— Добра, спытаю... Толькі ў каго?
— Што ў каго?
— Спытаць у каго?
— А вунь у Цупрыка і спытай,— параіў Мацвей адрачона, бо больш прыслухоўваўся да таго, аб чым размаўляе са старымі па лаўцы каля магазіна дзед Дзям'ян, але і іх гамонку разбіраючы з пятага на дзесятае, думаў, што сапраўды было б няблага пабудаваць тут з цягам часу рэстаран, меў усё ж рацыю Ліпай. Вось і тут бы, у Княжборы, такі рэстаран, і каб выразаны былі з дрэва ўсе гэтыя Галоскі, Жалезныя Чалавекі, выбіты на медзі і каб камін, каля якога можна было б пасядзець і нешта ўспомніць і за чаркай, і за шклянкай чаю. Мо ён таму і абраў Княжбор, распачаў тут работы, каб выцягнуць гэтую вёску з Чортавай прорвы да святла, да каменных, цагляных будынкаў, да гэтага вось рэстарана з камінам і разьбой, дзе сыдуцца разам Аркадзь Барздыка і дзед Дзям'ян. Толькі нешта нячутна і нябачна, каб у самім Княжборы каму-небудзь яшчэ, акрамя яго, патрэбна гэта было. Ніхто з княжборцаў не пайшоў да яго рабіць, а работы хапае, і грошы за яе добрыя, а галоўнае — жывыя, два разы ў месяц. Узяць хаця б таго ж Аркадзя Барздыку: чатырыста рублёў, ды тут такіх грошай і ў вочы ніколі не бачылі. Не бачылі, а не вельмі пабеглі за :імі, капеечкі ў рубельчыкі збіваюць на сене, бульбе, малацэ. А колькі хлопцаў у вёсцы, не вучацца і не робяць нідзе, дзевак псуюць, а да яго дык не дараслі яшчэ, не адгулялі сваё. Адзін толькі Аркадзь Барздыка і паквапіўся на яго доўгі рубель. Мо ён і чэпіцца зараз да яго, да Мацвея Роўды, а не падыходзіць да вяскоўцаў, таму што лічыць яго сваім. Ад такой думкі. Мацвей адчуў ніякаватасць, каб пазбавіцца яе, стаў слухаць, пра што гавораць старыя.
— Помню во, як сёння, гуляў я неяк па сталіцы,— разышоўся дзед Дзям'ян.
— Ты не пра сталіцу, што чобаты там прапіў і дамоў пешкі і босы прыйшоў, мы ўжо ведаем.
— Было, было,— пагадзіўся дзед Дзям'ян.— Яны мне ордэн даюць, бліскучы, чысты. Я бяру. Усё, гавораць, ідзі. А я ім: а тры рублі? Якія тры рублі? Як якія? Міхайла Іванавіч мне ордэн уручыў, дык трыццаць рублёў яшчэ даў на гэтую самую справу. А тут што, я за свае і пляшку павінен купляць? Не, ты аддай мне мае тры рублі.
— Не далі?
— Не, трасца іх мацеры.
— I дайшоў без чабот?
— З чобатамі, толькі чобаты за плячыма.
— А Калінін? Як ён табе ордэн уручаў?
— О, Калінін... Як сёння, помню. Гуляў я тады на сталіцы. Там яшчэ конь стаяў. Пасярод Масквы конь жалезны, жывога не знайшлося, і баба голым азадкам грувасціць на таго каня хлапчука. Дурная ты, баба, кажу я ёй, ты б сама села голай с... на тое жалеза. На баб у мяне вока здалёк пастаўлена, бачу, няйнакш, такая нясклёпістая з нашых краёў. Так яно і было...
Ты не пра жалеза, Дзям'ян, і не пра бабу-варону, а пра Калініна.
— А што Калінін, свойскі быў мужык.
— I выпівалі?
— А чаго ж, чарку ён яшчэ за мяне падымаў і слова гаварыў. Толькі вось схібіў трохі, не тое даў, што я прасіў. Напісаў пісьмо яму, так, маўляў, і так, Міхайла Іванавіч, крыўдзяць мяне, не вераць, што ў мяне ордэн быў яшчэ за вайну з белапалякамі, немцы, халера іх, адабралі, дык ты ўжо вярні мне той ардэнок. Прыносяць ліст, чытаю: прыязджай. I грошы па дарогу. Што рабіць? Сеў, паехаў. Народу, народу, і ўсе ў ладкі мне б'юць, а святла — хоць голкі збірай. I бачу я, дастае Міхайла Іванавіч мой ардэнок, а каля яго другі ляжыць. Я яму рукою махаю: не той, не той узяў, Міхайла Іванавіч. Мой жа мо вунь той, жоўценькі...
Старыя зарагаталі і рагаталі доўга, хаця не адзін раз слухалі гэтую гісторыю.
Чуў яе Мацвей, ведаў, што хоць і падобная яна на байку, а ўсё так і было.
— Пашкадаваў жоўценькую?
— Пашкадаваў, а потым, мне пераказвалі, гаварыў: трэба было даць мне ўсё ж жоўценькую. Маўляў, адзіны такі Дзям'ян на ўсё Палессе, на ўсю краіну.
— Прыдумляеш і хлусіш ты ўсё, Дзям'ян, Ты лепей раскажы, як маё сала ўкраў.
— Я ў цябе сала не краў,— незадаволена адказаў дзед Дзям'ян.
— Не ў мяне, дык у бацькі майго, дзеда Саўкі.
— У Саўкі іншая справа. Было, было,— не стаў адмаўляцца дзед Дзям'ян,— Толькі дурны твой бацька Саўка і ты дурны. Аблазілі ўсю хату і пограб, а за бажніцу не зазірнулі. А сала ж там было, за бажніцай. Дурны ты, Аркадзь, і з маленства такі быў.
— Я дурны...— пачаў быў Аркадзь Барздыка, але працягваць не стаў, загаварыў з Мацвеем: — Слухай сюды,— сказаў ён,— Ты граматны?
— Ну здаецца,— зноў разгубіўся Мацвей.
— I па пісанаму можаш чытаць?
— Магу і па пісанаму.
— А калі літары не пашы?