочай рукі, якім жарам ахапіла яго, да чаго ж ён быў шчаслівы, такі шчаслівы, што і слоў не знаходзіў. Цяпер жа словы знайшліся, і ён гаварыў іх сабе, як не ведаў, што нікога ўжо няма побач і не маючы патрэбы, каб нехта быў побач. Памяць жывіла яго, услугоўвала яму, яна таксама ўшаноўвала мінулае, забяспечвала яго адчуваннямі, пахамі, каб аднавіць да парушынкі незваротнае, каб ён цалкам апынуўся ў тым часе, калі не было яшчэ аніякага раздваення, свет быў вялізны і вясёлкава яркі і неспазнаны яшчэ, а ён быў упэўнены, што спазнае гэты свет, так цудоўна створаны, і ўсё ў ім для яго, і ён пройдзе, прашые яго, як нябачна прашывае куля сэрца, і калі недзе пахіснецца і ўпадзе, то гэта будзе вельмі ж не скора, так не скора, што і не варта думаць аб тым, пакуль усё так цудоўна, пакуль ён такі злітны, адзіны з усім, да чаго мае дачыненне. Цяпер жа такой злітнасці з тым, што акружала яго, ён не адчуваў. Наадварот, усё вакол здавалася раскалашмачаным, а больш за ўсё быў раскалашмачаны ён сам, бы задуваў бесперастанку моцны вецер, а ён стаяў па гэтым ветры расхрыстаны, стаяў па ім без адзінага гузіка, і вецер зрываў з яго адзенне. Свет, здавалася, ужо быў спазнаны ім, але ці варты ён быў пазнання, калі ў ім, у Мацвею, не ставала ўжо былой лёгкасці і радасці, бы ён і не жыў, а ўвесь час цягнуў на сабе нейкі брынклівы воз. I ў той воз на хаду кідалі дровы, дрэвы разам з голлем і карэннем, дрэвы ніяк не укладваліся, раскідана тапырыліся ва ўсе бакі. Так раскідана, прыдушана нудою і нудотаю, пухнуў, набракаў ад уласных шэрых думак іншым разам і сам ён.
I не было з кім падзяліцца тымі думкамі, як раней, калі ён быў яшчэ студэнтам, калі не з-за думкі, а з-за дробязі нейкай, глупства нейкага неймавернага яны здольныя былі надрывацца, крычаць усю ноч напралёт. I, каб ачахнуць, бегчы некуды ў ноч, да рэчкі, да якой-небудзь лясной крынічкі, а на цаліне — у стэп, і там пачыналася ўсё спачатку. На цаліне ён бегаў у стэп разам з Рачэўскім, не з адным толькі ім, былі яшчэ хлопцы. Але пра Рачэўскага згадаў таму, што той і цяпер тут, і што дзіўна, яму, Мацвею, толькі як аб справах няма пра што і гаварыць з тым Рачэўскім, няма, хаця гаварылі і абмяркоўвалі ўсё, ад дзевак і да космасу. На цаліне спрачаліся аб космасе, таму што побач быў Байканур, а ў Беларусі — аб балотным бугаі, кікімары. Той бугай, кікімара неяк на ўсю ноч захапілі іх, усю ноч не адпускалі. Ужо і не прыгадаць, чаго гэта памкнулі яны на ноч гледзячы да той рэчкі, з чаго ўсхапіліся і панесліся, як шляя пад хвост трапіла. Але ж нешта раптоўна зрабілася ім цесна ў інтэрнаце, гняло іх нешта, і яны выхапіліся з яго, падпарадкаваныя нейкаму невыразнаму жаданню неадкладна апынуцца па волі, дзе ніхто не будзе грукаць у сцяну і патрабаваць цішыні, а знізу праз кожныя паўгадзіны не будзе падымацца да іх на другі наверх дзяжурная і барабаніць у дзверы: калі вы толькі супакоіцеся. Бегучы, спяшаючыся да той рэчкі, памятаецца яшчэ Мацвею, Рачэўскі купіў у нейкай позняй бабулькі букецік замораных пралесак, купіў і адразу ж падарыў першым сустрэчным дзяўчатам, купіў бы яшчэ, бо дзяўчат на вуліцы траплялася багата, але бабулькі з кветкамі ўжо зніклі. Мацвой, Рачэўскі, што з імі было тады, што за час быў такі, ало яны аж праглі, каб каго-небудзь ды адарыць. Але ён, Мацвей, саромеўся і стрымліваў сябе, а Рачэўскі як не ведаў, што гэта такое стрымаць сябе, ён заўсёды не паспяваў сам за сабой, адна нага ці то рука заўсёды імкнулася апярэдзіць другую і апярэджвала, і жахліва рабілася іншым разам, ён жа мог што-небудзь і вывіхнуць, ну не нагу ці руку, скажам, дык галаву. Не супакоіўся ён і каля рэчкі, хаця каля вады ўсё, здаецца, патрабавала спакою і засяроджанасці, такая панавала там ціша, гучная, можна сказаць, ціша, пасля горада, інтэрната, яна абрынулася на іх, і ў той цішы крычалі толькі жабы, так апантана крычалі, што, здавалася, без іх крыку і немагчыма, што крык гэты іх — адна з неабходных частак рэчкі, лесу і цішыні. Яны спачатку і не зразумелі гэтай цішыні, і нехта нават недаўменна спытаў, што гэта такое.
— Гэта такі ў нас закон,— адказаў Рачэўскі.
— Які гэта такі закон?
— А каб жабы крычалі і ціха было. Жабы ўсе мясцовыя, таму і крычаць...
I тут азваўся нехта іншы, вухнуў, бы апёкся, скочыўшы ў халодную вясеннюю ваду, што кіпела за пясчанымі косамі, няўцешна заплакаў, як плачуць малыя дзеці.
— А гэта хто?
— А гэта кікімара. Гэта ў яе таксама такі ж закон. Дзе жабы, чаромха цвіце, там і кікімара. Пайшлі шукаць яе.
I яны на поўным сур'ёзе кінуліся шукаць тую кікімару, хаця ў глыбіні душы кожны, пэўна, ведаў, што гэта крычаў і плакаў пугач. Ён плакаў усю ноч, і кожны раз плач гэты яго быў чутны ўжо з іншага месца пугач бы пацвельваў іх, вёў па крузе. I яны рухаліся па крузе, хаця іншы раз і забываліся, куды яны імкнуць, забываліся пра кікімару, запаленыя спрэчкай, якая ўсё яшчэ не затухала, уцякалі ад сваёй міфічнай кікімары зусім ужо ў пекла нейкае, у чартаўшчыну нейкую залазілі. I верылі ў гэтую чартаўшчыну. Так верылі, што ўжо стаміліся блукаць на крузе, запалілі цяпельца і паселі каля гэтага цяпельца. Рачэўскі найшоў шукаць кікімару адзін. I вярнуўся толькі на світанні мокры і босы.
— Знайшоў,— сказаў ён,— спаймаў ужо быў кікімару, ухапіў за хвост, але чаравікі расквасіліся і зляцелі. Шкада, наступіў жа на хвост ёй.— I ён так горка ўздыхнуў, што не паверыць яму было немагчыма. I ніхто, наколькі памятае Мацвей, не дазволіў сабе ўсумніцца, ніхто слова папярок не сказаў Рачэўскаму.
Цяпер жа Рачэўскі быў зусім іншым, ад былога ў ім, захавалася толькі манера хадзіць: хутка і падскокваючы пры гэтым, галавой уперад. Ён ажаніўся, і было ўжо ў яго двое дзяцей, хлопчык і дзяўчынка, поўненькія, у маці чарнавокія і задуменныя ў маці. А маці іх у свае дваццаць пяць гадоў была як дзяўчынка, нязграбная, з вострымі каленцамі. Яна ведала пра гэтыя свае каленцы і нязграбнасць, саромелася і на ўсё, з чым да яе ні падыходзілі, адказвала рахманаю ўсмешкаю, скіраванаю больш у сябе, чым на субяседніка. Рабіла яна ў бухгалтэрыі і той жа самаю ўсмешкаю адорвала ўсіх і там, імкнучыся застацца непрыкмечанай і ўсім дагадзіць. Гэтую яе ўсмешку пераняў і Рачэўскі, але толькі вонкава, таму што ў яго ўсмешцы заўсёды было прыхавана нешта трохі пагардлівае, як бы ён ведаў нешта такое, чаго не дадзена было ўведаць іншым, таму ж Мацвею, нешта не вельмі добрае ці то пра сябе, ці то пра людзей.
— Чаго ты трапечашся, чаго ты мітусішся над кліентам? — калі-нікалі настаўляў ён і Мацвея.— Твае княжборцы, накармі ты іх марцыпанамі, дай ты ім птушынага малака, яны ўсё роўна будуць недавольныя. Ты ім свой, а сваім нічога не даруюць, тым, хто робіць дабро, ніколі нічога не даруюць, каб даравалі, ты б памерці павінен. Цягнеш адну і тую ж песню: вадасховішча, вадасховішча. Ды гэта ж новае балота. Няўжо ты не ведаеш гэтага?
— Чуў, але ж...
— Але ж, але ж... алюшкі ды ў хлеў, кос-кось ды ў аглоблі. Ведаю, пра што ты хочаш сказаць: заўтра зноў усё перакруціцца і благое зноў пазавуць добрым. Я ўжо збіўся, хто за кім не паспявае, ці то практыка за навукаю, ці то навука за практыкаю. Але нехта ж адстае і нехта вырываецца ўперад, а я хачу не вельмі каб адзаду, не вельмі каб уперад, каб не адзін, разумееш, каб не адзін. I таму я буду рабіць тое вадасховішча, і наогул, усё буду рабіць толькі так, як мне загадваецца. Дзед, падумай і сам: ці ёсць розніца, дзе ляжа тое вадасховішча — на тарфяніках, на месцы старога Княжбора, Махахеевага дубняку. Вада :і ёсць вада. Ці не ўсё роўна табе?
— Мне не ўсё роўна.
— Тады і думаць трэба было не мяккім месцам, раней трэба думаць было.
— Думаць ніколі не позна. І ты, Сямён, раней: інакш гаварыў.
— Ты не ўспамінай, што было раней. Раней я быў адзін і без хваста, а цяпер з хвастом. I я раблю тое, што мне загадваюць. I кінь свае пропісі, захавай іх для сцягачоў.
— Але ж нельга так...
— Чаму нельга? Табе было можна, а мне нельга. Чаму? Сёння ўсім і ўсё можна. I ты гэта лепш за мяне ведаеш. Я ж толькі пачынаю на тваім месцы.
— Таму я і спрабую паправіць, свой вопыт і розум табе ўкласці. Спыніся.
— Вось гэта ўжо лішняе. Мяне спыніць, пэўна, яшчэ можна, хаця я ўжо таксама магчыма, механізм, вытворчасць распачаў, стругаю дзяцей і павінен іх карміць. Ты паспрабуй спыніць трактар, карчавальнік, плуг Мацапуры.— I ўпалыя шчокі Рачэўскага заліліся ліхаманкаваю ружовасцю.— Яны зроблены, іх спусцілі са шворкі на зямлю, і яны павінны рабіць, каб так сумленна есці свой хлеб, абрабляць сабе. I я, і трактар, і той, хто сядзіць, кіруе гэтым трактарам,— адзіныя, усе мы кормімся і жывімся адзін ад аднаго.
— Але гэта ж таксама пропісі.
— Пропісі, але і яны сёння — хлеб. I не замінай ты мне зарабляць гэты хлеб. Ты жывеш забабонамі, памяццю мінулага і таму палавінчаты, быў нараскараку, калі займаўся меліярацыяй, па раскараку і зараз, калі пайшоў у калгас. А ў мінулае трэба ўрывацца не азіраючыся. Так, я чужы тут і не стану ўпадаць у сантыменты. Я зруйную мінулае і па руйнаванні давяду да ладу ўсё, што так палавінчата пачаў і рабіў ты. Так, ува мне мала жаласці, але ўсё новае бязлітасна.
— Шахрай...
— А няхай і Махрай. Ён таксама ўжо мінулае і хутка будзе нікому не патрэбны, як нікому не патрэбныя шмат іншых, што былі некалі ого-го, а цяпер проста нішто. Хіба ж не так? Як клічуць іх сёння, бабулек і дзядулек, што колісь...
— Не кранай хоць іх...
— А ты і іх шкадуеш, нібыта ты разважаеш не так, як я. Трэба мець мужнасць быць шчырым самому сабе. Мы і так колькі ўжо манілі самім сабе.