— Грошыкаў больш няма,— падняўся адзін толькі Лёнік, разумненькі хлопчык, адчуў, што грошыкаў у Мацвея на самай справе больш няма і нечага яму тут ашывацца, ён ужо лішні за сталом. I так добра падаіў старшыню, мо і больш, чым трэба, узяў, яшчэ і вушы падзяруць. Ён зіркнуў на маці з бацькам, што сядзелі насупраць яго і, пэўна, адціснулі пад сталом яму ўсе ногі, сабраў са стала капейкі, узяў рубель, спакусіўся нават і на новенькую пяцёрку, пацягнуўся да яе, але ўстояў, спахапіўся. Пасунуў разам з іншымі грашыма маці, а сам шморгнуў у расчыненае акно. На вуліцы ўжо здагадаўся, хамло, уставіў вушы ў акно, буркнуў «дзякуй» і пабег да магазіна, размахваючы рублём, заціснутым у руцэ. I Мацвею было прыемна, што рубель той сумленны і паслужыць добрай справе, ён і сам гатовы быў ужо кінуцца следам за хлапчуком, за натоўпам ужо хлапчукоў і разам з імі купіць у Цупрыка на цэлы рубель цукерак. I з тымі цукеркамі збегчы з Княжбора, схавацца ад дарослых на востраве, як хаваўся ён там некалі разам са сваімі аднагодкамі, па-брацку падзяліць цукеркі — і на дрэвы, на дубы, асіны, ясакары. Бяда толькі, што ні дубоў тых, пі асін, ні ясакараў ужо няма. Няма і самога вострава, вось толькі хлапчукі вясковыя — вечныя. А Княжбор, як і ў былы час, правіў вяселле, бы нічога і не адбылося, біў сябе па калене і ў грудзі бубнам вясельны Анісім, сыпаў чорнымі кудзеркамі ва ўсе бакі скрыпач Сёмка-цыган, паспяваў вадзіць смычком і па кудзерках, і па струнах, нібы кудзеркі былі таксама струнамі і па іх можна было іграць.
Не пазнаць было Мацвею сваіх землякоў: вёска, што раскалолася, рассыпалася макам па хатах і па хатках, зноў была адзінаю. I ў тым расколе быў вінаваты ён, Мацвей. У старой хаце Махахеяў спраўлялася апошняе ў жыцці старога Княжбора вяселле. Махахей так і не адбудаваўся, так і не ўлез у новую хату, яе захапілі буслы, бы ім тая хата і прызначалася, чацвёрты раз выводзілі яны на коміне яе сваіх буслянят, чацвёрты і, відно, апошні. Іх жытло трапляла таксама пад знос, і буслы, як разумелі гэта, ні ноччу, ні днём не пакідалі кубла; сцераглі яго. Усёй сям'ёй з буслянкі свае сачылі. яны і цяпер за вяселлем, як самыя ганаровыя госці на гэтым вяселлі, як сваты, падвязаныя белымі ручнікамі, самі не пілі, не елі і не скакалі, але, схіліўшы ўніз галовы, з цікаўнасцю наглядалі за чалавечым вяселлем і танцамі і пагойдваліся ў такт музыцы, ці. то ўхваляючы гэтую музыку, ці то, наадварот, выказвалі гэтым пагойдваннем сваё здзіўленне і нязгоду. А людзям было прыемна, што па іх вяселлі прысутнічаюць і птушкі. Не сёння-заўтра княжборцы павінны былі перасяліцца ў новы пасёлак, у гарадскія каменныя кватэры. Некаторыя з гэтых кватэр былі напагатове ўжо даўно, але стаялі пустымі, ніхто не наважваўся першым крануцца з месца, пакінуць назаўсёды сваё селішча. «Во, няхай спачатку сусед, а потым ужо і я» — вось і ўсё. А Махахей умаліў Мацвея пачакаць, пакуль ён не справіць у старой хаце вяселле апошняй сваёй дачцэ: тры дачкі ўжо вылецелі з гэтай хаты, хай вылеціць і апошняя з дзедавага, бацькавага кубла. Аб перасяленні завёў з Махахеем гамонку і цяпер Мацвей, крочачы за ім невядома куды і не надта прагнучы ведаць, куды гэта вядзе яго Махахей. На добрае ў такую рань людзей не будзяць. А благога ў яго і так па горла. Ён тупеў ужо ад гэтага нечаканага-нягаданага благога, дзеравянелі мазгі. I Мацвей амаль фізічна адчуваў гэтую дзеравянасць, што паступова авалодвала ім. Думка была скіравана і засяроджана заўсёды па адным: толькі б нічога не здарылася, не выйшла б панажоўшчына ў новым Княжборы, у інтэрнаце-размеркавальніку, у якім жылі «сцягачы» і які княжборцы нараклі інкубатарам, а ён зваў санпрапускніком і каранцінам. У санпрапускніку праходзілі каранцін «сцягачы» — слоўца таксама княжборскае. Ненепе, не ведаючы, што яно ўжо ёсць, існуе, прыдумала яго сама, ахрысціла ім тых, хто прыбыў на работу ў калгас па аб'яве. Сцягачы, так іх гуртам усіх і называлі, нават урачоў, маладую пару, што пытала ў Мацвея, ці ёсць ім работа, гады два назад. I Мацвей, і ўрачы — самбістка і баксёр-першаразраднік — стрымалі слова. Ён пабудаваў бальніцу, яны прыехалі працаваць у тую бальніцу, і ўжо з малым, толькі не з сынам, а дачкою. «Непярэліўкі і ў нас з планаваннем, як усюды»,— сказала неўрапатолаг-самбістка, і было падобна на тое, што на гэты раз непярэліўкі і пралікі ў планаванні не вельмі засмучаюць яе. Мацвей быў вельмі рады бачыць іх, урачоў, зноў у Княжборы, гэта была мо адзіная светлая хвіліна за апошнія два гады яго княжборскага жыцця. Ён адразу ж даў ім трохпакаёвую кватэру, а ўсіх іншых месціў у санпрапускнік-караітцін. Інакш і немагчыма было. За малым выключэннем, усе, хто прыехаў у Княжбор па аб'яве і атрымоўваў адразу кватэру, трымаліся тыдзень-другі, а потым пачынаўся такі загул, якога Княжбор і ўявіць сабе не мог. У п’янай гарачцы на старым і новым Кпяжборы ганяўся з сякераю мужык за жонкаю, лямантавала, галасіла жонка, плакалі дзеці, што беглі следам за бацькамі. Такіх дзівос, Княжбор яшчэ не ведаў, вось і давялося прасіць, каб далі ўчастковага міліцыянера. Але што ён мог зрабіць, як адзін мог абразуміць усіх?
— Адкуль ты толькі такі ўзяўся на маю галаву? — усяго тыдзень назад ушчуваў Мацвей свайго механізатара.
— Адтуль, з вялікіх будоўляў, старшыня,— механізатар лыпаў сінімі вочкамі, якія прапіў ужо даўно і канчаткова, і ўсміхаўся: — Я тут, старшыня, цвярозы, што шкельца, курыца вінаватая.
— Чым правінілася перад табою тая курыца?
— Як чым, я цвярозы, нават да сіняга паголены, кум каралю, еду па вуліцы, а яна на дарогу і пад калёсы.
— I абярнула цябе разам з трактарам і прычэпам, аж у кювет кінула.
— Точна, старшыня, адкуль ты ўсё ведаеш? I трактар, і прычэп чортава курыца абярнула, і аж у кювет. Як яшчэ сам жывы застаўся.
— Так, курыца... Што ж ты пабудаваў у сваім жыцці, што ты можаш пабудаваць?
— Усё. Междурэчанск пабудаваў, ведаеш такі горад у Сібіры, горад шахцёраў і будаўнікоў? Запсіб, пасёлак металургаў...
— Дык чаму ж ты, сукін ты кот...— Мацвей прывык да ўсяго, але тут не вытрымаў.
А вось таму, што сукін кот,— не пакрыўдзіўся механізатар, толькі вочы яго зрабіліся яшчэ больш сінімі.— Там, на Запсібе, па галаве мне і далі.
— Хто табе даў па галаве?
— Знайшліся, было каму, а галава ў мяне, старшыня, зусім не такая, як у цябе — і піць, і думаць. Яна ў мяне слабенькая, ёй бы што-небудзь адно ўжо.
— Адно? Дык чаму ж не думаць яна ў цябе?
— А на самай справе, Мацвей Антонавіч, чаму бы не думаць, галава, чаму? — I механізатар разявіў рот, акругліў вусны, пастукаў сагнутымі пальцамі па галаве: — Во, чуеце, што адказвае. Не, правільная ў мяне галава. У адзін толькі бок. Гэта ж у вас, куды яе ні кінь і як ні кінь, яна ўсё роўна — па ногі. Качан капусты, а не галава — усё роўна галава.
— Хопіць прыдурвацца, давай сур'ёзна.
— Што сур'ёзна?
— П'еш чаму? Прагульваеш чаму? Трактар чаму ўгробіў? Вясковы ж сам. Беларус?
— А што, беларусам вясковым забаронена піць?
— Цябе тут прынялі на працу, кватэру табе адразу ж далі...
— Вось што, начальнік, ты мяне кватэраю і работаю не папікай, не ты даў, дзяржава, дзяржаўная кватэра.
— Калгасная.
— Усё роўна, не твая асабістая. Кватэр тых у Колькі Бяднарыка — колькі гарадоў і вёсак на зямлі. Усе яго і ўсё яго.
— Дык і зямля твая...
— Зямля? Не, зямля не мая. Яна твая, старшыня, зямля. Я працаўнік толькі на ёй.
— Чаму ж не працуеш?
— Як гэта не працую? — Тут ужо механізатар па самай справе пакрыўдзіўся.— Як гэта не працую? Запісана ж: ад кожнага па спасобнасці.
— Вось і плата за твае «спасобнасці». Складвай манаткі — і на ўсе чатыры бакі, на гэтыя самыя будоўлі.
— А гэта ўжо, казала Насця, як удасца, дудкі, старшыня. У мяне сям'я, трое дзяцей. Ёсць яшчэ Савецкая ўлада, савецкі суд і закон. I дзеці мае, мая жонка і я пад аховаю Савецкай улады, суда і закона савецкага, запішы гэта сабе на носе...