— А ты ж сам намерыўся на месца Шахрая, ты ж гатовы ўжо папхнуць яго і заняць яго месца.
— Магу і гатовы, і не таюся. А ты не намерваўся, а ўсё мы. Мо справа ў тым, што я больш шчыры, я лепш ведаю, што трэба мне.
— Трэба табе, а іншым? Мне гэта і без цябе вельмі ж доўга ўводзілі ў вушы, яшчэ б трохі — і зарохкаў, і закукарэкаў: іншым, іншым. Але ўсе тыя іншыя няблага ўладкоўваюцца і без мяне, значыць, сам я павінен аб сабе клапаціцца. Кажу гэта табе, як даўні твой сябра, раю, думай у першую чаргу аб сабе.
— Але ж ёсць яшчэ і Махахеі, і Барздыкі, і Шчуры...
— Махахеі, Барздыкі, Шчуры-прашчуры... Але ж і я таксама жыву на свеце адзін толькі раз...
Не пагадзіцца з Рачэўскім Мацвей не мог. Але страшна было і пагаджацца. За словамі свайго былога сябра ён ужо адчуваў поўнае адмаўленне таго, каб гэта ды некуды імкнуцца, за штосьці змагацца, толькі падпарадкаванне хвіліне, уласнаму дабрабыту, амаль голае рыззё сатлелых слоў, пропісаў, якія даўно ўжо нікога не пераконваюць. Да гэтага ён яшчэ не дайшоў і не хацеў даходзіць, падаць так не хацеў. Цягнуўся да маладой пары ўрачоў, хірурга і неўрапатолага. Але тыя, акрамя таблетак ды працэдур, нічога пакуль яшчэ не мелі, каб дапамагчы яму, не маглі яго ўраўнаважыць. Вёска была чужою ім, гадаваным на асфальце, і на Княжбор і яго жыхароў яны глядзелі па-арадскому, не разумеючы, што ў нечым гэтая ўмоўная мяжа паміж горадам і вёскаю даўно ўжо згладжана, мо яе нават ніколі і не было; а яны працягвалі меркаваць аб княжборцах і аб ім, Мацвею, не прызнаючы за ім мо нават і права на нейкія пытанні, патрабуючы ад яго прастаты і яснасці. Проста і ясна ладавалі яны і сваё жыццё, падзяляючы яго на рабочыя і нерабочыя гадзіны, гадзіны, адведзеныя на выхаванне дачкі, заняткі медыцынаю, як яны называлі самаадукацыю. I каля іх Мацвей пачуваўся спакойна, але няўтульна, як у чужым горадзе ці нават чужой краіне. Яны лячылі яго цела, але нічым не здольныя былі дапамагчы душы, а апошнім часам яго нешта стала падводзіць сэрца, то спяшалася, малаціла, што малатарня, і не ў грудзях, а недзе каля лапатак, то замірала, падкочвалася камяком да горла. Маладыя ўрачы клапаціліся аб яго здароўі, і яго вельмі кранаў іх клопат. Але яны ніяк не маглі паверыць, што ў яго, такога маладога, такое зношанае сэрца, ён жа ўвесь час жыў у вёсцы на свежым паветры. I, як гэта ні дзіўна, тут яны сыходзіліся з дзедам Дзям'янам. Той таксама ніяк не мог зразумець: што гэта такое — першая ўборачная, і ўжо сэрца. «Не, не той старшыня пайшоў,— гаварыў дзед Дзям'ян,— вось раней быў старшыня: чобаты ды брызентавік, і зносу не ведаў старшыня, а ўвесь дзень на нагах. А цяпер і на машыне, і ў чаравічках-лакірках — і сэрца».
Не сышоўся Мацвей ні з кім і з сваіх суседзяў, з тымі, хто ні раней, ні цяпер не ведаў зносу. Так званы старшынёўскі корпус не прыняў і не спяшаўся прыняць яго ў свае рады, лічыў, пэўна, што ён яшчэ занадта малады, хоць і ранні, памятаў, як хадзілі на паклон да гэтага маладога і ранняга, калі пад яго камандай было БМУ. Адчувалася ў іх адносінах з Мацвеем і зайздрасць: ні адна гаспадарка раёна не мела столькі зямлі і такой зямлі, як у княжборскага калгаса. Мінулая восень, хаця яна скончылася для Княжбора і не вельмі ўдала, узняла яго адразу над усімі іншымі і накінула ўсіх гэтых іншых далёка адзаду. Дараваць такое, канечне, ніхто з былых першых не мог: яны ж колькі біліся, як вылузваліся са скуры, каб выйсці ў першыя, добра ведалі сваё Палессе, сваю зямлю і тое, што можна ўзяць ад яе, і таму не вельмі давяралі яму, не ведаючы, што за коніка можа выкінуць ён яшчэ, чаго можна чакаць ад яго. I больш выпытвалі, чаго ён сам чакае сёлета, колькі дасць, выканае, паставіць. I гэтыя аднастайнасць і падабенства іх інтарэсаў зноў жа даводзілі яго да нуды, за якой ён і не прыкмячаў ужо, што ён не лепшы і не горшы за іх, што і сам ён прывык толькі браць, знаходзіць патрэбных яму людзей, прысмоктвацца да іх, жывіцца імі, іх думкамі, словамі і розумам. Цяпер такіх людзей побач з ім не было. I Мацвей, хоць і прыкра было яму гэта, усё ж павінен быў прызнацца, што сам ён бясплодны. I бясплоднасць ягоная, па ўсім, была даўняя, застарэлая, хаця мо і не прыроджаная, нешта ж хвалявала яго раней, раней жа ён не нудзіўся так, не адчуваў сябе адзінокім, таму і кінуўся ў белы свет як у капеечку, пакінуў тут, у Княжборы, дзеда Дзям'яна, што выгадаваў яго, нявесту, якая чакала-чакала яго і адчаялася дачакацца, выскачыла за першага стрэчнага-папярэчнага. Ці не тады, ці не ў чужых краях ён упершыню адчуў сябе адзінокім, сярод мноства чужых людзей, што абкружылі яго. Тыя людзі нечым падобныя былі на гэтых двух медыкаў, што жывуць сёння ў Княжборы, што лечаць яго цела, а не душу, яны рассунулі межы, пашырылі свет, у які ён толькі што ўваходзіў, паказалі яму бясконцасць і шырыню, шырыню і неабсяжнасць, неабдымнасць чалавека, што разам з ім жыў на гэтым свеце, жыў па-рознаму — і шырока, і вузка, проста, як у Княжборы, і таксама ж, як у Княжборы, складана, блытана. I, як сёння іншы раз думаў Мацвей, жывучы сярод розных падобных і непадобных на княжборцаў людзей, ён усё ж устойваў і браў нешта ад гэтых лтодзей у чужым краі і з чужога краю толькі дзякуючы таму, што ў яго быў Княжбор; цяпер жа, калі ён вярнуўся да гэтага Княжбора, ён падсек сук, на якім сядзеў. Хацеў прыстасаваць зямлю для сябс, згодна з тым розумам, што набыў ён за гэтыя годы, сыходзячы толькі з таго, што відавочна, прызнана і. неабходна і здаецца чалавеку разумным, забыўшыся, што чалавеку, тым жа самым Махахеям, Барздыкам, Шчурам і Роўдам, мала мець толькі відавочнае, разумнае і неабходнае. Забыўшыся, што лятаюць па Палессі і наогул па ўсёй зямлі, напрыклад, божыя кароўкі, якіх ніхто за карысных не лічыць. Ад кароўкі той пі малака, ні мяса. Але якая ж гэта была ў дзяцінстве радасць, спаймаць тую кароўку, пасадзіць на далонь ці палец і папрасіць у яе малака. I мо яна давала не малако, мо яна мачылася на далонь ці палец, але колькі захаплення выклікала тое малако: ёсць, аказваецца, на белым свеце без'языкая істота, якая паднарадкоўваецца табе, разумее і слухаецца цябе, дае табе тое, чаго ты ў яе просіш. Ляці ж, кароўка, ляці да сваіх дзетак. Якое яму было тады сабачае дзела, што тая рабенькая, стракаценькая кароўка ні мясная, ні малочная ці, адным словам,— не мясамалочная, што яна мо нават шкоду прыносіць, як той пырнік ці валошка. Яна была дарагою, бо сам ён яшчэ тады быў божаю кароўкаю. Ці не застаўся ён так божаю кароўкаю і сёння, калі яго пажаданні і жыццё сталі такімі простымі.
Але думаць так Мацвей яшчэ мог дазволіць сабе, а гаварыць аб гэтым не наважваўся ні з кім. Таму і з Махахеем спачатку ён завёў размову аб просценькім, жыццёвым, аб перасяленні кпяжборцаў, коніках, якіх даглядаў Махахей, пачаў гаварыць пра парныя ночы, якіх нешта ўжо няма больш на Палессі. Раней ён, Махахей, ноч пры конях у адной толькі сарочцы, а цяпер во і кухвайка не грэе. А няма парных начэй, няма чаго і грыбоў чакаць, перакінулася Палессе, перавярнулася і ўверх дном стала.
— I смех і грэх, ездзіў зімою да дзеўкі сваёй у Мінск, у магазінах парэчку марожаную прадаюць з Польшчы, у пакеціках. Ці то ў пас парэчкі мала? Канец свету.
— Мо парэчак ужо і не так багата на Палессі, як было раней,— адказаў яму Мацвей.— Але ніколі — хіба гэта не факт? — Палессе не давала столькі хлеба.
— Факт... Я не хлеб ем, хлебам мяне не насыціць, я зямлю ем. Вось мой факт.— I Махахей, бы не жадаючы гаварыць з ім, прыбавіў кроку. I хаця былі яны аднаго росту, Мацвей нават крыху вышэй, яму прыйшлося амаль што бегчы за старым.
— Дык і зямлі ж, дзядзька Цімох, больш цяпер у нас.
I ні балота, ні вады такой няма.
— Што было напачатку, тое будзе і ў канцы,— сказаў Махахей. I Мацвей не зразумеў, навошта ён гэта гаварыў.
— А таму,— растлумачыў Махахей,— што было тут колісь на Палессі мора. Будзе і ў канцы мора. I хутчэй нават, чым ты думаеш, таму што ты канцы і пачаткі паабсякаў, укараціў ты зямлі век. I мой век укараціў, але я вытрываю, а вось папытай зямлю, ці вырывае, даруе і сцерпіць яна... Шанцуе гэтай зямлі, як ліха дзе, дык усё яе. I вайна, і меліярацыя.
— Параўналі што, дзядзька Цімох.
— Параўнаў, не спяшайся словамі, што перхаццю сыпаць. Не на той мове ты са мною і з зямлёю мовіш.— I Махахей яшчэ наддаў. Мацвей ужо не мог сысціся з ім, але адставаць не хацеў.
— Адышло Палессе старое, але ёсць жа новае.
— А я з старога, і не таму, што сам стары, а таму, што ёсць у мяне мінулае, як і ў кожнага добрага чалавека, у чалавека.
— А я не чалавек вам.
— Ты міну пад Палессе падвёў. I пад мяне міну.
— Якую міну?
— Сваімі вачыма ўбачыш,— Махахей сам ужо амаль што бег. I Мацвей таксама пачаў збівацца на бег, то буйна і спорна крочыў за ім, але доўга не вытрымліваў, драбніў, ніяк не мог прынаравіцца да Махахеевай хады. А прынараўлівацца трэба было, таму што няроўная хада, то подбежкі, то крокам, збівала яго з думкі, блытала думкі. Ён усведамляў, што сапраўды гаворыць з Махахеем не на той мове і не аб тым, пэўна, кожны з іх гаворыць не тое і не тымі словамі. I ў Мацвея былі ўжо іншыя словы, якія трэба былі Махахею, якія б дайшлі да яго. Мацвей прадчуваў гэтыя словы, разумеў, што Махахей ці не адзіны той чалавек, што здольны яго зразумець, якому можна і паспавядацца, трэба толькі наблізіцца да яго і пачаць гаварыць больш даверліва, мо нават і спыніцца, зазірнуць адзін аднаму ў вочы. Але Махахей цвёрда трымаў дыстанцыю і не думаў спыняцца, а Мацвей не наважваўся прасіць яго спыніцца.
I вось так, на хаду, адзін уцякаючы, другі гонячыся, яны і вялі гутарку, бразгацела аброць, што вісела на плячы Махахея, пачыналі свае ўжо спевы абуджаныя раніцаю птушкі, гарачае і распаленае ўздымалася над зямлёю сонца, і яны таксама распаляліся пад гэтым сонцам, і Мацвей аж спатыкнуўся ад нечаканасці, калі Махахей раптам спыніўся і загаварыў ледзь не са слязьмі ў голасе:
— Глядзі, Мацвей, глядзі, Мацвейка.— Поле азіміны, на рагу якога яны стаялі, ляжала перад імі як прысыпанае соллю.
— Што гэта? — разгубіўся Мацвей.
— Снег, іней. Міна, пра якую я табе гаварыў. Перш сам сабе не паверыў. Гэта ж летам, лічы. Такой парой баравікі-мікалайчыкі лезлі, парныя ночы стаялі. А тут іней, замаразкі.
Мацвей прысеў на кукішкі і дакрануўся да зямлі ўсёю даланёю, усё яшчэ не верачы, адмаўляючыся верыць вачам сваім.
— Другі тыдзень сонца смаліць,— гаварыў у плечы яму Махахей.— Вада з тваіх канаў і каналаў знікла. Сухія канавы. А шлюзы на капале дырэктар рыбгаса перакрыў, рабочыя пры мне дошкамі наглуха забілі шлюз...
— Што рабіць будзем, дзядзька Цімох?