— Хто без хлеба, а хто без рыбы... Мне не за хлеб, а за рыбу штаны здымаць будуць. А ты мяне на два гады падсёк. Ты бачыш, вада якая ў сажалцы, чырвоная, што кроў. Гэта мая кроў. Дваццаць міліграмаў жалеза на літр вады. Металургічны камбінат можна будаваць... Не больш як нуль цэлых пяць дзесятых гэтага жалеза ў вадзе дапушчальна Нуль цэлых пяць дзесятых.
— У мяне жалеза нуль цэлых і нуль дзесятых, чаравікі і тыя без цвікоў, на клеі, а гузікі тры — дык яны з алюмінію.
— Я цябе не для жартаў тваіх сюды прыцёг.
— А я і не жартую. Я ж вам гэтыя сажалкі рыхтаваў, Карп Карпавіч, а вы мяне так падсеклі.
— Ты сам са сваёй меліярацыяй і мяне і сябе над корань. З балот асушаных — з тарфянікаў жалеза. Парушана геалагічная раўнавага.
— А хто ўмольваў мяне парушаць гэтую раўнавагу?
— Вось што, міленькі мой Мацвейка, назад ты пойдзеш пешкі, каб быў час аб усім падумаць. Спрачацца я з табою не буду, малады ты яшчэ з Карпам Карпавічам спрачацца. Я прывёз цябе сюды наказаць і папярэдзіць, :каб ты не здзіўляўся нашаму іску. Іск гэты, грошы твае — плюнуць і расцерці. Мне апраўданне трэба і сёлета, і за будучы год. Не будзе рыбы — будзе акт. Зразумеў? А цяпер - ідзі, тут напрамкі якіх-небудзь дванаццаць кіламетраў.
— Гэта не аргумент.
— Ідзі, аргумент,— Карп Карпавіч зноў набыў маладосць, і мажнасць, і ўпэўненасць,— ідзі і памятай яшчэ аб адным: вады з майго возера я табе больш не дам. Ні кроплі не дам. Калі ёсць жаданне, можаш прайсці яшчэ дванаццаць кіламетраў і ўпэўніцца сам, там якраз будуць заканчваць, забіваць засаўкі па шлюзах каля канала.
— Гэта ж самаўпраўства.
— Згодзен, Мацвей.
— Вы... Вы парадокс.
— Я парадокс, Мацвей. Я стары і біты, цёрты, Мацвей, парадокс. Але гэты стары парадокс, Мацвей, ужо, лічы, пятнаццаць гадоў запар трымае пераходны сцяг вобласці.
— Трымаў. Можаце лічыць, што больш яго ў вас няма. Вайна дык вайна.
— Будзем ваяваць, што зробіш, калі ты мірам не хочаш зразумець мяне. Паваюем.
І гэта было сапраўдным абвяшчэннем вайны. I ў таго і ў другога міру заставаўся адзіны толькі тыдзень. Ён скончыўся — і загрымелі выбухі. Мацвей пачаў бурыць пабудаванае ім жа. А цяпер ён быў рады, што да хаты дванаццаць кіламетраў. I кожны кіламетр з гэтых дванаццаці ён будзе адзін, можа расслабіцца, аддацца журбе, што, як воўчая ягада, крушына, спела, палівалася і злавалася ў ім, таму што ён аніяк не мог жыць так, як хацеў бы. Не мог жыць, як жылі Махахеі, Барздыкі, той жа Карп Карпавіч Бобрык. Здарылася няшчасце ў Бобрыка — ён адразу ж пераклаў тое няшчасце на чужыя плечы. А ў Мацвея так не атрымлівалася. Усё сваё — і добрае і благое — нёс сам. Жыў і ішоў па жыцці і ніяк не мог выбіцца па свой круг. Пачынаў кожны раз з нуля, і нуль гэты кожны раз здаваўся яму кругам, тым галоўным, дзеля чаго толькі і варта было жыць, на што не шкада было жыцця, толькі разганяўся ў рай, як адразу чорт за ногі — і ў пекла, і атрымлівалася, што быў ён не па крузе, а па нейкім кружочку ці адгалінаванні нават ад гэтага круга. Нібы ён аднойчы, у якім годзе — невядома, ухапіў паветра, колькі здолеў, ды і не выдыхнуў яго, хадзіў распёрты, стойваючы дыханне, спадзеючыся, што выдыхне, пазбавіцца ад гэтага паветра, калі ўсё ўвойдзе ў сваю каляіну, пабудзе размеранасць і раўнавагу. Але гэтага якраз ніколі і не ставала. Адно набягала на другое, і ён мусіў яшчэ больш прытрымліваць дыханне, жыць напаўздых, недзе пасярэдзіне паміж тым, што адыходзіла і што наставала. I абрысы таго, што адыходзіць і настае, заўсёды былі вельмі размытымі і цьмянымі, жыццё заставалася неадчувальным, і не жыццё, пэўна, а толькі абрысы яго, штрыхпункцір дзён і начэй ад адной справы да другой, ад клопатаў сённяшніх да клопатаў заўтрашніх, якія ніяк не звязаны паміж сабой і паміж тым, што адыходзіла ці то ўжо адышло ў мінулае. А землякі яго жылі зусім інакш, не тоячы дыхання і не ведаючы той абочыны, якая ўвесь час не давала спакою, праследавала яго. Той жа самы Махахей, які пачынаў яшчэ ў пору яго, Мацвея, дзяцінства, конюхам і цяпер як бы завяршаў пачаты ім даўным-даўно круг, вярнуўся зноў да сваіх конікаў. Хаця тых конікаў у Княжборы заставалася раз-два, і ўсё. I была ім адна дарога — на мясакамбінат. Ён, Мацвей, ужо даў каманду адправіць конікаў на мясакамбінат, ніхто іх цяпер за сілу ў разлік не браў і наогул за нешта жывое і карыснае не лічыў. Даручылі іх Барздыку, той і забыўся, і маёўнічалі яны ўсё мінулае лета і восень, лічы, беспрытульна, мясілі пясок на выгане за Княжборам, пакуль не знаходзілася добрая душа і не адганяла іх ад вёскі, з пяску, на траву. Восеншо, ужо не толькі з голаду, але і ад- чаю, пэўна, расканалі капытамі яны бурт з бульбаю, што ваўкі, кінуліся ў шкоду. Вось тады і загадаў ён: конікаў — на мясакамбінат. Але Махахей заступіўся за іх:
— Пакінь, Мацвей, конікаў, што за вёска без конікаў. А Княжбор мо ж то яшчэ вёска. I ён пакінуў іх Махахею, пашкадаваў не столькі коней, колькі таго ж Махахея, згадаў, як праводзіў некалі ноч і сам каля тых жа конікаў, нешта ўсё ж вельмі добрае было ў тых дзіцячых пачах каля цяпельца, нешта чыстае і свежае, хаця і зябкае, нешта адчынялася яму тады ў Княжборы і Махахею, ды так дарэшты і не адчынілася. Пайшоў ён ад Княжбора, коней і конюха Махахея. Здаецца, адным днём кінуў-рынуў усё і пайшоў, паскакаў па Бялянцы, палахлівай кабылцы, дачцэ камандзірскага выязнога жарабца, якога пакінула калгасу воінская часць, што вызваляла Княжбор ад немцаў. Жарабец той акульгавеў, пакуль дайшоў да Княжбора, а пад Княжборам яго яшчэ і куля адзначыла. I хацелі яго ўжо прыстрэліць, але бабы заступіліся: вайна яго хоць і пакалечыла, а ўсё ж ён конік, мужык. I ў аглоблі, і ў плуг можна, усё ж не па сабе ці на карове араць. Кульгавага таго жарабца, што так цвёрда і не стаў на ногі, разадралі потым ваўкі, але ён паспеў усё ж пакінуць патомства — Бялянку. Яе і ўзяў, калі вярнуўся з фронту, пад свой пачатак Цімох Махахей. Ад той Бялянкі павяліся і пайшлі ў Княжборы коні. Да іх і вярнуўся зноў цяпер Махахей. I, заўсёды абкружаны дзецьмі, што невядома адкуль і з'явіліся ў Княжборы, быў шчаслівы, бы сам памаладзеў. I Мацвей, старшыня калгаса, зайздросціў яму, зайздросціў свайму конюху, зайздросціў чалавеку, які стаў конюхам толькі дзякуючы яму, яго літасці. Кожную хвіліну ён мог змяніць гэтую сваю літасць на гнеў, накінуць Махахея без нічога, але той, здавалася, не разумеў гэтага і не думаў аб гэтым. У яго была работа, справа, дзесятак-паўтара карослівых конікаў. I ён услугоўваў гэтым конікам, не прызнаючы над сабою яго, Мацвеевай, улады, ні яго літасці, ні яго гневу. Мацвей спачатку тлумачыў усё гэта простасцю жыцця, яснасцю клопатаў і турбот, іх аднаскіраванасцю. Але цяпер, шыбуючы ад сажалак рыбгаса і сваёй азіміны, разумеў, што гэта не тлумачэнне. Не проста было пражыць і пракарміцца конікам у яго гаспадарцы, у новым Княжборы, як, пэўна, не проста пражыць і пракарміцца кожнай жывой істоце і кожнаму чалавеку, што жыве па зямлі. Куды прасцей памерці, не жыць зусім, зусім нічога не рабіць. Стаяў Княжбор некранутым, і но ўсё было проста ў той яго першастворанай некранутасці. Былі балоты, была вада — вялікая бяда. Вялікая, але не смяртэльная, княжборцы ўжо звыкліся з ёю. Па сапраўднаму нядобра было не княжборцам, а камусьці іншаму, другому ці трэцяму, што жыў далёка ад Княжбора, каму кожны год запазычваў Княжбор, таму што зямля, занятая пад вёскаю балотамі, гуляла. Асушылі балота, і той другі ці трэці атрымаў свой кусок хлеба. Але зрабілася невыносна рыбіне, і не толькі рыбіне, а і самому княжборцу, яму, Мацвею, таксама невыносна. Як жа прымірыць усіх і ці магчыма такое. Ці магчыма, каб было адначасова хораша жабе і буслу, які тую жабу паядае. Дзе і як можна знайсці такую раўнавагу і такое міралюбства. Ці будзе калі-небудзь так па зямлі, і калі ніколі не будзе, дык ці варта наогул жыць на гэтым свеце. Ці будзе яму, Мацвею, на зямлі, якую ён нераніцаваў, так хораша, як хораша Махахею каля яго конікаў. I чаму Махахею каля конікаў хораша, а яму ў крэсле старшыні не надта? Не ў коніках жа справа. А ў чым тады, у чым? Не ў тым жа, што конюху проста, а старшыні ўсё складана. Усе б кінуліся ў конюхі, толькі ж нешта ж не кідаюцца, лезуць у старшыні больш. I конюх, і старшыня — людзі, і зямля, на якой яны жывуць,— адна, адзін яны хлеб спажываюць, адным паветрам дыхаюць. Але конюх сёння вечарам, як і ўчора, як будзе і заўтра, і паслязаўтра, збярэ каля сябе хлапчукоў. Яны прыйдуць да яго ўжо са сваімі аброцямі, таму што аброцяў сёння на кожнага калгаснага коніка ўжо не хапае, зацугляць конікаў, што прыгледзелі сабе загадзя, і з гікам і свістам памчаць па вясковай вуліцы. I Махахей будзе калывацца адзаду іх на сваёй ужо амаль што сляпой Бялянцы, глытаць пыл і ўсміхацца, гледзячы, як заходзіць сонца, на распушаныя хвасты і грывы коней, што скачуць у гэтае барвовае сонца. А яму, Мацвею, наканавана зусім іншая дарога. Яму трэба недзе здабыць толу ці дынаміту, хаця гэта не праблема, гранітны кар'ер побач, і там толькі і чуваць выбух за выбухам. Галоўнае, яму наважыцца на гэты свой выбух. I ён ужо амаль што наважыўся.
А дома чакала яго Надзька. Убралася ва ўсё новае, прычоску навяла «полюби меня с разбега», а стаяла сярод гармідару за гародамі, дзе толькі пазаўчора яшчэ было балота, а цяпер зеўрала пашчу нрамыіна.
— Ты як на вяселле прыйшла запрасіць мяне, Надзюха.— Мацвей паспрабаваў пажартаваць, але адчуў, што жарту не атрымалася, не той настрой быў у яго і ў Надзькі, пэўна, хаця Надзька і мацавалася, спрабавала яму нават усміхнуцца, але вусны ж і выкрылі яе, папаўзлі, задрыжалі.
— На вяселле,— прамовіла яна.— На вясолле, Мацвейка.
— З Васькам?
— Ды не, Мацвей, па паша з табою вяселле,— і азірнулася спалохана, ці не бачыць яе хто, ці не чуе хто яе гэтых слоў. Бачыць іх з суседніх хат, канечне, бачылі, а чуць не чулі. Але Мацвей усё роўна прыцішыў голас:
— Гэтым не жартуюць, Надзька.
— Так табе ўсё гэта толькі жарты, і тое, што я перад табою стаю,— гэта толькі жарт.
— Я сур'ёзна з табою, Надзька.
— Вох, якія вы ўсе сур'ёзныя, крануцца можна. Што, не падыходжу, тавар не падабаецца? — I Надзька задрала галаву, заклала назад рукі, крутнулася, як танцуючы ўсё роўна вакол Мацвея. Ён заплюшчыў вочы, каб не бачыць яе. Мо і па самай справе гэта выйсце: узяць Надзьку і знікнуць адсюль назаўсёды, хай судзяць, абгаворваюць, што яму да чужых языкоў, ён будзе ўжо не адзін і далёка. Мацвей адчуў: яшчэ імгненне — і так яно і здарыцца на выратаванне ці на пагібель яму і Надзьцы. Хутчэй за ўсё - па пагібель, не яму, Надзьцы на пагібель.
— Спыніся, Надзька,— не адплюшчваючы вачэй, умольна прамовіў Мацвей.— Яшчэ хвіліна, і будзе позна, ні ты, пі я не даруем сабе той хвіліны.
— Хвіліна, хвіліна, Мацвей, у цябе толькі і засталася адзіная. Ну, дзяўчына прапаноўвае табе руку і сэрца. Дурны, добры, харошы...
— Хопіць, Надзька...
— Хопіць, Мацвей. Сканала твая хвіліна, ды адплюшчы ты вочы, не бойся, не з'ем я цябе.— Надзька замоўкла, ледзь утрымліваючы слёзы. Перамагла іх, тупнула нагою.— Я перадумала. I не ўгаворвай мяне.