— А грошыкі? — хітра мружыў вочы Дзям'ян, сціпленька здымаў шанку-аблавушку і ўверх вышараваным, што юхт, дном кідаў на стол. I сыпалі дзеду ў яго шапку грошыкі — хто пятачок, хто грыўню, а хто толькі гарбузікаў жменьку. I тады дзед абураўся:
— Марш са сваімі гарбузікамі на печ, пад спадніцу маці, няма грошай, нечага і да дзевак лезці.
— Ты што, дзед, ці то не ведаеш, як мужык цыгана гарбузікамі абдурыў.
— Не ведаю і ведаць не хочу.
— А ты паслухай, дзед. Пабіліся ў заклад мужык з цыганам, хто лепей чыіх дзяцей накорміць. Узяўся мужык цыганскіх дзяцей карміць. I абаранак, і булак ім, і пернікаў. Наеліся, пуза трашчыць. А ён ім яшчэ гарбузікаў. Прыходзіць цыган — і кідзель на стол поўную шапку цукерак. I не глядзяць яны на цукеркі. Цыгана чарга, той таксама даў пад'есці — штаны трашчаць. А мужык прыходзіць і жменю-другую гарбузікаў перад імі па падлогу. Дзеці ў бойку за тыя гарбузікі, як год нічога ў рот не бралі. А ты — марш на печ.
— Складна хлусіш, сам добры хлус, бачыў хлусоў, а такога не даводзілася,— гаварыў дзед Дзям'ян.— Пойдуць у дзела і гарбузікі. То не цыган дурны, а дзеці заўсёды есці хочуць...
I ўразаў польку-трасуху, блытаючы яе з кракавякам. Але ўсё ж гэта была музыка, і ішло ўсё ўверх дном і дагары нагамі. «На сопках Маньчжурыі» дзед іграў старанна, але ўжо стомлены, ужо недзе пасля першых пеўняў. I тады зноў хто-небудзь з хлопцаў гаварыў дзеду: А, дзед... твая музыка, граць не ўмееш.
— Я не ўмею граць? — шалеў дзед.— Забірайце свае грошы, каб і духу вашага не было,— і кулаком, як у вуха біў каму, шыбаў са стала аблавушку з капейкамі. Хлопцы навальваліся на тую аблавушку, забіралі свае грошы і разыходзіліся.
— Я граць не ўмею,— бурчэў Дзям'ян, падымаючы з падлогі шапку.— Ды каб вам так... як мне гралася,— і, раз'юшаны, у адзіноце брыў дамоў, каб заўтра пачаць усё спачатку.
Але ў апошні час, невядома калі і як, звяліся ў Княжборы вячоркі, звёўся і гармонік. Хоць і жылі ўсе павідавоку, куды падзеўся той гармонік, Махахей і не ведае. А ён сумаваў па ім. Сумаваў у арміі, на фронце. Даў сабе зарок: жывы застанецца, нічым займацца не будзе, заробіць толькі на гармонік. Каля веснічак пад хатаю расце ў яго куст чаромхі, іншыя бэзу, жасміну насадзілі і вяргіняў, а ён толькі куст чаромхі. I дрэвы, і кветкі, як ведаў, пасадзіў перад вайною. Укапае ён пад тым кустом лаўку, сядзе на ёй і ад раніцы да вечара будзе іграць і іграць польку-трасуху, кракавяк, «На сопках Маньчжурыі», а яшчэ «Зямлянку», «Кацюшу». Дзеўкам сваім будзе іграць, бабе сваёй, усёй вёсцы, а надакучыць слухаць людзям, дык ён вожыкам пачне іграць, яны жывуць пад прызбаю яго хаты і раніцай выходзяць на сонца, грэюцца ў кастрыцы, а вечарам калі-нікалі завітаюць і ў хату. I як пачнуць гойсаць па хаце, кошку ганяць, хоць вушы затыкай. Лапкамі, кіпцюрыкамі шкроб-шкроб-шкроб па падлозе, а потым чмых-чмых-чмых. Гэта, пэўна, на крошку тытуню паскочылі. Кіно. Аб гэтых вожыках ён таксама ўвесь час памятаў на фронце, як памятаў аб жонцы, аб дочках. I цяпер толькі ўзгадаў аб іх, як, дзіва дзіўнае, выкаціўся па сцежку пад самыя ногі яму вожык. Вялікі, стары, іголкі нават пажоўклі ўжо. Фыркнуў, чмыхнуў, нібы папракнуў нечым, стрэліў насцярожаным вокам, міргнуў сівымі павекамі і скруціўся клубком: вазьмі мяне за рубель дваццаць капеек. Заміргаў з-пад сівага брыва і Махахей, адклаў гармонік, схіліўся пад вожыкам, пагладзіў іголкі. I не адчуў іх, і не таму, што мазалі былі як кара ў дуба, ніякімі іголкамі не ўкалоць, руку яго цяпер можна было рэзаць, агнём паліць, ён бы і не адчуў. Сэрца скалола.
— Гэта ты ўсё чакаў мяне,— сказаў ён,— Чакаў і састарэў.— Узяў вожыка на рукі., як бяруць толькі жывое, прабіўся пальцам да мокрага і далікатнага носіка. Вожыку гэта не спадабалася, і ён зноў незадаволена чмыхнуў. Выхапіў гэты свой дакучлівы палец, абураючыся на сябе, на тое, што палез ім у душу зверу, мог і нашкодзіць што.
— Ну, не папікай мяне, не судзі, што не прыйшоў раней. Была вайна, ведаеш, якая,— уздыхнуў.— Тут, на сваёй зямлі, тры гады, і кожны чацвёрты. Я, слава богу, не выйшаў у чацвёртыя, у трэція ці ў другія пашанцавала трапіць. Потым пакацілася на чужой зямлі. Польшча... Ды што аб ёй табе гаварыць, сам ведаеш. А яшчэ ж зямля ёсць. Еўропа, і дзяржава па дзяржаве, і кожную аслабаніць трэба. Але і на тым не скончылася. Яшчэ і Азія на свеце ёсць, і там вожыкі жывуць. Усюды, брат, мы з табою. Не да музыкі было. I потым, якая музыка тут, кроўю ўмыешся, ліхам утрэшся, бядой укрыешся. Такая вось музыка, і кожны дзень ад святла да святла. Капейчына якая заводзілася, дык толькі яе і бачыў, між пальцамі ўсё, між пальцамі, як пясок, мы яе ў дзверы, а яна праз акно. Але нічога, нічога, узбіўся ўсё ж на гармонік, хоць пальцы ўжо не гнуцца, а гармонік ёсць, браце, ёсць і мне што на крышку пакласці. А хочаш я табе пакажу свой гармонік. Пакажу і сыграю, як абяцаў, памятаеш жа, абяцаў. Абяцаў — выканаю. Пачакай толькі, пачакай, сыграю табе, як магу. Ты не пакрыўдзішся, не абгаворыш. Я зараз.
Махахей замітусіўся, заспяшаўся, перакаціў вожыка з адной рукі на другую і перастараўся, да крыві ўкалоў рукі, але не заўважыў крыві, не адчуў болю, паклаў вожыка на сцежку, хапатліва гачоўкнуў замкамі футляра, дастаў гармонік, узяў на грудзі і замёр, застыў як укопаны, не наважваючыся націснуць на кнопкі.
— Тут табе няёмка, няёмка на зямлі,— звярнуўся зноў да вожыка.— Ты давай сюды, па скрыню вось гэтую, на футляр, ён новы.— Уладкаваў вожыка на футляры, той зноў фыркнуў, удыхнуў, пэўна, нязвыклага яму паху скураміту, цыраты.
— Пачакай, пачакай, дай адумацца, што ж табой сыграць.
Махахей бездапаможна азірнуўся, нібы хтосьці мог направіць яго, падказаць і што, і як іграць. Ало вакол былі толькі дрэвы, жылістыя вязы, лёгкая асіна, мноства асіны: танклявая і роўная, нібы точаная, і чэзлыя кусцікі яе, і асіна зусім ужо сухая, і толькі пянькі ад яе — гэта з боку рэчкі, дзе над дрэвамі папрацавалі бабры сваімі піламі-зубамі, дапяліся да дрэў знізу, ад каранёў, зрылі зямлю часовымі і пастаяннымі хадамі-норамі, дапяліся і зверху, працавалі стоячы, што людзі ўсё роўна пілавалі, пакінулі замест асін нейкіх лысых дзядкоў. I гэтыя пянькі-дзядкі, што разам з валасамі паскідалі і шапкі, агалілі свае жоўта-касцяныя чарапы, стаялі ў радок адзін за адным, як у чарзе па музыку, нібы ў чаргу па музыку паўсталі і дубы, што раслі на былой нейтральнай паласе, якая згадвалася яшчэ і цяпер, па тым, як роўна расла тут трава і як стаўленыя разышліся па ёй тыя ж дубы.
— Што ж вам сыграць...— з застарэлым сумам і болем прамовіў Цімох, звяртаючыся цяпер, пэўна, не толькі да вожыка, які ўжо супакоіўся па футляры, чакаў, але і да дубоў, да дзядкоў-пянькоў, што пачціва агалілі перад музыкай шматпакутныя свае чарапы. Між тым на правай руцэ Махахея, на згібе ўказальнага пальца, выступіла ўжоо кроў, вялікая чорная кропля, якая ўсё павялічвалася. Махахей расцягнуў мяхі і цюкнуў указальным пальцам па гузіках гармоніка. Гармонік усхліпнуў, кропля надламалася і аплыла, кроў слізганула на другія пальцы, віхляючы, дапаўзла да мезенца і спынілася. I толькі тут Махахей адчуў боль, паглядзеў на руку, паднёс яе да рота, злізнуў кроў. I зноў, цяпер больш рашуча і рэзка, крануў басы.
— Рас...— пачаў Махахой, але нешта яму не спадабалася, ён паўтарыў: «рас»... і яшчэ: «рас...» і павёў па складах, голасам, галавою і нават усім целам дапамагаючы непаслухмяным пальцам: — Рас-цве-та-лн-яб-ло-тш-н-гру- пш...— уліўся потам, пакуль скончыў радок, зняможана сеў на зямлю.
— Такая вось музыка,— хітнуў у бок натапыранага іголкамі вожыка.— Няма ў мяне табе музыкі — вось і ўся музыка.— i ўжо ні да каго не звяртаючыся, гледзячы ў далячынь нейтральнай паласы: — Вожыкі пад хатаю звяліся, кінулі хату. Чаромху зламалі, раздзерлі, як бабу за ногі, надвае. I што яшчэ... Човен дзедаў на двары стаяў. Дык вось той човен выцягнулі на вуліцу і кінулі ў пяску сярод вуліцы: плыві, Махахей, куды хочаш, па пяску. Вось так. Затое мы цяпер з музыкай.
Махахей жаліўся, але без горычы, прыціскаў да грудзей гармонік, як толькі што вожыка, як нешта жывое і бясконца дарагое яму, што з'явілася ў яго ўзамен адбалелага, узамен тых вожыкаў, што пакінулі яго хату, і той чаромхі, што зламалі. Тры дні назад яго баба Ганна, баба — усё жыццё без хвароб, паднялася раніцаю, пачала ўпраўляцца і завойкала, завохкала: ох, падціскае нешта, гняце ў правым баку, што кардопліну гарачую праглынула, увайшла яна ў жывот і не стыне.
—Пайшлі, баба, у бальніцу,— сказаў Махахей.— Ведаю я гэтую кардопліну, бокам і бобам вылезе яна.
— Ох, не, кабан жа галодны, травы запарыць трэба, накарміць.
— Лажыся, баба, кабану я сам дам, а пакуль паляжы спакойна, паглядзім.
Махахей дапамог легчы жонцы, заняўся кабаном, а тут набегла і іншай работы, пад абед толькі вальней стала, кінуўся ў хату, а жонка як і не начавала ў хаце. Сустрэў каля рэчкі, ішла-касабочылася і крывілася, і шкода было, і зло разбірала, але выгаворваць не стаў: над рукі і ў хату, а з хаты — у дарогу. Ганна спрабавала адбіцца:
— Яшчэ трошачкі пачакаем, Надзька гусак прыгоніць. То ж нашы гускі прапалі, душа не на месцы...
Цімох і не слухаў яе, тое, што Ганна хоць і з галашэннем, але ішла за ім, палохала яго. Век, лічы, ужо разам пражылі, за гэты век ён вывучыў сваю бабу. Добрая яму дасталася баба, працавітая, памяркоўная, бурклівая мо трохі. Але ж без гэтага што за баба. Адымі ты ў яе гэтую бурклівасць, што бабе застанецца. Не, трэба нешта даць, трэба нешта пакінуць і бабе, каб было дзе адвесці ёй сваю душу, паказаць сваю натуру, інакш зашэрхне ў ёй усё жаночае і палезе чорт ведае што, ён і свету беламу не рады будзе. А так усё ясна і зразумела:
— Выцягнуў, пагнаў, як арыштанку. То я хваробы раней не ведала. Лекар свой, і платы не трэба, маці кожнай балезні траву ведае...
Махахей маўчаў, ведаў: яшчэ не час гаварыць яму. Ён добра ведаў і гэта: калі можна яму гаварыць, а калі лепей змоўчаць. Ведала аб гэтым і баба Ганна, таму і злавала, распаляла сябе:
— Самая ж гарачая пара настае. Спее ўсё, перастойвае. I ў гародзе, і на лузе. I па лузе...
Ганна спатыкнулася. Цімох зірнуў на яе: не, гэта яна не ад болю. Выбілася з пустой гаворкі, знайшла, чым дапякці яму. Час быў нешта сказаць і яму, адвесці бабу ад таго, што запала ёй цяпер у галаву, інакш не спыніцца ўжо сама, будзе піліць піла да вечара. Але ён усё ж прытрымаў язык: няхай працягвае, няхай гаворыць, мо за словамі ёй не будзе так балець. А балела моцна, ён бачыў гэта па яе твары, па чорных кругах пад вачыма, па ластаўчыным рабацінні, што выступіла на яе твары, як у маладой. Калі ёй вельмі балела, яго Ганна заўсёды так маладзела, і чаму гэта так, Махахей не ведаў, але як дзевачка станавілася, званчэй рабілася і ступала раўней, бы бераглася. Яму і неўздагад было, што гэта Ганна нарэшце ўспамінала аб іх і маладзела.