— А калі не нашы, не магу.
— Во, усе тут такія. Магілку адну на нашых могілках бачыў? Камень на ёй, і літаркамі не нашымі па тым камені выбіта, ніхто яшчэ не разабраў тых літарак.
— Па-польску там напісана,— сказаў Мацвей,— што находзіцца там прах жаўнера войска польскага Задлецкага.
— I ўсяго?
— А што яшчэ?
— Нічога... Але ж каб не нашымі літаркамі і толькі таго... — Я думаў... А прыборы ў цябе ёсць?
— Якія табе яшчэ прыборы, Аркадзь?..— Мацвей цяпер быў заняты адным: як адчапіцца ад Аркадзя Барздыкі, праскочыць у магазін, каб той за ім не пацёгся — пацягнецца, лічы, усё, не адліпне, каўтнуў ён ужо,— узяць там тое-сёе і ціхенька з дзедам Дзям'янам дамоў.
— Есць, ёсць у цябе такі прыбор, Мацвей. Давай разам.
— Ды што, Аркадзь, разам?
— Золата шукаць,— сказаў Барздыка.
Мацвей аслупянеў: звар'яцеў мужык ці сур'ёзна, не толькі дзеля пляшкі віна.
— Якое золата, дзе тое золата?
— Пад бярозай.
— Да ты ўяўляеш сабе, колькі тут бяроз?
— Нам усе не трэба. Нам з табой толькі адну.
— А як ты даведаешся, што гэта яна? — Мацвею было ўжо забаўна ўсё гэта, і цікавасць брала, адпавядала ўсё ж гэта неяк ціхаму вясковаму вечару, старым, што сядзелі на лавачцы, рыпу варотцаў і варот, бразганню даёнак. I яго пастрою адпавядала, стасавалася. «Чорт яго бяры,— думаў ён ужо,— з гэтым рэстаранам, камінам, і так добра. Як выразаныя, уночы спеюць у гародах сонешнікі, нібы з медзі адлітыя, сядзяць на лаўках аціхлыя старыя і з хлявоў дух сырадойны і парны, як ад ніводнага каміна».
— Адзін я не пазнаю,— гаварыў між тым Барздыка.— Не вельмі я пісьменны, і прыбора ў мяне няма. А ты пісьменны і з прыборам.
— Я пісьменны і з прыборам і па пісанаму магу,— перабіў яго Мацвей.— I вось табе тры рублі...
— На ўсе? — спытаў Барздыка.
— На ўсе,— адказаў Мацвей.
— Дык не хапае ж?
— Як гэта не хапае?
— А вось так, яшчэ рубель, і будзе тры бутэлькі.
— Мацвей даў яшчэ рубель.
— Цяпер хапае?
— Цяпер правільна,— ухваліў Барздыка.— А наконт прыбора ты ўсё ж падумай.
— Я падумаю,— з ціхай ярасцю паабяцаў Мацвей.— Толькі золата тваё ў дубе, у борці, а ты і без золата няблага жывеш.
— Няблага жыву,— пагадзіўся Барздыка,— толькі сумняваюся. Жыву, ды сумняваюся...
— Дык у чым жа ты, Аркадзь Барздыка, сумняваешся? — спытаў Мацвей пасля таго ўжо, як Аркадзь вярнуўся з магазіна не толькі з чарнілам, але і з цыбулькай, што круглы год расла ў гаршках у Цупрыкавай карчме. Цыбулькай гэтай Цупрык частаваў толькі начальства ды калі ўжо вельмі карцела ўзяць чарку самому яму. I, мяркуючы па ўсім, Барздыка, мусіць, паспеў шапнуць Цупрыку, каму ён купляе віно. «I чорт з ім,— падумаў Мацвей, падымаючы шклянку і стукаючыся з дзядамі.— Чорт з ім». Тут ён прыкмеціў, як у асветленым праёме дзвярэй магазіна прамільгнула постаць трактарыста, што ледзь не трапіў разам з трактарам у прорву, паклікаў яго, наліў і яму.
— А ў тым я сумняваюся,— калі ўжо выпіў, азваўся Барздыка,— што добра жыву.