— Што ж гэта ты творыш? — спатыкнуўшыся вачыма аб гэты яго нос, хутка, як і запаліўся, згубіў свой запал Махахей. А хлопец, што стаяў перад ім, і было яму гадоў дваццаць пяць, дваццаць шэсць, усё вадзіў і вадзіў рукою на горле. А стрэльбай паказваў на шэрыя анучыны ў вадзе.
— То ж шэрая чапля,— сказаў Махахей.— Яе ж зусім небагацька засталося ў пас, па пальцах пералічыць можна. А то буслы,— Махахей паказаў на птушак, што стаялі далёка ў вадзе, недаступныя стрэльбе, і тым не менш трывожыліся, гатовыя кожную хвіліну ўзняцца ў неба.
— Ты і іх палюеш? — спытаў Махахей.
Хлопец пагразіў буслам стрэльбаю, павярнуўся да Махахея, затрос тупым носам, замычэў.
— Ды ты нямы...
— Нямко ён,— пацвердзіла баба Ганна.— Пойдзем, Цімошка, з ім не згаворышся.
Але Махахей марудзіў, а хлопец нешта тлумачыў яму, мітусіўся ў паветры рукамі, зводзіў далоні і адразу ж разводзіў іх, ускідваў правую руку ўгару, ускідваў галаву, зяўрыў рот, клекатаў горлам, хуценька-хуценька торгаючы такім жа тупым і моцным, як і нос, кадыком. Пагражаў і буслам: стрэльбаю і кулаком.
— Рыбу тваю паелі буслы і чаплі,— разумеючы і спачуваючы, толькі невядома каму: буслам ці хлопцу, хітаў галавой Махахей,— А тое, што яны жывыя, таму і ядуць, табе не шкада іх. У жывое ж страляеш.— Стукаўся ў яго вушы Махахей, забыўшыся, што перад ім глуханямы і крычаць яму ўсё роўна, што аб сцену біцца галавою, не дакрычышся і не даб'ешся. Страляць ён мог, вочы бачылі, рабіць мог, рукі вунь якія дужыя, моцныя і вялікія, пальцы, што долата, такімі пальцамі схопіць — не выкруцішся. I Махахей глядзеў на яго ўжо з перасцярогаю, а ў той жа час і са спадзяваннем. I яго ж рукі гэткія, і пальцы гэткія, дык чаму ж яны не здольныя зразумець адзін аднаго, глядзяць аднымі і тымі ж вачыма на адзін і той жа белы свет, а бачаць рознае.
— Ты ж у сябе, у сябе страляеш,— сказаў ён з болем, нібы гаварыў сабе, нібы ён і страляў, параніў тую чаплю.
Хлопец жа зяўрыў рот, шчэрыў зубы, не чуючы яго слоў, але па руху губ разумеў, што да яго звяртаюцца, нешта кажуць яму, і адгукаўся на маркотныя і скрушлівыя словы Махахея шчырай і добрай усмешкай.
— Не разумееш ты мяне,— сумаваў Махахей.
Нямы ўскідаў да пляча стрэльбу, цэліўся ў буслоў, плюшчыў адно вока, а другім цікаваў за Махахеем, пагладжваў стрэльбу: добрая, маўляў, штукенцыя, ды і стралок добры, можна не сумнявацца, ён перастраляе ўсіх гэтых буслоў.
— Не разумее ён цябе, Цімошык, пайшлі,— цягнула за крысо мужыка Ганна, але Махахей упарціўся. Хоць і нямы, без языка, быў перад ім чалавек, але ўсё ж чалавек, душа ў ім усё ж жывая была. А чалавек чалавека, душа душу павінны разумець.
— Ты ж таксама, як птушка, як бусел, як чапля,— хапатліва гаварыў нямому Махахей.— Гэткі ж, як і яны. Яны без языка, і ты без языка. Ты ж ім больш родны павінен быць, ім, а не мне, ім,— і, мо гэта здавалася яму больш пераканаўчым, тыцкаў, тыцкаў нямому ў грудзі пальцам і наказваў пальцам на чаплю, што ўсё яшчэ трапятала на вадзе, на ружовую пляму, што разыходзілася ва ўсе бакі ад яе, і на жывых буслоў. Нямы, здаецца, нешта пачаў цяміць, пагаджаўся з ім, лыпаў добрымі, як у хатняга бычка, вачыма, і штосьці журботнае, падстрэленае выспявала, запасілася ўжо ў яго вачах.
— Ну вось бачыш, вось бачыш, мы ўжо разумеем адзін аднаго,— узрадаваўся Махахей.
— Але нямы зноў ускідваў стрэльбу да пляча.
— А каб цябе, прападзі ты пропадам,— ніякавеў Махахей.— Дык дабі ж ты хоць тую, дабі, каб не мучылася.
Махахей і сам, што нямы, замітусіўся рукамі, пачаў наказваць, што пераломвае стрэльбу і зараджае яе і цэліцца ў чаплю. I губамі, бы не свайму чалавеку, а немцу, запыхаў: — Пых-пых, нуф-пуф.
Але нямы зразумеў яго, загнаў патрон у ствол, прыладзіўся. Чапля, нібы прадчуваючы сваю пагібель, узняла з вады шэрую чубатую галаву і чубікам гэтым, як чарацінаю, удзячна хітнула ўсім ім траім і чацвёртаму — смерці падзякавала, стрэлу. Смяртэльны стрэл і апошні крык птушкі супалі, зліліся ў адно. Шыя чаплі пругка сцебанула па вадзе і знікла пад вадой, збіты шротам, узляцеў угару чубок і таксама ўпаў па ваду, патануў. Ганна і Махахей здрыгануліся ад стрэлу і крыку птушкі і самі ўскрыкнулі, а нямы толькі пахіснуўся, пэўна, аддала стрэльба, адышоў галавою назад і імгненна вярнуў яе па тое ж месца, дзе яна была раней, так здае назад, вяртаецца на сваё месца пасля кожнага стрэлу гармата. I вочы яго цяпер ужо не ўдавалі добрымі, і тупы нос выказваў рашучасць, вачыма, носам ён быў ужо скіраваны на новы стрэл: такая ж добрая, паслухмяная стрэльба, такі ж трапны стралок.
— А ў мяне так трапна, так спрытна таксама можаш? — падступіў да яго, закрычаў, бы да яго можна было дакрычацца, Махахей.— Давай паспрабуй у мяне.
— Ты што, Цімох, адумайся, Цімох! — Ганна адцягвала яго ад нямога. А той здзіўлена пазіраў на іх твары, не разумеў, чаму яны такія злосныя і спалоханыя. Мо ён чакаў, што яго ўхваляць, а яны...
— Давай, давай у мяне! — ірваў на грудзях сарочку Махахей.— Вось сюды, дзе сэрца.
Нямы адмоўна і спалохана круціў галавою.
— Брэшаш, можаш, можаш...— Баба Ганна ўрэшце адцягнула яго ад нямога і пагнала кулакамі ў плечы.
— Што ты прычапіўся да чалавека. Ведае ён, што творыць, далі яму стрэльбу, загадалі: страляй. Вось ён і страляе. Ён жа без паняцця, хто ведае, што ў яго наўме. Дапячэш — ён і па табе пекане. Стрэліць — і ўсё, што ты яму скажаш.
— Хай страляе,— хмурна адзываўся Махахсй і паварочваўся, крычаў нямому: — Давай, давай не марудзь. У лёт, у лёт мяне. Старому мала трэба. Старое хутка падае. Дабівай, дабівай.
Нямы спрабаваў нешта адказаць яму, але толькі мыкаў, клокатаў горлам, як бусел дзюбаю, і разводзіў рукамі.
— Баліць? — спалохаўся Махахей, калі яны ўжо надышлі, ступілі ў горад, прыкмеціўшы, як угінаецца і курчыцца яго баба Ганна.
— Баліць,— адказала жонка. Махахей са спачуваннем і ўдзячнасцю зірнуў па яе і змоўк, па голасе адчуў і зразумеў, што жаліцца яна не на той боль, які рвецца вонку, а па той, што грызе яго. Яны як бы памяняліся болем. Махахей узяў яе, яна — яго боль, і ішлі яны цяпер, адчува- ючы адно аднаго і падтрымліваючы адно аднаго, з адной і той жа пакутаю, нават ураўняліся і ў росце, так іх сагнула і прыгняла агульная іх бяда. Ішлі па старым і сумным гарадку, у якім з даваеннага часу нічога не змянілася, сам час, здавалася, замёр тут, расцёкся па брукаваных вуліцах, расплыўся, растаў у паравозным дыме, у паравозных гудках, у цішы цэркваў і касцёлаў, што стаялі ў засені дрэў. Час абмінуў, абышоў гарадок бокам, віхурна ўварваўся ў іншыя гарады і нават вёскі. I гэтыя гарады і вёскі абнаўляліся, будаваліся, а тут усё заставалася нязменным. Ціха раскручвалі педалі веласінодаў-ровараў мужчыны і жанчыны, што капою ўссядаліся на гэтыя старажытныя свае веласіпеды. Шмат чаго будавалася і побач з горадам, у непасрэднай блізкасці ад яго, той жа рыбгас і нават новы горад, да якога адсюль было кіламетраў восем-дзесяць. Там нешта знайшлі, размясцілі, выявілі ці то нафту, ці то соль, ці то камень нейкі, а мо адразу і нафту, і соль, і камень. Але рыбгас і гэтыя знаходкі ніяк не адбіліся і не вельмі, здаецца, уплывалі на жыццё горада, хіба толькі з'явіўся невялічкі магазінчык каля вакзала з вялізнай шыльдай: «Рыба — мяса», рыбгас жа рабіў не на гэты магазінчык і нават не па магазін таго новага горада, што будаваўся непадалёку. Машыны з надпісам «Жывая рыба» брукаванкаю і асфальтам толькі праскоквалі восенню каля гэтых гарадкоў, выхопліваліся на бетонку і знікалі ў безлічы кіламетровых слупоў. Прысутнасць побач вялікай будоўлі таксама не вельмі адчувалася тут, толькі трохі пабольшала людзей у джынсах і скураных куртках, што, трэба адзначыць, не вельмі стасавалася са старымі і крывымі вулачкамі. Раніцай і вечарам пабольшала людзей у камбінезонах, заляпаных вапнаю, цэментам і фарбай. I гэтыя людзі таксама не вельмі стасаваліся да аднапавярхоўнасці драўляных хатак, таму што нічога каменнага, шматпавярховага тут не будавалася і нічога патрэбнага, неабходнага для гэтай будоўлі не знаходзілася, не здабывалася, не выяўлялася, не мелася, апрача, канечне, людзей. Апрача рабочых рук, стары горад нічым не мог дагадзіць новаму часу, нічым, апрача даўніны і старажытнасці, не быў адметны. А каму гэта магло спатрэбіцца? Таму і затухала жыццё ў ім, пэўна, і ўцякала бетонкаю рыба, і нічога не будавалася. Навошта гэтую старызну абнаўляць і карміць, само пракорміцца, само збудуецца — усё роўна ж усё асуджана ўжо на паміранне, на выцісканне тым нецярплівым, гучным і трубным новым. I бальніца з амбулаторыяй тулілася тут у старых драўляных, хоць і двухпавярховых, будынінах. Махахеям давялося нахадзіць і па лесвіцах і калідорах. хірург і тэрапеўт, што вялі сёння прыём, ужо адрабілі сваё. На месцы быў толькі адзін акуліст, сумаваў сярод развешаных па сценах табліц з літарамі,
— Не мой профіль,— сказаў ім акуліст,— ідзіце ў бальніцу да дзяжурнага ўрача.