— Гэта як? — спытаў дзед Дзям'ян.
— А вось так,— адказаў Барздыка.— Хораша пачаў жыць. I ўсё. Грошай багата зарабляю, грашыма кідаюся, смечу, за чужых кабаноў плачу. А хапае, хлопцу з бабай можна ўжо і не рабіць.
— Так, пэўна, і трэба, хаця хлопец не надарваўся б, калі лішні раз нагнуўся б,— асцярожна вымавіў Мацвей.
— Ой, сумняваюся, ой, сумняваюся, ці так яно і трэба. Баюся і апасаюся, заўсёды ж было: як толькі ледзь-ледзь добра, чакай ліха.
— А якое можа быць ліха, з якога боку чакаць гэтага ліха? — Гэта спытаў нехта са старых, але не ў Аркадзя Барздыкі і не ў таго, хто быў побач з ім, як бы сам сябе спытаў, вечар, цішыню. I ўсе яны разам з Мацвеем і трактарыстам спыталі аб гэтым у сябе, памаўчалі, прыслухаліся да цішыні, нібыта яна павінна была даць ім адказ.
— Коней паганяем. Хутка гонім мы ўжо іх,— адказаў Аркадзь Барздыка.— Насцёбваем і насцёбваем.
— Дзе тыя коні, на мясакамбінаце даўно ўжо.
— А астатніх гонім. У тым і справа, мала, а паганяем. Што з Княжборам робім?
— А што робім? Матэрыяльна-тэхнічную базу закладваем, індустрыялізацыю праводзім,— сказаў Мацвей.— Ставім вёску на прамысловыя рэйкі.
— Гэта ты талкова растлумачыў,— крактануў дзед Дзям'ян.— Галоўнае, з базаю. Я таксама тое ж сам сабе думаю, пра рэйкі. Ці хопіць іх, ці назапашана іх, не прыйшлося б падточваць, разбіраць адзаду ды паперад песці. Цішэй бы трошкі.
— Цішэй час не дазваляе,— не вельмі ўпэўнена сказаў Мацвей.— Трэба імкнуцца жыць лепей.
— Вось-вось,— падтрымаў, здаецца, яго Барздыка.— Імкнуцца трэба... Толькі на Палессі прыспешваць паціху трэба, а то каб не было як з тым адным, скараспелым ды хуткім...
— Не будзе,— запэўніў Мацвей.— Ты вось раней соль сеяў, прызнавайся, Аркадзь, сеяў?
— Усё ты блытаеш,— буркнуў Аркадзь Барздыка.— Не соль сеяў, а валоў садзіў. Не сам я, а блудзімцы падказалі.
— Хто-хто? — перапытаў трактарыст.
— Блудзімцы. Так раней вёска за намі, за ракой, называлася. Блудзім, а цяпер імя...
— Ты не пра імя, а пра тое, як валоў садзіў,— спытаў Барздыку дзед Дзям'ян,— як хвасты валам бацькавым паадразаў.
— А я пра імя хочу,— заўпарціўся Барздыка,— Ну якое ім трэба імя? Сядзіць жа нехта, галаву трудзіць, а проста трэба было б, як былі Старынкі тут, а цяпер перайначыліся ў Навінкі.
— I табе ў Навінкі пара,— сказаў дзед Дзям'ян, падымаючыся.— Па хатах, хлопцы, нам час, нешта не пра тое гаварыць пачалі.
Але Мацвей з дзедам Дзям'янам дамоў не пайшлі, з трактарыстам і Барздыкам яны яшчэ наведалі Цупрыка. I Цупрык без слоў зразумеў іх, падаў ім і сам не адмовіўся прыняць. Быў ён ужо чырвоным нават пры цьмяным святле маленькай лямпачкі, але пошчак лічыльнікаў быў цвёрдым, і знаходзіў ён усё, не падымаючыся з крэсла, бо драўляную нагу сваю ён ужо зняў і адклаў убок, а сам з двух бакоў выгарадзіўся адзіна неабходным у такі позні час таварам, выставіў гэты тавар і на прылавак перад сабой, уваткнуў пасярэдзіне, паміж зялёных бутэлек, віслы качыны і па-качынаму чырвоны нос. I ўсё ў магазіне, як нос Лявонаў, ад пафарбаваных некалі, а цяпер невыразна рудых маснічын з вялізнымі шчылінамі, забітымі зямлёю, да шэра-чорных, хісткай горкай складзеных у праходзе яшчыкаў было хваравіта-чырванаватае, нібы прастуджанае. Да таго ж у магазіне было яшчэ і не прадыхнуць ад дыму, і адразу з чыстага паветра мімаволі хацелася чхнуць. Здавалася, і сам магазін хоча чхнуць, таму ў кожнага, хто заходзіў, было ўжо напагатове на языку: будзь здаровы — ці будзем здаровы. I будзь здаровы — ці будзем здаровы гучала, а вось чхання не было чутно. З шынка ад Лявона Мацвей з трактарыстам пайшлі, самі не ведаючы навошта, у поле. Сядзелі на мяжы ў жыце, і трактарыст пад сумнае шапаценне поля апавядаў Мацвею пра сваё жыццё. Ад гэтага апавядання ў памяці Мацвея засталося толькі гэтае шапаценне жыта, таму што трактарыст быў хлебаробам, лічы, усё жыццё рабіў толькі адно — сеяў, спачатку разам з бацькам, дапамагаў яму рабіць на трактары тут, у Беларусі, потым па цаліне, куды збег ад мачыхі: не было ўзімку чаго апрануць, сядзеў у хаце, сумаваў, мачыха пакінула на лаўцы кухвайку, выскачыла на вуліцу. Ён накінуў на плечы яе кухвайку і таксама па вуліцу. На вуліцы палез ужо ў кішэню, а там грошы, і не маленькія — пяцьсот рублёў, старымі, канечне. Пералічыў ён іх і збаяўся ісці дамоў, то мачысіна схованка была, тыя грошы, мачыха б яго са свету звяла. Ён сам падаўся ў свет, кінуўся ў белы свет як у капеечку.
Пасля жытнага поля, развітаўшыся з трактарыстам, Мацвей апынуўся ў Свілёве, што яму там спатрэбілася, гэтага ён не ведаў. Але ж менавіта Свілёва цягнула яго да сябе, ён быў бы там раней, ды перашкаджалі то Барздыка, то трактарыст. У Свілёве было дрымотна ціха, спалі пакінутыя людзьмі машыны, спалі дрэвы. Уначы паміж дрэвамі і машынамі, здавалася, існуе нейкае дзіўнае яднанне, дрэвы і машыны як заключылі між сабой саюз і мір і цяпер адпачывалі ад дзённай бойкі і запасілі сілы. Уткнуўшы насы ў дубы, спалі трактары і бульдозеры і нават ціхенька саплі і храплі, то холад поўз ужо ўсярэдзіну ім, астуджваў іх распаранае і грузнае цела, жалеза сціскалася, зябка ўздрыгвала, курчылася і гнулася, бо ўжо прыпадала і раса. Ад дрэў жа павявала цяплом, амаль што хатнім. I Мацвей сеў, прыхіліўся да дуба, да яго цёплай і шурпатай, што бацькоўская далонь, кары, прыдрамаў і нрахапіўся ад невыразнага крыку, як бы нават плачу. Ён ускочыў, азірнуўся: лёгкі ветрык гнаў па небе рэдкія воблакі, і скрозь іх зрэдзь выглядваў месяц, што таксама хутка бег за воблакамі. У Свілёве ўжо не было той дрымотнай цішыні і яднання дрэў, і машын, трывожна шапацела лістота, як бы цень нейчы заблудзіўся, заблытаўся ў гэтай лістоце і, не здольны выблытацца, ускрыкваў і плакаў. Мацвей пачаў бегаць ад дрэва к дрэву, прыслухоўваўся і ўглядаўся ў кожнае, але, акрамя звернутага ў неба і бляклага спадыспаду лісця, нічога не бачыў, хаця часам, падавалася яму, адчуваў прысутнасць у дрэве кагосьці чужога, і гэты чужы спускаўся да яго твару, казытаў яго твар, вочы, нібы цягнуў да яго рукі, гладзіў іх. Мацвей таксама мітусіўся рукамі, спрабаваў ухапіць гэтыя стрэчныя рукі, але хапаў толькі паветра, самога сябе, хвастаў сябе па шчоках, па лобе. I стаміўся, знясілеў. А крык і плач мацнелі. Крык жанчыны і плач дзіцяці. Ён ужо адрозніваў іх. Кінуўся да Чортавай прорвы.
— Я тут, мама, я тут, бацька...
Прорва маўчала, хаця нешта і гуло там, але гуд той быў нейкі як тагасветны, не зямны, бы там, у глыбі, ішла нейкая работа, цяжка рухаліся яго трактары і бульдозеры ці шчытна, усутыч адзін да аднаго, ішлі ў цемені танкі, краліся невідушчыя самі і нікому не бачныя. I яго нацягнула паглядзець на гэтыя танкі, па тыя тагасветныя машыны, зірнуць на іх хоць адным вокам, а мо і не толькі на іх, мо там дзе і прамільгне жаночы ці мужчынскі твар. Ён схіліўся над Чортавай прорвай, спрабуючы зазірнуць у глыб яе і далей, за яе ўжо. Ён вывучаў яе, нібыта бачыў упершыню, бы апынуўся раптам не на абжытай і зразумелай зямлі, а на нейкай невядомай планеце, уварваўся ў невядомае жыццё :і сіліўся зразумець яго, бо ад гэтага залежала яго ўласнае жыццё. Але на той невядомай планеце вывучаў жыццё не толькі ён, вывучалі і яго, таму што ён таксама быў невядомы і нават нябачны, і час ад часу штосьці ўспыхвала ў прорве, загараўся нейкі цьмяны агеньчык, прасочваліся нейкія бурбалкі., бы хтосьці сіліўся і яму сказаць нешта, ды не мог, захлынаўся чужымі, нязвыклымі яму словамі, агеньчыкі мігцелі і тухлі, а праз хвіліну ўспыхвалі зноў. У іншым месцы і ў нейкай іншай паслядоўнасці — бы выпрабоўвалі, правяралі яго на нейкі тэст. А ён не здатны быў адгадаць яго, ужываючы свае зямныя веды, кіруючыся сваімі зямнымі асацыяцыямі, не мог адкінуць, ступіць на новы круг не зямнога, лагічнага, мыслення, дзе ўсё выцякала адно з аднаго, дзе ўсё вытлумачвалася неабходнасцю, традыцыяй, розумам. Тут жа ўсё гэта было парушана, а калі і не парушана, то збудавана, выстраена ў іншай, пакуль незразумелай яму паслядоўнасці. I часам ён, здаецца, набліжаўся да гэтай чужой яму логікі, манеры мыслення і паслядоўнасці, сутыкаўся з нечым, што звязвала яго веды і вопыт з веданнем і вопытам таго, што — ці хто? — знаходзілася перад ім. Але ён кожны раз палохаўся гэтай супольнасці, не здольны быў паверыць ёй, спыняўся напаўдарозе, забараняў сабе дадумваць усё дарэшты, бо нешта грознае і страшнае мроілася яму там, чаго не хацела і не магла прыняць яго душа. I яны, чорная бездань, што ляжала перад Мацвеем, і сам Мацвей ужо страцілі падзею зразумець адно аднаго.
Прорва ўжо цяжка дыхала, ён бачыў гэтае яе дыханне, адчуваў яго па тым, як раўнамерна ўскалыхвалася і ападала адстаялая, але масляная, густая ўначы, як кроў, вада, нібы глядзеў не проста ў акно, праломіну ў зямлі, а самі лёгкія ляжалі перад ім, лёгкія смяртэльна параненай: і ўжо адыходзячай істоты. I Мацвей адчуў, як ад параўнання з лёгкімі ў яго пачынае кружыцца галава, млее цела. Яго ўжо цягнула туды, у прорву, да абдымкаў, здаецца, так ласкава распасцёртых рук, і ён ужо быў гатовы ўпасці ў гэтыя рукі, але тут разануў яму вушы жаночы плач за яго плячыма. Мацвей скочыў ад Чортавай прорвы, збіў свой уласны цень і заблытаўся ў ім. I жанчына ў белым, што стаяла за яго плячыма, таксама скочыла, ён пагнаўся за ёю, смуткуючы і тужачы па тым, чаго не здарылася, па неспазнаным, на самым краёчку якога ён стаяў, да спазнання чаго заставалася адно толькі імгненне. Жанчына адводзіла яго ад Чортавай прорвы, ад Свілёва, яна бегла ці. слізгацела па паветры, не падпускаючы яго да сябе, да той блізкасці, калі б ён ужо мог схапіць яе, але і не ўцякаючы вельмі і далёка, каб ён не страціў надзеі. I Мацвей у роспачы, але і не страчваючы зусім надзеі, бег за ёю, умольваў яе паказацца яму, назваць сваё імя, шаптаў сам сабе імёны маці і Алены. Жанчына, не паказваючы твару, паварочвалася да яго і адмоўна хістала галавою. I паступова ён выдыхаўся і траціў надзею дагнаць: чым далей ад Свілёва і бліжэй да вёскі, тым больш шпарка бегла жанчына. Пад вёскай яна, здаецца, ужо і не бегла, лунала, слізгацела ў паветры, усё далей і далей адрываючыся ад яго. I вось толькі белае воблака, за якім і пад якім нічога не было, калыхалася недалёка ад яго. Мацвей спы- піўся, спынілася і воблака.
— Хто ты? — спытаў ён няведама каго.— Маці? Алена? Дзячыць каму, пра каго дзецям расказаць?.. Галоска?
— Га-га-лоска,— азвалася ўдалечыні, і воблака знікла. Нікога не было. Толькі жытнае поле, і ён сярод поля, мокры ад расы, перапэцканы жоўтым клейкім жытным пылком. Жытам ён і скіраваў туды, дзе толькі што стаяла воблака, але і там нічога не было. Яму падалося, што нехта рухаецца і валтузіцца крыху далей, на ражку поля. Рассоўваючы рукамі жыта, ён крадком пакрочыў туды і хутка ўбачыў яе. I не ўяўную, тканую з небыцця, паветра, плётак вясковых бабуль, а самую што ні ёсць сапраўдную, спелую і аголеную. Стаяла ў жыце голая жанчына, распасцёршы рукі, адкінуўшы галаву, углядалася ў месяц, пацягвалася, нібы расла, вырастала з жыта. Не абцяжараныя яшчэ зернем каласы датыкаліся яе ўлоння і пахвіны і, пэўна, казыталі ёй, яна адсоўвала іх, блытала, выцірала аб грудзі росныя рукі, брала пальцы ў рот, сасмоктвала, мусіць, з іх пылок. I столькі неўсвядомлена дзіцячага было за ўсім гэтым, наіўнага, чыстага, такая ўпэўненасць, што яна адна, адна ва ўсім свеце, і ніхто яе не абгаворыць і не асудзіць, што Мацвей сумеўся і намерыўся ўжо адступіць, але збаяўся, што напалохае яе, застаўся, толькі сеў у жыта, закрыўся ім. Ён не хацеў падглядваць, але не мог не глядзець. I не было ў ім ніякага адчування чагосьці непрыстойнага, брыдкага. Не было ніякага намёку на нешта сорамнае і ў голай жанчыне, хаця яна была сапраўднай, зямной і па-зямному жаданай. Чакала, ждала любові і пяшчоты яе цела, тугія, маленькія грудзі, клубы, што здрыгаюцца ад ядранасці, жывот, на якім цьмяна пабліскваў уначы пупок. Але жанчына ў тую хвіліну, здавалася яму, не ўсведамляла свайго цела і жаданняў яго, яна як бы выраклася яго, аддала ўсю сябе гэтаму жытнаму полю, месяцу, соннаму крыку перапёлкі ў жыце, барвовай стужцы на ўсходзе, што сведчыла ўжо аб нараджэнні новага дня. Яна была адна на зямлі, прамаці ўсяго існага, уладаркай гэтай зямлі, перакінулася і стала жанчынай з яшчаркі, з зерня, кінутага ў ворыва, мужчыны яшчэ няма і ў паміне. А той адзіны, аб прысутнасці якога яна не падазравала, але які бачыў яе зараз, Мацвей Роўда, у тую хвіліну ён не адчуваў сябе мужчынам. Яму самому цяжка было вызначыць: кім жа ён быў зараз, але толькі над, над сабою, над мужчынам у сабе, нешта большае, вышэйшае, чым проста жанчына, адкрывалася яму цяпер, і таму і ён быў большы і вышэйшы за сябе, амаль бог, крышку збянтэжаны, праўда, бог, па адзіным узмаху яго рукі ўсё павернецца, куды ён толькі пажадае. Ён таксама быў прабацька ўсяго існага, менавіта ж ён стварыў тую жанчыну ў жыце. I стварыўшы, разгубіўся і збянтэжыўся, папалоханы як цудам яе прыгажосцю і дасканаласцю: як пасавала яна зямлі і як зямля пасавала ёй. Да ног Мацвея скочыла жаба і, мігаючы бледным горлам, замерла. Ён толькі схіліў галаву, а калі зноў падняў і зірнуў туды, дзе толькі што стаяла жанчына, яе ўжо не было там. Ён ужо ўсумніўся, ці была яна, падумаў, ці не навалач гэта нейкая, як зноў пачуў жанчыну. Тая купалася ў жыце, купалася ў расе, як у рацэ, узмахвала рукамі, нібы плыла, пырхала ад расы, як ад вады, гарэзліва і шумна выбегла з жыта, бы з хвалі рачной, пайшла да яго, далонямі зганяючы з ружовага цела, з грудзей, клубоў бачныя цяпер і яму, замутнелыя ад ядранасці і прахалоды кроплі вады. Мацвей спалохаўся, што яна заўважыць яго, але жанчына, занятая сваім, прайшла паўз яго, ледзь не наступіла яму на ногі. Ён адчуў яе дыханне, чыстае і ўсхваляванае, пах яе цела — пах хлеба, але не таго, свежаспечанага, і не таго, што яшчэ ў зерні, хоць і на таку, ад якога патыхае ўсё ж брагай і хмелем, а таго, што яшчэ ў коласе, як у лоне маці, колас яшчэ мяккі, і зерне ў ім — малако. Каб пачуць хлеб у такім коласе, трэба яго расцерці ў далоні і потым дыхаць гэтай далонню. Ён зірнуў у твар жанчыне і пазнаў Алену. I адразу зразумеў: не, гэта не яна, але, пакуль паспеў гэта зразумець, запаліўся, пачырванеў, спапяліўся. Ноч і світальны туман пазбавілі Надзьку ўзросту, скрылі і тое невялічкае, што розніла іх.
I калі ён ачомаўся, Надзька была ўжо далёка, падганяючы, сцябаючы сябе мокрымі валасамі, бегла па жытным полі ў туман, што сплываў ужо. I ён ледзь устрымаўся, каб не кінуцца за ёю следам, убачыў яе плацце, што цьмяна шарэла на мяжы, падпяў яго, патрымаў. Узяў басаножкі і пайшоў, размахваючы імі.
З.
Цімох Махахей выйшаў берагам рэчкі да Стрэлкі, дзе здаўна быў брод, дзе яшчэ хлапчуком кожнае лета пераходзіў ён рэчку, пераходзілі яе ўсе княжборцы, пераязджалі і на падводах, па воліках, калі збіраліся на лесапілку ці па іншай якой патрэбе «ў Польшчу». А цяпер, хаця вады ў рэчцы параўнальна з мінулымі гадамі і паменела, пераехаць на процілеглы бераг старым бродам немагчыма. Пачала кідацца апошнія гады рэчка, бы ёй не дагадзілі, угнявілі яе, наступілі ёй на хвост. I яна адвярнула ад вёскі, узяла ў лес, падмыла падпуск, з пакатага берага ўтварыла кручу, на якую ніякім волікам не ўскараскацца. Але ён бы спусціўся з яе, хоць быў і з грузам. Круча кручай, а глыбіні сапраўднай пад ёй не было. Пад берагам каля самага абрыву ад сілы вады па грудзі, дно ўсё як на далоні, гуляюць плоткі, ладныя, вёрткія, так і просяцца на вуду, б'юць адна адной у бок, дражняцца. Цімох пасмяяўся з іх, адвёў душу, схаваўшыся за грушкай, што расла тут, на беразе, навідавоку. Калісьці грушка гэтая стаяла ў лесе, сярод дубоў, а цяпер дубы нападалі, падмытыя ракой, вось-вось год-два, павінна была ўпасці і грушка. I Цімох пільнаваў плотак і слухаў, як змагаецца яна каранямі з вадою, як пампуе, гоніць гэтую ваду да лісця, як паразумела і суладна гудуць у лісці пчолы. Наслухаўся, усцешыўся, а трохі і засумаваў, пайшоў берагам уверх па рэчцы, зусім у іншы бок, чым трэба было яму ісці, у бок ад сваёй бачнай яму ўжо хаты. Не паважыўся перабрыдаць рэчку тут, навідавоку ў вёскі, у рыбакоў, што стаялі з вудамі каля возера, ракі, у дзяўчат і жапчыш, што купаліся і загаралі на бабскім пляжы, і віною ўсяму быў груз Махахея. Сорамна было яму паказацца з ім на людзі, падумаюць яшчэ, а то і скажуць, не заржавее: здзяцінеў Махахей. А ён і папраўдзе здзяцінеў, на старасці год, як дзіця неразумнае, пагнаўся за цацкай, купіў сабе гармонік. «А каб табе, Махахей, пуста было»,— пасмяяўся ён сам з сябе і пакрочыў і весялей, і спарней. Няўсцерп усё ж было яму хутчэй дамоў, адамкнуць футляр і патрымаць у руках сваю цацку. А іграць ён не ўмеў, хоць плач, не мог, не навучыўся. Раней ва ўсім сяле гармонік быў толькі ў дзеда Дзям'яна. I дзед Дзям'ян сам рыпаў на ім усяго тры танцы: польку-трасуху, кракавяк ды «На сопках Маньчжурыі», хоць і іграў спраўна на ўсіх вясковых вячорках княжборскім хлопцам і дзеўкам і яму, Цімоху Махахею. Збіраліся ў вясковай хаце, кожны раз у іншай, па чарзе, прыходзіў са сваім інструментам дзед Дзям'ян, садзіўся ў покуць, браць яго ў рукі не спяшаўся, чакаў, калі пададуць. Яму падавалі. Але і каўтнуўшы, дзед Дзям'ян яшчэ чакаў, і хлопцы ведалі чаго. Самы бойкі з іх, нябожчык Антон Роўда, сын дзеда Дзям'яна, крычаў дзеду:
— Грай, бо грала паламаю.