— Не буду, не буду. Ты малайчына, Надзька. Ты добрая, ты лепшая нават за Алену.
— А ты... чаму ты выбраў Алену?
— Таму што ты тады была яшчэ маленькаю... Калі ваша вяселле?
— Ты папракаеш мяне?
— Як я магу цябе папракаць, калі я і сам такі.
— Я люблю яго і...
— Не, Надзя, толькі яго.
— Ага, толькі яго,— ужо не хаваючы слёз, пагадзілася з ім Надзька.— Але вось у апошнюю хвіліну ўжо, калі дамовіліся аб вяселлі, падумала: як гэта так, толькі ён і нікога болей. Толькі Васька па ўсё жыццё. Ты разумееш мяне? А на вяселле прыйдзеш? Вяселле ў нядзелю.
— Разумею, але на вяселле, Надзька, даруй мне, не прыйду.
Але на вяселле яму ўсё ж давялося пайсці, нельга было не пайсці, хаця ён, калі папраўдзе, баяўся ісці. Баяўся і самога вяселля, і сустрэчы на ім з сястрою Надзькі, Аленаю. Упрасілі Барздыкі з Махахеямі. Яны таксама доўга судзілі-радзілі між сабою: быць ці не быць яму на тым вяселлі, спыніліся на тым, што не быць — немагчыма. Што гэта за вяселле, калі па ім няма старшыні калгаса. Больш таго, Барздыкі настоялі, каб не хто-небудзь іншы, а менавіта ён, Мацвей, і выкупляў нявесту ў Махахеяў, на тое яны мелі свой разлік, і пайсці насуперак ім Мацвей не наважыўся, маглі б палічыць яшчэ і за скнару. А Алена на вяселле сястры не прыехала, ведала, што не абмінуць тады сустрэчы з ім, адбілася ад гэтай сустрэчы тэлеграмаю. Яму паказалі тую тэлеграму, каб больш у яго не было аніякіх адгаворак. I ён пагадзіўся быць па вяселлі і выкупляць Надзьку пагадзіўся, каб быць па людзях. У тую нядзелю так трэба было яму.
ЖАЛЕЗНЫ ЧАЛАВЕК
Лесвіца служыла пераходам, спускам з адной вуліцы па другую, а Мацвею здавалася, што ён спускаецца на той свет. З кожным крокам, з кожнаю прыступкаю сціскалася сэрца і вузей рабілася неба пад галавою і патыхала вільгаццю, затхласцю і тленам, няўлоўнымі, перамешанымі пахамі людзей, што прайшлі, прабеглі і праскочылі на машынах тут, у бясконцасці дня, і згубіліся ў каменнай неахопнасці горада, супакоіліся да світання. Але асфальт і трапецыі зямлі з абодвух бакоў ад асфальту ўвабралі і захоўвалі яшчэ ў сабе прысутнасць гэтых людзей, што хапатліва прайшлі тут учора. Іх крокі, уздыхі і думкі. Ліпкі гарадскі дожджык, што пакрапваў звечара і зараз, спрыяў таму, ён прымінаў усё, ад чаго спрабавала пазбавіцца ў начной цішы вуліца, што яна хацела адрыгнуць, каб з усходам сонца і падыходам новага дня аднавіцца і сабой, быць бадзёраю і свежаю, як само сонца. Дожджык не дазваляў ёй гэтага, ён уціскаў, убіваў усё гэта лятучае, едкае, аджытае ўжо, як у сіласную яму, у асфальт і ў зямлю. I Мацвсю здавалася, што ён чуе крокі ўсіх тых людзей, што прайшлі тут даўно ўжо, бачыць іх, пазбаўленых ценяў, іх адзенне і тое, што яны трымаюць у руках. Чуе і бачыць не толькі цені тых, хто праскочыў тут толькі ўчора: «на Немиге снопы стелют головами, молотят цепами булатпыми. На току жизнь кладут, веют душу от тела. Немиги кровавые берега не добром были засеяны, а засеяны костьми русских сынов». Вось гэтае поле, гэтае ворыва і бачыў перад сабою Мацвей. Ён ішоў ужо па Нямізе, ведаў, што недзе тут, закутая ў бетон, б'ецца, дыхае перагарам бензінавых дня і ночы. I веданне гэтае было непрыемным, нешта драпала і скрабло душу, нібы шкло рэзалі перад ім. Рэзалі ўсю ноч, і ўсю ноч сыпалася белая, што пудра, крошка і выскаквалі з-пад таго разца, што ледзяшы, вельмі маленькія асколкі, і былі яны тут тымі ж самымі белымі касцьмі, што некалі засеялі Нямігу. З тых жа касцей, як зноў жа падавалася Мацвею, і выраслі гэтая вуліца і гэтыя дамы на ёй, таму і выглядалі нячыста. Нячыстым, з бразганнем і брынканнем, быў яўна чутны Мацвею даўно звон булата, які змоўкнуў даўно. То званілі начныя познія трамваі, але Мацвей хацеў чуць звон булата і чуў.
Гэта была дзіўная ноч. Ноч, у якую спраўджвалася ўсё, што б ён ні пажадаў, і адначасова — усё і рушылася. Пажадаў трапіць на Нямігу — трапіў, хаця ніколі на ёй не быў і не ведаў, дзе яна знаходзіцца. Але нехта невядомы яму як узяў яго за руку, павёў, скіраваў. Спачатку, праўда, вымусіў яго забыць пра ўсё па свеце, як апусціў яго ў холад і змрок, давёў да небыцця. Ён прыкархнуў, уладкаваўшыся на падаконніку на вакзале. Грэбуючы, моршчыўся, удыхаючы пах хлоркі, плішчыўся тварам, шчакою і носам, у шкло, ловячы праз аконныя шчыліны свежае паветра, а разам з гэтым свежым дыхаў і нясвежым.
I, ачмураны гэтым свежым і нясвежым, вакзальнаю амбрай, непрыкметна ўпадаў у нейкі ідыёцкі стан — напаўжывёлы, напаўчалавека, калі ўсё было напаўявай і напаўтрызненнем, бачыў і не заўважаў бясконцае мужчынскае і жаночае шэсце людзей з прыбіральні ў прыбіральню. Бачыў, як у бяспамяцтве, спачатку чаргу ў прыбіральню, калі гэтую прыбіральню закрылі на перапынак, перападлік ці сангадзіну, а потым і бойку з-за таго, што гадзіна тая была вельмі доўгай. I нехта з вакзальнага люду пачаў ламаць дзверы. Дзверы прыадчыніліся, у шчыліне паказаўся вялізны кулак і, што молат, упаў на галаву таго, каму ўжо было няўсцерп, хто ламаў дзверы. Чалавек той зароў, пацягнуў на сябе дзверы і заскочыў у прыбіральню, там усчалася нейкая валтузня, важдапіна, нешта дзынкнула, упала, бразнула, чмякнулася і лузнула. I міма Мацвея, паловы яго твару, аднаго вока, скіраванага на перон, прамчаў дзяцюк з венікам у адной руцэ і бутэлькаю віна ці гарэлкі — у другой.
Прымроілася ўсё гэта Мацвею ці было па самай справе, ён не мог адказаць сабе з пэўнасцю, таму што хоць і ў дрымоце, але ўсведамляў ён яшчэ сябе. I памятаў: такую бойку ён наглядаў ужо, толькі не тут. I даўно тое было і наўрад ці магло паўтарыцца, толькі, напэўна, так вось, у бяспамяцтве, хаця і бяспамяцтва гэтае было вельмі ж яўным і красамоўным. I ў гэтай прывіднай рэальнасці ён раптам адчуў, што хоча бачыць Алену, што калі не пабачыць яе, то мо і сканае. Вось тут і з'явілася рука, Аленіна рука, выратавальна белая і чыстая, працягнулася да яго з неба, з зоркі нейкай. I ззяла, зіхацела яна, што зорка, свяцілася ласкаваю пяшчотаю, сляпіла вочы беллю зборчатага рукава кофтачкі. Ён пацягнуўся да гэтай рукі, а яна раптам на яго вачах пачала жоўкнуць, і кіпцюры пачалі расці, імгненна зжоўкла і кофтачка. Зжоўкла і знікла, замест яе з'явілася сукно, рукаў вайсковага шыняля, здаецца, трохі і прапалены каля абшлагоў. I рука ў тым абшлагу не была ўжо больш жаночаю, але і мужчынскаю не была, жалезная то была рука, і невядома каму належала яна. Па ўсім, яна доўга праляжала ў зямлі, у торфе, торф быў на ёй, і ржа паела яе. I холадам, што з лядоўні, дыхала ад яе. Рука яшчэ не дакранулася да Мацвея, і ён ужо абліўся ўвесь халодным потам, яго аж калаціла, зуб на зуб не пападаў ад холаду і спалоху. Бачыў ён ужо гэтую руку, ведаў яе прывычкі. Яна прыходзіла ўжо да яго, і таксама ў сне, перад тым як ісці яму ў армію, калі ён быў яшчэ шчаслівы каханнем Алены, жыў у Княжборы разам з дзедам Дзям'янам. Ён і прачнуўся тады, захлынуўшыся ўласным крыкам. Крыкам гэтым пабудзіў і дзеда Дзям'яна. Той доўга распытваў яго, як ды што было ў тым яго сне, доўга маўчаў, гледзячы ў змрок, а потым, калі ўсё вымаўчаў ці пагаварыўся сам з сабою, сказаў і яму:
— Кладзіся і спі спакойна. Больш яна не прыйдзе.
Прыйшла. Кінуўся ад яе, але акно, шкло перашкодзіла яму ўхіліцца. Рука, кашчавая і халодная, што лёд, ухапіла яго і стала гнясці яго, нішчыць холадам. Мацвей не здолеў і варухнуцца, як не меў ён ні рук, ні ног. Ён і не спрабаваў асабліва варушыцца, хоць і былі ў ім яшчэ нейкая моц і дужасць, што, калі б ён намогся, нядоўга, а ўсё ж процістаялі б яны моцы той рукі. А чаго тут будзеш варушыцца, напінацца і высільвацца, ці варта супраціўляцца відавочнаму? Быў жа другі стрэл. Не падманвай сябе, не трэба. Па машыне, па скатах ты стрэліў толькі з аднаго ствала, а другі ствол і стрэл збяры, і свядома збярог. Ты здагадваўся, што гэта ён там, у кабіне, ты чакаў яго. I дачакаўся: як толькі ён скочыў з кабіны, ты і націснуў курок другога ствала. Свядома націснуў, хоць і меў ты ўсведамленне гэтага толькі лічаныя секунды, долі секунды. Але да гэтых доляў секунды ты падрыхтаваў сябе загадзя. Мо яшчэ на вяселлі Ваські Барздыкі і Надзькі, а мо яшчэ і раней, там, у Свілёве, калі ўбачыў іх разам, як гналі яны з Ненене гусей, і табе падабалася ў Надзьцы Алена, таму ты і бегаў усю ноч паміж магазінам і Чортаваю прорвай. I стрэліў ты ў гэтага Ваську Барздыку куды раней, яшчэ як толькі ён прыйшоў да цябе ў вагончык, а табе нечага было яму сказаць, таму што ты як голы быў перад ім. Але табе падпарадкоўваліся іншыя людзі, тэхніка падпарадкоўвалася табе, вось тэхніцы, машынам і людзям, што залежалі ад цябе, ты і загадаў стрэліць па Ваську Барздыку, загадаў знішчыць, зруйнаваць маліннік. Ты ж знішчыў не толькі маліннік, ты ведаў, што нішчыў, хоць у гэтым прызнайся сабе. Вось таму і павінен сёння адбыцца суд над табою. За тое ўсё, а не толькі за стрэл адзіны, за гатоўнасць стрэліць у жыццё і жывое. А тое, што адбылося ноччу,— гэта ўжо дробязь, вынік толькі. Пракуратура закрыла справу. I Шахрай да гэтага не мае ніякага дачынення, хаця і падносіць усё як дабрадзейства сваё. Ну мо і сказаў слова, што тут такога. Тую ноч можна пазначыць табе і птушкаю выратавальнаю, улічыць, што тут маюцца «смягчающие обстоятельства». Ты змагаўся з «захватчыкамі», ты стаміўся ад барацьбы са «сцягачамі», але хто напладзіў гэтых захватчыкаў і сцягачоў, як не ты сам. Сам напладзіў і сам пайшоў распраўляцца з імі, нішчыць іх. I калі ты браў у рукі стрэльбу, хіба ж ты не ведаў, што яна зараджана і страляе? Усё на зямлі страляе, і мёртвы можа забіць жывога. Ты ж зразумеў гэта, зразумеў даўно. Так гэта, усё тут папраўдзе? Усё тут папраўдзе, прызнаў Мацвей, здаючыся холаду, моцы дужай рукі, што ўхапіла яго за глотку. Потым было чорнае забыццё, доўгае ці не, ён нічога не можа сказаць; пасля яго, ці то яшчэ знаходзячыся ў тым забыцці, Мацвей споўз з падаконніка, выйшаў з вакзала і пакрочыў ад яго прэч маўклівымі начнымі вуліцамі, пакуль не выбіўся на адну прамую вуліцу і не патрапіў на горад у горадзе. Але горад, у які ён патрапіў, быў зусім не падобны на той, сапраўдны, рэальны, які быў здаровы і спакойна адпачываў, а гэты ж не спаў і пакутаваў, быў гнойна запалены. У адзіным толькі дамку, праўдзівей кажучы, нават у пограбе, не ведалі пакут, там, дзе сабраліся тыя, што ўжо адмучыліся, ціхія і прасветленыя, што пазбавіліся ўрэшце ад свайго крыжа. Недзе паміж гэтымі, што пакутавалі і ўжо адпакутавалі, знаходзілася і яго Алена. Ён адчуваў яе прысутнасць, таму што нёс у сабе пах яе рукі, што з'явілася яму да лёду і холаду, і гэты пах скіроўваў яго да будынка, у якім знаходзілася Алена. Але ў той будынак ён не паважыўся зайсці, сеў на лаўку каля дзвярэй і загадаў: выйдзі. I Алена выйшла да яго, у той самай, знаёмай ужо яму, батыставай блузцы, што выбівалася з-пад белага халата, у чорнай кароткай спаднічцы. Выйшла, спынілася ў дзвярах:
— Хто, навошта ты з'явіўся? Я не хачу ведаць цябе, ты памёр ужо.
— Я не мог памерці. Княжбор славуты сёстрамі міласэрнымі. Спакон веку княжборскія дзяўчаты сыходзілі ў горад медсёстрамі.
— А хлопцы — у салдатьт.
— А іх нявесты выходзілі замуж за другіх салдат... Таму што іх жаніхі забывалі пра сваіх нявест. Паўгода не абазвацца...
— Я спазніўся толькі на адзін дзень.
— На ўсё жыццё,— сказала Алена. Яна не прыняла яго слоў. Мацвей адчуў гэта па тым, як яна пачала зябка хутацца, захінацца халатам, што не грэў і не мог сагрэць яе. Не змог і ён сагрэць яе сваімі словамі. Алена стаяла перад ім, што каменная, што статуя. I статуя гэтая пачала аддаляцца ад яго, мармур яе шчок пачаў цьмянець і расплывацца. Ён так. і не паспеў добра разгледзець яе твар, ён унікаў яго позірку, як унікаў заўсёды, нават калі цалаваў ён яе, твар Алены заставаўся схаваным ад яго, тварам роднай, але адначасова і незнаёмай яму жанчыны, адкрытым і ясным, здавалася, адрачоным ад усяго, што не датычылася яго і яе. Сябе і сваю Алену, бясхмарнае будучае жыццё бачыў і чытаў ён па яе твары і ў той час цень нейкі, што прабягаў хутка і чорна, як цёк чорнай крыві. I гэты цень імгненна пераўтвараў Алену, яна імгненна рабілася чужою і далёкай, як бы пакідала яго, адыходзіла некуды. І так было не толькі з тварам Алены, але і з тварамі многіх іншых людзей — княжборцаў, якіх ён добра ведаў, і з тварам самога Княжбора. Яны таксама часамі ўпікалі яго, і не толькі цень хаваў іх, яны самі хаваліся, і вельмі надзейна, немагчыма было нічога і згледзець, як на сем замкоў замыкаліся. I калі часам Мацвею шчасціла адамкнуць шэсць з іх, то сёмы, як правіла, заставаўся неадамкнёным, не падыходзілі ні ключы, ні адмычкі.
— Куды ж ты, Алена? Куды ж ты зноў? Я так доўга ішоў да цябе. Я зараз табе ўсё раскажу. Адкрыйся мне толькі, пакажы свой твар. Пакажы мне толькі вочы! — закрычаў ён, разумеючы, што нічога не здольны ні расказаць, ні растлумачыць. I не пабачыць яму твару Алены, раней жа трэба паказаць свой твар, а яго няма, няма, дый годзе, ён у цяні, ён расцёкся ценем. Раней за ўсё трэба растлумачыць ёй свой характар, расказаць ёй усяго сябе, расказаць пра тое ліхаманкавае нецярпенне, што авалодала ім, калі ён служыў апошнія паўгода ў арміі. Ён жа і з-за яе апошнія паўгода, можна сказаць, і не служыў, а бесперастанку, суткамі чысціў бульбу на кухні, мыў падлогу ў казарме і прыбіральні. Жыццё яго тады складвалася і вымяралася толькі колькасцю бульбы, якую ён пачысціў, бясконцаю стужкаю лушпаек, было спрэс адно нецярпенне: вось-вось выйдзе на складзе бульба — і ён пашыбуе дамоў. Але бульбы па складах салдатам было назапашана ўволю, нецярплівасці ў ім таксама не памяншалася. Ён не мог пазбавіцца яе, патраціць яе ні ў арміі, ні потым, калі ўжо звольніўся з арміі і апынуўся замест дому ў Сібіры, а потым у Казахстане, яна гналася за ім і некуды гнала і яго, калі ён скончыў вучобу, пайшоў працаваць, стаў меліяратарам. Ён быў хворы па нецярплівасць, яго не павучылі чаканню, усё карцела скончыць не марудзячы, імгненна, імгненна адслужыць, імгненна пабудаваць плаціну, узняць цаліну, апынуцца каля Алены, імгненна знішчыць балоты, імгненна вывесці калгас у лік перадавых, не аглядваючыся і назаўсёды імгненна пазбавіцца ад захватчыкаў, сцягачоў, і не толькі ад іх — ад усяго, што здавалася яму непатрэбным, недарэчным, што толькі блыталася пад нагамі,— ад Барздык, Махахеяў, Шчуроў, Ненене. Імгпенна перарабіць іх і толькі тады дазволіць сабе перадыхнуць і азірнуцца. Але перадышкі не выпадала, адно чаплялася за другое. Усё было ў нейкім ідыёцкім зачапленні шасцерняў, а сам ён, выдавала па тое, быў толькі пяском у гэтых шасцернях, што круціліся і пераціралі яго, прабуксоўвалі з-за яго.
Ён быў хворы і сам быў вінаваты ў гэтай хваробе, бо замоўк, захацеў праверыць Алену, не азваўся па яе крык, а яна ўмольвала яго адгукнуцца. Ён жа не толькі не адгукнуўся, а недзе і ўсцешаны быў, што яна крычыць, думаў, што гэта і ёсць мужчынская цвёрдасць характару, а аказваецца — гэта і была бесхарактарнасць, ён забіў маўчаннем усё, што было між імі. І, забіўшы, застаўся адзін. I цяпер крычаў у адзіноце Алене, ценю яе:
— Сястра, сястра міласэрная мне трэба,— гнаўся за ценем, умольваў яго пусціць у гэты гаючы будынак, у якім спяшалася схавацца Алена. Але Алена стала па парозе і не пусціла яго.
— Тут няма збаўлення. У гэтым корпусе аддзяленне ракавых.— I Алена схавалася за дзвярыма, пастаяла там, каля дзвярэй, аддыхваючыся, сутаргава ўчапіўшыся за ручку, і пабегла па лесвічным маршы на другі паверх.
— Пачакай,— закрычаў ён амаль у адчаі.— У Княжборы быў адзін яшчэ і меліяратар.
— Краіна ганарыцца імі.— Рэха данесла да яго голас Алены. I Мацвей са здзіўленнем выявіў, што гэты цень, гэты голас і рэха і ёсць сам ён, адчуў у сабе мноства іншых жывых і нежывых істот: трактарыста Сюськіна адчуў і вогненнае дыханне яго трактара пачуў, Алену, Шахрая і Жалезнага Чалавека разам з Галоскаю-галасніцаю. I быў ён ужо на Нямізе, каля некалі крывавых яе, а сёння проста ў мазуце берагоў, сам пажадаў апынуцца сярод гэтых берагоў, а трохі яго падагналі тыя, што ажылі ў ім. Яны гаварылі з ім усе разам, і Мацвей гаварыў адразу з усімі імі, разрываўся на голас і шэпт, раставаў у гэтым голасе, крыку і шэпце, у звоне булатных мячоў пасярод даўняй крывавай сечы. I ў яго ўжо ў самога ў руках быў булатны меч, і біўся ён тым мячом папераменна то з самім сабою, то з трактарыстам Сюськіным, то з яго трактарам, то з Шахраем і выгаворваў Шахраю:
— За што ты на мяне з мячом, я ж толькі копія твая, я ж толькі паўтарыў цябе.